Сем крокаў у прафесію

Праблема прафесійнага самавызначэння заўсёды была надзвычай важнай як для кожнага канкрэтнага чалавека, так і для ўсяго грамадства ў цэлым. Толькі праца ў адпаведнасці са сваімі здольнасцямі прыносіць чалавеку задавальненне ад зробленага, і ў выніку грамадства атрымлівае  прафесіянала высокага класа. З улікам спецыфікі Слонімскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, шматпрофільнасці дзейнасці ўстановы, педагагічным калектывам была распрацавана мадэль прафесійнага станаўлення асобы “Сем крокаў у прафесію”.

У пошуках уласнага стылю

Мадэль ахоплівае ўсіх навучэнцаў установы дадатковай адукацыі і навучэнцаў школ горада і вёскі, плаўна ўліваецца ў адукацыйны працэс, не перагружаючы пры гэтым ні навучэнцаў, ні педагогаў. Мерапрыемствы, якія праводзяцца ў рамках рэалізацыі мадэлі, дзеляцца ў залежнасці ад зместу і формы правядзення на групы — крокі ў прафесію.

Крок першы — гэта прафесійная арыентацыя на занятках аб’яднанняў па інтарэсах. Адукацыйныя праграмы многіх аб’яднанняў Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі маюць канкрэтную прафесійную накірава­насць. Так, на занятках аб’яднанняў па інтарэсах “Свой стыль” і “Залаты напарстак” педагогі дадатковай адукацыі ствараюць умовы для выяўлення навучэнцамі сваіх творчых ідэй праз стварэнне эскізаў адзення і пашыў вырабаў. Таксама яны знаёмяць вучняў з такімі прафесіямі, як мадэльер, канструктар, тэхнолаг, швачка, і такім чынам уводзяць іх у прафесіі мастака-мадэльера, мадэльера-канструктара, тэхнолага.

Аб’яднанне па інтарэсах дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Вясёлка” знаёміць хлопчыкаў і дзяўчынак з мастацтвам лепкі з гліны і прафесіямі, звязанымі з ім: ганчар, скульптар, архітэктар, дызайнер.

Значным прафарыентацыйным патэнцыялам валодаюць праграмы мастацкага профілю аб’яднанняў па інтарэсах “АртКолер”, “Гумка”, “Палітра”, “Свет творчасці”, якія з’яўляюцца цэласным інтэграваным курсам па вывучэнні розных відаў і жанраў выяўленчага мастацтва (жывапісу, скульптуры, архітэктуры і г.д.). Педагогі дапамагаюць навучэнцам паспрабаваць сябе ў ролі мастакоў розных спецыяльнасцей. Пры маляванні ў тэхніцы пейзаж — мастаком-жывапісцам, пры стварэнні ілюстрацый да кніг — мастаком-ілюстратарам, пры маляванні архітэктурных помнікаў — мастаком-манументалістам. У малодшых узроставых групах дзеці любяць прымяраць на сябе прафесію мастака-мультыплікатара і скульптара, а навучэнцы старэйшага ўзросту — мастака-дызайнера адзення і абутку.

Шырокія магчымасці для падрыхтоўкі вучняў да свядомага выбару сферы будучай прафесійнай дзейнасці дае адукацыйная праграма “Асновы журналістыкі”. Амаль усе заняткі аб’яднання праходзяць на базе тэлеканала “Слонім ТБ”. Тут дзеці выву­чаюць асновы журналістыкі побач з прафесіяналамі. Як пісаць навіны? Што такое інтэрв’ю? Як стаць вядучым навін? На гэтыя і тысячы іншых цікавых пытанняў адказваюць не проста тэарэтыкі журналістыкі, а практыкі. Пры гэтым вучні спрабуюць сябе ў прафесіях журналіста, аператара і мантажора.

Дапамагаць падлеткам быць самімі сабой, станавіцца больш упэўненымі ў сабе заклікана адукацыйная праграма мастацкага профілю “Школа прыгажосці”, якая прадугледжвае работу над фарміраваннем паставы, паходкі, над доглядам скуры, валасоў, цела, а таксама навыкам публічнага выступлення. “Школа прыгажосці” развівае эстэтычны густ, этычныя якасці асобы, знаёміць з прафесіямі мадэлі, цырульніка, візажыста, касметолага.

Праграмы адукацыйных га­лін “Тэат­ральная твор­часць”, “Дзіцячы тэатр” і “Амплуа” знаёмяць хлопчыкаў і дзяўчынак з тэатральнымі прафесіямі: рэжысёр, акцёр, грымёр, касцюмер, швачка, пасціжор, дэкаратар, мастак-дэкаратар, музыкант.

Няхай не ўсе навучэнцы ў далейшым выберуць прафесію па профілі навучання ў аб’яднанні па інтарэсах, але атрыманыя веды і ўменні сфарміруюць той падмурак, на якім будуць пабудаваны такія важныя ў сучасным свеце прафесійныя якасці, як твор­часць, мабільнасць, крэатыўнасць, добразычлівасць, інтэ­лект.

Пашыраем спектр прафесій

Важным рэсурсам у павышэнні якасці падрыхтоўкі вучняў да прафесійнага старту з’яўляецца сфера педагагічна-рэгулюемага вольнага часу. Такім чынам, другі напрамак у праф­арыентацыйнай дзейнасці (крок другі) — гэта правядзенне выхаваўчых мерапрыемстваў. Іх мэта — уключыць вучняў у розныя віды дзейнасці, арыентаваныя на пашырэнне кругагляду аб працоўных прафесіях і спецыяльнасцях, прафесіях сферы абслугоўвання. Так, пры падрыхтоўцы да традыцыйных конкурсаў “Ратавальнікі вачыма дзяцей”, “Выконваем законы дарог”, “Мая будучыня — бяспека працы маіх бацькоў”, “Свет прафесій”, “Прафесія будучыні” навучэнцы аб’яднанняў дэкаратыўна-прыкладной творчасці і выяўленчага мастацтва знаёмяцца з усім спектрам прафесій, якія маюцца ў Слоніме.

Трэці напрамак рэалізацыі прапанаванай мадэлі (крок трэці) — экскурсійная дзей­насць. У Слонімскім раённым цэнтры творчасці дзяцей і моладзі гэта знаёмства з прафесіямі і спецыяль­насцямі падчас наведвання прамысловых і абслуговых прадпрыемстваў, прафесійна-тэхнічных устаноў адукацыі Слоніма.

Падчас дзён адкрытых дзвя­рэй навучэнцы атрымліваюць інфармацыю аб патрабаваннях, што прад’яўляюцца да вучобы і яе зместу, аб прафесійных магчымасцях у выбраных галінах, праводзяцца сумесныя майстар-класы, дзелавыя гульні, прафесійныя пробы.

Па бацькоўскай сцежцы

Яшчэ адзін кірунак работы па рэалізацыі мадэлі “Сем крокаў у прафесію” — правядзенне дзён сельскага школьніка. Для папулярызацыі ўстановы дадатковай адукацыі, разнастайнасці форм вольнага часу і развіцця творчых здольнасцей навучэнцаў устаноў адукацыі аграгарадкоў і сельскіх школ, якія не маюць магчымасці наведваць аб’яднанні па інтарэсах на працягу навучальнага года, арганізавана правя­дзенне дзён сельскага школьніка ў рамках шостага дня. Прахо­дзяць яны ў апошнюю суботу кожнага месяца. Дзейнасць установы ў гэты дзень накіравана на арганізацыю і правядзенне комплексу культурна-масавых мерапрыемстваў з прафарыентацыйным акцэнтам. 

Праграма правядзення дня сельскага школьніка разнастайная: навучэнцы нашай установы выступаюць з творчымі прэзентацыямі сваіх аб’яднанняў па інтарэсах, разам з педагогамі яны ладзяць майстар-класы, творчыя пляцоўкі па дэкаратыўна-прыкладной творчасці, выяўленчым мастацтве і тэатральным майстэрстве, конкурсна-гульнявыя праграмы.

У значнай ступені ўплываюць на выбар навучэнцаў прафесіі іх баць­коў, таму татаў і мам мы таксама падключаем да прафарыентацыйных мерапрыемстваў. Найбольш цікавы вопыт правядзення інтэрактыўных форумаў, майстар-класаў для навучэнцаў і бацькоў. Так, пры нефармальных зносінах бацькі назіраюць, ацэньваюць здольнасці і поспехі свайго дзіцяці, вучацца паважаць яго інтарэсы і намаганні, успры­маць сур’ёзна дзіцячы намер звязаць будучую прафесію з пэўным відам дзейнасці.

Найбольш эфектыўнымі формамі работы з бацькамі з’яў­ляюцца інтэрнэт-перапіска, інтэрнэт-асвета, дні адкрытых дзвярэй (бацькоўскія дні), у рамках якіх мамы і таты далучаюцца да прафарыентацыйнай работы як спецыялісты. Яны атрымліваюць магчымасць пазнаёміць навучэнцаў са сваёй прафесійнай дзейнасцю, пры гэтым статус баць­коў значна павышаецца ў вачах навучэнцаў. Таксама ў гэтыя дні яны ўдзельнічаюць у конкурсных праграмах, дзе могуць паспаборнічаць са сваімі дзецьмі, зрабіць сумесна карысныя рэчы, наведваючы майстар-класы.

Наказ ад выпускнікоў

Крок шосты — узаемадзеянне з выпускнікамі ўстановы дадатковай адукацыі. Для навучэнцаў падлеткавага ўзросту, якія стая ць на шляху выбару будучай прафесіі, вельмі важна меркаванне равеснікаў і старэйшых хлопчыкаў і дзяўчынак, таму частымі гасцямі ў аб’яднаннях па інтарэсах розных профіляў і кірункаў дзейнасці з’яўляюцца выпускнікі ўстановы дадатковай адукацыі. Педагогамі кожнага аб’яднання па інтарэсах сабраны і вядзецца банк даных навучэнцаў, якія наведвалі аб’яднанне па інтарэсах і навучаюцца або працуюць па профілі аб’яднання, у якім займаліся. Гэтых навучэнцаў запрашаюць у шосты школьны дзень, і яны расказваюць пра прафесіі, якія ўжо асвоілі або асвой­ваюць, — швачкі, мадэльера, тэхнолага швейнай вытворчасці, мастака, архітэктара, дызайнера, культарганізатара, настаўніка польскай мовы, журналіста. Іх аповеды, прэзентацыі і майстар-класы дапамагаюць сфарміра­ваць дакладнае ўяўленне аб розных прафесіях, разуменне іх ролі ў жыцці чалавека і грамадства, развіць устойлівую цікавасць да заняткаў у аб’яднанні па інтарэсах, спрыяюць самавызначэнню навучэнцаў.

У межах мадэлі прафесійнага станаўлення асобы навучэнцаў “Сем крокаў у прафесію” працягваецца работа па прафарыентацыі дзяцей і падлеткаў у летні перыяд у профільных лагерах —  гэта крок сёмы.

Нашы педагогі распрацавалі праект, накіраваны на стварэнне камфортнага, аздараўленчага, творчага, пазнавальнага, гульнявога асяроддзя для адпачынку, далейшага развіцця творчых здольнасцей і прафесійнага самавызначэння дзяцей. Удзельнікі праекта — вучні, якія займаюцца ў аб’яднаннях па інтарэсах установы. Ім даецца магчы­масць працягнуць заняткі ў нефармальнай сяброўскай атмасферы, спалучаючы іх з цікавымі конкурснымі і гульнявымі праграмамі, экскурсіямі, гульнямі на свежым паветры, а таксама магчымасць прыме­раць на сябе цікавыя прафесіі ў займальнай гульнявой форме, паўдзель­нічаць у прафесійных пробах.

Зладжаная і актыўная работа ўсяго педагагічнага калектыву Слонімскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі дазваляе ў поўнай меры рэаліза­ваць мадэль прафесійнага станаўлення асобы навучэнцаў “Сем крокаў у прафесію” і, адпаведна, праграму прафесійнай арыентацыі. Ролю дадатковай адукацыі ў развіцці схільнасцей, здольнасцей і інтарэсаў дзяцей і моладзі, у іх асобасным, сацыяльным і прафесійным самавызначэнні цяжка пераацаніць.

Ірына ЛОГВІНАВА,
метадыст Слонімскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.