Настаўнікі Доцішскай сярэдняй школы распрацавалі сеткавы праект “Віртуальны тур па Воранаўшчыне, або Цікавае побач”. Яго ўдзельнікі пазнаёміліся з гісторыяй сваёй малой радзімы і склалі віртуальны турыстычны маршрут для сваіх сяброў і аднакласнікаў.
Дыстанцыйнае навучанне ўпэўненымі крокамі ўваходзіць у жыццё сучаснай школы. Анлайн-праекты сталі пляцоўкай, дзе настаўнікі, навучэнцы, бацькі “сустракаюцца” для сумеснай творчасці. Удзельнікі праектаў знаходзяць і рэдагуюць патрэбную інфармацыю, абменьваюцца вынікамі ўласных даследаванняў, ствараючы пры гэтым сеткавыя адукацыйныя прадукты.
Падчас такой работы педагог павышае сваю кваліфікацыю, знаёміцца з новымі сэрвісамі, праводзіць маніторынг ведаў і навыкаў школьнікаў. Тыя, у сваю чаргу, авалодваюць міжпрадметнымі кампетэнцыямі. У вучняў фарміруюцца ўменні асэнсоўваць нестандартныя задачы, прымаць рашэнні, прадуктыўна працаваць у калектыве, несці адказнасць за выкананую работу. Сучасны сеткавы праект немагчымы без выкарыстання сэрвісаў Web 2.0: удзельнікі вучацца складаць інтэрактыўныя плакаты, стужкі часу, анімацыйныя прэзентацыі, анлайн-газеты, аблокі слоў, пазлы, крыжаванкі і г.д.
У Год малой радзімы вельмі актуальна развіццё турыстычнай дзейнасці. Можна распрацаваць новыя турыстычныя маршруты, вызначыць аб’екты, цікавыя для наведвальнікаў, гасцей памежжа. Дарэчы тут і далучэнне шырокіх колаў грамадскасці да папулярызацыі культурных, гістарычных, геаграфічных каштоўнасцей свайго краю.
З улікам кожнай з гэтых тэндэнцый на базе Доцішскай сярэдняй школы быў распрацаваны праект “Віртуальны тур па Воранаўшчыне, або Цікавае побач”. Яго мэта — пашырыць веды вучняў пра гісторыю, геаграфію, архітэктуру Воранаўскага краю, яго знакамітых людзей, выкарыстоўваючы web-сэрвісы і тэхналогіі Google.
Удзел у праекце прынялі каманды з 4 школ Воранаўскага раёна, у кожнай — ад 4 да 6 вучняў. На кожным этапе ўдзельнікі прымяралі на сябе адну з 11 роляў-прафесій: ад журналістаў і аператараў да архітэктараў і этнографаў. Настаўнікі-куратары сачылі, каб ролі ні ў аднаго вучня не паўтараліся, таму ў кожнага была магчымасць паспрабаваць свае сілы ў розных амплуа.
Перш-наперш каманды прэзентавалі сябе на этапе “Давайце пазнаёмімся”: размясцілі фотаздымак з дэвізам і назвай у агульнай прэзентацыі. Пасля даследавалі легенды свайго краю, змясцілі паданні пра назвы сваіх вёсак, найбліжэйшых прыродных аб’ектаў. Арганізатары аб’ядналі дасланыя творы ў зборнік легенд Воранаўшчыны.
Наступны крок — наведванне касцёлаў, цэркваў, капліц і вывучэнне іх архітэктуры. Кожная каманда зняла і загрузіла на YouTube невялікі рэпартаж пра выбраны будынак, у якім расказала пра яго архітэктурныя асаблівасці, узгадала цікавыя факты з гісторыі.
На этапе “Абеліск на карце раёна” школьнікі даследавалі ваенную гісторыю малой радзімы. Свае фотаздымкі і знойдзеныя факты яны аб’ядналі ў фотаальбом “Людская памяць неўміручая”. Ацэньвалася і крэатыўнасць у выбары і апісанні помнікаў, і мастацкае афармленне.
Задача апошняга этапу “Тут нарадзіліся” — натхніць дзяцей сустрэчай з найбольш цікавымі людзьмі раёна. Сярод герояў інтэрв’ю, якое школьнікі праводзілі самастойна, — дырэктар школы, старшыня мясцовага калгаса і іншыя людзі, чые дасягненні маглі б стаць прыкладам служэння малой радзіме. Выконваючы заданне, удзельнікі пазнаёміліся з анлайн-сэрвісам стварэння насценгазет WikiWal і разам зрабілі анлайн-газету “Імі ганарыцца раён”. Каб актуалізаваць гістарычныя веды дзяцей, ім прапанавалі віктарыну пра вядомых асоб, што ў розныя часы мелі дачыненне да гісторыі Воранава.
Кожны з этапаў завяршаўся рэфлексіяй — школьнікі ацэньвалі свой удзел у каманднай справе, дзяліліся ўражаннямі пра заданні. Напрыклад, пошук легенд здаўся ім вельмі лёгкім этапам — дзеці шмат ведалі з урокаў гісторыі і тэматычных класных гадзін. Большых намаганняў патрабавалі здымкі відэа пра архітэктурныя аб’екты і інтэрв’ю.
У выніку павысілася інфармаванасць моладзі аб гісторыка-культурных аб’ектах Воранаўшчыны. Куратары адзначылі, што ў дзяцей з’явілася цікавасць да вывучэння гісторыі, геаграфіі, культурнай спадчыны роднага краю, а таксама яны навучыліся працаваць у камандзе. Удзельнікі праекта стварылі новы турыстычны маршрут, а самі настаўнікі атрымалі цэлую скарбонку матэрыялаў, якія можна выкарыстоўваць і на ўроках, і на класных гадзінах, і на мерапрыемствах, прысвечаных малой радзіме.
Падрабязна пазнаёміцца з праектам можна па спасылцы: sites.google.com / view / voranava-tur.
Юлія АНДРУКОНІС,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры
Доцішскай сярэдняй школы Воранаўскага раёна Гродзенскай вобласці.