Шчырая Аксана Георгіеўна

Якім павінен быць класны кіраўнік? Зразумела, лепшым! Менавіта такіх педагогаў сабраў на адной сцэне гарадскі конкурс “Сталічны настаўнік — сталічнай адукацыі”, які праходзіў у Мінску з 30 сакавіка па 4 мая. Наша сённяшняя размова з пераможцай конкурсу — настаўніцай гісторыі і грамадазнаўства школы № 60 Маскоўскага раёна сталіцы Аксанай Георгіеўнай Хахловай. Класны кіраўнік вось ужо 21 год робіць дзіцячы свет радасным і яркім, зараджае выхаванцаў энергіяй і пазітывам, а таксама натхняе іх асабістым прыкладам, дапамагаючы станавіцца дарослымі. Як жа ў яе гэта атрымліваецца? Выдатна!

Рабі як я

“Я скончыла школу ў Савецкім Саюзе. Я вельмі добра ведаю, што такое сапраўдны настаўнік. Яны мяне вучылі, на іх хацелася быць падобнай. Яны выхоўвалі ўласным прыкладам. Так проста — “рабі як я”, і так складана — таму што не маеш права на памылку. “Рабі як я”, — таксама кажу я сваім вучням. А ў маёй прафесійнай мары апошнюю кропку паставіла маці-настаўніца, якая сказала: “Ідзі, дачушка, чалавекам станеш”. Але і сёння я часам мару аб белым халаце ўрача. Напэўна, ужо ў іншым жыцці”, — усміхаецца Аксана Георгіеўна.


У мінскую школу № 60 настаўніца прыйшла працаваць па размеркаванні пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта (так у 1995 годзе называўся сённяшні БДПУ імя Максіма Танка). З таго часу Аксана Георгіеўна выкладае ў школе гісторыю і грамадазнаўства.

“А вось класным кіраўніком я стала, як кажуць, з карабля на баль. У мяне не было часу на адаптацыю, “хачу — не хачу” і іншыя дробязі. Мой першы 10 “А” быў малодшы за мяне ўсяго на 4 гады. Было няпроста. Часам я нават не разумела, чаму я павінна іх выхоўваць, калі ў іх ёсць бацькі. Аднак гэта ад таго, што “молада-зелена”. Толькі нарадзіўшы сваіх дзяцей, я зразумела, што выхоўваць часам важней, чым навучыць”, — заўважае педагог.

Два працэнты канструктыўнай крытыкі

Сёння звычайны бацькоўскі сход свайго любімага 7 “В” Аксана Георгіеўна ўмела ператварае ў цікавае мерапрыемства, таму бацькі прыходзяць у клас з задавальненнем і сапраўднай зацікаўленасцю. Але першую такую сустрэчу з мамамі і татамі больш за 20 гадоў назад Аксана Георгіеўна памятае і зараз.

“Было вельмі страшна. Я такая маладая і недасведчаная, а яны такія сур’ёзныя і па ўзросце падыходзяць мне ў бацькі. І я павінна ім гаварыць аб тым, што яны неяк не так выхоўваюць сваіх дзяцей?! Але ўжо тады мне хапіла мудрасці зразумець, што на любым бацькоўскім сходзе 98 працэнтаў павінна быць станоўчага і толькі 2 працэнты канструктыўнай крытыкі, — падкрэслівае настаўніца. — У мяне ніколі не бывае канфліктаў з бацькамі, бо я іх разумею як маці, заўсёды спрабую паглядзець на сітуацыю іх вачыма. Таму асаблівасць нашых сходаў у тым, што я заўсёды адзначаю добрыя праяўленні і дасягненні кожнага дзіцяці. Паверце, гэта вельмі важна. Я таксама хаджу на бацькоўскія сходы як маці. Праблемныя пытанні ў нас абмяркоўваюцца толькі індывідуальна. Я лічу, што выносіць на агульнае абмеркаванне нейкія сямейныя пытанні не зусім этычна і, самае галоўнае, неэфектыўна. Размова адзін на адзін заўсёды дае лепшы вынік, — упэўнена педагог. — Увогуле, у мяне вельмі добрыя бацькі. Ні адна мая просьба, пачынаючы ад збору макулатуры і заканчваючы ўдзелам у конкурсе ці экскурсіі, не аказалася без увагі, за што ім вельмі ўдзячна”.

Клас, падобны на свайго кіраўніка

Стаж класнага кіраўніцтва ў Аксаны Георгіеўны немалы — 21 год. Менавіта таму мы папрасілі яе паразважаць, як змяніліся дзеці за гэты час.

“Мяне зразумеюць усе класныя кіраўнікі 11-х класаў, якія з жахам чакаюць класнае кіраўніцтва ў 5 класе. Пасля самастойных і дарослых людзей зноў “дзіцячы сад”. Але што дзіўна: з кожным новым пакаленнем 5-х класаў працаваць з імі становіцца ўсё прасцей у арганізацыйным плане. Дзеці сталі больш самастойнымі, ведаюць, чаго хочуць, многія гатовы дабівацца пастаўленай мэты. У той жа час больш стала дзяцей з праблемамі адаптацыі ў дзіцячым калектыве. Вялікая колькасць інфармацыі часта дэзарыентуе навучэнцаў, яны не ўмеюць з ёй працаваць. Зразумела, я не праціўнік інфармацыйных тэхналогій, без іх мы ўжо не зможам. Але інтэрнэт і смартфон павінны быць нашымі памочнікамі ў жыцці, а для многіх сучасных дзяцей гэта, на жаль, само жыццё”, — заўважае настаўніца.


Вядома, у кожнай школе існуюць дружныя і нядружныя класы. З чым гэта звязана і ці існуе нейкі сакрэт, як дапамагчы дзецям пасябраваць?

“У школах існуе тэорыя, што да выпускнога клас становіцца падобным на свайго класнага кіраўніка. І гэта на самай справе так. У вясёлага і камунікатыўнага кіраўніка — клас, які ахвотна ідзе на кантакт, а ў сур’ёзнага і грунтоўнага дзеці ў класе такія ж. У нас дружны клас, таму што адразу, з пачатку нашага знаёмства, мы выбралі дэвізам агульнага школьнага (ды і не толькі) жыцця правіла “Адразу думка, потым — дзеянне”. Перш чым штосьці зрабіць, добрае ці дрэннае, я вучу іх задумацца над наступствамі сваіх учынкаў. А дрэннае слова — гэта таксама ўчынак. Таму крыўдзіць таварыша словам, дзеяннем нельга. А калі няма сур’ёзных канфліктаў і крыўды, узнікае ўзаемапавага”, — упэўнена класны кіраўнік.

Што тычыцца спрэчных пытанняў паміж класам і настаўнікамі-прадметнікамі, якія могуць узнікаць падчас вучобы, Аксана Георгіеўна ўпэўнена адзначае: “Я супраць такога пасрэдніцтва. У чужы манастыр са сваім статутам не ходзяць. Таму бацькам я заўсёды кажу: “Ёсць пытанні да прадметніка — задайце асабіста”. А дзецям спрабую данесці простую думку: “Падабаецца настаўнік ці не, ваша задача — узяць ад яго як мага больш ведаў. Чым больш ведаў возьмеш, тым больш будзе падабацца прадмет, а значыць, і настаўнік”.

Пра конкурс і зону камфорту

Рашэнне прыняць удзел у конкурсе “Сталічны настаўнік — сталічнай адукацыі” ў намінацыі “Класны кіраўнік/куратар” Аксана Георгіеўна Хахлова прыняла спантанна. “І вось на сцэне я адна, і страшна мне да жаху”, — з усмешкай успамінае сёння педагог сваё выступленне на першым выпрабаванні — самапрэзентацыі. “Аднак узяўся за гуж — не кажы, што не дуж! Любы конкурс — гэта парушэнне тваёй зоны камфорту. Вось жывеш ты і жывеш. Добра ясі. Соладка спіш. Можаш дазволіць сабе лёгкую пустату ў галаве. І тут у тваё жыццё ўрываецца ён. Конкурс. Пераадоленне — гэта і ёсць развіццё. Усё самае лепшае ў жыцці пачынаецца за межамі нашага спакою. Рыхтуючыся да выступлення, я трапіла на матэрыялы дзесяцігадовай даўнасці, з якімі выступала на такім жа конкурсе, толькі ў намінацыі “Настаўнік”. У 34 гады я ўяўляла жыццё чалавека ў выглядзе гары, на якую спачатку падымаешся, а дасягнуўшы піка, спускаешся ўніз. І ў 34 гады я чамусьці лічыла (там так і было напісана): “Моё солнце в зените”. Але адкуль жа нам ведаць, дзе ён, той наш пік? Мне зараз 44, а жыццё, здаецца, толькі пачынаецца. Цудоўная рэч: чым больш жывеш, тым больш хочацца жыць. Таму для мяне сёння наша жыццё — гэта такая горачка да неба, па якой чалавек ідзе. Толькі ўверх. З удзячнасцю да мінулага, з надзеяй на будучае”, — падкрэслівае А.Г.Хахлова.

Для таго каб апынуцца ў апошнім, трэцім, туры фіналу, Аксане Георгіеўне, як, дарэчы, і іншым педагогам сталіцы, давялося прайсці праз два туры, дзе трэба было ў поўнай меры прадэманстраваць свой талент і творчасць у такіх конкурсных выпрабаваннях, як самапрэзентацыя, стэндавая абарона калектыўнай творчай справы з вопыту работы класнага кіраўніка (куратара), сцэнарый правядзення класнай гадзіны “Мой горад”, а таксама адкрытае выхаваўчае мерапрыемства з незнаёмай аўдыторыяй.

“Самым прыемным на конкурсе аказалася работа з дзецьмі. З імі больш надзейна, таму што, калі дзіця настроіць на патрэбную хвалю, яно ніколі не падвядзе”, — гаворыць настаўніца.

#Жыві_рэальна!

Адным з выпрабаванняў конкурсу стала рэклама сацыяльна значнай акцыі “Недзіцячыя праблемы. Дарослыя рашэнні”, якое прайшло на сцэне Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі ў фінальны дзень конкурсу “Сталічны настаўнік — сталічнай адукацыі”. І, трэба сказаць, праблемы, узнятыя класнымі кіраўнікамі і іх вучнямі, аказаліся дастаткова сур’ёзнымі. Аксана Георгіеўна разам з дзецьмі прапанавала прысутным пазнаёміцца з іх школьнай акцыяй “Адзін дзень без мабільнага тэлефона” і ўбачыць цудоўны і прыгожы свет рэальнага жыцця з фарбамі і пахамі прыроды, асэнсаваць, што на самай справе з’яўляецца галоўным у жыцці.

“Справа ў тым, што сёння звычайнай стала карцінка: дзеці сядзяць у школьным калідоры каля сцяны ў застылых позах, уткнуўшыся ў свае тэлефоны. Адсюль і ўзнікла ідэя для фінальнага этапу конкурсу. Рэклама нашай сацыяльна значнай акцыі называлася “#Жыві_рэальна!”. Яна падкрэсліла важнасць актыўнай жыццёвай пазіцыі навучэнцаў, іх уцягнутасці ў сацыяльна значную дзейнасць. Шлях да гаджэта, зразумела, больш кароткі, чым той, які мы можам прапанаваць у якасці альтэрнатывы, прывабліваючы да ўдзелу ў рэальных гульнях, сумесных акцыях і паходах. Усё гэта патрабуе некаторых намаганняў, аднак толькі праз пераадоленне чалавек здольны чагосьці дасягнуць у рэальным жыцці”, — упэўнена лепшы класны кіраўнік сталіцы.

“Гістарычныя” асаблівасці выхаваўчай работы

Аднак асаблівым выпрабаваннем для Аксаны Георгіеўны не толькі як для класнага кіраўніка, але і як для настаўніка гісторыі стала прадстаўленне сцэнарыя правядзення класнай гадзіны “Мой горад” з назвай “Пад стрэхамі продкаў”. Формай правядзення мерапрыемства педагог абрала аглядна-тэматычную экскурсію, якая адкрывае невядомае аблічча Мінска — гістарычную драўляную забудову прадмесцяў горада XIX — пачатку XX стагоддзя на прыкладзе Грушаўкі, што апынулася сёння ў цэнтры горада — зоне актыўнай сучаснай забудовы.

“Бадай, няма ў нашым горадзе іншага такога старога прадмесця, дзе б захаваліся не толькі асобныя драўляныя дамы, але і цэлыя фрагменты старой забудовы кварталаў: вуліцы і завулкі з дамамі ўздоўж іх, флігелі і павеці ў дварах, шматлікія сады і агароды. Жыхары Грушаўкі, дзесяцігоддзямі чакаючы адсялення, у большасці не добраўпарадкоўвалі свае дамы, таму сёння старая Грушаўка нагадвае стары закінуты дом амаль у сельскай мясцовасці, дзе на кожным кроку дзьмухаўцы і лопух каля платоў. А да Дома ўрада — менш за два кіламетры па прамой… Але хуткімі тэмпамі Грушаўка пераўтвараецца ў сучасны ўрбаністычны квартал. Тут пабудавана аднайменная станцыя сталічнага метрапалітэна, будуецца сучасны жыллёвы комплекс “Грушаўскі пасад” — цывілізацыя наступае”, — так смачна і цікава запрашае да знаёмства са старой Грушаўкай Аксана Георгіеўна Хахлова.

“Я настаўнік гісторыі, і ў нас у школе існуе цудоўны гісторыка-краязнаўчы музей, які ўзначальвае мая калега Людміла Васільеўна Крыловіч. Разумееце, маім выхаванцам нічога не заставалася, як зацікавіцца краязнаўствам. Не адразу. Мне прыйшлося шукаць не адзін аргумент, каб запэўніць іх у тым, што гэта вельмі карысная справа. Яшчэ ў 5 класе мы высветлілі, што ўсе не раз пабывалі з экскурсіямі па Беларусі, многія былі за мяжой, а з мэтанакіраванай экскурсіяй па Мінску быў усяго адзін чалавек, прычым толькі таму, што паказваў наш горад сваякам з Польшчы. Разам мы паступова прыйшлі да разумення таго, што, не спазнаўшы сябе і таго, што знаходзіцца побач, наўрад ці можна спазнаць іншых. Такім чынам, ад вывучэння гісторыі школьнага мікрараёна мы пашырылі межы сваіх ведаў па гісторыі роднага горада. Так мы выйшлі на складанне экскурсійнага маршруту “Пад стрэхамі продкаў” па мікрараёне Грушаўка. Экскурсія размешчана на сайце школы, і кожны жадаючы можа азнаёміцца з гісторыяй аднаго з драўляных прадмесцяў старога Мінска. Можна і завочна, але я дзецям заўсёды кажу: “Завочна можна вывучаць архітэктуру Старажытнай Грэцыі, а тое, што можна ўбачыць сваімі вачыма, трэба ісці і глядзець”.

Шчырая і пазітыўная Аксана Георгіеўна Хахлова абсалютна ўпэўнена, што ўсё павінна быць у радасць — і навучанне, і выхаванне: “Трэба шукаць спосабы, а не прычыны, а навучыць чамусьці можна толькі праз асабісты прыклад. Зразумела, у аснове любой эфектыўнай дзейнасці ляжыць цяжкая праца. Я ні за што не паверу таму, хто скажа, што чагосьці дабіўся лёгка. Класнае кіраўніцтва — гэта праца. Штодзённая, часам руцінная, не заўсёды ўдзячная, але вельмі важная”.

Людміла ГУРСКАЯ.
Фота Аляксандра КАМЕНЧУКОВА
і з архіва А.Г.ХАХЛОВАЙ.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*