Шчырая размова

Шчырая размова з вядомымі мінчанамі на актуальныя для сучаснай моладзі тэмы. Шчырая размова, пасля якой маладым людзям хочацца здзяйсняць карысныя, пазітыўныя справы. “Шчырая размова” — так называецца ток-шоу Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі. Галоўным героем нядаўняй сустрэчы стаў палкоўнік запасу Андрэй Юр’евіч Шубадзёраў. Разам з членамі Мінскай гарадской лігі маладых выбаршчыкаў і юнымі валанцёрамі ён вёў шчырую размову пра мужчынскае выхаванне, абавязак і гонар, службу ва Узброеных Сілах, пра тое, як з дапамогай камп’ютарных гульняў выхаваць патрыёта.

Пяць пунктаў

Сапраўдны мужчына, як вядома, павінен пабудаваць дом, пасадзіць дрэва, выгадаваць дзіця. Да гэтага спіса Андрэй Юр’евіч дадае яшчэ два пункты: прайсці службу ў арміі і вывучыць гісторыю Вялікай Айчыннай вайны. Менавіта павышэнню цікавасці маладога пакалення да службы ва Узброеных Сілах і папулярызацыі ведаў пра Вялікую Перамогу наш суразмоўца прысвяціў сваю дзейнасць спачатку на пасадзе начальніка інфармацыйнага агенцтва “Ваяр”, а цяпер менеджара па спецыяльных праектах кампаніі Wargaming, той самай, што распрацавала знакаміты World of Tanks. Да работы ў “Свеце танкаў” было стварэнне вядомых праектаў “Дзецям пра армію” і “Віртуальны ваенкамат”, распрацоўка і напаўненне сайта Міністэрства абароны. Так што пра выхаванне Андрэю Юр’евічу ёсць што расказаць, прычым расказаць цікава, а часам нечакана.

Мужчынская сляза

— Я вельмі люблю, калі мяне хваляць. Гэта любяць усе мужчыны, таму, дзяўчаты і жанчыны, часцей хваліце сваіх хлопцаў і мужчын, нават калі і хваліць няма за што. Я не люблю, калі мяне крытыкуюць, аднак калі гэта адбываецца, то хочацца, каб крытыка была аргументаванай. Я вельмі сентыментальны. У мяне дома трое дзяўчат, яшчэ і ўнучка. Напрыклад, з малодшай магу паплакаць, асабліва калі глядзім класны фільм. Гавораць, што мужчына не павінен плакаць. Не верце. Калі ў мужчыны ёсць душа і сэрца, то ён павінен плакаць. Нічога страшнага ў гэтым няма. Можа, не заўсёды гэта трэба рабіць прылюдна, аднак калі адчуваеш боль, радасць, то слёзы будуць дарэчы, — з такіх даволі цікавых слоў пачаў аповед пра мужчынскі характар Андрэй Юр’евіч.

Цаніць час

Адзінае, што не павінен рабіць мужчына, — гэта праліваць слёзы па дарэмна патрачаным часе. Час трэба цаніць, і трэба разумець, што лянота — дрэнная рэч. Мы шмат страчваем, а страчаны час, як вядома, вярнуць нельга. Яшчэ адной якасцю, якая дапамагла Андрэю Юр’евічу дасягнуць жыццёвых і прафесійных вяршынь, стала жаданне пастаянна вучыцца. На думку суразмоўцы, вельмі добра, калі чалавек хоча кожныя пяць гадоў вучыцца, нечым падсілкоўваць сваё інтэлектуальнае і прафесійнае развіццё, калі ў гэтым ёсць патрэба, калі чалавек жадае развівацца. Вучыцца трэба заўсёды і па магчымасці паўсюль, свой розум неабходна трымаць у тонусе. Асабліва, калі ты працуеш у ІТ-сферы. А свет ІТ абнаўляецца з такой жа хуткасцю, з якой мы абнаўляем старонкі сваіх сацыяльных сетак.

Прафесія жыцця

— Мне ў жыцці пашчасціла. Амаль кожныя пяць гадоў я пазнаваў нешта новае. Акрамя вучобы ў агульнаадукацыйнай школе, скончыў яшчэ і музычную школу па класе баяна. З першага класа ведаў, што буду ваенным. Я ведаў пра гэта, імкнуўся да гэтага, хоць паступаць было вельмі і вельмі няпроста. А паступаць вырашыў у Львоўскае вышэйшае ваенна-палітычнае вучылішча, дзе на ўступных іспытах неабходна было здаваць геаграфію, літаратуру, гісторыю. Гуманітарныя прадметы ў мяне ішлі добра. Гэта было адзінае ў краіне вучылішча, якое рыхтавала спецыялістаў па дзвюх спецыяльнасцях — “Культасветработнік” і “Журналіст”. Шансаў паступіць туды было не тое што нуль, а мінус у нейкай там ступені. Маці нават не пайшла праводзіць мяне на вакзал, маўляў, усё роўна хутка вернешся. Як жа яна здзівілася, калі я даслаў тэлеграму: “Мама, я курсант”. У вучылішчы была сур’ёзная ваенная падрыхтоўка, акрамя таго, мы вывучалі гісторыю жывапісу, арганізацыю самадзейнай мастацкай творчасці, гісторыю выяўленчага мастацтва, гісторыю кіно — тое, што мне падабалася, — паведаміў Андрэй Юр’евіч.

Будучую спецыяльнасць старшакласнікі выбіраюць па-рознаму. Сёння галоўным крытэрыем нярэдка становіцца ўзровень зарплаты маладога спецыяліста і прэстыж прафесіі. Многія выбіраюць спецыяльнасці, на якія меншы бал, ці выбіраюць прафесію жыцця за месяц да падачы дакументаў або “за кампанію”. Многія папросту лянуюцца пачытаць даведнікі спецыяльнасцей і тым больш не ўяўляюць, што адных толькі салдацкіх спецыяльнасцей у арміі каля паўтары тысячы. “Многія думаюць, што салдат — гэта рыдлёўка і аўтамат. А салдат — гэта і праграміст, і вэб-дызайнер, і той, хто наносіць на планшэт сістэму супрацьпаветранай абароны, і салдат-кухар, і нават шавец”, — адзначыў герой ток-шоу.

Грамадству пра армію

У пачатку 2000-х сайт Міністэрства абароны неаднаразова прызнаваўся лепшым у сегменце дзяржаўных інтэрнэт-рэсурсаў. А пачалося ўсё падчас вучобы ў Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь, калі выкладчык Аляксей Аркадзьевіч Урбановіч прапанаваў для дыпломнай работы выбраць тэму не пра вайну, а пра людзей, пра тое, як з імі працаваць. Андрэй Юр’евіч даследаваў павышэнне эфектыўнасці рэкламы ваеннай службы Узброеных Сіл. Давялося даследаваць вопыт многіх краін свету, прагледзець відэаролікі, першыя сайты. Ужо тады станавілася зразумелым, што за інтэрнэтам будучыня. Андрэй Юр’евіч пачаў кіраваць падраздзяленнем, якое суправаджала толькі што створаны сайт Міністэрства абароны, прычым створаны на трох мовах (беларускай, рускай і англійскай). Дасягненнямі энергічнай каманды стала і стварэнне форуму, дзякуючы якому міністр абароны напрамую гутарыў з салдатамі. Нядзіўна, што папулярнасць форуму была высокай, а наведвальнікаў было ў некалькі разоў больш, чым наведвальнікаў самога сайта. Хаця і сайт таксама набіраў папулярнасць: рэгулярна абнаўляліся навіны, дабаўляліся відэаролікі.

— Псіхалогія большасці журналістаў наступная: выйшаў матэрыял, і няхай будзе, што будзе, галоўнае, што ён выйшаў. У мяне была задача навучыць журналіста абмяркоўваць матэрыял з чытачамі, развіваць дыскусію. Яшчэ мы стварылі сайт “Дзецям пра армію”, спасылка на які знаходзіцца на сайце Міністэрства абароны. Такім чынам мы прыцягнулі ў віртуальную рэальнасць некалькі мэтавых аўдыторый. Ужо тады ў пачатку 2000-х у нас працавала паўнацэнная рэдакцыя сайта. Прычым пасады якія! Палкоўнік, падпалкоўнікі. Уявіце: камандзір палка, які павінен кіраваць салдатамі колькасцю паўтары тысячы, кіруе сайтам. І гэта правільна, таму што сайт, змешчаная на ім інфармацыя, уплываюць на светапогляд вялікай колькасці людзей, — паведаміў Андрэй Юр’евіч.

Рэальная карысць

З моманту стварэння сайта Міністэрства абароны, праектаў “Дзецям пра армію” і “Віртуальны ваенкамат” мінула больш за 10 гадоў. Час не стаіць на месцы, камп’ютарныя тэхналогіі імкліва развіваюцца. Сямімільнымі крокамі развіваецца і гульнявая індустрыя. І нягледзячы на тое, хочам мы ці не, нашы дзеці гулялі, гуляюць і будуць гуляць у віртуальным свеце. Калі знайсці правільны педагагічны падыход, то камп’ютарныя гульні могуць прыносіць карысць. Міністэрства абароны гэта выдатна зразумела, таму сумесна з Міністэрствам адукацыі была падтрымана ініцыятыва папулярызацыі сярод навучэнцаў камп’ютарнай гульні “Аперацыя “Баграціён”.

— Ніколі не думаў, што буду працаваць у кампаніі па распрацоўцы камп’ютарных гульняў, тым больш да пазамінулага года я ў іх не гуляў, лічыў гэта дарэмным баўленнем часу, — падзяліўся Андрэй Юр’евіч. — Аднак карысць камп’ютарных гульняў стала зразумелай, калі ў 2008 годзе кампанія Wargaming выпусціла “Аперацыю “Баграціён” і правяла па ёй першы рэспубліканскі турнір, на якім, дарэчы, прысутнічаў міністр абароны. Стала зразумела, што некаторыя камп’ютарныя гульні могуць прыносіць значны эфект у справе патрыятычнага выхавання моладзі. Асабліва ярка гэта даказала гульня World of Тanks, якая выйшла ў 2010 годзе.

У вольны час

Карысць карысцю, аднак любая карысная справа, калі займацца ёй бяздумна, несістэмна, можа прыносіць шкоду. Асабліва гэта тычыцца камп’ютарных гульняў. Каб віртуальнае жыццё не падмяніла рэальнае, геймеру важна правільна распараджацца вольным часам. “Як вытворцы камп’ютарных гульняў мы робім усё магчымае, каб у чалавека было максімум магчымасці сказаць “стоп”. Напрыклад, бой у нас доўжыцца 7—10 хвілін. Ты пагуляў гэты час і можаш спыніцца. Ёсць яшчэ адзін важны нюанс: мы, напэўна, адзіная ў свеце кампанія, якая робіць камп’ютарную гульню з вялікай колькасцю прыкладной інфармацыі. У нас, каб перамагаць, трэба вывучыць гісторыю Другой сусветнай вайны, гісторыю танкабудаўніцтва, устройства танка, узбраенне, даведацца пра ўзнагароды, якія ўручаліся героям, прачытаць біяграфіі гэтых герояў”, — працягвае герой “Шчырай размовы”.

Ад чаго ўзнікае камп’ютарная залежнасць? Ад камп’ютараў? Ці, можа, прычына ў іншым? Часта гавораць: “Танкі разбураюць сем’і”. Аднак празмерная захопленасць камп’ютарнымі гульнямі — гэта вынік псіхалагічнага стану чалавека. Значыць, не танкі разбураюць сем’і. Калі ў сям’і складаныя адносіны, а паміж мужам і жонкай накапілася столькі рознагалоссяў, што застаецца толькі ў танкі гуляць, то прычына, відавочна, не ў іх. Калі ў сям’і пануе ўзаемапавага, каханне — ніякія танкі гэтага не разбураць.

— У адной маёй знаёмай сын увесь вольны час прысвячаў гульні ў танкі, з татам у хлопца не было амаль ніякіх кантактаў. Што вырашыў тата? Ён таксама пачаў гуляць у “Свет танкаў”. Адразу знайшоў агульную мову з сынам, а ў вольны час пачало знаходзіцца месца і для сумесных прагулак, і для рыбалкі. Танкі паступова адышлі на другі план. А калі “танкісту” падарыць, напрыклад, на 23 лютага віртуальны танк, то ён наогул гатовы выконваць любую дамашнюю работу. Адным словам, дзяўчаты, каб зразумець, што адчуваюць гэтыя апантаныя “танкісты”, паспрабуйце пагуляць самі. Чым хутчэй вы зразумееце іх захапленне, тым хутчэй знойдзеце падыходы, — упэўнены Андрэй Юр’евіч.

Агульная мова

Сёння камп’ютарныя гульні — гэта не проста гульні, гэта індустрыя, якая не толькі корміць тысячы супрацоўнікаў кампаніі Wargaming, але і выхоўвае сотні тысяч маладых людзей. Распрацоўка камп’ютарных гульняў патрыятычнай накіраванасці — адзін з цудоўных спосабаў знайсці агульную мову з сучаснай моладдзю. Галоўнае — гаварыць на гэтай мове шчыра, бо фальшывасць слоў дзеці і падлеткі вельмі добра адчуваюць. “Шчырая размова” з Андрэем Юр’евічам Шубадзёравым атрымалася па-сапраўднаму шчырай.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.