У Капачоўскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе Мсціслаўскага раёна рэалізуецца рэспубліканскі інавацыйны праект “Укараненне мадэлі фарміравання сацыяльна-грамадзянскіх кампетэнцый навучэнцаў на аснове стварэння і рэалізацыі турыстычна-краязнаўчых медыяпадарожжаў”. Педагогі бачаць у медыяпадарожжах моцны адукацыйны і выхаваўчы сродак, які дазваляе пазнаёміць школьнікаў з гісторыяй, прыродай і культурай роднага краю, выхоўваць любоў да Радзімы, духоўнасць і маральнасць.
Як удзельнік інавацыйнага праекта я пачала работу са стварэння клуба медыяпадарожнікаў “Медыяпілігрым” для вучняў 8—10 класаў. Клуб дазваляе больш увагі ўдзяляць вельмі важным для сучасных школьнікаў якасцям: медыяпісьменнасці і мабільнасці. Мабільнасць у адукацыі заключаецца не толькі ў здольнасці шукаць адукацыйныя рэсурсы, хутка ўсталёўваць сувязі з іншымі людзьмі і абменьвацца з імі знойдзеным, але і ва ўменні вучыцца ў розных культурных асяроддзях і па розных крыніцах.
Адукацыйныя медыяпадарожжы даюць навучэнцам магчымасць атрымаць жывы вопыт зносін. У працэсе калектыўнай віртуальнай экскурсійнай дзейнасці ў іх фарміруюцца ўменні дзейнічаць разам, ужывацца ў навакольнае асяроддзе (як прыроднае, так і сацыяльнае), станавіцца назіральнікамі і актыўнымі даследчыкамі разнастайных культурна-гістарычных каштоўнасцей. Засвойваючы праграму клуба, школьнікі пашыраюць свой кругагляд і паглыбляюцца ў вывучэнне гісторыі роднага краю. Атрыманыя веды яны могуць выкарыстоўваць на ўроках літаратуры, гісторыі, геаграфіі, біялогіі, а таксама ў вольны час.
Праграма клуба разлічана на 3 гады. Мы праводзім выязныя, пешыя, віртуальныя экскурсіі рознай тэматыкі. Традыцыйнымі сталі абмеркаванне дакладаў і паведамленняў, круглыя сталы, дыскусіі, самастойная і групавая работа школьнікаў з рознымі крыніцамі інфармацыі (краязнаўчая літаратура, даведачная літаратура, прэса, інтэрнэт-рэсурсы), падрыхтоўка і абарона праектных творчых работ.
Медыяпадарожжы, якія мы праводзім, можна класіфікаваць па наступных напрамках:
- гісторыка-культурныя (“Мсціслаў: ад старажытнасці да нашых дзён”);
- краязнаўчыя (“Памятныя месцы Мсціслаўшчыны”);
- духоўна-маральныя (“Праваслаўныя святыні малой радзімы”);
- мастацка-эстэтычныя (“Свет мастацтва”);
- экалагічныя (“У гармоніі з прыродай”);
- патрыятычныя (“З любоўю да Радзімы”);
- сацыяльна-камунікатыўныя (“Горад майстроў”);
- пазнавальныя (“Хачу ўсё ведаць”).
У гэтым, першым, навучальным годзе кожны ўдзельнік клуба распрацоўвае свой уласны праект як адказ на сваё ж пытанне пра пэўны турыстычны аб’ект. Школьнікі складаюць турыстычны кейс пра свой аб’ект: дзе знаходзіцца, чым цікавы, каму варта наведаць. Праект паказвае, якім павінен быць маршрут, дзе ён будзе пачынацца і заканчвацца, якія падзеі будуць здарацца ў гэтым медыяпадарожжы.
У наступным годзе мы будзем асвойваць квест-тэхналогію, якая карыстаецца велізарнай папулярнасцю ў сучасных школьнікаў. Практыка паказвае, што яны лепш засвойваюць веды ў працэсе самастойнага здабывання і сістэматызацыі новай інфармацыі. Выкарыстанне квестаў спрыяе выхаванню і развіццю якасцей асобы, якія адказваюць патрабаванням інфармацыйнага грамадства, раскрыццю здольнасцей і падтрымцы адоранасці дзяцей.
На трэцім годзе рэалізацыі праграмы мы плануем аб’яднаць квест-тэхналогію з геакэшынгам. Асноўная ідэя адукацыйнага геакэшынгу — пошук гістарычных аб’ектаў з дапамогай GPS-навігатараў па вядомых геаграфічных каардынатах і выкананне заданняў, звязаных з веданнем гісторыі горада, раёна. На завяршальным этапе гульні кожная каманда будзе афармляць вынікі сваёй працы ў выглядзе брашуры, электроннай прэзентацыі або публікацыі. Аб’яднаўшы дзве тэхналогіі — геакэшынг і квест-арыентаванне, мы распрацуем некалькі турыстычных адукацыйных медыяпадарожжаў (“Скрозь гук званоў”, “Прафесіі роднага горада”).
Укараненне ў педагагічную практыку турыстычна-краязнаўчых медыяпадарожжаў дазволіць ажыццявіць метапрадметныя падыходы да адукацыі, яны могуць стаць асновай для стварэння ўласнай методыкі выкладання і павысіць эфектыўнасць і якасць адукацыйнага працэсу.
Алена ЦІХАНОЎСКАЯ,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Капачоўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Мсціслаўскага раёна.