Школьнікі будуць праграмаваць дроны

Шмат гадоў назад дроны — беспілотныя лятальныя апараты — здаваліся нечым фантастычным, амаль як НЛА. Цяпер яны дапамагаюць выконваць работу кур’ераў, відэааператараў, ахоўнікаў… І патрэбна ўсё больш спецыялістаў, здольных праектаваць і праграмаваць беспілотнікі. Вучыць гэтаму школьнікаў плануюць у Магілёве. Андрэй Анатольевіч Музараў, педагог сярэдняй школы № 21 Магілёва, прайшоў у паўфінал конкурсу сацыяльных праектаў Social Weekend з ідэяй школы праграмавання “Дронні”. Што будуць вывучаць яе выхаванцы і як гэта паўплывае на іх жыццё, расказаў нам Андрэй Анатольевіч.

Перадгісторыя: ад кубіка Рубіка да праграмавання

Вялікі рэпартаж з класа Андрэя Анатольевіча мы публікавалі, калі амбіцыйны педагог рэалізаваў праект “Кубік Рубіка і кубарт” на базе сярэдняй школы № 21 Магілёва. У межах праекта ён праводзіў заняткі па зборцы кубіка Рубіка: складаў з дзецьмі малюнкі з кубікаў, каб развіваць логіку і мысленне, арганізоўваў першыя STEM-праекты і марыў вывучаць з дзецьмі мовы праграмавання.

Пры гэтым сам педагог ніколі не вучыўся праграмаванню ў школе або ва ўніверсітэце. На шчасце, добрае валоданне пяццю мовамі вельмі дапамагае навучыцца і яшчэ некалькім: сінтаксіс звычайнай мовы і мовы праграмавання нечым падобныя.

— Спачатку мы з жонкай — педагогам пачатковых класаў у сярэдняй школе № 40 Магілёва Валянцінай Васільеўнай Музаравай — прайшлі курс анлайн-навучання дзіцячаму асяроддзю праграмавання Scratch, — расказвае педагог. — Валянціна цяпер вя­дзе аб’яднанне па інтарэсах і вучыць дзяцей Scratch, не так даўно наведвала канферэнцыю Scratch Conference Belarus 2020.

Сам Андрэй пайшоў далей і скончыў анлайн-курс па Python — самай папулярнай мове праграмавання ў свеце.

Ідэя школы “Дронні”

Калі спачатку Андрэем Анатолье­вічам рухала простая цікаўнасць, то хутка ў яго вучобы з’явілася пэўная мэта.

— Выпадкова даведаўся, што на Scratch і Python можна праграмаваць дроны — задаць ім маршрут, па якім яны будуць аўтаномна лётаць. Ёсць нават такое паняцце, як харэаграфія дронаў, калі праграмуюць палёт цэлага “рою” апаратаў, каб ён складаў пэўныя фігуры ў небе.

Педагог даўно цікавіцца STEAM-адукацыяй, таму ў праграмаванні дронаў адразу ўбачыў вялікі патэнцыял для заняткаў з дзецьмі: тут і творчасць, і навука, і праграмаванне.

— Мы маглі б арганізаваць заняткі, на якіх спалучаліся б кіраванне дронамі, праграмаванне, 3D-мадэляванне ці 3D-друк і займальныя навукі. Выхаванцы маглі б займацца стварэннем гульняў і музыкі на камп’ютары, удзельнічаць у гонках дронаў (ёсць і такое!), займацца кубартам і іншымі займальнымі галаваломкамі, каб пасля вырасці ў першакласных вучоных, праграмістаў, інжынераў.

Дроны даўно лічацца карысным інструментам будучыні. Яны ўжо дастаўляюць тавары, патрулююць тэрыторыю, “працуць” геадэзістамі і відэааператарамі. І хутка прафесіі аператара камерцыйных грамадзянскіх дронаў ці распрацоўшчыка інтэлектуальных сістэм кіравання дынамічнай дыспетчарызацыяй будуць вучыць ва ўніверсітэтах.

Першыя пускі

2 мая аўтары праекта “Дронні” ўпершыню правялі ў Магілёве маленькае святкаванне Міжнароднага дня дронаў.

— На жаль, збіраць шмат дзяцей і праводзіць маштабнае свята нам не дазволілі прычыны, добра ўсім вядомыя, — шкадуе Андрэй Анатольевіч. — Але мы вырашылі запрасіць некалькі вучняў 3—6 класаў з сярэдніх школ № 21 і 45, а таксама гімназіі № 3 Магілёва. З імі мы запускалі невялікі дрон DJI Tello EDU: я паказаў дзецям, як праграмаваць маршрут палёту дрона па квадраце на мове Python.

Самі дзеці спрабавалі кіраваць дронам з дапамогай Scratch. Асабліва іх уражвала, калі дрон у палёце пераварочваўся на 360 градусаў і працягваў свой шлях па траекторыі — такі элемент называецца “фліп”.

Для школьнікаў, якія не змаглі наведаць свята, пускі дрона запісалі на відэа. Цяпер дзеці маюць уяўленне аб тым, як праграмаваць палёты, і мараць распрацоўваць уласныя маршруты.

Арганізацыя школы

— Для старту нашай школе патрэбны 10 праграмуемых дронаў для палётаў у памяшканні і 6 гоначных дронаў, а таксама 3D-прынтараў, — расказвае Андрэй Анатольевіч. — Мы ўжо знайшлі месца для заняткаў за камп’ютарамі і тэхнічныя памяшканні для запуску дронаў і нават для дрон-рэйсінгу.

Каб знайсці фінансы пад свой праект, Андрэй Анатольевіч і Валянціна Васільеўна актыўна прадстаўляюць сваю ідэю на конкурсах і спаборніцтвах. Так, на конкурсе стартапаў Mogilev Invest Day праект “Дронні” выйграў у намінацыі “Інавацыйная ідэя” і атрымаў год падтрымкі ад Тэхнапарка Магілёў. Дзякуючы першай перамозе, педагогі змаг­лі набыць невялікі школьны дрон, які можна праграмаваць на Scratch, Python, Swift i JavaScript. Менавіта яго запускалі школьнікі падчас Міжнароднага дня дронаў.

Наступная прыступка — рэспубліканскі конкурс сацыяльных праектаў Social Weekend. Ідэя школы праграмавання “Дронні” ўжо прайшла ў паўфінал і мае ўсе шансы на перамогу!

Мар’я ЯНКОВІЧ.
Фота Валянціны МУЗАРАВАЙ.