Што выратуе свет?

Сёння прававое і маральнае выхаванне школьнікаў з’яўляецца асабліва надзённым. Гэты сцэнарый класнай гадзіны актуальны ў першую чаргу для старшакласнікаў, таму што старэйшы падлеткавы ўзрост, узрост юнацтва, характарызуецца крытычным асэнсаваннем свету, складаннем уласнай тэорыі сэнсу жыцця і, ні многа ні мала, імкненнем змяніць свет.

Мэтавая аўдыторыя: навучэнцы 10—11 класаў.

Форма: дыскусія.

Мэта: стварэнне ўмоў для станаўлення асобы, здольнай на аснове асэнсавання глабальных праблем сучаснасці вызначаць шляхі канструктыўнай самарэалізацыі.

Задачы: навучальная, асобаснага развіцця, развіцця ўніверсальных (мета­прадметных) уменняў.

Правілы паводзін у дыскусіі: я крытыкую ідэі, а не людзей; мая мэта не ў тым, каб перамагчы, а ў тым, каб прыйсці да найлепшага вырашэння; я выслухоўваю меркаванні кожнага, нават калі я з імі не згодны; я імкнуся асэнсаваць і зразумець абодва по­гляды на праблему.

Абсталяванне: выстава (СМІ Беларусі, літаратура па праве, альбомы па мастацтве), экран, столік з медыяпраектарам.

Заўвага: для судзейства запрашаюцца сацыяльны педагог, настаўнік грамадазнаў­ства, адзін з бацькоў, інспектар ІСН.

Падрыхтоўчая работа: азнаямленне навучэнцаў з тэмай дыскусіі і дзяленне на групы; работа з кіраўнікамі груп; кіраўнікам і ўдзельнікам дыскусійных груп выдаецца памятка, у якой адзначаны іх абавязкі.

Методыка правядзення дыскусіі: пачынае дыскусію класны кіраўнік, настаўнік (форма пачатку можа быць рознай); выступленні членаў груп (рэгламент — не больш за 3 мінуты); музычны нумар, відэафрагмент, тэатралізаваная сцэнка (па жаданні групы); падвядзенне вынікаў (выбар лепшага аратара і самага цікавага, змястоўнага і аргументаванага выступлення, выбар групы-пераможцы); заключнае слова класнага кіраўніка ці вядучага, яркае і сціслае.

Сістэма ацэнкі: адпаведнасць кожнаму крытэрыю выражана ў балах (найбольш поўна адпавядае гэтаму крытэрыю — 3 балы, дастаткова поўна адпавядае гэтаму крытэрыю — 1 бал, не адпавядае гэтаму крытэрыю — 0 балаў).

Крытэрыі ацэнкі выступлення групы: неабходная і дастатковая ступень паглыблення ў тэму і прымяненне для яе вырашэння ведаў з розных галін навукі; аргументаванасць і зразумеласць выступлення; арыгінальнасць выступлення; выразнасць, правільнасць маўлення, дарэчнасць акцэнтаў у маўленні, міміка, знешні выгляд.

Ход класнай гадзіны

І. Арыентацыйны этап

Слайд 1. “Што выратуе свет: правасвядомасць асобы ці прыгажосць?”.

Настаўнік. Ці не здаецца вам, паважаныя старшакласнікі, што чалавек вельмі ўсклад­ніў свой свет і гэта ўсё часцей выклікае да жыцця такія сілы, якія становяцца чужымі яго прыродзе, разбураюць яго, а значыць, і свет у якім ён жыве? У свеце стала многа агрэсіі, нецярпімасці, зла.

ІІ. Этап пастаноўкі праблемы

Настаўнік. Дык што ж выратуе свет? Права, разуменне чалавекам не толькі сваіх правоў, але і правоў іншых, законапаслухмянасць? Ці свет выратуе прыгажосць, па выказванні класіка? Ну што ж, паспрачаемся, паспрабуем сёння адказаць на гэтае пытанне. У спрэчцы, як вядома, нараджаецца ісціна. Такім чынам, дэбаты.

Слайд 2. “Правасвядомасць — гэта сістэма поглядаў, уяўленняў, пачуццяў, установак, якія выяўляюць адносіны людзей да дзеючага ці жаданага права, да іншых прававых праяў, да паводзін людзей як да правамерных ці супрацьпраўных”.

Група 1. Мы лічым, што свет выратуе права, разуменне чалавекам сваіх абавязкаў, сваіх правоў і правоў іншых людзей. Мы вывучаем гісторыю і ведаем, якую ўвагу ўдзя­лялі ўстанаўленню законаў прагрэ­сіўныя кіраўнікі нават у старажытныя часы, бо менавіта законы рэгламентуюць жыццё лю­дзей. І з гісторыі Старажытнай Грэцыі вядома, што прыгажосць Алены, жонкі Мінелая, разбурыла Трою.

Слайд 3. “Прыгажосць — велічыня сусветнага маштабу. Яе ўплыў на ўсе сферы жыцця чалавека вялікі. Патрэба ў ёй ёсць ва ўсіх людзей”.

Група 2. Мы лічым, што Фёдар Дас­таеўскі меў рацыю: прыгажосць выратуе свет. І не прыгажосць Алены разбурыла Трою, а каварства Парыса. Прыгажосць дорыць гармонію, акрыляе душу, сее ў ёй надзею. Крыніца натуральнай прыгажосці — прырода. Яна паўсюль. Людзі яе бачаць адно ў адным і нават у сабе саміх. Што адчувае пры гэтым кожны з нас? Часцей за ўсё гэта адчуванне супакаення і захаплення. Агрэсія, імкненне да разбурэння сыходзяць з чалавечай душы.

ІІІ. Этап правядзення дыскусіі

Слайд 4. Pro і contra. (Выява Феміды і Афрадыты.)

Настаўнік. Мы пачулі аргументы pro і contra, “за” і “супраць”. Кожная група падрыхтавала аргументы ў абарону сваіх перакананняў, і яны іх зараз прадставяць.

Група 1. У жыцці кожнага чалавека здараюцца канфлікты. Гэта цалкам нармальна, бо ўсе мы розныя. Канфлікты адбываюцца ў сям’і, у школе, у бізнесе, на рабоце. Большасць людзей стараецца пазбегнуц­ь спрэчкі, а ў выпадку яе ўзнікнення — дамовіцца мірнымі сродкамі і спосабамі. Але эмоцыі і варожы настрой часта становяцца пера­шкодай да канструктыўнай размовы. І ў такой сітуацыі для вырашэння спрэчкі бакі часцей за ўсё звяртаюцца ў суд. Пры гэтым траціцца многа часу, сіл, грошай і здароўя. Кожны бок хоча, каб рашэнне было прынята толькі на яго карысць. Аднак у судзе заўсёды ёсць той, хто выйграў і хто прайграў.

Настаўнік. А ці ёсць выхад?

Слайд 5. “Медыяцыя — гэта перамовы паміж бакамі, якія канфліктуюць, з удзелам пасярэдніка — медыятара — з мэтай пошуку вырашэння, што задаволіць абодва бакі”.

Група 1. Самым эфектыўным спосабам у вырашэнні канфліктаў, заснаваным выключна на інтарэсах бакоў, з’яўляецца працэдура медыяцыі. У студзені 2014 года ўступіў у сілу Закон Рэспублікі Беларусь “Аб медыяцыі”. З’явілася магчымасць пазасудовага вырашэння грамадзянскіх спрэчак шляхам перагавораў, кампрамісаў.

Група 2. І ўсё ж мы не згодны, што закон можа заўсёды рэгуляваць адносіны людзей і дапамагае пазбегнуць канфліктаў. Прыгажосць — іншая рэч. Прыгажосць стаіць побач з любоўю, дабром. Толькі дабром і прыгажосцю выратуецца чалавек.

Група 1. Мы лічым, што прыгажосць — гэта пасудзіна, у якой пустата. Вы гаворыце: “Ах, прырода, ах, любоў…” Ну і што? Лясы гінуць ад пажараў, людзі іх захламляюць, бессістэмна рвуць кветкі, збіраюць ягады, браканьераць. І прыгажосць прыроды выратуе свет?! Не смяшыце. А любоў? Любоў — поле бескампраміснасці. Там, дзе пачынаюцца кампрамісы, любоў перарастае ў звычку. Знікае. З’яўляецца новая любоў. І зноў успамінаем закон аб шлюбе і сям’і. Але ўжо ў су­дзе, пры разводзе.

Група 2. Не і не! Прыгажосць — гэта “огонь, мерцающий в сосуде”! Яна становіцца галоўнай музай для творчых людзей. Як толькі яна кранае розум геніяльнага чалавека, у яго нараджаецца штосьці цудоўнае. Так ствараліся шэдэўры сусветнага мастацтва. Прыгажосць ідзе поплеч з мастацтвам. Пад яе ўплывам ствараецца музыка, здольная прымірыць чалавека з жыццём. Яна натхняе мастака, які стварае палатно, да якога выстройваюцца чэргі жадаючых яго паглядзець. Пяшчотныя акорды вершаў пішуцца паэтамі ў момант сустрэчы з прыгажосцю. Прыгажосць уціхамірвае чалавечыя гарачыя пачуцці.

Група 1. Не згодны. Музыка бударажыць кроў. Вы бывалі на рок-канцэртах? Бачылі ці адчувалі агрэсію ў зале?

Група 2. Я гавару пра класічную музыку. Ва гаворыце пра закон аб шлюбе і сям’і. Так, каханне спрабавалі і спрабуюць закаваць у рамкі маралі, права, а яно ўсё роўна ўцякае з цяжкіх ланцугоў чалавечых разважанняў і пісаных правіл. Любоў і прыгажосць чалавечых адносін існуюць самі па сабе.

Настаўнік. З уздрыгам успамінаецца сёння вокліч вялікага Фермі пасля выпрабавання атамнай бомбы ў Аламагорда: “Не надакучвайце з вашымі мукамі сумлення! Гэта перш за ўсё цудоўная фізіка!” Значыць, гэта прыгожа. Дык ці выратуе прыгажосць свет?

Група 2. Мы настойваем: так, выратуе. Калі разумець прыгажосць як прыгажосць чалавечых адносін — гэта значыць разуменне, спачуванне, дапамога, служэнне дабру.

Група 1. А мы лічым, што не прыгажосць утаймоўвае гарачыя пачуцці, а правасвядомасць чалавека. Часам карысна пачытаць закон, перш чым штосьці рабіць, таму што няведанне закона не вызваляе ад адказнасці. Рэкамендую часцей зазіраць у інфармацыйную сістэму “Эталон” (чытае тэкст са слайда 6).

Слайд 5. “Эталон-online. Інфармацыйна-пошукавая сістэма размешчана па адрасе etalonline.by, прымяняецца для пошуку і атрымання прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь у любым пункце зямнога шара пры дапамозе сеткі інтэрнэт”.

Настаўнік. Але як навучыць чалавека быць добрым, любіць блізкага так, як у Бібліі сказана: “Палюбі блізкага свайго, як сябе самога”?

Група 2. Рэлігія спрасціла свет. Зразумела, палюбіць так кожнага блізкага абсалютна нерэальна. Затое цалкам рэальна любіць аднаго чалавека больш за сябе. Любоў — апошняе лякарства ад цынізму.

Настаўнік. Мы адхіліліся ад тэмы, зрэшты, і любоў, і прыгажосць стаяць побач. Але цікава, што думае наконт любові першая група.

Група 1. Змяніць чалавека немагчыма, і любіць усіх людзей немагчыма. Успомніце Данка Максіма Горкага. Ён любіў усіх людзей, вывеў іх са смуроднага балота да святла, аддаў ім сваё сэрца і памёр. “Люди же, радост­ные и полные надежд, не заметили смерти его и не видали, что еще пылает рядом с трупом Данко его смелое сердце. Только один осторожный человек заметил это и, боясь чего-то, наступил на гордое сердце ногой… И вот оно, рассыпавшись в искры, угасло…” Каментарыі лішнія і відавочныя.

Настаўнік. Наша дыскусія падыходзіць да канца. Ф.М.Дастаеўскі лічыў, што лю­дзі могуць быць прыгожымі і шчаслівымі, але для гэтага яны павінны пагадзіцца з думкай пра тое, што зло не можа быць нармальным станам людзей, што кожны ў сілах ад яго пазбавіцца. І калі людзі будуць кіравацца лепшым, што ёсць у іх душы, памяці і намерах (дабром), тады яны будуць па-сапраўднаму прыгожымі. І свет будзе выратаваны, і выратуе яго менавіта такая прыгажосць (лепшае, што ёсць у людзях). Зразумела, адразу гэта не адбудзецца — неабходна духоўная праца, выпрабаванні і нават пакуты, пасля якіх чалавек выракаецца зла і звяртаецца да дабра, пачынае шанаваць яго. Пра гэта пісьменнік гаворыць у многіх сваіх творах.

Слайд 7. “Імануіл Кант (1724—1804): “Прыгожае — гэта сімвал маральнага дабра”.

Настаўнік. Ф.М.Дастаеўскі ў сваім тлумачэнні прыгажосці выступае аднадумцам нямецкага філосафа Імануіла Канта, які гаварыў пра маральны закон унутры нас, пра тое, што прыгожае — гэта сімвал маральнага дабра.

Група 1. З такім разуменнем прыгажосці не паспрачаешся. А вось фізічная прыгажосць нічога не выратуе. Гэта ўсё лухта. Каго іменна можа выратаваць фізічная прыгажосць? Якім чынам? Што яна па факце ў гэтым свеце мяняе? Фізічная прыгажосц­ь з’яўляецца ўсяго толькі абалонкай і не мае ніякай рэальнай сілы. Я думаю, што гэтае выказванне не трэба разумець так літаральна. Калі гаварыць пра ахвяр, якіх патрабуе прыгажосць, то гэта, як правіла, тыя, хто вельмі апанаваны ўладай прыгажосці і гатовы дзеля яе на ўсё. Многія людзі вельмі сочаць за знешняй прыгажосцю і ёй захапляюцца, а пра ўнутраную мала хто думае, таму мы і лічым, што толькі павага да законаў, выкананне іх выратуе свет, таму што закон — ён адзін для ўсіх людзей.

IV. Стадыя кансалідацыі

Настаўнік. Час дэбатаў скончыўся. Мы выслухалі розныя пункты гледжання. Якія высновы можна зрабіць?

Група 1. Прыгажосць, калі гэта духоўная прыгажосць (дабрыня, спагадлівасць, разуменне, культура адносін), можа выратаваць свет, але побач з такой прыгажосцю стаіць правасвядомасць асобы — разуменне чалавека, павага чалавека, павага закона. Іншымі словамі, мае правы заканчваюцца там, дзе пачынаюцца правы іншага чалавека. Мараль і права — два рэгулятары грамадскага жыцця, і разам яны выратуюць свет.

Група 2. Мы лічым, што права і прыгажосць духоўная, законапаслухмянасць стаяц­ь побач. І яны разам выратуюць свет.

V. Падвядзенне вынікаў

Слайд 8. “Крытэрыі ацэнкі выступлення групы”.

Журы. Такім чынам, журы, узважыўшы ўсе аргументы, абмеркаваўшы ўсе выступленні, падтрымлівае канчатковую выснову груп: і закон, і духоўная прыгажосць, культура выратуюць свет. У адпаведнасці з крытэрыямі ацэнкі выступлення груп, журы вырашае… (Называецца лепшая група, аратар, лепшае змястоўнае выступленне групы.)

Настаўнік. Дзякуй усім за ўдзел. Дыскусія скончана.

Вікторыя ТЫЛЬКОВІЧ,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 119 Мінска.
Фота Ігара ГРЭЧКІ і з архіва аўтара.