Штодзённая фантастыка

Касмічныя караблі, асваенне Марса, кантакт з іншапланецянамі — усё гэта яшчэ не так даўно хвалявала цэлыя пакаленні моладзі. А на пытанне “Кім ты хочаш стаць?” амаль кожны хлопчык смела адказваў: “Касманаўтам!” Сёння тэма космасу набыла іншае гучанне: людзі пачалі асвойваць касмічны турызм. У Рэспубліканскім цэнтры інавацыйнай і тэхнічнай творчасці зорнае неба таксама ў пашане, аднак тут яно становіцца аб’ектам не рамантычных мар, а самых сапраўдных навуковых даследаванняў. Кіраўнік аб’яднання па інтарэсах “Астраномы-назіральнікі” Іван Сяргеевіч Бруханаў упэўнены: яго вучні не стануць верыць беспадстаўным сенсацыям. Яны накіраваны на паглыбленне ў навуку, а значыць, іх імёны нам, магчыма, яшчэ давядзецца пачуць.

Ці ёсць жыццё на іншых планетах?

Сёння ў цэнтры ўвагі аб’яднання па інтарэсах знаходзяцца некалькі тэм, над якімі можна працаваць пры дапамозе нескладаных і даступных тэлескопаў, мікраскопаў, бінокляў і інш.
“Мы займаемся назіраннем і даследаваннем пераменных зорак у рэжыме рэальнага часу ў нашай шыраце і даўгаце, — адзначае Іван Сяргеевіч. — Таксама ў сферы інтарэсаў аб’яднання — назіранне і даследаванне метэорных патокаў. Нашы даныя па назіраннях пакрыццяў зорак астэроідамі маюць навуковую каштоўнасць, разумеючы гэта, мы адпраўляем іх у навуковую арганізацыю IOTA (International Occultation Timing Association). Тут збіраецца інфармацыя ад астраномаў-аматараў, бо толькі намаганнямі прафесіяналаў немагчыма вывучаць шматлікія вузкаспецыялізаваныя тэмы. Па сутнасці тое, чым мы займаемся, гэта тэма каметна-астэроіднай небяспекі для планеты Зямля”.
Яшчэ адзін кірунак у рабоце аб’яднання — пазасонечныя планетарныя сістэмы і магчымасць жыцця на іх. Адказ на гэтае пытанне далёка не адназначны. У цэнтры тэхнічнай творчасці робяць стаўку на бялковыя формы жыцця. Гэта тэма, якая спалучае ў сабе вывучэнне некалькіх навук, такіх як астраномія, хімія, астрафізіка, біялогія і фізіка. Выхаванцы аб’яднання вывучаюць свяцільнасць зорак, каэфіцыент іх металічнасці, кола жыцця вакол зоркі, кола жыцця ў нашай галактыцы… Па словах Івана Сяргеевіча, гэта выключна цікавыя рэчы. Напрыклад, вывучэннем каэфіцыента металічнасці яго выхаванцы займаюцца з 2009 года.
“На наш погляд, пытанне, ці ўплывае гэты паказчык на развіццё жыцця на планеце, проста не было раскрытае, — падкрэслівае педагог. — Што ўвогуле такое каэфіцыент металічнасці? Гэта наяўнасць у хімічным складзе зоркі хімічных складнікаў, цяжэйшых за вадарод, інакш кажучы, любых хімічных прымесяў. Цікава, што ўжо пазней міжнародная грамадскасць біёлагаў, хімікаў і астраномаў вызначыла, што гэты паказчык адыгрывае надзвычай важную ролю. Выснова, да якой мы прыйшлі самастойна.
Сапраўды ў нас у свой час вельмі папулярнай была тэма асваення Марса. Канечне, гэта нешта з галіны фантастыкі. Але ёсць нямала зорак з дастатковым і нават больш чым патрэбным каэфіцыентам металічнасці. Мы адабралі некаторыя з іх, аднак нашы даследаванні ідуць у разрэз з меркаваннем сусветнай грамадскасці. У прыватнасці астраномаў больш цікавяць так званыя “чырвоныя карлікі” — малыя і дастаткова халодныя планеты, якія адрозніваюцца ад іншых. Хімічны склад “чырвоных карлікаў” і іх каэфіцыент металічнасці ў большасці выпадкаў значна ўступае сонечнаму, а значыць, хімічны склад планет будзе вельмі бедным на хімічныя складнікі бялковага жыцця і натуральна непрыгодным для зараджэння нават для бактэрыяльнага бялковага жыцця. А магутныя успышкі, амаль аналагічных сонечным, якія таксама часам суправаджаюць “чырвоныя карлікі”, стэрылізуюць бліжэйшыя планеты. І калі нават там зарадзілася жыццё, то яно проста знішчаецца імі”.

У навуку з ол-скай камерай

Цікавасць да астраноміі з гадамі мяняецца. Мінулі часы, калі пра зорнае неба гаварылі з прыдыханнем. Педагог упэўнены, што сённяшняе пакаленне больш развіваецца ў матэрыяльнай плоскасці, што нядзіўна: людзьмі рухае жаданне зарабіць грошы. Сам жа Іван Сяргеевіч з тых рэдкіх педагогаў, якім зарплаты хапае і для якіх галоўнае знайсці сваю справу ў жыцці.
“Мая работа — гэта пасеў ідэі асваення навукі ў юным розуме. Навука мяняе чалавека як асобу. Дзеці пачынаюць фільтраваць той паток інфармацыі, які хаатычна выліваецца на іх галаву.
Ці веру я ў іншапланецян? Яны, канечне, могуць быць, але навука абапіраецца на факты. І пакуль няма доказаў — усё гэта фантастыка. Пакажыце мне іншапланецяніна! Вельмі шмат тых істот, якіх выдаюць за прышэльцаў, падмацоўваючы гіпотэзу фотаздымкамі, падобныя на звычайных муціраваных людзей. Навуковы свет не дае дакладнага адказу на гэтае пытанне.
Сярод маіх вучняў ёсць самыя розныя людзі — ад тых, хто пайшоў у навуку і зрабіў сабе імя, да звычайных дваровых хлопцаў, якія прыходзілі за кампанію, але тым не менш нешта чыталі і вывучалі. У канцы ХХ стагоддзя граматных у астраноміі людзей, на жаль, было значна больш”.
Дарэчы, менавіта адзін з былых вучняў Івана Сяргеевіча Бруханава Іван Міхайлавіч Сяргей у свой час прапанаваў педагогу пазнаёміцца са здымкамі зорнага неба, зробленымі пры дапамозе ол-скай камеры. Аглядная камера, якая адлюстроўвае на здымку ўсё, што бачна над гарызонтам, аказалася выдатным варыянтам для даследавання метэорных патокаў з 2009 года. Знаходзячыся ў адной кропцы нашай планеты, чалавек мае магчымасць правядзення даследаванняў на розных мерыдыянах. Усяго такіх камер, якія выкарыстоўваюць выхаванцы Івана Сяргеевіча, у свеце трынаццаць: у Славеніі, Фінляндыі, ЗША, Канадзе, Чылі, Аўстраліі і Антарктыдзе, па дзве камеры на Каўказе, у Швецыі, у Іспаніі.
Сёння аб’яднанне па інтарэсах “Астраномы-назіральнікі” не проста шукае на здымках сляды метэораў, яго выхаванцы рыхтуюць на аснове даследаванняў глыбокія навуковыя работы.
Іван Сяргеевіч адзначае, што першая навуковая работа была зроблена ў 2011 годзе і прысвячалася назіранням метэорнага патоку Гемініды ў 2009—2010 гадах. А пачыналася гэтая работа як візуальныя назіранні на стыку ХХ і ХХІ стагоддзяў і працягнута ў Мінску і ў Баранавічах па здымках ол-скай камеры яго вучнямі Максімам Чарняўскім, Аляксеем Чэрнікам, Мацвеем і Ільёй Назарукамі ў 2010—2011 гадах. Цяпер педагог і яго выхаванцы працуюць над навуковымі работамі, прысвечанымі назіранням за пераменнымі зоркамі. Самы яркі прыклад — назіранні ўспышак Новай Дэльфіны і Новай Цэнтаўры.
“Гэта ўспыхнуўшыя зоркі, для даследавання якіх мы задзейнічалі тры ол-скай камеры: на Каўказе, у Чылі і ў Аўстраліі, — адзначае педагог. — Штодзённа праглядалі здымкі, фіксавалі даныя. Уся інфармацыя накіроўвалася ў асацыяцыю назіральнікаў пераменных зорак. У выніку прадстаўнікі ЗША, якія курыруюць арганізацыю, пачалі нам пляскаць у далоні, маўляў, выдатна працуеце. Прыслалі і прэміяльныя дыпломы за ўдзел у гэтай рабоце.
Новую Цэнтаўру актыўна даследавалі ў снежні мінулага года. Асацыяцыя назіральнікаў, атрымаўшы чарговую інфармацыю, зноў звярнула на нас увагу. І толькі праз 20 дзён у іх узнікла пытанне, а якім чынам мы праводзім назіранні, улічваючы той факт, што зорка знаходзіцца ў 10—15 градусах ад Паўднёвага полюса і з тэрыторыі Беларусі яе проста не ўбачыць. Давялося раскрыць сакрэт, маўляў, не маем праблем, бо назіраем за ёй пры дапамозе камер, здымкі якіх даступныя ў інтэрнэце любому карыстальніку. Аднак для таго, каб зрабіць нейкія высновы, трэба штодзённа апрацоўваць ад 400 да 2500 здымкаў. Канечне, працэдура паўаўтаматызаваная і тым не менш вельмі няпростая. Спецыялісты ацанілі маштаб нашай работы.

Успыхваюць новыя зоркі

Пікам работы аб’яднання па інтарэсах, а можа, і сапраўдным адкрыццём, яго кіраўнік называе назіранне за рэшткамі метэораў каметы ISON, якая праляцела міма Сонца і разбурылася ў снежні мінулага года.
“Перш чым убачыць на дзвюх камерах своеасаблівы пік актыўнасці і радыянт невядомага метэорнага патоку, які знаходзіўся ў сузор’і Малога Льва, крыху вышэй, чым той участак, адкуль павінны былі вылятаць метэоры каметы ISON, мы перабралі больш за 100 тысяч здымкаў з усіх пятнаццаці камер, — расказвае Іван Сяргеевіч. — Магчыма, нашы высновы не зусім дакладныя, і гэта не што іншае, як метэароідныя рэшткі, якія “даганялі” камету. Тым не менш даныя гэтых даследаванняў былі апублікаваны тройчы: у Маскве ў Дзяржаўным астранамічным інстытуце імя Штэрнберга (ДАІШ), потым у якасці постара адпраўлены ў Хельсінкі на канферэнцыю “Астэроіды. Каметы. Метэоры — ACM’2014” і цяпер прыняты ў больш пашыраным варыянце на інтэрнацыянальнай метэорнай канферэнцыі IMC-2014 у Гіроне ў Францыі.
Мы рыхтуем калектыўныя работы. Зразумела, што не маем ад гэтага ніякага даходу. Астранамічныя часопісы ва ўсім свеце, акрамя некалькіх у ЗША, не валодаюць рэсурсамі для заахвочвання даследчыкаў”.
Па словах майго суразмоўцы, цікавасць да астраноміі ў Беларусі амаль нулявая, працуюць толькі энтузіясты. Думаецца, што 20 сённяшніх выхаванцаў педагога ў гэтым сэнсе на вагу золата. Трэба адзначыць, што сярод былых вучняў Івана Сяргеевіча нямала навуковых супрацоўнікаў. У прыватнасці Юрый Бялецкі, які цяпер працуе ў Еўрапейскім астранамічным таварыстве (ESO на васьміметровых телескопах у Чылі), Наталля Наркевіч-Рубаха, якая працуе на механіка-матэматычным факультэце БДУ, Рыгор Верашчагін у прафесійнай звязцы з вядомым італьянскім астрафізікам Рэма Руфіні ў Рыме, Міхаіл Барынаў працуе ў ДАІШ у Маскве, Цімафей Авілін — у транснацыянальнай ІТ-карпарацыі ў Мінску.
Сённяшнія вучні Бруханава таксама на сваім шляху да вяршынь. Іван Сяргеевіч адзначае, што на навуковым небасхіле ўспыхвае новая зорка, імя яе — Настасся Таболіч. Думаецца, што ўсе выхаванцы памятаюць свайго педагога. Сам жа Іван Сяргеевіч у сваю чаргу шчыра ўдзячны свайму настаўніку Канстанціну Іванавічу Цыркуну, да якога прыйшоў на астранамічны гурток 35 гадоў назад.

Наталля АЛЁХІНА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.