Скарбонка памяці

Як пазнаёміцца з традыцыйным беларускім укладам жыцця? Лепш за ўсё — убачыць на свае вочы. Напэўна, вучням сярэдняй школы № 3 імя В.М.Усава Гродна прыемна, што для гэтага нават не трэба нікуды выязджаць. Падняўся ці спусціўся на другі паверх школы, адчыніў дзверы ў этнаграфічны музей “Скарбонка” і апынуўся ў стылізаванай беларускай хаце.

Дзеці з цікавасцю і са здзіўленнем разглядаюць экспазіцыю. Адна справа — чуць пра быт беларусаў, зусім іншая — апынуцца амаль у традыцыйнай беларускай хаце.

Музей адкрыўся 2 снежня 2017 года. Яго асновай стала матэрыяльная і духоўная культура сям’і Жамойда-Ханевіч, якая жыла ў вёсцы Бершты Шчучынскага раёна. Экспанаты прыносілі і проста зацікаўленыя людзі. Ларыса Чупрынская, выхавальніца групы прадоўжанага дня, таксама пакінула там некалькі рэчаў з сямейнага архіва, а потым і стварыла на базе музея праект “Скарбонка” для сваіх выхаванцаў. Дапамагае яго рэалізоўваць загадчык музея настаўніца пачатковых класаў Яніна Курстак.

— Наша мэта — выхаваць і навучыць школьнікаў любіць і захоўваць спадчыну Беларусі. Тое добрае, што закладзена ў дзяцінстве, застаецца з чалавекам на ўсё жыццё, таму мы ўдзяляем такую ўвагу гэтай тэме, — тлумачыць Ларыса Антонаўна.

Праект — гэта музей, стылізаваная беларуская хата і ўсе мерапрыемствы, што тут праходзяць: паказы батлейкі, конкурсы чытальнікаў і інш. Прапануем вам ператварыцца ў малодшых школьнікаў і зазірнуць у гэты музей. Пачнём нашу вандроўку з галоўнага месца ў хаце — чырвонага кута. Тут вісяць абразы, сядзяць маладыя, самыя ганаровыя госці. На стале пад абразамі ляжыць ручнік, на ім абавязкова хлеб ды соль. Ручнік, вядома, ільняны, з прыгожымі ўзорамі. Перш чым яго рабіць, жанчына або дзяўчына павінна была вытрымаць пост, памаліцца, вымыць рукі, бо ручнік шыецца з чыстымі рукамі, чыстай душой і чыстымі думкамі. Лічыцца, што гэта абярэг ад злых духаў і напасцей.

Далей бачым грэбень для часання льну. Калі Ларыса Антонаўна пытаецца ў дзяцей, для чаго гэты прадмет, тыя звычайна адказваюць: “Каб часаць валасы”. Як жа яны здзіўляюцца, калі даведваюцца, што не толькі валасам патрэбен грэбень. Побач — ткацкі станок для дарожак, розных памераў ткацкія чаўнакі для намотвання нітак. Раней гаспадыні сваімі рукамі шылі і вязалі кофты, сукенкі, рукавіцы, шапкі, дарожкі і інш.

Вышэй на паліцах важна стаяць гліняныя талеркі, кубкі, каўшы, ляжаць драўляныя лыжкі. Збоку ад уваходу ў музей размясцілася печ. Напэўна, так прывабліваюць новых наведвальнікаў. На печы — чыгункі розных памераў, без якіх цяжка ўявіць сапраўдную гаспадыню, вілкі, каб даставаць чыгункі з печы.

— Дзеці часта цікавяцца, чаму чыгуны такія фігурныя ўнізе, — гаворыць Ларыса Чупрынская, — яны ж прывыклі да звычайных каструль. Я ім расказваю: каб агонь праграваў ежу раўнамерна, трэба дровы падкладаць не толькі збоку, але і пад ніз. З формай чыгункоў гэта рабіць зручна.

Насупраць печы заняў сваё месца вялізны куфар. Ён быў у кожным доме, туды складалі каштоўныя рэчы і вопратку, якія пры жаніцьбе станавіліся пасагам дзяўчыны. Побач вісяц­ь кашулі. Яны абавязкова белага колеру, з чырвонай або чырвона-чорнай вышыўкай.

Вось мы падышлі да калыскі, прымацаванай да столі. Яна зроблена з лазы, падобна да вялікага лапця. Далей бачым начоўкі, маслабойку, сярпы, некалькі старых прасаў. Для дзяцей апошнія — дзіва дзіўнае.

— У чыгунныя прасы засыпаліся вугольчыкі, награвалі плоскую паверхню, і гаспадыня магла займацца адзеннем. Ёсць яшчэ драўляныя прасы — вялікія палкі з хвалістай паверхняй. На качалкі намотваўся ручнік і жанчына “хадзіла” па ім разьбой праса. Пасля майго аповеду адна дзяўчынка ўсё дзівілася: “Як працуе чыгунны прас, я яшчэ магу зразумець, але як папрасаваць палкай?!” — смяецца Ларыса Антонаўна.

Колькасць экспанатаў з кожным годам павялічваецца. Бабулі, дзядулі, таты, мамы дораць музею каштоўныя рэліквіі, якія пашыраюць і ўпрыгожваюць экспазіцыю. Нядзіўна, што за год яе наведваюць каля 500 чалавек.

— З дапамогай “Скарбонкі” мы хочам захаваць памяц­ь. Памяць — гэта любоў да Радзімы, павага да традыцый і звычаяў роднага краю, гэта духоўная культура, малая радзіма, перадача вопыту дзецям і выхаванне ў любові. Гэта працавітасць — аснова сялянскага паходжання беларусаў, міралюбівасць, гасціннасць, хрысціянства і, вядома, сям’я.

Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота аўтара і з архіва Л.А.Чупрынскай.