Слуцкая спадчына ў ляльках

Слуцк ужо стаў неафіцыйным горадам лялек. Менавіта тут захоўваюцца і працягваюцца мастацкія традыцыі стварэння традыцыйнай лялькі, праходзіць абласное свята-конкурс “Беларуская лялька”, якое кожны раз збірае больш як 100 майстроў лялечнага мастацтва. Безумоўна, такі статус горад заслужыў у тым ліку і дзякуючы творчым дзіцячым калектывам. Прыадкрыем таямніцу стварэння сувенірнай лялькі, завітаўшы ў народную студыю дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Спадчына” Слуцкага цэнтра дзіцячай творчасці.

Атэлье на лавачцы

Ва ўтульным кабінеце, залітым святлом саламянага бляску, нас за лялечнай справай сустракаюць дзяўчаты і іх педагог — кіраўнік студыі Людміла Уладзіміраўна Пнюшкова.

“Лялька ў маім жыцці была з маленства, і менавіта дзякуючы ёй я навучылася ўсяму, што ўмею сёння, — пачынае Людміла Уладзіміраўна сваю гісторыю. — Калі я была дзіцем, насупраць майго дома быў універмаг, дзе прадаваліся нямецкія лялькі — шыкоўныя, вытанчаныя, у прыгожым адзенні, з завітымі валасамі. І за добрую вучобу мне бацькі куплялі іх — я і сёння іх захоўваю. Мы з сяброўкамі часта выходзілі на двор на лавачку ці ў альтанку са сваімі лялькамі і шылі для іх адзенне. Тканінай нас забяспечвала суседка-швачка, мы насілі пакетамі ад яе абрэзкі самых дарагіх тканін — шоўку, парчы і іншых, з якіх яна шыла заказчыкам сукенкі і касцюмы. Гардэроб нашых лялек не ўмяшчаўся ў вялізныя каробкі. І так атрымалася, што ў тым нашым атэлье, на лавачцы, былі многія мамы сённяшніх маіх навучэнак. Многія з іх перадалі сваё захапленне дочкам, а я ж дагэтуль і сама нераўнадушная да лялек. Пасля Салігорскага педагагічнага каледжа, дзе я напоўніцу пагрузілася ў стварэнне лялек, пано, паштовак, пляценне з саломкі, выкладала выяўленчае мастацтва ў гарадской школе, але менавіта тут, у Цэнтры творчасці, куды мяне запрасілі на пасаду кіраўніка студыі, я зноў вярнулася ў дзяцінства”.

Слуцк заўсёды славіўся ткацтвам, саломкай і лялькай, і ў студыі “Спадчына”, якая была створана яшчэ ў 1990 годзе, галоўнымі кірункамі была работа з саломкай і выраб ільняной лялькі з мешкавіны. Людміла Уладзіміраўна, імкнучыся не страціць ужо створанае, падхапіла гэтыя кірункі і пастаралася іх развіць. У прыватнасці, паспрабавала прыўнесці ў вобраз лялькі больш яркасці, выкарыстоўваючы ў яе аздабленні саломку і каляровы беларускі лён.

Вобразы мілыя роднага краю…

Знаёмства з лялькамі ў студыі пачынаецца са стварэння больш простых — пальчыкавых, абрадавых, лялек-мотанак, марцінічак, абярэгаў, лялек на сурвэтцы і г.д. А вось поўнаразмерная, складаная ў выкананні лялька з’явілася ў гурткоўцаў некалькі гадоў назад, пасля экскурсіі ў аддзел сувенірнай прадукцыі магазіна, дзе яны хацелі пазнаёміцца з прапановамі беларускіх фабрык. Тады тэмай некалькіх найбліжэйшых заняткаў сталі шэрыя, не надта прыкметныя магазінныя сувенірныя лялькі. І падобных, толькі зусім па-іншаму і захацелі стварыць дзяўчаты. Зашапталі алоўкі ў дзіцячых эскізніках, сталі перакачоўваць на паперу слуцкія ўзоры, традыцыйныя дзявочыя ўборы…


“Мы не шыем лялек і касцюмы для іх, тым самым адрозніваемся ад швейных гурткоў. Мы ўсе элементы касцюмаў збіраем уручную і прыклейваем, — расказвае Людміла Уладзіміраўна. — Да конуса ў мешкавіне прымацоўваем галаву, ручкі. Калі летні ўбор, то пакідаем беленькую сарочку, замяняем гарсэт на спрошчаны яго варыянт з баскай, а аздабляць спадніцу і фартух мы вырашылі саломкай”.

Сувенірныя лялькі не толькі цешаць вока, але і дазваляюць даведацца больш пра культуру розных народаў і іх жыццё. Галоўнае для майстра, які стварае лялек у нацыянальных касцюмах, — як можна дакладней перадаць дух той эпохі, якую яны прадстаўляюць. Таму на занятках гурткоўцы вывучаюць гісторыю Слуцкага краю, яго рэгіянальныя традыцыі, сімволіку і тое, як яны адлюстроўваліся ў адзенні, як аздаблялася адзенне, пашытае на Каляды, Масленіцу, Гуканне вясны і інш.

Дзяцей іх уласныя лялькі захапілі, хутка з’яўляліся новыя і новыя вобразы: юная Рагнеда, статная Александрына, гарэза Паўлінка, мудрая Соф’я, бялявая Сняжана, пакорная Ефрасіння… Нядаўна з’явіліся лялькі, якія сімвалізуюць усе поры года: Зіма ў вобразе каляднай Казы, Вясна — дзяўчына ў колерах маладой зеляніны з птушкамі, яркае Лета з купальскім вянком, бардова-жоўтая Восень з боханам хлеба.

Потым, конкурс за конкурсам, калі іх лялькі сталі высока ацэньвацца, юныя лялечнікі зразумелі, што спыняцца ўжо нельга. Кожны год студыйцы прымаюць удзел у абласных этапах Рэспубліканскай выставы-конкурсу “Калядная зорка”, а кожныя два гады — у традыцыйных абласных конкурсах-святах “Беларуская лялька” і “Саматканы цуд”, дзе іх лялькі займаюць усе прызавыя месцы. У 2017 годзе ў Эстоніі на Міжнародным конкурсе дэкаратыўна-прыкладной творчасці выстава студыйцаў “Случчына — крыніца натхнення” заняла 2-е месца.

Падштурхоўваюць да працягу лялечнай справы і словы экспертаў і журы на творчых конкурсах, якія адзначаюць, што гэтых лялек выдзяляе арыгінальнасць, нестандартнае колеравае рашэнне і вобразнасць. Навучэнкі бачаць і тое, як іх педагог прымае ўдзел у конкурсах. Напрыклад, тры гады запар на конкурсе на лепшую сувенірную прадукцыю сярод педагогаў Людміла Уладзіміраўна — у лідарах.

Бляск саломкі без гламуру

Каб лялькі не былі падобнымі адна на другую, каб фантазія працавала, дзяўчаты і малююць эскізы. Яны не спыняюцця на фартушку і на гарсэце цёмнага колеру, якія ёсць у традыцыйным нацыянальным касцюме, а ўводзяць дэкаратыўныя элементы: аздабляюць касцюмы стужкамі, пампонамі. Па ідэі для сваіх лялек навучэнцы ходзяць у сувенірныя аддзелы магазінаў, у мясцовы краязнаўчы музей, дзе таксама ёсць экспазіцыя нацыянальнага касцюма, на віртуальныя творчыя экскурсіі. Дзяўчаты самі ходзяць на фальклорныя мерапрыемствы, некаторыя танцуюць ва ўзорных калектывах у народных касцюмах і на кожны нумар апранаюць касцюмы ад прафесійных швачак і дызайнераў. І яны прыходзяць, бяруцца за алоўкі, каб намаляваць какошнік, у якім танцавалі на сцэне.

Дзяўчаты запэўніваюць, што сувенірная лялька ў народным касцюме ніколі не страціць сваёй актуальнасці.

“У гэтых ляльках захаваны беларускія традыцыі, традыцыі нашых бацькоў, бабуль, — гаворыць Уладзіслава Бандарчук. — Узяць арнамент — гэта ж цэлы свет! Цікава яго вывучаць, спазнаваць тое, што ён абазначае, што ў ім зашыфравана”.

“Не ведаю, як для сённяшніх першакласнікаў, але для нас, старшай групы, такая лялька вельмі блізкая, — разважае 8-класніца Ганна Хатэнка, якая ўжо чацвёрты год займаецца ў гуртку. — Мы выраслі на старых добрых мультфільмах, дзе гераіні былі падобныя на нашых лялек, а не на модных сёння Барбі, Брац і інш. Мяне (ведаю, і многіх маіх равеснікаў) і сёння грэе слова “Саюзмультфільм”. Я з задавальненнем пераглядаю любімыя мульцікі, знаходжу ў іх вобразы для сваіх лялек”.

Дарэчы, Аню ў гэтым падтрымлівае яе тата. Хоць ён і стараўся адкрыць спартыўны талент і вадзіў яе на заняткі па тэнісе з 5 гадоў, усё ж прыязнасць дачкі да лялькі падзяляе. Калі на гарадскім свяце Ганна праводзіла майстар-клас па вырабе лялькі, ён не мог адысці ад яе пляцоўкі. Цяпер дзяўчынка не ламае галаву над падарункамі для таты.

Як адзначаюць у студыі, каштоўнасць іх лялькі ў вернасці традыцыям, а не модным трэндам. “Традыцыйную ляльку надта не асучасніш, і гэта не трэба, — пераканана Людміла Уладзіміраўна. — У гэтым нам дапамагаюць і шматлікія конкурсы. Калі на іх заяўлена сувенірная лялька, рэканструкцыя касцюма, далёка ад традыцый не адыдзеш, бо такую работу ніхто не адзначыць, а яшчэ і пры табе, пры педагогу адарвуць тваю штучную “сучаснасць” у выглядзе бліскавак ці бісеру, каб у іншы раз падумаў і не вучыў дзяцей абы-чаму. Ніякіх бліскавак, паетак, бісеру, мішуры ў народнасці быць не можа. Прынцып “больш бляску — больш гламуру” можа быць да месца хіба толькі ў швейным гуртку, але павінен быць зусім іншы тып лялькі і склад тканіны. А вось аздабленне саломкай, якой імітуем вышыты арнамент, каляровым ільном, кветкамі, галінкамі мы актыўна ўводзім”.

Што ж да планаў на найбліжэйшы час, то студыйцы хочуць стварыць калекцыю лялек для праекта “Народныя святы. Сувязь з прыродай”. Усе лялькі і пано будуць прысвечаны народным святам розных пор года. Потым пяройдуць да міфалагічных лялечных вобразаў, якіх ужо зрабілі ў плоскасці (дамавікоў, балотнікаў, дзеда Баравіка і г.д.), працягнуць ствараць лялек у вобразе жывёл. І, канечне, будуць пашыраць выхаваўчы спектр па-за межамі сваёй студыі. Навучэнцы разам з педагогам праводзяць шмат выхаваўчых мерапрыемстваў у школах, бібліятэках, музеях горада, вельмі любяць праводзіць майстар-класы па стварэнні лялек, на якія заўсёды збіраецца мноства жадаючых — і дзяцей, і дарослых.

Лялька для кожнага з нас — памяць пра шчаслівыя дні дзяцінства, памяць пра продкаў, пра мінулае. Сёння ў магазінах можна ўбачыць шмат прыгожых фабрычных цацак, але яны не нясуць цяпла душы іх творцаў. Ніводная з іх не параўнаецца з аўтарскай лялькай, якая мае сваю гісторыю, свой непаўторны вобраз, свой характар, індывідуальнасць. Нездарма казаў пісьменнік А.Сіняўскі: “Без лялькі свет рассыпаўся б, разваліўся б, і дзеці перасталі б быць падобнымі да бацькоў, і народ рассеяўся б пылам па твары зямлі”.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота аўтара.