Снежныя забавы ў Снежнай

Лепка фігур са снегу — даўняя як свет забава дарослых і дзяцей. Не забываецца яна і сёння. У Галынкаўскай сярэдняй школе Зэльвенскага раёна Гродзенскай вобласці дзеці вольны зімовы час праводзяць на свежым паветры — весела і з карысцю. Школьная субота, творчыя перапынкі, гадзіны выхаднога дня, мерапрыемствы па месцы жыхарства, сустрэчы з цікавымі людзьмі, якія ведаюць сакрэты лепкі, — гэта няпоўны пералік форм выхаваўчай работы, дзе настаўнікі разам з дзецьмі спасцігаюць народную педагогіку.

Дынастыі снегалепаў

Сёлетняя зіма шчодра адарыла нас снегам. Снег — гэта і прыродная з’ява, снег — гэта і матэрыял для творчасці. Як толькі наступае зіма, мы ўсе чакаем моманту, калі пачне ляпіцца снег. А зляпіць можна ўсё, што заўгодна. Чаго толькі ні стваралі са снежных камякоў рукі нашых майстроў: замкі, крэпасці, жывёл, казачных і мультыплікацыйных герояў і нават цэлыя гарады. На такое будаўніцтва заўсёды лю­дзі выходзілі цэлымі сем’ямі. Пасля цяжкай працы бацькі з ахвотай адпачывалі разам з дзецьмі, бо ведалі: калі добра адпачнеш, то і працаваць будзеш больш плённа.

Дынастыі сапраўдных майстроў выхавалі настаўнікі за час існавання школы. Гэта сем’і Булак, Жоглік, Кобрынец, Чурыла, Тарчыла, Ярмолік, Дзерачэннік, Палховіч, Эльяшэвіч, Амяльянчык, Пенцяк, Сліж, Махнач, Калейнік, Грышчук і многія іншыя. Усе яны жывуць у навакольных вёсках і падчас зімы ствараюць снежныя цуды, спаборнічаючы з суседзямі на прадмет самай шыкоўнай і вялікай зімовай кампазіцыі.

Зіма – гэта сняжок і мароз, гульні ў снежкі, катанне з горак, лыжныя прагулкі. Але найбольш дзеці любяць ляпіць зімой снегавікоў, снежныя крэпасці, розныя фігуры. І асабліва яны рады, калі ў гэтым ім дапамагаюць бацькі.

У мікрараёне нашай школы ёсць вёска з зімовай наз­вай Снежная (ранейшая назва вёскі — Кабакі). Адтуль і нашы выпускнікі — сям’я Дзерачэннік. Гэта сапраўдныя майстры снежнай творчасці, якім у нашай акрузе няма роўных. Станіслаў Аляксандравіч Дзерачэннік скончыў нашу школу ў далёкім 1971 годзе. Ён шмат гадоў працаваў механізатарам у мясцовай гаспадарцы, сёння на заслужаным адпачынку. Яго жонка Ніна Міхайлаўна таксама шмат гадоў працавала на трактары, была пераможцай і прызёрам на рэспубліканскіх спаборніцтвах механізатараў-аратых. На ўсесаюзных спаборніцтвах механізатараў-аратых у Маскве атрымала прыз імя Пашы Ангелінай — імянны трактар. Іх дзеці таксама нашы выпускнікі: сын Міхаіл стаў міліцыянерам, а дачка Святлана працуе медсястрой у Зэльвенскай цэнтральнай раённай бальніцы. Падрастаюць тры ўнукі. Любяць дзеці бавіць час у вёсцы, у дзядулі і бабулі, дзе за акном сумёты пухнатага снегу, а ад дзедавай печкі патыхае цяплом і ўтульнасцю. У зімовую пару, калі хатніх спраў не надта многа, уся сям’я выходзіць на гадзіну творчасці.

Пачынаюць з самай простай і папулярнай фігуры — снежнай бабы. Тры белыя камякі, пастаўленыя адзін на адзін, — і ўжо гатова кампазіцыя. Астатняе — справа фантазіі. Фігуры са снегу глядзяцца эфектна, калі яны падфарбаваны ў розныя колеры. Фарбы можна выкарыстоўваць акварэльныя альбо гуаш. Для аздаблення фігур у ход ідзе прыродны матэрыял: ягады рабіны ці каліны, яловыя або сасновыя шышкі, караняплоды, разнастайныя галінкі.

Кожны раз майстры прыдумваюць нешта новае. Узяць хоць іх танк, у якім можа размясціцца ўвесь сямейны экіпаж. А днямі са снегу, які ссунулі трактарам на край дарогі дарожнікі, яны зляпілі акулу. Яна атрымалася, як сапраўдная, яе памеры ў даўжыню — амаль пяць метраў, а ў пашчы можа схавацца адразу некалькі дзяцей.

Сямейная педагогіка

Адкуль такія здольнасці ў простых сялян — запытаеце вы? Мы жывём у свеце людзей. І ўсе лю­дзі ўплываюць адно на аднаго. Здаецца, проста ўбачыў, проста пачуў. Прыемнае слова, прыемная ўсмешка, добрая справа…

А пачынаецца ўсё з сям’і. Мне ўзгадваюцца выпадкі са свайго дзяцінства, калі разам з бацькамі мы ляпілі гусіныя лапкі, кветачкі, шышачкі, птушачак для святочных велікодных пірагоў, а ўзімку — снегавікоў. Зараз многа пластычных матэрыялаў прадаецца ў магазінах для творчасці: пластылін, палімерная гліна, можна зрабіць і салёнае цеста.

Са снегу можна вылепіць зімовую казку, якая падорыць радасць і захапленне як дзецям, так і дарослым. Калі ты лепіш фігуру са снегу, адчуваеш сябе скульптарам, а калі пачынаеш яе фарбаваць – мастаком.

Не менш уплываюць на імкненне дзяцей да лепкі, да творчасці і настаўнікі. Акрамя таго што снежная творчасць стала часткай школьнага жыцця (асабліва сярод малодшых школьнікаў, якія наведваюць групу прадоўжанага дня), заняткі працягваюцца і па месцы жыхарства. Калі ў будні на ўрокі дзеці шторанку з’язджаюцца з усіх навакольных вёсак, то ў зімовую снежную суботу ім можна атрымаць асалоду ад творчасці і марознай раніцай у сваіх вёсках. Так, у вёсцы Акцябрская юных скульптараў у рукавіцах на гадзіну творчасці збірае Дзіяна Міхайлаўна Кобрынец, у мінулым настаўніца малявання і чарчэння, а цяпер — настаўнік-дэфектолаг. Здаровую канкурэнцыю ім складаюць жыхары вёскі Вострава — нашы навучэнцы і Настасся Сабіржанаўна Бурдук, педагог-арганізатар і бібліятэкар нашай школы.

Натхненне на творчасць школьнікі знаходзяць і ў майстэрнях мясцовых майстроў. Так, у аграгарадку Галынка жыве выпускнік нашай школы, народны майстар — ганчар Сяргей Анатольевіч Ху­дзяеў, які працягвае традыцыі вырабу чарнадымленай керамікі, вырабляе галоўным чынам побытавы посуд, керамічныя аўтэнтычныя свістулькі і цацкі. Дзеці любяць бываць у яго майстэрні, апрануўшы фартухі, сесці за ганчарны круг ці пад аповеды майстра пра гісторыю керамічных цацак зляпіць іх сваімі рукамі. Сакрэтаў у лепцы з гліны шмат, і майстар з задавальненнем імі дзеліцца з кожным жадаючым.

Але С.А.Худзяеў не можа заставацца ў майстэрні пасля снегападу. Толькі са снегу можна стварыць скульптуры вялікіх памераў, напоўніцу адчуць сябе мастаком, скульптарам, архітэктарам, будаўніком. Дарэчы, яго ледзяная скульптура казачнага персанажа Ямелі са шчупаком спадабалася гледачам і жыхарам пасёлка, асабліва рыбакам, і падчас раённага конкурсу “Зімовыя снежныя і ледзяныя скульптуры”, які ў 2016 годзе праводзіўся ў Зэльве.

Дзеці ўмеюць і любяць фантазіраваць. Свае снежныя фігуры яны аздабляюць прыродным матэрыялам – яловымі галінкамі, шышкамі, гароднінай, садавінай.

“Тэхналогій стварэння снежных скульптур вельмі многа. Напрыклад, калі снег не лепіцца, а вельмі хочацца тварыць або ў гэтым ёсць патрэба, то можна насыпаць снег горкай і паліваць яго вадой. Калі снежная маса прымерзне, разцамі або стамескамі можна выразаць любыя фігуры. Са шчыльнага, добра злежанага снегу выдатна рэжуцца блокі, з іх можна пабудаваць нават іглу — жытло эскімосаў”, — дзеліцца сваімі сакрэтамі Сяргей Анатольевіч Ху­дзяеў.

Халодныя скульптуры, створаныя з цяплом

Цяпер мы, педагогі і навучэнцы школы, звярнуліся да адміністрацыі Галынкаўскага сельвыканкама з прапановай завесці традыцыю ладзіць у вёсцы Снежная Зэльвенскага раёна народны фэст “Дзень снегу ў Снежнай”. Калі ж зіма выдасца без снегу, прапанавалі праводзіць свята зімніх народных гульняў і забаў “Снежныя гульні і забавы ў Снежнай”. Спадзяёмся, што наша ініцыятыва будзе падтрымана. Гэта і стане працягам захавання традыцый беларусаў. А чаму б і не? Нашы суседзі ў сваёй вёсцы Елка штогод пад Новы год ладзяць свята “Ёлка ў Елцы”, куды з’язджаюцца жыхары не толькі нашага раёна, але і суседніх.

Халодныя скульптуры ра­дуюць вока мясцовых жыхароў і гасцей. Прахожыя і вадзіцелі спыняюцца ля дзіўных фігур, каб зрабіць сэлфі, палюбавацца снежнымі дзівосамі, успомніць дзяцінства. Снежныя скульптуры, хоць і недаўгавечныя, даю ць магчымасць чалавеку прая­віць сябе, развіваюць фантазію, аб’ядноўваюць удзельнікаў творчага працэсу. Зіма хутка скончыцца, а з ёй адыдуць да наступнай зімы вясёлыя гульні і забавы. Спяшайцеся разам з дзецьмі адчуць асалоду скрыпучага снегу, пабыць у адзінстве з прыродай, наталіцца зносінамі з блізкімі людзьмі.

“Зіма. А снегу няма. Ну што за зіма без снегу? Ці хутка аблокаў гурма Парадуе нас з разбегу? Стаім пасярод зімы Ў чаканні снягоў кіліма. Магчыма, змяніліся мы. А можа, змяніўся клімат”. Гэта радкі з верша Уладзіміра Мазго — нашага паважанага земляка, паэта, які прыязджае ў госці да сваёй другой маці, Марыі Ксавер’еўны — жанчыны, якая яго выхавала, у вёску Снежная. Раней сям’я У.Мазго жыла ў вёсцы Бярэжкі Зэльвенскага раёна, адкуль я родам. І мне вельмі прыемна сваім выхаванцам расказваць пра знакамітага земляка, яго адносіны да сваёй малой радзімы, знаёміць іх з яго творчасцю. А дапамагае мне ў гэтым не толькі яго паэтычная спадчына, але і снег.

Марыя ХУДЗЯЕВА,
настаўніца хіміі і біялогіі Галынкаўскай сярэдняй школы Зэльвенскага раёна Гродзенскай вобласці.