У рубрыцы “Школа Z” мы працягваем даследаваць “лічбавых” дзяцей — новае пакаленне, што не прызнае аўтарытэтаў, не ўяўляе сваё жыццё без тэхналогій і рыхтуецца жыць у будучыні, якую сёння складана нават уявіць.
Сцяпану Навасельскаму — 16 гадоў, Антону Кастэнку — 15. У гэтым годзе яны сталі самымі маладымі ўдзельнікамі конкурсу Social Weekend, прайшлі ў фінал і выйгралі дапамогу спонсара. Навучэнцы расказалі пра свой праект TeenKach, які дапамагае падлеткам праводзіць больш часу на свежым паветры і атрымліваць карысную фізічную нагрузку.
Не баяцца першых памылак
Сцяпан і Антон пазнаёміліся на IT-курсах. Хлопцы цікавіліся канструяваннем сайтаў і пасля тэарэтычнай падрыхтоўкі павінны былі зрабіць уласны вэб-рэсурс.
— Так атрымалася, што якраз у гэты час я прачытаў кнігу Пола Уэйда “Трэніроўка вязняў”. Аўтар распрацаваў сваю методыку трэніровак, для якіх не патрэбны ніякі спартыўны інвентар, а значыць, любы можа скарыстаць яе дома, — згадвае Сцяпан. — Таму мы вырашылі зрабіць сайт з праграмай трэніровак для нашых аднагодкаў. Былі ўпэўнены, што яго адразу заўважаць.
Хлопцы нават наведалі хакатон Tech for life, прысвечаны медыцыне, спорту, экалогіі. Зараз успамінаюць свой удзел з усмешкай: сярод дарослых распрацоўшчыкаў, якія прапанавалі інавацыйныя спосабы дыягностыкі і лячэння захворванняў, школьнікі з прататыпам сайта выглядалі несур’ёзна. Але дзякуючы гэтаму зразумелі, што такіх сайтаў шмат і, каб зрабіць штосьці сапраўды карыснае, трэба выходзіць у афлайн — ладзіць жывыя сустрэчы, на якіх падлеткі змогуць добра правесці час і атрымаць карысную фізічную нагрузку.
— У маі мы правялі першы спартыўны квест, — працягвае Сцяпан. — Загадзя сабраліся з сябрамі, каб прадумаць сцэнарый, падрыхтаваць конкурсы. Знайшлі спонсараў, якія далі прызы для пераможцаў — сертыфікаты на наведванне батутнай арэны.
Квесты TeenKach праходзяць групамі. Хлопцы загадзя прадумваюць маршрут па станцыях для кожнай каманды. Карта з дакладным шляхам размешчана на сайце, там жа — парады і падказкі. На станцыях працуюць або самі арганізатары, або валанцёры, якія ахвотна адгукаюцца на запрашэнні і падтрымліваюць праект.
— Але на першым мерапрыемстве гасцей было менш, чым арганізатараў, — смяецца Антон. — Усяго прыйшло 7 чалавек: мы ўдвух, двое сяброў, якія дапамагалі ў правядзенні квеста, і трое ўдзельнікаў.
Не прайшло яшчэ і года, а хлопцы ўжо могуць пахваліцца арганізацыяй не толькі квестаў, але і сумесных трэніровак і пошукаў прызоў у горадзе.
— Сумесныя трэніроўкі — гэта калі мы дамаўляемся са спартсменамі ці спартыўнымі арганізацыямі, знаходзім зал і яны праводзяць для ўсіх жадаючых уводныя заняткі па пэўным відзе спорту, — тлумачыць Антон.
— Мы імкнёмся шукаць прадстаўнікоў розных спартыўных напрамкаў, каб нашы наведвальнікі адкрылі для сябе як мага больш цікавых магчымасцей, — працягвае Сцяпан. — Напрыклад, наша трэніроўка па змешаных адзінаборствах прайшла пры падтрымцы прафесійнай байцоўскай каманды Асаdemy MMA: мы сабралі ўдзельнікаў, а яны далі адразу дзве залы і сваіх трэнераў. Атрымалася цікава.
Як расказваюць хлопцы, з імі супрацоўнічаюць ахвотна, таму што яны стараюцца паказаць, якую карысць можа прынесці праект TeenKach партнёрам: паляпшэнне рэпутацыі, прыток наведвальнікаў у спартзалы, павелічэнне колькасці актыўных і спартыўных маладых людзей — будучых кліентаў. І з задаволенай усмешкай дадаюць, што ім вельмі дапамагае юны ўзрост: усім цікава папрацаваць з падлеткамі і падтрымаць іх ідэі.
— Да таго ж большасць трэнераў — гэта людзі, якія жывуць сваёй справай, — перакананы Сцяпан. — Ім важна, каб як мага больш людзей даведалася пра іх занятак, асабліва, калі гэта рэдкія і не вельмі распаўсюджаныя віды спорту.
Трэці від актыўнасцей, які арганізоўваюць навучэнцы, — пошук падарункаў у горадзе. Напярэдадні Новага года яны падрыхтавалі скрыні з падарункамі і схавалі іх у мясцовых кавярнях, музеях. Персанал загадзя папярэдзілі: калі хтосьці прыйдзе і назаве кодавае слова, трэба перадаць яму скрыню.
Гульцы рэгістраваліся ў сацыяльных сетках і атрымлівалі спасылку на сайт з сапраўднай картай скарбаў. Той, хто першы разгадваў рэбусы-падказкі, мог выйграць салодкія прызы, навагоднія панчохі, сертыфікаты на наведванне IT-лагера.
— Плюс такога задання — можна прыходзіць тады, калі зручна табе, — тлумачыць Сцяпан. — Калі мы робім масавае мерапрыемства, то многія не могуць далучыцца ў запланаваны час: у школьнікаў — курсы, гурткі, летнікі.
Без скідак за ўзрост
Ідэю хаваць падарункі ў горадзе хлопцам параілі на конкурсе Social Weekend. Існуюць два спосабы ста ць яго ўдзельнікам: даслаць заяўку вясной і прайсці адбор галасаваннем або выйграць запрашэнне на конкурс падчас аднайменнага хакатону, які праходзіць у верасні.
— Вясной, калі ў нас быў толькі сайт, мы засаромеліся ісці на такі маштабны і сур’ёзны конкурс. Іншая справа — хакатон: там прасцей памыляцца і развівацца, — працягваюць хлопцы. — Гэта працуе вельмі цікава: ты збіраеш дробязь — маленькія парады і ідэі, а атрымліваецца заўважнае паляпшэнне.
Галоўны вынік хакатону — хлопцы выйгралі магчымасць трапіць у асноўны конкурс, а значыць, паўдзельнічаць у трэку з трох 8-гадзінных лекцый. На аднолькавых правах з дарослымі (скідак за ўзрост ніхто не даваў) Сцяпан і Антон вучыліся кіраваць сацыяльнымі праектамі, супрацоўнічаць з супольнасцямі і дзяржаўнымі ўстановамі, знаходзіць рэсурсы і зацікаўліваць людзей сваімі ідэямі. Як прызнаюцца хлопцы, вучобу робіць цікавай наяўнасць рэальнага праекта: калі адразу выкарыстоўваеш новыя веды — атрымліваеш не толькі гатовы навык, але і вялікае задавальненне.
— Для мяне самай цікавай была лекцыя пра майстэрства прэзентацыі, — дзеліцца Сцяпан. — Мы прывыклі складаць яе так, як у школе: што кажу — тое і пішу на слайдзе. А аказваецца, можна аформіць інфармацыю ў цікавыя і лёгкія для ўспрымання малюнкі, каб і прамовай, і слайдамі трымаць увагу аўдыторыі.
Першае публічнае выступленне з праектам далося ўдзельнікам няпроста. Пакуль аўдыторыя знаёмілася з іншымі канкурсантамі, Сцяпан і Антон збеглі з залы і дзве гадзіны рэпеціравалі. Пасля зразумелі, што зрабілі вялікую памылку, бо конкурс — выдатнае месца для нэтворкінгу, знаёмства з цікавымі і карыснымі людзьмі, якія дапамогуць развіваць праект. Усе, з кім гутарылі хлопцы: удзельнікі, эксперты, госці — маглі нешта параіць ці прапанаваць. Так, ад фіналіста аднаго з мінулых конкурсаў Social Weekend яны атрымалі кантакты прафесіянальных сцэнарыстаў, якія рыхтуюць квесты і ахвотна складуць некалькі для праекта TeenKach. Ён жа падарыў хлопцам доступ да праграмнага забеспячэння, якое дазволіць рабіць сайты з элементамі дапоўненай рэальнасці.
У фінале конкурсу ініцыятыву вырашыў падтрымаць бізнес-анёл Валерый Астрынскі. Ён выдзеліў сродкі, якія хлопцы збіраюцца выкарыстаць на рэкламу суполкі праекта “УКантакце”, куплю дамена для афіцыйнага сайта. З такімі рэсурсамі праект мае ўсе шансы выйсці на новы ўзровень.
— Мы паставілі сабе дэдлайн — дасягнуць заўважных вынікаў за 4 месяцы. За гэты час мы плануем правесці некалькі маштабных мерапрыемстваў і знайсці спосаб манетызаваць праект. Зразумела, што ўдзел у квестах будзе заўсёды бясплатным, але нам патрэбны сродкі на развіццё. Думаем, іх магла б забяспечыць рэклама, — зусім па-даросламу разважаюць хлопцы.
У планах таксама развіваць праект у рэгіёнах. Хлопцы ўжо правялі выязны квест у Маладзечне і збіраюцца навучыць іншых зацікаўленых падлеткаў праводзіць мерапрыемствы па іх сцэнарыях. Прызнаюцца, што былі б вельмі рады супрацоўнічаць і са школамі. Думаецца, квест ці сустрэча са спартыўнай зоркай лагічна дапоўнілі б праграму дня здароўя, а вучні сустрэлі б такую прапанову з энтузіязмам.
А як жа ўрокі?
Карыстаючыся выпадкам, пагутарыла са Сцяпанам і Антонам і пра іх погляд на адукацыю. Хлопцы адзначылі, што ў параўнанні з самастойнай арганізацыяй праектаў школа — гэта вельмі проста: ёсць зразумелыя правілы і заведзеныя парадкі. Адваротны бок медаля — бывае сумна і не адчуваецца развіццё.
— Не ўпэўнены, што хачу вучыцца ва ўніверсітэце. Не так даўно адкрыў для сябе дыстанцыйнае навучанне: прайшоў анлайн-курс па інтэрнэт-маркетынгу, — падзяліўся Сцяпан, — і за 2 месяцы навучыўся таму, чаму ва ўніверсітэтах не навучаць за 4 гады, бо ў лічбавай сферы ўсё вельмі хутка абнаўляецца. Ды, магчыма, перадумаю і пайду за нейкімі базавымі, больш агульнымі ведамі.
— А я, наадварот, планую паступаць і адвучыцца па спецыяльнасці, звязанай з праграмаваннем, хаця яшчэ не вырашыў, чым дакладна буду займацца, — дадаў Антон.
Абодва ўпэўнены, што іх вопыт і актыўную пазіцыю работадавец ацэніць больш, чым дыплом з адзнакай. Што рабіць, каб захаваць цікавасць такіх Антонаў і Сцяпанаў да вучобы? Адказ яны, падаецца, давалі на працягу ўсяго інтэрв’ю: трэба ўспрымаць іх як дарослых і самастойных людзей, дапамагаць ім знаходзіць карысць у кожным вывучаным уроку і адразу прымяняць новыя веды, знаёміць з цікавымі людзьмі, якія заматывуюць сваім поспехам. Тады, як паказвае прыклад нашых герояў, ужо ў 16 гадоў можна пакарыць любыя вяршыні.
Мар’я ЯНКОВІЧ.
Фота з асабістага архіва герояў.