STEAM–марафон па гісторыі робататэхнікі

Больш як год назад, напрыканцы 2018/2019 навучальнага года, у Дуброўна адкрылася STEAM-акадэмія. Тады ініцыятыўныя педагогі сярэдняй школы № 2 сталі прызёрамі рэспубліканскага конкурсу “Хачу вучыцца ў STEM-класе”. Намаганнямі асацыяцыі “Адукацыя для будучыні” і з падтрымкай кампаніі Gismart – беларуска-брытанскага распрацоўшчыка музычных дадаткаў і гульняў — у школе з’явіўся клас для заняткаў праграмаваннем і робататэхнікай.

Сёння я хачу расказаць пра адно з самых яскравых мерапрыемстваў, якое праходзіла ў STEAM-акадэміі на працягу мінулага навучальнага года — STEAM-марафон “Робагісторыя”.

— Галоўная мэта STEAM-акадэміі — укараненне STEM-падыходу ў адукацыйны працэс, — тлумачыць настаўніца інфарматыкі Вікторыя Карнеева, каардынатар і ідэйны натхняльнік STEAM-акадэміі.

Ужо сёння вучні паўнацэнна займаюцца ў STEAM-акадэміі: пішуць праграмы, ствараюць сайты, гульні, дадаткі, канструююць робатаў. У напрамку STEAM-адукацыі працуе боль­шасць педагогаў установы адукацыі. Навучанне ў STEAM-акадэміі Дуброўна заснавана на прымяненні міждысцыплінарнага падыходу і інтэграцыі ў адзіную схему: прыродазнаўчыя навукі, тэхналогіі, матэматыка, праграмаванне. Адметная асаблівасць Дубровенскага STEAM-цэнтра — наяўнасць Art-кампанента: дзеці вывучаюць не толькі праграмаванне, але і гуманітарныя дысцыпліны. Наш цэнтр робіць акцэнт на спалучэнне дакладных навук і мастацтва.

STEAM-акадэмія ў Дуброўна, як і любая Акадэмія мастацтваў, складаецца з невялікіх студый, аб’яднаных у адно цэлае. Але мастацтва ў гэтых студыях цесна звязана з вывучэннем камп’ютара, праграмавання, дакладных навук. У нашай акадэміі працуюць студыі робататэхнікі, Scratch, лічбавага жывапісу, мультымедыйнай журналістыкі, 3D-мадэлявання з паперы, лічбавай музыкі і відэастудыя.


Каб з першых месяцаў існавання акадэміі ўцягнуць дзяцей у яе работу, з верасня ў школе пачаўся STEAM-марафон “Робагісторыя”. Яго мэта — вывучэнне гісторыі развіцця робататэхнікі і яе ўзаемасувязі з іншымі навукамі, мастацтвам і разнастайнымі сферамі жыцця грамадства. У марафоне ўдзельнічалі вучні 4—8 класаў.

— Праект складаецца з шасці заняткаў, прысвечаных вывучэнню розных этапаў гісторыі робататэхнікі. Раскажу крыху падрабязней пра тыя заняткі, якія ўжо прайшлі ў акадэміі.

На першых занятках “Робат — гэта што ці хто?” вучні даведаліся, адкуль і як узнікла слова “робат”, якія віды робатаў існуюць і якія функцыі выконвае кожны з іх. Заняткі атрымаліся па-сапраўднаму кросдысцыплінарнымі. Яны ўключалі некалькі блокаў: руская мова, англійская мова, літаратура і кінамастацтва. Не кожны ведае, што ўпершыню тэрмін “робат” з’явіўся ў п’есе “R.U.R” чэшскага аўтара Карла Чапека ў 1921 годзе, а вось выхаванцы STEAM-акадэміі пра гэта ўжо ведаюць. Таксама вучні высветлілі, ці з’яўляюцца словы “робат” і “работа” аднакаранёвымі, выконвалі марфемны разбор дадзеных слоў, складалі вершы з імі.

У канцы мерапрыемства, як на сапраўдных вучэбных занятках, каманды атрымалі дамашняе заданне: падрыхтаваць комікс на тэму “На вуліцы вы сустрэлі робата. Што рабіць?”

Другія заняткі “Калі б робаты з’явіліся на Зямлі ў каменным веку…” аб’ядналі блокі па гісторыі, англійскай мове і выяўленчым мастацтве.

Каманды даведаліся, што петрогліфы — гэта старажытныя малюнкі, высечаныя на сценах і столях пячор, на скалах ці асобных камянях. Таксама паспрабавалі “ўступіць у зносіны” з індзейцамі на англійскай мове.

“Калі б робаты жылі ў каменным веку, як бы іх намалявалі людзі?” — задала пытанне дзецям настаўніца выяўленчага мастацтва Вольга Новікава. А ўжо праз некалькі мінут каманды былі захоплены маляваннем петрогліфаў з выявамі робатаў, прытрымліваючыся вызначаных інструкцый.

Напэўна, самым натхняльным стала апошняе заданне заняткаў — стварэнне шоу петрогліфаў пры дапамозе жэстаў, гукаў і рухаў. У кожнай каманды петрогліф, безумоўна, свой: індзеец на паляванні, індзеец будуе вігвам, танец індзейцаў, індзеец у засадзе…

У рамках дамашняга задання каманды складалі ілюстраванае апавяданне “Людзей прыносіць бусел, а хто прыносіць робатаў?”

“Хто сканструяваў першага робата?” — тэма трэціх заняткаў STEAM-марафо­ну. Удзель­нікі глядзелі фільм аб гісторыі стварэння робатаў Леанарда да Вінчы, вывучалі інфармацыю аб залатым сячэнні і ліку Фібаначы, рашалі задачы, выкарыстоўваючы правіла залатога сячэння і канструявалі ўласнага робата з кардону.

На чацвёртых занятках “Ці магла Шэрая шыйка быць робатам?” выхаванцы STEAM-акадэміі ўспомнілі любімы з дзяцінства мультфільм пра Шэрую шыйку, зняты па матывах казкі Дзмітрыя Маміна-Сібірака пра маленькую адважную качачку; здзейснілі падарожжа па гарадах і краінах свету, пазнаёміліся з робатам-качкай і яе канструктарам, навучыліся канструяваць птушак з падручнага матэрыялу.


Наперадзе ў школьнікаў яшчэ двое заняткаў і вялікі фінал:

— Замест выніковых заняткаў пройдзе фестываль-шоу, дзе кожная каманда прадставіць праект робата з мадэллю яго касцюма і творчую прэзентацыю праекта, — расказала каардынатар STEAM-акадэміі Вікторыя Карнеева.

STEAM-марафон “Робагісторыя”, несумненна, стаў выклікам для педагагічнага калектыву. Але ён дапамог прыцягнуць увагу вучняў да заняткаў у STEAM-класе і адчыніць для іх дзверы ў свет робататэхнікі, праграмавання, 3D-мадэлявання і многіх іншых навук, без якіх ужо зараз складана ўявіць жыццё ў сучасным грамадстве.

Кацярына МАЛЕВІЧ,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 2 Дуброўна.