Школьнікам не заўсёды лёгка даюцца веды і навыкі ў галіне дакладных навук. У той жа час мы маем вострую патрэбу ў вынаходніках, даследчыках, інаватарах і спецыялістах у сферы IT. Каб дапамагаць у вырашэнні гэтай супярэчнасці, на базе сярэдняй школы № 2 Чавусаў быў створаны раённы STEM-цэнтр у межах мясцовай ініцыятывы “STEM-адукацыя для актывізацыі творчага і інавацыйнага патэнцыялу дзяцей і моладзі Чавускага раёна”.
Адкрытая пляцоўка
STEM-цэнтр — гэта адкрытая пляцоўка для далучэння дзяцей да праектнай і даследчай дзейнасці, канструявання, праграмавання і інжынернай творчасці. Тут фарміруецца цікавасць да навукі і пазнання навакольнага свету, навыкі правядзення лабараторнага эксперыменту, разуменне фундаментальных навуковых паняццяў і законаў, уменне прымяняць сучасныя інструменты дзейнасці, кампетэнцыі XXI стагоддзя: крытычнае мысленне, крэатыўнасць, камунікацыю, вопыт работы ў камандзе, навыкі супрацоўніцтва, даследавання і праектавання.
STEM-цэнтр дае магчымасць рэалізаваць самыя разнастайныя адукацыйныя праграмы ў галіне праграмавання, тэарэтычных даследаванняў і эксперыментаў. Пры гэтым работа вядзецца праз асобныя праекты, і кожны школьнік можа атрымліваць веды на аснове асабістага досведу. Ён самастойна прыходзіць да разумення матэрыялу праз рашэнне практычных задач.
У нашай школе 6 педагогаў праводзяць штотыднёвыя заняткі з навучэнцамі ў STEM-цэнтры, а наведвае іх 48 вучняў — гэта 18,5% навучэнцаў 5—9 класаў школы. Таксама заняткі на базе нашага цэнтра могуць праводзіць педагогі з іншых школ.
Тры кампаненты
Наш STEM-цэнтр складаецца з асобных кампанентаў. Адных дзяцей вабяць датчыкі лічбавай лабараторыі RELAB. Іншыя цікавяцца праграмаваннем у асяроддзі Scratch. Трэцім цікава працаваць над медыяпрадуктамі, якія дапамагаюць вывучаць дакладныя навукі і вырашаць задачы практычнага зместу.
Напэўна, самая цікавая частка цэнтра — лічбавая лабараторыя, якая ўтрымлівае набор датчыкаў, што дазваляюць вымяраць хімічныя, біялагічныя і фізічныя параметры, напрыклад вільготнасць, pH, канцэнтрацыю іонаў. Усе прыборы злучаюцца з камп’ютарам, што дазваляе навучэнцам не толькі назіраць за з’явай, але і счытваць працэсы, адлюстроўваць іх на графіках і дыяграмах. Напрыклад, мы можам не проста сказаць дзецям, што расліны паглынаюць вуглякіслы газ і выдзяляюць кісларод. Мы можам з дапамогай датчыкаў убачыць, як зніжаецца ўзровень вуглякіслага газу. А можам прааналізаваць іонны склад звычайнага яблычнага соку. Ці іншы прыклад — пошук інфузорыі-туфелькі з дапамогай электроннага мікраскопа, у выніку чаго дзеці бачаць сувязь навукі з рэальным жыццём і з большай цікавасцю ставяцца да хіміі і біялогіі. Усё гэта дае новыя магчымасці для стварэння праблемных сітуацый на занятках.
Дзякуючы наяўнасці планшэта, педагогі могуць праводзіць заняткі за межамі STEM-цэнтра. Усе даныя з датчыкаў трапляюць адразу на планшэт. Можна выйсці на прышкольную тэрыторыю і, скажам, замераць узровень вільготнасці глебы. Дзеці ахвотна карыстаюцца магчымасцю правесці заняткі на адкрытым паветры.
Падчас заняткаў вучні рашаюць практычныя задачы ў малых групах (2—4 чалавекі) з дапамогай лабараторных эксперыментаў. Яны выконваюць заданні, адказваюць на пытанні, праектуюць прыборы, канструююць ўстаноўкі, плануюць і праводзяць нескладаныя даследаванні з іх дапамогай. Яны могуць самі запісваць на відэа асобныя эксперыменты ці ўрыўкі заняткаў у цэнтры. Пасля гэта ператвараецца ў ролікі, якія можна выкарыстоўваць на ўроках, падчас прэзентацыі навуковых даследаванняў. Так адначасова з развіццём навукі і тэхналогій адбываецца і развіццё крэатыўных індустрый.
У STEM-цэнтры праводзяцца практычныя заняткі (лабараторныя работы з элементамі даследавання); самастойныя заняткі (стварэнне справаздач, засваенне інфармацыйных крыніц, тэсціраванне, падрыхтоўка праектаў і г.д.); дэмалекцыі (дэманстрацыя эксперыментаў, пастаноўка і абмеркаванне праблем прадметнага характару); дыскусіі. Выхаванцы цэнтра прымаюць удзел у палявых практыках і экскурсіях; канферэнцыях, прэзентацыях і абаронах проектаў.
Важная частка навучання ў STEM-цэнтры — гэта атрыманне ўяўленняў пра алгарытмічныя структуры, работу з імі пажадана пачынаць на пачатковых этапах. Паспяховае знаёмства з алгарытмічнымі структурамі адбываецца ў вучняў 5—6 класаў. Таму ў нашым STEM-цэнтры школьнікі вучацца алгарытмічнаму мысленню ў асяроддзі праграмавання. Яно не толькі зручнае для вывучэння, але і дапамагае матываваць вучняў: іх натхняе хуткі вынік — створаныя ўласнымі рукамі гульні, інтэрактыўныя вучэбныя праграмы, крэатыўныя праекты, аніміраваныя гісторыі. Так, выкарыстоўваючы сабраныя ў лабараторыі даныя, школьнікі ствараюць графікі і дыяграмы, складаюць і выкарыстоўваюць формулы для вырашэння ўласных даследчых задач. Вывучэнне Scratch дазваляе інтэграваць веды з розных прадметных галін, што спрыяе іх замацаванню.
Дасягнуць поспехаў
Дзякуючы STEM-цэнтру, нашы вучні дасягаюць поспехаў у навуковай і даследчай рабоце. Вось некалькі прыкладаў.
Ідэя даследчай работы “Уздзеянне каляровых плёнак на раслінныя пігменты” нарадзілася, калі хтосьці заўважыў, што кабачкі, якія выраслі ў парніках з сіняй плёнкай, сталі ружовымі. Так пачалася доўгая работа: вучні параўноўвалі, як колер плёнкі ўздзейнічае на здольнасць хларафілу паглынаць святло. Дзеці з дапамогай настаўніка фізікі сканструявалі спецыяльны прыбор, а пад кіраўніцтвам настаўніка біялогіі зрабілі выцяжку з лісця таматаў, каб даследаваць жоўтыя і зялёныя пігменты. Навучэнцам неабходна было разлічваць канцэнтрацыю раствораў, плошчу плёнкі для пакрыцця парніка і г.д. Усе разлікі патрабавалі ведання геаграфіі, хіміі, біялогіі, матэматыкі і інфарматыкі. Дарэчы, найлепшай па выніках даследавання аказалася празрыстая плёнка.
З гэтай работай навучэнцы вынікова выступілі на абласной канферэнцыі работ даследчага характару (дыплом ІІІ ступені), ХІІ Рэспубліканскім конкурсе дзіцячых навукова-практычных праектаў эколага-біялагічнай тэматыкі “Празрыстыя хвалі Нарачы” (дыплом ІІ ступені), V Магілёўскім фестывалі навукі, Міжнароднай канферэнцыі “Гульні розуму” (дыплом І ступені), абласным этапе VI конкурсу навукова-тэхнічнай творчасці навучэнцаў Саюзнай дзяржавы “Таленты XXI стагоддзя” (дыплом ІІ ступені), заключным этапе Рэспубліканскага конкурсу навуковых біёлага-экалагічных работ (дыплом ІІІ ступені). За выніковае выступленне на рэспубліканскім конкурсе навучэнка 9 класа Дар’я Гарэлава была заахвочана прэміяй спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.
Работа “Утылізацыя ападкаў сцёкавых вод метадам кампаставання” пачалася з жадання вырашыць адразу дзве праблемы: дапамагчы ў азеляненні новага мікрараёна Чавусаў і пазбавіцца лісця, што кожную восень ападае на прышкольнай тэрыторыі. Справа ў тым, што каля 40% высаджаных у новым мікрараёне дрэў паміралі ад дрэннай глебы. Школьнікі прыгатавалі кампост з лісця і пілавіння з правільнымі суадносінамі вугляроду і азоту, каб дапамагчы дрэвам. Падчас работы над праектам навучэнцам неабходна было разлічыць аб’ём атрыманага кампосту, яго масу і плошчу, на якую яго хопіць. Гэтая работа была ўдастоена дыплома ІІ ступені на адкрытай маскоўскай інжынернай канферэнцыі школьнікаў “Патэнцыял”.
Правядзенне такіх даследаванняў і міні-праектаў у STEM-цэнтры спрыяе інтэграцыі такіх прадметаў, як матэматыка, інфарматыка, біялогія, хімія, геаграфія і інш. Большасць навучэнцаў, якія прайшлі навучанне ў праграмным асяроддзі STEM-цэнтра, актыўна ўдзельнічаюць у конкурсах праектаў, даследчых канферэнцыях, многія атрымліваюць высокія ўзнагароды за свае работы. Гэтае асяроддзе служыць добрым інструментам для стварэння даследчых і творчых праектаў, інтэрактыўных вучэбных праграм.
STEM-адукацыя спрыяе фармаванню даследчай дзейнасці, алгарытмічнага мыслення, фарміруе крэатыўны падыход да вырашэння задач, служыць матывацыяй да прафесійнага самавызначэння ў сферы IТ.
Наталля ТУЖЫКАВА,
настаўніца біялогіі;
Кацярына ШУКАЙЛАВА,
настаўніца матэматыкі сярэдняй школы № 2 Чавусаў.