З 10 па 16 верасня ў Аршанскім раёне каля вёскі Зорная праходзіў ХІІ турыстычны злёт навучэнцаў Саюзнай дзяржавы. Прадстаўнікі 32 каманд Расійскай Федэрацыі і 8 каманд Рэспублікі Беларусь паказвалі турысцкія навыкі, майстэрства ў спаборніцтвах па спартыўным арыентаванні і турыстычна-прыкладным мнагаборстве, дзяліліся ведамі па гісторыі, геаграфіі, культуры Віцебшчыны ў конкурсе краязнаўцаў, расказвалі пра будні злёту падчас аднайменнага конкурсу газет, прадстаўлялі свае каманды, спявалі турысцкія песні. Конкурснае і пазаконкурснае жыццё было насычаным, цікавым, незабыўным.
Святочны настрой
Словы “насычаным”, “цікавым”, “незабыўным”, у прынцыпе, можна было не ўжываць. Жыццё вялікага палатачнага гарадка з насельніцтвам каля 600 чалавек проста не магло быць сумным, нецікавым, няўражлівым. Прадстаўнікі Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Міністэрства адукацыі і навукі Расійскай Федэрацыі, Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства, Федэральнага цэнтра дзіцяча-юнацкага турызму і краязнаўства, Віцебскага абласнога і Аршанскага раённага выканаўчых камітэтаў зрабілі ўсё магчымае, каб кожны дзень злёту стаў для яго ўдзельнікаў сапраўдным святам турызму, юнацтва, сяброўства.
Нават зменлівае восеньскае надвор’е не змагло сапсаваць святочнага настрою. Былі халаднаватыя ночы, але былі і цёплыя сонечныя дні. Быў моцны вецер, але быў і густы лес, дзе ад моцнага ветру можна было схавацца і паказаць добры вынік у праходжанні доўгай дыстанцыі. Былі напружаныя спаборніцтвы пад дажджом на кароткай дыстанцыі, але быў і гарачы душ, гарачы чай. А яшчэ былі песні пад гітару і размовы да глыбокай ночы, новыя знаёмствы і насычаныя экскурсіі па Аршанскім раёне. Адным словам, сумаваць не было калі. Ды і як сумаваць, калі да злёту юныя турысты рыхтаваліся на працягу года, з нецярпеннем чакалі галоўных турыстычных стартаў сезона, потым некалькі дзён (каманда Іркуцкай вобласці аж цэлы тыдзень) дабіраліся да маляўнічай паляны на беразе Дняпра.
Высокі ўзровень
Адзін з сакрэтаў высокага ўзроўню арганізацыі турзлёту — удалы выбар месца яго правядзення. Па словах загадчыка сектара спорту і турызму аддзела адукацыі, спорту і турызму Аршанскага райвыканкама Сяргея Дзмітрыевіча Гарбачова, паляна каля вёскі Зорная — выключнае месца. Даўжыня паляны больш за кіламетр, а шырыня каля 120 метраў. Побач Днепр, аддзелены ад паляны паласой дрэў і кустоў, ёсць лесапаласа для абсталявання кароткай і доўгай дыстанцыі. Паляна неаднойчы выпрабоўвалася, на ёй праводзіліся раённыя турзлёты школьнікаў, навучэнцаў сярэдніх спецыяльных устаноў адукацыі, працоўнай моладзі.
“Першапачаткова разглядалася некалькі пляцовак, аднак першым падаў заяўку Аршанскі раён. Для арганізатараў вельмі важнае жаданне самога рэгіёна праводзіць гэтае маштабнае мерапрыемства. Пры выбары пляцоўкі ўлічваецца некалькі фактараў. Па-першае, наяўнасць перасечанай мясцовасці для спаборніцтваў па турыстычна-прыкладным мнагаборстве. Па-другое, багатая ваенная гісторыя краю. Па-трэцяе, маляўнічыя краявіды. Гэтым крытэрыям адпавядала і заяўка ад Гродзенскага раёна. Тут, каля Аўгустоўскага канала, мы плануем правесці наступны турзлёт, які пройдзе на беларускай зямлі ў 2020 годзе. Нам важна, каб дзеці пабачылі розныя рэгіёны Беларусі, адчулі каларыт у тым ліку самабытнай Гродзеншчыны”, — паведаміла дырэктар Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Алена Уладзіміраўна Ануфровіч.
Фармат правядзення турзлётаў навучэнцаў Саюзнай дзяржавы наступны: два гады запар юных турыстаў прымае Расійская Федэрацыя, адзін раз — Рэспубліка Беларусь. Падрыхтоўка да турзлёту 2018 года, які пройдзе ў Каўрове Уладзімірскай вобласці, пачалася адразу пасля цырымоніі перадачы эстафеты на ўрачыстым закрыцці турзлёту-2017. Першы падрыхтоўчы этап — афармленне дакументаў. Сёлета Савет Міністраў Саюзнай дзяржавы зацвердзіў тыпавое палажэнне аб правядзенні турыстычнага злёту навучэнцаў Саюзнай дзяржавы, таму папяровай справай уладзімірскаму боку будзе займацца прасцей. У астатнім расіян чакае напружаная праца, бо беларусы заўсёды падымаюць планку правядзення турзлётаў на высокі ўзровень.
Камфортныя ўмовы
Уважліва паглядзіце на фотаздымкі лагера. Вам не падаецца, што сваёй формай палаткі нагадваюць жытло першабытнага чалавека? Жыццё ў турыстычным лагеры і ёсць амаль першабытнае. Чаго варта толькі гатаванне ежы на вогнішчы, прычым ежы абавязкова карыснай, якую ў штодзённым жыцці юныя аматары чыпсаў і салодкіх напіткаў ужываюць не так часта, як на турзлёце. Узяць, напрыклад, аўсяную кашу. Цэлая міска гэтай карыснай стравы на снеданне гарантуе добры настрой на ўвесь турыстычны дзень. А бульба? А макарона з тушонкай? А агуркі з памідорамі? А кавалак сала, падсмажаны на вогнішчы? Адным словам, быць турыстам — гэта здорава і для здароўя карысна.
Здароўе дзяцей на турзлёце, а таксама камфортнае пражыванне, наколькі гэта магчыма ў палявых умовах, — першачарговая задача, вырашэннем якой займаецца каменданцкая службы лагера. Па словах каменданта лагера дырэктара Аршанскага раённага цэнтра фізічнай культуры, турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі Сяргея Іванавіча Гвоздзева, наладзіць быт удзельнікаў злёту ў палявым лагеры практычна ў чыстым полі даволі складана. Аднак каменданцкая служба пастаралася, каб у дзяцей была гарачая вада, душ, умывальнікі, туалеты, электрычнасць, бо хоць юныя турысты і прызвычаены да паходных умоў, аднак сучасныя электронныя гаджэты ніхто не адмяняў, іх трэба перыядычна падзараджаць.
“Турыстычны лагер — гэта вялікі мурашнік, дзе кожны заняты сваёй справай. Задача нашай службы — стварыць камфортныя ўмовы пражывання, каб кожны ўдзельнік змог паказаць сябе на спаборніцтвах з найлепшага боку. Пайшлі дажджы, аднак, як паказвае вопыт правядзення спаборніцтваў на гэтай паляне, вялікіх лужын, дзе стаяць палаткі, няма, вада хутка сыходзіць. Многія дзеці прыходзяць з кароткай дыстанцыі не проста бруднымі, а вельмі бруднымі. Калі ласка, ёсць гарачы душ, а памытае адзенне можна высушыць. Мы сёння аператыўна арганізавалі ў вялікай палатцы памяшканне для сушкі адзення: паставілі печку, нацягнулі вяроўкі. На паляне вядзецца гандаль як турыстычным рыштункам, так і прадуктамі харчавання, прычым беларускай вытворчасці. Таксама прадстаўлена сувенірная прадукцыя Аршаншчыны. Мы пастараліся стварыць максімальна камфортныя ўмовы ў такое не самае спрыяльнае надвор’е”, — паведаміў Сяргей Іванавіч.
Самы лепшы дзень
Параўнанне турыстычнага лагера з вялікім мурашнікам вельмі ўдалае. Як і ў мурашніку, кожны жыхар турыстычнага лагера выконвае пэўную ролю. Навучэнцы (хлопцы і дзяўчаты ва ўзросце ад 14 да 17 гадоў), кіраўнікі дэлегацый і іх намеснікі, суддзі, прадстаўнікі каменданцкай службы, аргкамітэта, супрацоўнікі органаў унутраных спраў, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, хуткай дапамогі — у кожнага свой участак работы. Лідзія Андрэеўна Жур, намеснік галоўнага суддзі па арганізацыйных пытаннях, намеснік дырэктара Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства, адказвае за распрацоўку ўмоў правядзення спаборніцтваў і конкурсаў, праводзіць інструктаж з кіраўнікамі каманд па бяспецы навучэнцаў, арганізоўвае допуск навучэнцаў і каманд да ўдзелу ў спаборніцтвах і конкурсах, забяспечвае судзейства гэтых спаборніцтваў і конкурсаў. Работа адказная і ў той жа час прыемная. Турызм для Лідзіі Андрэеўны — справа жыцця, якой жанчына прысвяціла 24 гады. Амаль чвэрць стагоддзя на турзлётах, а свой дзень нараджэння сустракала на турзлёце толькі некалькі разоў. Нядзіўна, што гэты восеньскі дзень стаў асабліва памятным.
“Зусім не засмучана тым, што дзень нараджэння сустракаю на турыстычным злёце. У мяне тут многа даўніх сяброў, якія пачалі віншаваць яшчэ ўначы. І шарыкі на палатку развесілі, і паштоўкі стварылі, і па гучнай сувязі перадавалі віншаванні, заказвалі для мяне песні. Нават падарылі вялізны букет руж. Адкуль яны іх прывезлі на турыстычную паляну, не ведаю. Столькі віншаванняў не атрымлівала даўно. Усе яны шчырыя, таму што турысты — шчырыя людзі, — падзялілася Лідзія Андрэеўна і як адзін з арганізатараў адразу перайшла да турзлётаўскіх спраў. — Да злёту мы рыхтаваліся даўно і дасканала ўсё прадумвалі, пачынаючы з каштарыса і заканчваючы тым, якія этапы дыстанцый будуць абсталяваны, як будзе арганізаваны быт лагера. Тое, што я бачу, як праходзіць злёт, — гэта ўжо для мяне падарунак, нягледзячы на сённяшні дождж і не самае лепшае надвор’е, бо ўсё ў нас добра, усе дзеці здаровыя, задаволены тым, як размясціліся на паляне, як іх кормяць. У нас працуюць цудоўныя суддзі, і вельмі радуе, што яны адказна ставяцца да сваёй справы, па 8—10 гадзін працуюць у лесе, наводзячы пераправы, абсталёўваючы этапы кароткай і доўгай дыстанцыі”.
А суддзі хто?
Дык хто ж яны, суддзі турыстычнага злёту? Чым, скажам, адрозніваецца суддзя, які працуе на футбольным матчы, ад суддзі, які працуе на спаборніцтвах па турыстычна-прыкладным мнагаборстве? Па словах загадчыка аддзела турызму і спартыўнага арыентавання Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Васіля Мікалаевіча Канавальчыка, на турыстычным злёце суддзя не толькі фіксуе памылкі юных турыстаў. Значная частка яго работы прысвечана абсталёўванню этапаў на спартыўных дыстанцыях. Суддзя павінен не толькі выдатна ведаць правілы спаборніцтваў, але і выдатна працаваць малатком, рубанкам, нават бензапілой. Не верыце? Глядзіце фота. Да цяслярскай справы журы пад кіраўніцтвам галоўнага суддзі Віталя Уладзіміравіча Модаля прыступіла за некалькі дзён да пачатку спаборніцтваў. Трэба было падрыхтаваць бярвенні, дошкі, абсталяваць навясную пераправу, пераправу па бервяне, спуск і пад’ём па схіле па парэнчах, іншыя этапы кароткай і доўгай дыстанцыі.
“Па дарозе да месца правядзення спаборніцтваў на кароткай дыстанцыі стаяла сцяной крапіва, раслі кусты. Спачатку гэтае месца расчышчалі прадстаўнікі Аршанскага раёна, потым шчыравалі і супрацоўнікі Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства. На пілы і трымеры пайшло каля 100 л бензіну. Акрамя таго, на правядзенне спаборніцтваў спатрэбілася 150 карабінаў, 4 км альпінісцкай вяроўкі, 2 км дапаможнай вяроўкі, 108 кавалкаў вяроўкі па 2 метры, куча цвікоў”, — паведаміла загадчык сектара спартыўнага арыентавання Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Марыя Леанідаўна Голубева. Як бачым, за відовішчнымі спартыўнымі спаборніцтвамі, за не менш яркай конкурснай праграмай стаіць цяжкая і малавідовішчная праца суддзяў. А суддзі хто? Адказ відавочны.
Спаборніцтвы на кароткай і доўгай дыстанцыі — самыя дынамічныя. Такі ж дынамічны і конкурс прадстаўлення каманд. Як паведаміла Аляксандра Яўгенаўна Кравец, намеснік галоўнага суддзі па конкурснай праграме, загадчык аддзела краязнаўства і патрыятычнага выхавання Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства, падчас прадстаўлення кожная каманда павінна ў цікавай форме расказаць пра свой рэгіён, інтарэсы і захапленні ўдзельнікаў каманды, паказаць у сваім выступленні пазітыўныя адносіны да турызму і здаровага ладу жыцця. Асобныя балы выстаўляюцца за візітку каманды, артыстычнасць выканання, музычнае і мастацкае афармленне выступлення. 40 каманд, працягласць кожнага выступлення да 8 хвілін — у выніку атрымліваецца больш за 5 гадзін яркага шоу. Менавіта такое слова найбольш поўна характарызуе конкурс прадстаўлення каманд.
Конкурс краязнаўцаў хоць і менш відовішчны, аднак не менш важны. Праходзіць ён у два туры. На першым туры ўдзельнікам прапаноўваецца адказаць на 25 пытанняў (выбраць з некалькіх варыянтаў правільны адказ), падчас другога — на 30 пытанняў (даць непасрэдны адказ на пастаўленае пытанне) па гісторыі, культуры, геаграфіі, прыродзе і сучасным жыцці Віцебскай вобласці, у прыватнасці Оршы і Аршанскага раёна. Перад удзельнікамі конкурсу газет стаяла іншая задача: выкарыстоўваючы розныя жанры, мастацкае афармленне, арыгінальна паведаміць пра будні злёту. “Узышло сонца, і аб’явілі пад’ём. Усе пачалі актыўна рыхтавацца да адкрыцця, але не мы. Усё ж правялі два дні без сну. Адкрыццё спаборніцтваў усё выправіла. Удзельнікі злёту прайшлі парадам па галоўных вуліцах Оршы. Жыхары горада гучна віталі нас, махалі рукамі і ўсміхаліся. Адчуваць сябе зоркамі было нязвычна, але ўсе засталіся задаволенымі. Канцэрт на галоўнай плошчы быў цудоўны. Так цёпла і гасцінна сустрэла нас Орша”. Была і крытыка (з гумарам, канечне): “Хацелася б у добрае надвор’е бегаць на дыстанцыі, а ў дождж ездзіць аўтобусам на экскурсіі і па музеях”. Было і інтэрв’ю (таксама з гумарам). Вось невялікая вытрымка: “Як прайшла ваша першая дыстанцыя?” — “Уражанні вельмі добрыя: брудна, але цікава”.
Хоць дождж і дабавіў бруду, але ў палатачным гарадку была практычна ідэальная чысціня. У гэтым два разы на дзень пераконваліся падчас абходу лагера суддзі конкурсу турысцкіх навыкаў. “Сёлета ўнікальная сітуацыя: ва ўсіх каманд практычна ідэальная чысціня. Нязначныя заўвагі атрымалі лічаныя каманды, — дзеліцца суддзя конкурсу дырэктар Шчучынскага раённага цэнтра турызму і краязнаўства Алена Іванаўна Арабчык. — Мы выставілі ўсяго некалькі штрафных балаў. Нормы мыцця і сушкі бялізны, захоўвання прадуктаў, інструментаў і рыштунку, утылізацыі харчовых адходаў і бытавога смецця, нормы супрацьпажарнай бяспекі, распарадку дня, узаемаадносін удзельнікаў з суддзямі практычна не парушаліся”.
Будні злёту
Сваімі ўражаннямі ахвотна дзяліліся не толькі юныя турысты, суддзі, але і кіраўнікі каманд. “Траса для спартыўнага арыентавання была даволі складаная, таму што тут, у лесе, шмат павалу, а ў нас на Гомельшчыне лес больш чысты. Нягледзячы на гэта, у асабістым заліку ў нас ёсць прызёр, які заняў другое месца. Другое месца мы занялі на конкурсе прадстаўлення каманд і на конкурсе краязнаўцаў, а ў конкурсе газет “Будні злёту” ў нас першае месца. У спартыўнай праграме з расійскімі камандамі даволі складана сапернічаць, таму што ў іх больш магчымасцей праводзіць трэніроўкі на разнастайным рэльефе, а ў нас рэльеф пераважна раўнінны. Таму кожная беларуская перамога вельмі каштоўная. Напэўна, перамагаць нам дапамагае талісман каманды кот Базыль Маратавіч. Гэтая цацка прайшла ўсе турыстычныя злёты навучэнцаў Саюзнай дзяржавы, пра што сведчаць значкі з эмблемамі ўсіх дванаццаці злётаў”, — паведаміла кіраўнік каманды Гомельскай вобласці намеснік дырэктара Гомельскага абласнога цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі Вольга Васільеўна Пісарэнка.
Побач з гомельскімі турыстамі размясціліся прадстаўнікі Браншчыны. З гэтым рэгіёнам Расійскай Федэрацыі ў Гомельскай вобласці склаліся даўнія сяброўскія адносіны ў турыстычным плане. Яскравым прыкладам з’яўляецца супрацоўніцтва школ Добрушскага і Навазыбкаўскага раёнаў. А ў 2015 годзе беларускія педагогі ў рамках рэалізацыі праграмы прафесійнай мабільнасці азнаёміліся з вопытам работы сістэмы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі турыстычна-краязнаўчага профілю Бранскай вобласці і наведалі Цэнтр дзіцячага і юнацкага турызму і экскурсій Бранска. Пра гэтае супрацоўніцтва паведаміла намеснік кіраўніка каманды Бранскай вобласці загадчык інфармацыйна-масавага аддзела Цэнтра дзіцячага і юнацкага турызму і экскурсій Бранска Кацярына Анатольеўна Гарэлікава.
“Паняцце “турызм” вельмі шырокае. У маім разуменні, класічны турыст — гэта чалавек, які ходзіць у паходы. З папулярызацыяй турыстычна-прыкладнога мнагаборства ў нас крыху згубілася сувязь з прыродай, дзеці становяцца больш спартсменамі. Тое ж тычыцца і спартыўнага арыентавання. Сёлета ў камандзе Мінска — у асноўным арыенціроўшчыкі, і яны крыху па-іншаму ўяўлялі сабе турзлёт. Тут кожная каманда павінна сама гатаваць ежу, мыць катлы. Калі турысты, якія ходзяць у паходы, да гэтага прызвычаены і выконваюць справу лёгка, то арыенціроўшчыкам яна даецца цяжэй”, — падзяліўся кіраўнік каманды Мінска загадчык аддзела арганізацыйна-масавай работы і інфармацыі Мінскага дзяржаўнага турыстычна-экалагічнага цэнтра дзяцей і моладзі Ігар Уладзіміравіч Петрыкевіч.
Цікава і незабыўна
Насычанымі, цікавымі, незабыўнымі — такімі былі сем дзён, што правялі на беразе Дняпра юныя турысты з Беларусі і Расіі. Стомленымі, бруднымі, шчаслівымі — такімі можна было ўбачыць жыхароў палатачнага гарадка. Размовы да глыбокай ночы каля вогнішча, напружаная спартыўная і конкурсная праграма. Як тут не стаміцца? Цяжкая гліністая зямля на спаборніцтвах кароткай дыстанцыі. Як прайсці ўсе этапы і не стаць брудным? Радасць ад новых знаёмстваў, уражанняў, бясконцых эмоцый. Хіба можна нешчаслівым пакідаць турзлёт? Турзлёт — гэта шчасце. Да новых шчаслівых момантаў!
Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.