Мядовае захапленне

Аляксандр Скараходаў і Данііл Вохменцаў, дзесяцікласнікі сярэдняй школы № 10 імя У.М.Азіна Полацка, з нецярпеннем чакаюць званка на перапынак, каб абмеркаваць сваё, пчалярскае. Што такое стыгмы? Колькі іх і дзе знаходзяцца? З якіх органаў складаецца хабаток, а з якіх — пчалінае джала? Колькі ў пчалы органаў адчуванняў? Такія дыскусіі тут не рэдкасць. Да гэтых размоў далучаюцца навучэнцы розных класаў школы і іншых школ горада. Ужо набіраюцца навічкі ў гурток “Юныя пчаляры”, які чатыры гады запар вядуць для школьнікаў пчаляры Андрэй і Ганна Скараходавы.

Аб’ядноўваючы аматараў пчол

Муж і жонка выхоўваюць чацвярых дзяцей і займаюцца пчалярствам разам. Далучаюцца да сямейнай справы і іх дзеці.

“Пачалося ўсё з таго, як Беларускае таварыства пчаляроў, членам якога я з’яўляюся, вырашыла правесці конкурс для юных аматараў пчалярства, — гаворыць Андрэй Уладзіміравіч. — Я прапанаваў свайму 12-гадоваму сыну прыняць у ім удзел. Саша на той момант шмат што ўжо ведаў і ўмеў (нашых пчол мы разам з ім куплялі, разам даглядалі), але для большай упэўненасці я ўручыў яму кнігу па пчалярстве для вышэйшых навучальных устаноў. У выніку на конкурсе сын тады заняў 2-е месца. Пахваліўся дыпломам мне і сваім сябрам са школы. Адзін з іх, Данііл Вохменцаў, адразу загарэўся ідэяй спасцігаць асновы пчалярства. Шмат жадаючых было і ў малодшых класах. У Полацкім раённым цэнтры дзяцей і моладзі мне прапанавалі арганізаваць гурток для юных пчаляроў. Так ён пачаў дзейнічаць на базе школы”.

Тут збіраліся захопленыя пчалярствам хлопчыкі і дзяўчынкі з усяго Полацка. Але летась гурток змяніў свой адрас і цяпер праводзіцца на базе Полацкай епархіі. “Увогуле, для школьнага аб’яднання пчалярства не зусім падыходзіць, бо дзейнасць любога гуртка трэба планаваць на год. А работу з пчоламі не заплануеш загадзя, арыентавацца можна толькі па надвор’і: сёння яно добрае, а заўтра сапсуецца, сёння мы можам пайсці на пчальнік, а заўтра — не, ці наадварот.”, — гаворыць кіраўнік аб’яднання.

Так Андрэй Уладзіміравіч паменшыў для сябе аб’ём папяровай работы, што дазволіла для заняткаў з дзецьмі вызваліць больш часу, якога, вядома, ва ўладальніка пчальніка заўсёды мала. А выхаванцаў хапае. Штогод самых актыўных — 10—15 дзяцей, як хлопчыкаў, так і дзяўчынак. Гэтая справа цікавіць дзяцей незалежна ад полу. У гуртку яны паглыбляюцца ў гісторыю ўзнікнення пчалярства ў Беларусі (хто прыдумаў першыя вуллі, першую медагонку, хто ўпершыню паставіў шматкорпусныя вуллі, каму належыць ідэя рабіць вашчыну), даведваюцца пра карысць пчол для сельскай гаспадаркі і пчолапрадуктаў для чалавека, вывучаюць анатомію пчалы, хуткасць яе палёту, колькі яна можа прынесці нектару за адзін раз, на якую адлегласць лятае за ўзяткам і інш.

З кастрычніка пачнецца новы навучальны год у аб’яднанні, але ўжо актыўна ідзе набор у групы. Па-першае, Андрэй і Ганна Скараходавы рыхтуюць новую змену пчаляроў зусім бясплатна. Па-другое, слава пра ўзровень навучання ў гуртку разнеслася далёка за межы Полацка. На ўсіх чатырох рэспубліканскіх конкурсах юных пчаляроў, якія традыцыйна ладзяцца ў Смілавіцкім дзяржаўным аграрным каледжы (толькі тут рыхтуюць будучых пчаляроў), выхаванцы аб’яднання былі ў лідарах. Сёлета, напрыклад, яны заваявалі ўсе прызавыя месцы: 1-е — Данііл Вохменцаў, 2-е — Аляксандр Скараходаў (навучэнцы сярэдняй школы № 10 Полацка), 3-е — Вольга Скуева (навучэнка полацкай гімназіі № 1 імя Францыска Скарыны).


Гурткоўцы чатыры гады запар уваходзяць у склад каманд, якія прадстаўляюць Беларусь на міжнародных сустрэчах маладых пчаляроў IMYB (тэсты па тэорыі пчалярства, практычная работа з пчоламі, мёдам, інвентаром) у Польшчы, Славакіі, Чэхіі і Вялікабрытаніі, дзе прымаюць удзел прадстаўнікі больш чым 20 краін. Спачатку полацкія пчаляры былі шостымі ў Польшчы, на наступны год у Славакіі — пятымі, летась з Чэхіі прывезлі 1-е месца, сёлета з Англіі — 1-е і 2-е. У наступным годзе плануюць паехаць у Францыю.

“За апошнія два гады змяніўся фармат конкурсу, — гаворыць Андрэй Скараходаў. — Каб не было спаборніцтва паміж краінамі і канкурсанты станавіліся не сапернікамі, а, наадварот, сябрамі, арганізатары фарміруюць рознанацыянальныя каманды, у якія ўваходзяць носьбіты розных моў. Міжнацыянальная мова — англійская, таму яе вывучэнню мы ўдзялялі шмат увагі. Я не кажу пра англійскую ў цэлым (Вольга Скуева, напрыклад, паспяхова прымае ўдзел у алімпіядах па гэтай мове), а маю на ўвазе тэхнічную. Нашы дзеці цэлы год паглыблена вывучалі спецыялізаваную мову з педагогам. Летам былі ў лінгвістычным лагеры, у якім, акрамя выкладчыкаў Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, выкладалі замежныя носьбіты англійскай мовы па лініі ААН”.

Канкурсанты адказвалі на тэарэтычныя пытанні па батаніцы, вызначаючы расліны-меданосы, па анатоміі пчол, разглядаючы пад мікраскопам фрагменты цела пчалы і называючы яго элементы, вызначалі хваробы гэтых насякомых, гатункі мёду і яго складнікі на смак, дэманстравалі навыкі ў практычнай рабоце з вулеем, напрыклад, рабілі пчолам прышчэпкі, фарміравалі адводкі ад сям’і, адкочвалі мёд, збівалі рамкі.

Па выніках спаборніцтваў каманда, у складзе якой была Вольга Скуева, заняла 1-е месца, а каманда з удзелам Аляксандра Скараходава — 2-е.

Міжнародныя прывілеі

Гаворачы пра тое, як выглядае беларуская каманда ў параўнанні з камандамі Расіі, Польшчы, Славакіі, Чэхіі, Францыі, Германіі, Аўстрыі, Індыі і іншымі, Андрэй Скараходаў пераконвае: вельмі дастойна, хаця супраць палачан сур’ёзна выступаюць не толькі падрыхтаваныя, але і матываваныя сапернікі.


“Традыцыйна самыя сур’ёзныя сапернікі — з Польшчы: там дзейнічае адзіны пчалярскі тэхнікум у Еўропе, — гаворыць Андрэй Уладзіміравіч. — Не ўступаюць ім і аўстрыйцы, якія адпраўляюць сваіх дзяцей у 8 гадоў у спецыялізаваныя тэхнічныя школы для будучых пчаляроў. Увогуле ўражвае і выклікае зайздрасць дзяржаўная падтрымка пчалярства ў краінах нашых сапернікаў. Нават адкрыцці конкурсаў праходзяць у знакавых месцах краін-арганізатараў. Напрыклад, сёлета гэта адбылося ў Нацыянальным парламенце Чэхіі.
У адкрыцці мерапрыемства прымаюць удзел міністры сельскай гаспадаркі, якія заклікаюць не спыняцца на конкурсе. Безумоўна, падлеткаў натхняе, калі намеснік міністра сельскай гаспадаркі Славакіі ім гаворыць, што пры ўмове ўтрымання 30 сем’яў пчол на працягу 3 гадоў дзяржава выдасць бязвыплатную субсідыю ў памеры 50 тысяч еўра. Акрамя таго, прадугледжаны датацыі на інвентар, на лекі для пчол і інш. І ўзамен дзяржава нічога не будзе патрабаваць — дастаткова, што пчолы будуць апыляць дзяржаўныя палеткі, а мёд са свайго пчальніка пчаляр зможа прадаваць насельніцтву ці магазінам. Ды і апітэрапія ў Еўропе вельмі папулярная. Там ведаюць, што самы моцны прыродны антыбіётык — праполіс, і актыўна яго прымяняюць. У нас жа толькі сталі абмяжоўваць свабодны доступ да антыбіётыкаў у аптэках. Праўда, пра альтэрнатыву ім мы пакуль мала задумваемся”.

Ад тэорыі да ўласнага пчальніка

У новым навучальным годзе весці гурток Андрэю і Ганне Скараходавым будзе дапамагаць іх старэйшы сын Аляксандр. Ён будзе выкладаць тэорыю для малодшых школьнікаў. “За некалькі гадоў ён вывучыў тэорыю дасканала”, — запэўнівае бацька. А практыку Саша ўжо прайшоў летась пад бацькавым кіраўніцтвам. Андрэй Уладзіміравіч, у сваю чаргу, зможа больш засяродзіцца на практыцы з дзецьмі: на сваім пчальніку будзе іх вучыць, як аглядаць вулей, як даставаць рамку, раскажа, як арганізавана жыццё ў вулеі, дзе матка расплоджвае патомства, дзе знаходзяцца рабочыя пчолы. Акрамя таго, юныя пчаляры даведаюцца, што такое праполіс, воск, пярга і як гэта ўсё здабыць, як навошчваць рамкі, рабіць пчолам прышчэпкі і шмат іншага.

Магчыма, такое раздзяленне функцый паміж бацькамі і сынам дапаможа аднавіць былы маштаб пчальніка. З-за работы ў гуртку, якая патрабуе шмат часу, сям’і Скараходавых прыйшлося значна паменшыць пчальнік. Можа здацца, што гэта дарэмная ахвяра, але для іх больш важна выгадаваць паслядоўнікаў.

“Як толькі я атрымаю адукацыю, адразу завяду вялікі пчальнік і буду даглядаць яго самастойна, — гаворыць Аляксандр. — Пчалярства — вельмі цікавая, не падобная ні на якую іншую справа. Мець пчол у гаспадарцы — значыць быць здаровым, смачна есці і заўсёды мець даход”.


Бацька падтрымлівае сына, дапамагае і іншым выхаванцам — дае ім адводкі. Напрыклад, Данііл Вохменцаў паспрабаваў ужо завесці свой пчальнік. Хаця Андрэй Скараходаў адзначае: “Для мяне не прынцыпова, стануць нашы выхаванцы прафесійнымі пчалярамі ці не. Прыемна будзе даведацца, што праз гадоў 5 ці 10 яны проста паставяць некалькі вуллёў у сябе на дачы, будуць хаця б для сваёй сям’і мець мёд і іншыя карысныя прадукты. Мёд — гэта здароўе, а яно самае галоўнае для чалавека. Нават дасведчанасць пра карысць пчол — гэта ўжо вынік, бо ў наш час многія дзеці не могуць нават пчалу ад асы адрозніць, не кажучы ўжо пра тое, што яны не ведаюць, якую ролю ўвогуле пчала адыгрывае ў жыцці людзей, чым яна карысная. У Беларусі больш за 60 працэнтаў культур, якія апыляюцца пчоламі. Напрыклад, калі на рапсавае поле вывезці пчол, расліны будуць менш хварэць і ўраджай рапсу будзе значна большым. Вясной пладовыя сады не апыляюць ні восы, ні чмялі, ні матылі — толькі пчолы. Такім чынам, калі не будзе пчол, не будзе і ўраджаю. Таму я перакананы: гэтаму рамяству нельга даць згаснуць”.

Святлана НІКІФАРАВА.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*