Суботняя гасцёўня. Першы сезон

Ці любіце вы хадзіць у госці? Не проста забегчы на кубак чаю да сяброўкі, а завітаць на свята — дзень нараджэння, вяселле, свята горада, раёна? Думаю, не памылюся, калі скажу, што і сама нагода не вызначальная — убачыць родных, сяброў, знаёмых заўсёды прыемна. Гэты прынцып — збіраць гасцей — прапанавалі спецыялісты аддзела адукацыі, спорту і турызму Лідскага райвыканкама педагогам горада і раёна ў шосты школьны дзень. Праект “Суботняя гасцёўня” стаў візітоўкай Лідчыны ў гэтым навучальным годзе, а, улічваючы заваяваную ёй папулярнасць, май стаў завяршэннем толькі першага яе этапу.

Адпачынак на паказ

Сутнасць праекта ў тым, што кожны месяц адна са школ горада рыхтавала суботнюю праграму і запрашала стаць яе ўдзельнікамі не толькі сваіх вучняў, але і гасцей з іншых школ. Такая прапанова аддзела адукацыі для педагогаў стала хоць і нечаканай, але не такой ужо і незвычайнай. Адкрытыя ўрокі для педагогаў — справа прывычная. Так, з аднаго боку, гэта хваляванне, але з другога — прафесійнае прызнанне: як правіла, правесці іх прапануюць лепшым педагогам, якія могуць падзяліцца станоўчым вопытам з калегамі. Тым больш што субота — дзень адпачынку. Замест месцаў за апошнімі партамі гаспадары запрашалі гасцей у самы вір падзей, а замест нататнікаў тыя бралі з сабой сваіх вучняў, гатовых да прыгод. Таму педагогі актыўна ўключыліся ў праект.
Ірына Янаўна Лобан, галоўны спецыяліст аддзела выхаваўчай і сацыяльнай работы аддзела адукацыі, спорту і турызму Лідскага райвыканкама, адзначыла: “У шэрагу ўстаноў адукацыі Ліды назапашаны добры вопыт па арганізацыі работы ў шосты школьны дзень, у многіх з іх гэты дзень выкарыстоўваецца актыўна, з разнастайнымі формамі, з актыўным удзелам навучэнцаў розных узроставых катэгорый. І падчас гасцёўні гэтыя ўстановы адукацыі рыхтавалі праграму так, каб паказаць свае фішкі: прэзентавалі сваю работу ў шосты школьны дзень, расказвалі і паказвалі, якія ідэі рэалізуюцца, якія мерапрыемствы найбольш папулярныя ў навучэнцаў. А потым запрашалі гасцей далучыцца да некаторых з іх”.
Спіс школ, якія на працягу года праводзілі гасцёўні на сваёй базе, узгадняўся з іх кіраўнікамі яшчэ ў верасні. Сёлета гэта былі 8 устаноў адукацыі горада, а сярод гасцей былі навучэнцы і педагогі не толькі гарадскіх школ — хоць адна сельская школа сярод запрошаных была абавязкова.

У Субоцку шмат дарог — выбірай любую

Так, суботніх ідэй за год было столькі, што цяпер і будняў не хопіць іх рэалізаваць. Напрыклад, навучэнцы сярэдняй школы № 1 сваім равеснікам з сярэдніх школ №№ 4 і 11, а таксама Ёдкаўскай сярэдняй школы прапанавалі мікс спартыўных і інтэлектуальных спаборніцтваў. Гэта і гульнявая праграма “Цудоўная сямёрка”, і спартыўнае арыентаванне, інтэлектуальная гульня “Што? Дзе? Калі?”, і спартыўныя танцы з элементамі гімнастыкі, гульня па станцыях “Эх, дарожка франтавая”, і турнір па валейболе, і інш. Насычанай была суботняя гасцёўня ў сярэдняй школе № 8. Для самых юных гасцей — трэцякласнікаў, якія глядзяць на цеста не толькі з гастранамічнага пункту погляду, тут разгарнулася майстэрня па цестапластыцы. 5-я класы разам з педагогам-псіхолагам павучыліся спраўляцца з эмоцыямі без шкоды здароўю і асвоілі некалькі дзейсных прыёмаў самарэгуляцыі. Адным з выхадаў было наведванне спартыўнай залы, дзе яны паспаборнічалі ў хуткасці, меткасці і вынослівасці. А сямікласнікам для высвятлення спартыўных адносін нават красоўкі не спатрэбіліся — яны вызначалі лепшага ў камп’ютарным спорце па counter strike. Васьмікласнікі каля манітораў сабраліся з іншай нагоды — на носе ж прафесійны выбар. Для іх быў праведзены трэнінг па прафарыентацыі “Знайдзі сябе” з выкарыстаннем камп’ютарных тэхналогій. Старшыя класы сустрэліся на творчай пляцоўцы па здаровым ладзе жыцця, дзе ўключыліся ў інтэрактыўныя гульні па прафілактыцы ВІЧ і СНІДу разам з трэнерамі-равеснікамі. Упэўніцца ў справядлівасці выказвання “Няведанне законаў не вызваляе ад адказнасці” педагогі прапанавалі навучэнцам і сваёй школы, і запрошаным у госці падчас прававой віктарыны. А лішнюю энергію, вырашылі старшакласнікі, лепш накіроўваць не на парушэнне закону, а даваць ёй выхад, напрыклад, на дыскатэках. Каб адчуваць сябе вольна на танцполе, для іх быў праведзены майстар-клас па сучаснай харэаграфіі.
У “Падарожжа па горадзе Субоцку”, які разгарнуў свае вуліцы на тэрыторыі сярэдняй школы № 14, адправіліся навучэнцы школ №№ 5, 9 і Дзітвянскай сярэдняй школы Лідскага раёна. Сустрэча была на вуліцы Музычнай, дзе было адкрыццё свята Творчасці. Гарадская выстава работ юных мастакоў разгарнулася на вуліцы Мастацкай. Тых, каму асалоды ад выставы недастаткова, чакалі мальберты і фарбы. Падчас майстар-класа па лепцы з гліны вырабы гасцей ніяк не выдавалі, што яны — першыя работы ў сваіх аўтараў. Хлопчыкі і дзяўчынкі паспрабавалі сябе і ў ролі горадабудаўнікоў, і ўвасобілі свае ідэі ў архітэктурных макетах. Напрыканцы працоўнага дня гараджан і гасцей Субоцка чакала танцавальная праграма “Стартынэйджар”, якая пачалася флэш-мобам на вуліцы Танцавальнай.
Адну з красавіцкіх субот навучэнцы і педагогі школ №№ 10, 11, 14 Ліды і Ходараўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы правялі ў сярэдняй школе № 16. Навучэнцы і педагогі паказалі, якімі разнастайнымі могуць быць гульні-падарожжы па станцыях. Напрыклад, у “Горадзе майстроў” вандроўнікі спыніліся на такіх станцыях, як “Піянерская мазаіка”, “Пераможная”, “Прававы эрудыт”, “Пагуляй”, “Вясёлая нотка”, “Ачумелыя ручкі”. Меламанам і танцорам асабліва прыйшлася даспадобы станцыя “Ліхадзейка”, юныя спартсмены ўключыліся ў барацьбу за званні “Самы меткі стралок”, “Асілак” і інш.

Настаўнікі, на старт!

Але найбольш гасцей прыняла сярэдняя школа № 11. Сюды з’ехаліся педагогі і навучэнцы сярэдніх школ №№ 1, 9, 16 і Крупаўскай сярэдняй школы. Хоць гасцёўня тут праводзілася напрыканцы лістапада, для гасцей свае дзверы яны ніколі не зачыняюць. А павучыцца ў гэтай школе варта. Яна — бясспрэчны лідар у гэтым кірунку не толькі на Лідчыне.
Праект “Наш суботні дзень. Далучайцеся!” рыхтавалі старшакласнікі — члены вучнёўскага самакіравання. Дапамог ім інтэрактыўны фотаальбом — гартаючы яго старонкі, госці ўбачылі ўсе фарбы суботніх падзей школы. Гэта работа аб’яднанняў па інтарэсах, сустрэчы с вядомымі людзьмі, экскурсіі, працоўныя акцыі. Вельмі цікава тут праходзяць святы і тэматычныя вечарыны. Напрыклад, адна з апошніх “Стылягі” дазволіла не толькі цікава правесці вольны час, але і паглыбіцца ў гісторыю моды.
Але, як кажуць, лепш адзін раз убачыць, чым сто разоў пачуць. А яшчэ лепш прыняць непасрэдны ўдзел. Таму актыў школы разам з педагогамі прапанаваў схемы маршрутаў для розных узроставых груп. У школе гасцявалі 4, 6, 7 і 9 класы. Для пачатковай школы была праведзена піянерская гульня-падарожжа “Узыходжанне на Алімп” і спартыўнае свята “Вас выклікае спартландыя”. Для адной часткі прайшла конкурсна-забаўляльная праграма “У гасцях у клоўна” (дапамаглі правесці ўдзельнікі тэатральнага гуртка дзіцячага пакоя па месцы жыхарства “Мара”), а для другой — інтэрактыўныя заняткі “Дружба — гэта цуд”.
Для 6—7 класаў былі прапанаваны майстар-класы “Творчыя майстэрні”. Да педагогаў школы далучыліся педагогі дадатковай адукацыі з “Мары”. На базе бібліятэкі прайшло мерапрыемства “Адкрывай свет з кнігай”, а школьны псіхолаг правяла трэнінг асобаснага росту “Востраў дружбы”. Потым усе падняліся ў актавую залу, якая на час інтэлектуальных гульняў ператварылася ў “Эрудыт-кафэ”.
9-я класы правялі турнір па валейболе і брэйн-рынг “Падлетак і закон. Працяг тэмы” з запрашэннем спецыялістаў раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра. Для іх прайшла экскурсія ў школьны музей “На перакрыжаванні дарог”. А вечарам юнакі і дзяўчаты былі запрошаны на асенні баль, які традыцыйна праводзіцца ў школах у апошнюю суботу восені. Дагэтуль абмяркоўваюць у горадзе ідэі яго правядзення, якія прадэманстравалі старшакласнікі 11-й школы.
Як зазначыла намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 11 Людміла Мар’янаўна Відзевіч, апошняя восеньская субота — дзень адпачынку не толькі для навучэнцаў. Штогод у гэты дзень тут праводзяцца спартыўныя спаборніцтвы для педагогаў горада, і ў гэтым навучальным годзе на сустрэчы, акрамя пастаянных удзельнікаў — каманд сярэдніх школ №№ 1, 16, далучыліся і новыя. Таму на трыбунах для груп падтрымкі месцаў не хапала — за сваіх любімых настаўнікаў гатовы былі прыйсці пахварэць усе іх вучні. Мегабайты відэа і фота, узнагароды і віншаванні, супакаенне спартыўнага азарту і прымірэнне з сапернікамі за кубкам чаю і тортам, згуртаванне калектыву і новыя сябры сярод маладых калег — такі вынік кожнай восеньскай суботы для ўдзельнікаў педагагічнай спартакіяды.
“Наша суботняя гасцёўня атрымалася маштабнай, але для нашай школы — гэта прывычная справа, — гаворыць Людміла Мар’янаўна. — Як мінімум раз у месяц мы рыхтуем маштабныя святы, прымеркаваныя да знакавых дат — Дня маці, Новага года, Міжнароднага дня жанчын, Дня гумару і іншых, у якіх прымае ўдзел уся школа. Але ў нас працуе 21 аб’яднанне па інтарэсах, таму ні адна субота не бывае сумнай. Насычаная праграма і ва ўдзельнікаў 13 клубаў — спартыўных, класна-сямейных, краязнаўчых, экалагічных, камп’ютарнага клуба, клуба “Дэбаты” і інш. Вельмі шырокі спектр аб’яднанняў па інтарэсах, і амаль усе яны працуюць па суботах. Апошнія некалькі гадоў кожную суботу мы наведваем мерапрыемствы, якія арганізоўвае на сваёй базе дзіцячы пакой па месцы жыхарства “Мара”, там жа многія нашы выхаванцы наведваюць гурткі. Акрамя таго, з “Марай” мы рэалізуем сумесны валанцёрскі праект па аказанні дапамогі пажылым людзям і дзецям з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця “Не побач, а разам”.
Добраахвотнасць і свабода выбару, самавыяўленне, яркая, творчая дзейнасць, дзе кожнаму знойдзецца справа па інтарэсах, — вось неабходныя ўмовы для арганізацыі шостага школьнага дня”.
Як адзначылі арганізатары праекта, у верасні пачнецца новы яго этап. Прычым навучэнцаў і іх педагогаў да сябе ў госці будуць запрашаць і ўстановы дадатковай адукацыі, і школы раёна.

Святлана НІКІФАРАВА.