Сустракаем вясну ў садзе Надзеі

Руднецеляшоўскую базавую школу Гомельскага раёна называюць акном у будучыню, бо кожны крок, які робяць педагогі і ўсе 32 вучні школы, накіраваны на тое, каб карысць ад яго адчуць заўтра. Гэтай вясной чарговым іх крокам стала пасадка фруктовага арганічнага саду. 400 груш, яблынь, абрыкосаў пераўтварылі пустку за школай у яе гонар, а праз некалькі гадоў кволыя дрэўцы пераўтворацца ў шчодры сад.

Энергазасцярога ад закрыцця школы

— Наша вёска невялікая, усяго 560 жыхароў. І назваць іх жыццё насычаным нельга: ні дзецям, ні дарослым няма дзе адпачыць ці знайсці сабе карысны занятак. Зачыніўся нават сельскі Дом культуры. І менавіта школа стала не толькі ўстановай адукацыі, але і цэнтрам культурна-аздараўленчай, інфармацыйна-асветніцкай работы для вучняў і ўсяго мясцовага насельніцтва. Вось толькі і школу даўно збіраюцца зачыніць: у школе, разлічанай на 108 вучняў, усяго 32 вучні, утрыманне вялікага будынка для іх навучання немэтазгодна і аказалася вельмі дарагім, — расказвае Надзея Міхайлаўна Лебедзева, настаўніца малодшых класаў і натхняльнік усіх экалагічных ініцыятыў у школе. — Аднак, нягледзячы на гэта, хочацца, каб і ў вяскоўцаў была магчымасць годна жыць, вучыцца, адпачываць, праяўляць ініцыятыўнасць, рэалізоўваць сябе там, дзе яны нарадзіліся і жывуць. І каб неяк сябе засцерагчы, адчуць сябе больш упэўненымі ў заўтрашнім дні, мы вырашылі павысіць сваёй школе прэстыж і значнасць, а затраты на ўтрыманне дзяцей зменшыць і адначасова зрабіць сваю школу больш камфортнай для саміх сябе.


Надзея Міхайлаўна з калегамі падключылася да школьнага праекта выкарыстання рэсурсаў і праектаў і стала актыўна працаваць у гэтым кірунку — займацца экалогіяй, энерга- і рэсурсазберажэннем.

З 2012 года, у якім школа атрымала статус школы SPARE, зроблена ўжо шмат: атрыманы грант у памеры 4,5 тысячы еўра даў магчымасць замяніць частку старых аконных блокаў на энергазберагальныя шклопакеты, сертыфікат за трэцяе месца ў абласным этапе конкурсу “Энергамарафон-2013” дазволіў замяніць усе лямпы ў школе на энергазберагальныя. Калектыў педагогаў і вучняў школы неаднойчы станавіўся пераможцам у рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах, дзякуючы чаму ўдалося замяніць усе ўнутраныя і вулічныя лямпачкі на энергазберагальныя, памяняць астатнія старыя вокны на шклопакеты. Цяпер зімой у класах больш за 20 градусаў цяпла.

Вядуцца работы па афармленні кабінета экалогіі і энергазберажэння. Каля будынка школы ўстаноўлены кантэйнеры для паасобнага збору другаснай сыравіны і батарэек. Рэгулярна праводзяцца маніторынгавыя мерапрыемствы, на якіх аналізуецца выкарыстанне школай цепла- і энергарэсурсаў. За тры апошнія гады ўдалося павысіць клас энергаэфектыўнасці будынка па міжнародным стандарце з катэгорыі D на C, а па вадзе — з В на А.

Пытанні экалогіі і энергазберажэння педагогі інтэгравалі як у адукацыйную дзейнасць (літаральна на ўсіх прадметах), так і ў пазакласную работу, у інфармацыйныя і класныя гадзіны, у тэматычныя акцыі, экалагічныя гульні, конкурсы. Вучні і педагогі прымаюць удзел у міжнародных акцыях у рамках праекта SPARE, напрыклад, “Сусветная ўборка “Зробім!” і інш. У школе працуе вучнёўскі “Патруль беражлівых”. Вучні самастойна сочаць за тым, каб на перапынках дарэмна не гарэлі лямпачкі, не цякла вада з крана, шчыльна былі зачынены дзверы ў памяшканне. Кожны тыдзень па пятніцах у школе праводзіцца лінейка, дзе побач з вырашэннем бягучых пытанняў падводзяцца вынікі дзейнасці па энергазберажэнні.

Рэгулярна ў школе адзначаюцца экалагічныя даты. Напрыклад, падчас дэкады па ахове азонавага слоя школьнікі прынялі ўдзел у рэспубліканскай віртуальнай віктарыне, абмеркавалі праблемы азонавага слоя, далучыліся да Рэспубліканскага творчага конкурсу паштовак “Экаслоўнік”. Чацвёра вучняў сталі пераможцамі гэтага конкурсу.


Школьныя ініцыятывы ўжо выйшлі са школьных сцен. Школьнікі зрабілі веластаянкі каля пошты, магазіна, бо веласіпеды — гэта самы распаўсюджаны транспартны сродак для вяскоўцаў і яны часта ляжалі проста на зямлі. Сумесна з партнёрам — Цэнтрам экалагічных рашэнняў — школьнікі ініцыіравалі і правялі сярод насельніцтва некалькі праектаў. Напрыклад, тлумачылі і даказвалі мэтазгоднасць збору дажджавой вады для паліву, у пяці вёсках даследавалі калодзежную ваду на ўтрыманне нітратаў. Сітуацыя аказалася сумнай — у ёй нітратаў аказалася вельмі шмат. Пры такой колькасці нітраты пераходзяць у нітрыты, якія выклікаюць анкалагічныя захворванні. І супрацоўнікі з ЦЭР далі свае рэкамендацыі ўладальнікам калодзежаў, як знізіць колькасць шкодных рэчываў.

Школьнікі і настаўнікі падштурхнулі аднавяскоўцаў да таго, каб яны самі добраўпарадкоўвалі свае прысядзібныя ўчасткі, не чакалі дапамогі ад мясцовых улад, а закінутыя сядзібы яны прыбіралі ўсёй вёскай.

Была пустка — стане сад

— Але самая вялікая і непрыглядная пустка была за школай, канстатуе Н.М.Лебедзева. — Пасадзіць там вялікі фруктовы сад мы хацелі яшчэ некалькі гадоў назад, але для рэалізацыі гэтых планаў патрабаваліся сродкі, каб закупіць добрыя сартавыя саджанцы пладовых дрэў і ягадных кустоў. З гэтай мэтай мы разам з Цэнтрам экалагічных рашэнняў прынялі ўдзел у міжнародным конкурсе па праграме малых грантаў Пасольства ЗША з праектам фруктовага арганічнага саду.

І мы выйгралі гэты грант!

На працягу месяца на пустцы ў паўгектара вяліся работы па падрыхтоўцы да пасадкі саду: усёй школай і вёскай высякалі зараснікі кустоў, выкарчоўвалі старыя дрэвы, палолі і падрыхтоўвалі лункі. На выдзеленыя сродкі школа закупіла саджанцы пладовых дрэў і садовае абсталяванне.

Сярод малодшых школьнікаў абвясцілі конкурс дзіцячых малюнкаў “Якім сад бачу я?”. А бачаць хлопчыкі і дзяўчаты яго райскім, так нават і прапаноўвалі яго назваць. Настаўнікі ж на чале з дырэктарам школы лічаць правільным назваць у гонар той, дзякуючы каму з’явілася магчымасць яго стварэння, — садам Надзеі.

Садзілі сад таксама ўсёй школай. Лепшыя вучні школы пасадзілі імянныя дрэвы (дэсертныя грушы). Прыкласці сваю руку і рыдлёўку захацелі і іх сваякі, і звычайныя жыхары.

Арганіка супраць хіміі

Цяпер надзеяй вырасціць сад жыве ўся вёска. Для школы ён павінен стаць магчымасцю папоўніць бюджэт школы, эканоміць сродкі на закупку садавіны, але галоўнае, для многіх гэта яшчэ і эксперымент, які павінен пераканаць, што ўраджай можна атрымаць без хіміі. Каб вырошчваць садавіну без прымянення шкодных для здароўя чалавека і прыроды рэчываў і тэхналогій, школа заручылася кансультацыйнай дапамогай спецыялістаў. Семінары па арганічным садоўніцтве для школьнікаў, педагогаў і ўсіх жадаючых тут перыядычна праводзіць супрацоўнік Цэнтра экалагічных рашэнняў кіраўнік “Арганік школы” Любамір Кляпач.


— Арганічны сад — гэта ўгноеная зямля (мы купілі для запраўлення лунак перагной), правільны падбор сартоў саджанцаў (іх павінна быць шмат, каб быць адно аднаму апыляльнікам, з розным тэрмінам паспявання), з падветранага боку іх павінны закрываць кусты (мы пасадзілі ўжо 100 кустоў маліны). Каб у далейшым не купляць перагной, мы зрабілі кампоставыя скрыні. Каб не прыйшлося весці хімічную барацьбу са шкоднікамі, дзеці разам са сваімі татамі робяць домікі для шпакоў, сініц і іншых карысных птушак. Для божых каровак, якія харчуюцца тлёй, мы будзем будаваць спецыяльныя домікі, нашпігаваныя саломінкамі, якія стануць для іх жыллём, — дзеліцца арганічнымі дасягненнямі Надзея Лебедзева і дадае: — Хто ведае, можа, для некага са школьнікаў догляд саду па-новаму стане захапленнем, а нехта, магчыма, абярэ ў будучыні прафесію садавода ці агранома.

Сярод насельніцтва першымі помочнікамі сталі бацькі вучняў, якія асабліва ўпадабалі семінары па арганічным земляробстве. Яны кансультуюцца ў спецыялістаў падчас іх семінараў на базе школы, як надаць новыя сілы раслінам, пазбавіцца мураўёў, каларадскіх жукоў без хіміі, задаюць свае пытанні па выбары саджанцаў, па прышчэпцы. Мы проста многага не ведаем: нам прасцей купіць каляровы пакецік і папырскаць. А ёсць жа арганічныя рашэнні. Напрыклад, калійнай падкормкай для пакаёвых кветак можа стаць скурка бананаў — дастаткова некалькі дзён настаяць у трохлітровых слоіках з вадой скурку 2—3 бананаў.

Хоць выкараніць звычкі, якія ўсталёўваліся дзесяцігоддзямі, — задача вельмі складаная, усё ж паступова ў людзей фарміруецца новае экалагічнае і сацыяльнае мысленне.

Фруктовы сад замест дзіцячага

Кажуць: “Хочаш рассмяшыць Бога, раскажы яму свае планы”. Але гэтая прыказка зусім не падыходзіць нашым героям, якія не баяцца ставіць высокіх планак і разам іх дасягаць. Ды ў гэтай справе нельга інакш.
Так, пакуль набрыньваюць пупышкі ў чаканні сонца, школьнікі ўзяліся за алоўкі: у самым разгары збор ідэй па стварэнні зоны адпачынку ў садзе.

— Для мяне як кіраўніка занятасць дзяцей — балючая тэма, таму мне прыемна бачыць, як яны вечарамі прыбягаюць самі ў сад з рулеткай, нататкамі, чарцяжамі, плануюць спартыўныя пляцоўкі, клумбы, архітэктурныя формы, — гаворыць дырэктар Таццяна Міхайлаўна Майсеенка. — Прыемна бачыць, як імкнуцца дапамагчы і бацькі, тым больш што працы шмат: зрабіць і расставіць лаўкі, шпакоўні развесіць. Хочацца, каб сад стаў не толькі крыніцай вітамінаў, але і тэрыторыяй для адпачынку, каб нашы сённяшнія вучні некалі прагульваліся з каляскамі па цяністых дарожках. Мы хочам зрабіць і дзіцячую пляцоўку для малышоў. У нас няма дзіцячага садка (бліжэйшы — больш як за 10 кіламетраў ад нас), таму многія дзеці дашкольнага ўзросту проста застаюцца з мамамі дома. Для школьнікаў мы будзем удасканальваць спартыўную пляцоўку, зараз хочам на адкрытым паветры размясціць тэнісны стол. Акрамя таго, мы дамаўляемся з сельскай гаспадаркай, на чыёй тэрыторыі размяшчаецца школа, даць нам у карыстанне яшчэ паўтара гектара зямлі для пашырэння нашага сада і пры неабходнасці і агарода.

Сёння школа поўнасцю сябе забяспечвае бульбай, капустай, морквай, цыбуляй і буракамі, але ўжо з’явілася надзея на пашырэнне (у суседняй старэнькай школе таксама мала дзяцей).

А пакуль жа ўсе планы круцяцца вакол саду. Напрыклад, з апалага лісця тут плануюць рабіць брыкеты для кацельні. Для гэтага лісце будуць змочваць растворам крухмалу і прасаваць. Па словах Н.М.Лебедзевай, па цеплааддачы такое паліва не ўступае дубу і елцы. Прэс для фарміравання брыкетаў збіраецца рабіць мясцовы жыхар, а лісцем, упэўнены ў школе, забяспечыць іх сад. Абмяркоўваюцца і бізнес-планы: напрыклад, з яблыкаў школьнікі збіраюцца гатаваць пасцілу.

Пытанне аб закрыцці школы ўжо не стаіць. Больш за тое, у педагогаў ужо ёсць надзея на ўзбуйненне. Так маленькая школа, якая ў ліку першых у краіне атрымала статус SPARE-школы, стала вялікай пляцоўкай па абмене вопытам у галіне эканоміі рэсурсаў для больш як 40 школ раёна — удзельнікаў шматлікіх семінараў.
— Вы пытаецеся, чаму сваю школу мы называем акном у будучыню? Адказ просты: атмасфера ўстановы прасякнута беражлівасцю, адказнасцю перад людзьмі, якім жыць заўтра. Мы актыўна прыцягваем да ўдзелу насельніцтва рэгіёна, іншыя ўстановы адукацыі, грамадскія аб’яднанні, мясцовую ўладу, сродкі масавай інфармацыі. Учора мы былі першай SPARE-школай у Гомельскім раёне, сёння мы праваднікі эканомных і экалагічных ідэй дзеля таго, каб надышло бяспечнае і здаровае заўтра, — зазначаюць педагогі.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота з архіва школы.