Свята гальштукавага колеру

Амаль стагоддзе 19 мая асацыіруецца з піянерскім гальштукам. Гэты сімвал і сёння звязвае піянераў розных пакаленняў нябачнымі ніткамі сяброўства. Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя адзначае 19 мая Дзень піянерскай дружбы. Сёлета падрыхтавана насычаная святочная праграма ва ўсіх рэгіёнах краіны.


Так, для Мінскай вобласці свята піянерскай дружбы “Раўненне на піянерыю!” прайшло ў чацвер на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу “Курган Славы” і аб’яднала каля 350 удзельнікаў з усіх раёнаў Міншчыны — акцябрат, піянераў, пераможцаў конкурсаў, актывістаў цімураўскага руху, дарослых лідараў, ганаровых гасцей. У гэты дзень у піянерскую арганізацыю ўступілі 80 хлопчыкаў і дзяўчынак з цэнтральнага рэгіёна. Упершыню быў вызначаны лепшы раённы Савет абласной піянерскай арганізацыі. На інтэрактыўных пляцоўках піянеры Міншчыны правялі майстар-класы, спартыўныя спаборніцтвы, гульню “Мястэчкі”, працавала піянерская пошта. Для гасцей прайшла квест-гульня, падчас якой камандам неабходна было сабраць карту Мінскай вобласці, правільна выканаўшы тэматычныя заданні. Завяршылася свята запускам у неба гіганцкай кампазіцыі з белых паветраных шароў з выявай бусла — сімвала Беларусі.

Учора Гродна сабрала каля 300 піянераў рэгіёна ў кінатэатры “Космас”, дзе яны не толькі адпачылі, паглядзелі фільм, але і абмеркавалі свае планы на год. Віцебск сёлета святкуе 95-годдзе Віцебскай піянерскай арганізацыі, таму тут святочным стаў цэлы тыдзень з тэматычнымі інфагадзінамі да Дня піянерскай дружбы, флэшмобамі, конкурсамі фатаграфіі “Піянерскі аб’ектыў” і інш.

Але кульмінацыяй рэспубліканскага свята стануць мерапрыемствы ў Мінску. У парку імя Максіма Горкага праходзіць піянерскі фэст “Зірні на нас па-новаму”. Галоўныя героі дзіцячага свята — больш за 1,5 тысячы піянераў і акцябрат з усіх рэгіёнаў краіны.

Праграма піянерскага фэсту вельмі насычаная. Старт яму даў танцавальны батл “Разам з намі!”. Для творчых, вясёлых і знаходлівых пройдзе конкурс агітбрыгад “Запалі касцёр дабра”. Юных кемлівых турыстаў і падарожнікаў чакаюць цікавыя маршруты па дзіцячым парку і складаныя галаваломкі квеста “Піянерскі GPS”. Дваровыя і піянерскія гульні, аквагрым, каляровыя коскі, роставыя шахматы і многае іншае будзе размяшчацца адначасова на 15 інтэрактыўных пляцоўках.

Яркім акордам дзіцячай урачыстасці стане Першы піянерскі оўпэн-эйр “Піянер.by” з запальнымі музычнымі сэтамі ад модных юных дыджэяў, харызматычных МС, шоу святлодыёдных шароў, сустрэчай з клоўнамі, розыгрышам прызоў, фестывалем фарбаў “Холі”, дыскатэкай і інш.

Святлана НІКІФАРАВА.