Учора ў Бранскай вобласці пачалося доўгачаканае свята турызму і сяброўства, якога цэлы год з нецярпеннем чакалі юныя аматары падарожжаў Беларусі і Расіі, — VI турыстычны злёт навучэнцаў Саюзнай дзяржавы.
Правядзенне гэтага яркага маштабнага мерапрыемства з’яўляецца даўняй традыцыяй (нагадаем, згодна з рэгламентам, два гады запар турзлёт ладзіцца на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі і адзін год — на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь) і выдатнай магчымасцю для юных турыстаў з розных рэгіёнаў Беларусі і Расіі прадэманстраваць здольнасці, уменні, навыкі, абараніць турыстычны гонар сваёй вобласці. Сёлета на злёт прыехалі 7 беларускіх каманд (з кожнай вобласці і Мінска) і 34 расійскія дэлегацыі, усяго больш за 400 чалавек. Акрамя традыцыйных турыстычных конкурсаў, спаборніцтваў, падчас злёту пройдзе, напрыклад, і семінар-практыкум для педагогаў, трэнераў, на якім будуць абмяркоўвацца актуальныя пытанні развіцця вучнёўскага турызму і краязнаўства ў краінах Саюзнай дзяржавы і СНД.
Арганізатарамі турзлёту, які праводзіцца ў адпаведнасці з пастанаўленнем Савета Міністраў Саюзнай дзяржавы, з’яўляюцца Пастаянны камітэт Саюзнай дзяржавы, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Міністэрства адукацыі і навукі Расійскай Федэрацыі, Рэспубліканскі цэнтр турызму і краязнаўства навучэнскай моладзі, Федэральны цэнтр дзіцяча-юнацкага турызму і краязнаўства, адміністрацыя Бранскай вобласці.
Больш падрабязна пра падзеі турзлёту, які скончыцца 11 ліпеня, чытайце ў найбліжэйшым дадатку “Шосты дзень”.
Ігар ГРЭЧКА.
hrechka@ng-press.by