Думаць не толькі галавой, але і… рукамі

Выхаванцы Дзмітрыя Юр’евіча Мосіна, які кіруе гуртком “Аўтамадэліраванне” ў Рэспубліканскім цэнтры тэхнічнай творчасці навучэнцаў, з’яўляюцца аднымі з наймацнейшых у сваім відзе спорту, не першы год яны складаюць самую сур’ёзную канкурэнцыю тым, хто жадае пазмагацца за перамогу. У прафесійных колах, кажуць, ужо затаілі на педагога крыўду, маўляў, пакіньце шанс і другім… Аднак і ў гэтым годзе каманда РЦТТН стала першай у спаборніцтвах па аўтамадэлізме.

Іншым разам бывае дастаткова  паўгадзіны, каб зразумець: перад табой чалавек з уласнай жыццёвай пазіцыяй. Дзмітрыя Юр’евіча вызначае мужчынскі падыход да справы, якога так не хапае сёння нашым падлеткам.

Пра стварэнне першай мадэлі і чамадан будучага сем’яніна

Дарэчы, не толькі школьнікі, а і тыя, хто ўжо выйшаў з узросту юных тэхнікаў, частыя госці ў майстэрні гуртка. Людзі, якія аднойчы адкрываюць для сябе цуд стварэння ўласнай радыёкіруемай мадэлі, якія спрабуюць свае сілы на крутых віражах, застаюцца адданымі справе на доўгія гады. Сёння Дзмітрый Юр’евіч кіруе дзвюма групамі: ад 7 да 14-15 гадоў і ад 15 да 28 гадоў.

“У кожнага з маіх выхаванцаў ёсць сваё рабочае месца, якое яны абсталёўваюць для сябе і пад сябе, — расказвае педагог. — Калі ты заняты справай, вельмі важна ведаць, што, працягнуўшы руку, знойдзеш ключ патрэбнага памеру, адвёртку… Усе хлопцы маюць уласны рабочы інструмент, прычым амаль увесь: ад цвіка да нажоўкі па метале. Агульнымі ў нас з’яўляюцца толькі буйныя рэчы кшалту вялікіх малаткоў і інш.”.

Трэба адзначыць, што з самага пачатку заняткаў аўтамадэліраваннем кожны з хлопцаў пачынае “збіраць” сваю скрыню з інструментамі, з якой потым працуе і ездзіць на спаборніцтвы. Амаль увесь інструмент набываюць бацькі. Дзмітрый Юр’евіч расказвае, што ў гуртку такую скрыню жартам называюць чамаданам будучага сем’яніна: “Мяркуйце самі, там ёсць усё, што патрэбна для хатняй мужчынскай работы. Акрамя таго, мае выхаванцы маюць і адпаведныя навыкі, умеюць усё тое, што павінен умець сапраўдны мужчына!”.

Ужо ў першы год заняткаў гурткоўцы ўласнымі рукамі ствараюць сваю першую радыёкіруемую мадэль. Для гэтага яны вучацца працаваць на такарным, свідравальным, наждачным, фрэзеравальным станках. Толькі пасля выступленняў з мадэллю ў класе РЦБ, дзе аўтамадэлісты дэманструюць фігурнае ваджэнне, педагог разам са сваімі выхаванцамі і іх бацькамі абмяркоўвае пытанне набыцця радыёкіруемай мадэлі прамысловай вытворчасці, з якой можна выступаць на сур’ёзных спаборніцтвах.

“Спаборніцтвы амаль ва ўсіх другіх класах патрабуюць куплёных радыёкіруемых мадэляў, — адзначае мой суразмоўца. — Хаця ёсць удзельнікі, якія выступаюць з машынамі, зробленымі сваімі рукамі. Аднак купіць мадэль — гэта толькі палова справы, куды больш складана яе абслугоў­ваць. Менавіта па гэтай прычыне і я не прыспешваю іх набыццё. Бацькі павінны разумець, ці будзе дзіця займацца, бо выдаткі на гэтае захапленне вельмі вялікія”.

Пра выхаванне не спажыўцоў

Педагогам дадатковай адукацыі не трэба расказваць, як няпроста затрымаць дзяцей у гуртку. Часам іх інтарэсы змяняюцца з павевам ветру, а школьныя заняткі аднімаюць столькі часу, што яго амаль не застаецца на хобі. Дзмітрый Юр’евіч упэўнены: для таго, каб дзеці пры­ходзілі ва ўстановы дадатковай адукацыі, важна, каб ім было цікава, а значыць, патрэбна і самому пастаянна развівацца і любіць сваю справу.

“Я нікога не трымаю ў гуртку, — прызнаецца педагог. — І бацькам раю рабіць выснову, толькі калі дзіця празаймалася не менш за год. У гэты час ужо бачна: зацягнула яго справа ці не. Ну хіба сям’я не падтрымае захапленне, калі дзіця на заняткі проста ляціць? А бывае і так, што дзеці пры­ходзяць 1-2 месяцы і знікаюць. І гэта таксама нармальна, бо аўтама­дэлізм — справа нялёгкая, тут патрэбна думаць, патрэбна працаваць.

Кожны з маіх выхаванцаў павінен ведаць, што і як працуе ў машыне. Я стараюся, каб яны глыбока ўніклі ў сутнасць, нават запчасткі для куплёных мадэляў мы на станках робім самі. Самі ж пры неабходнасці нават фарбуем мадэлі.

Я лічу так: калі хлопец зрабіў дэталь, узяў яе ў рукі і не атрымаў задавальнення, то гэта чалавек, якога складана назваць творцам, хутчэй спажыўцом. Увогуле, сённяшняе пакаленне павінна прымусіць нас задумацца. Гэта дзеці, якім не патрэбна нічога, акрамя камп’ютара. Здавалася б, што ў гэтым дрэннага? Новае стагоддзе, развіццё камп’ютарных тэхналогій… Але большасці сённяшніх дзяцей цікавыя толькі камп’ютарныя гульні, бо яны не патрабуюць адказнасці.

Цяпер так шмат сем’яў распадаецца, і да мяне нярэдка трапляюць хлопцы, якіх выхоўваюць толькі маці. Гэта кідаецца ў вочы адразу, пры першай жа праблеме, першай няўдачы дзеці не спадзяюцца на сябе, а чакаюць, што мама дапаможа. І гурток, дзе можна навучыцца ўсяму, што неабходна мужчыне, у такім выпадку становіцца сапраўдным выйсцем.

На шчасце, бывае і па-іншаму: калі чалавек не ўмее нечага рабіць, але яму вельмі хочацца навучыцца. Тут адразу бачны характар. Напрыклад, адзін з маіх выхаванцаў у сваіх дзевяць гадоў адрамантаваў усе ручкі ў кватэры, усе шафы і паліцы. Усе пальцы малатком адаб’е, але зробіць. У бацькі не заўсёды знаходзіцца час на такія “дробязі”, і мама вельмі рада, што памочнік гадуецца”.

Пра віртуальную і рэальную любоў да справы

“Мне вельмі шкада, што дадатковая адукацыя з’яўляецца быццам бы другаснай у параўнанні з адукацыяй у школе, — працягвае педагог. — Не ўсім дадзена быць тэарэтыкамі, нехта народжаны працаваць рукамі. На жаль, ад таго, што ў нас сфарміраваўся стэрэатып, маўляў, урок — гэта важна, а гурток — не, у многіх дзяцей знікае ініцыятыва. Канечне, у майстэрні не так чыста і прыгожа, як у класным пакоі, мы тут пілуем і габлюем. Я мяркую, што прадмет у тэорыі — гэта віртуальная любоў да справы, а вось калі ты сутыкаешся з алгебрай, геаметрыяй, фізікай на практыцы — гэта любоў рэальная. Чалавек пачынае разумець, як вымярэнні на паперы выглядаюць у рэальным жыцці. Дарэчы, праграмы работы гуртка складаюцца з канкрэтных дзеянняў, дасканалых і паслядоўных. Гэта свайго роду алгарытм, які прымушае чалавека думаць, што ў аўтамадэлізме, як, дарэчы, і ў любым іншых ві­дзе тэхнічнай творчасці, дробязей не існуе”.

Аднак стварэнне мадэлі — гэта толькі адзін бок справы, другі — гэта неабходнасць навучыцца ёй кіраваць. Для пілаціравання высокага ўзроўню патрабуецца не менш як 3-4 гады. Хуткасць тут не жартоўная. Напрыклад, мадэлі пазадарожнікаў разганяюцца да хуткасці 80 км/г, а мадэлі, якія выступаюць у класе “Формула-2”, — і ўвогуле да 140 км/г. Сёння ў Беларусі існуе некалі трас для пілаціравання такіх мадэлей: для шашэйных гонак — у Калінкавічах і ў Бабруйску. Аднак самая вялікая траса для пазадарожных радыёкіруемых мадэлей знаходзіцца ў Мінску ў Рэспубліканскім цэнтры тэхнічнай творчасці навучэнцаў. Звычайны газон тут з цягам часу ператварылі ў трасу багі.

“Навучыць дзяцей кіраваць мадэлямі вельмі складана, — адзначае мой суразмоўца. — Патрэбна на высокай хуткасці ўпісацца ў паварот, узяць трамплін. Дарэчы, у залежнасці ад пакрыцця трасы мяняецца і стыль пілаціравання. Адна справа — вадзіць мадэль па траве і зусім іншая — па трасе, якая пакрыта каўралінам.

А зімой мы ствараем трасу для мадэляў 18 маштабу непасрэдна ў фае цэнтра, шлангамі выкладаем яе контур, а для лепшага счаплення колаў апрыскваем мармуровую падлогу… кока-колай. Прасторнае фае дае нам магчымасць праводзіць спаборніцтвы кожны месяц. Так дзеці трэні­руюць навыкі пілаціравання.

Сёння існуе нямала камп’ютарных гульняў, якія імітуюць пілаціраванне. Аднак што гэта за гульня: націснуў на газ і не думай ні пра што — у цябе 10 жыццяў. А ў рэальнасці: ударыў машыну, і яна зламалася. Мы працуем на спецыяльным імітатары, які з’яўляецца для нас рабочым трэнажорам навыкаў ваджэння. У ім усё — як у жыцці. Акрамя непасрэдна ваджэння, хлопцы самі выбіраюць праграмы загрузкі карбюратара, шоры рызіны і інш.”.

Вынікі работы гуртка не прымушаюць сябе ча­каць. Выхаванцы Дзмітрыя Юр’евіча Стас Янушкевіч, Максім Герасімовіч, Сева Маліцкі і Дзіма Кузьмічоў ужо зарэкамендавалі сябе на спартакіядах школьнікаў “ТэхнаСпорт”, на кубках і чэмпіянатах Беларусі. Максім Масальскі складае самую моцную канкурэнцыю ўдзельнікам чэмпіянатаў Расіі і Украіны па аўтамадэліраванні. Свае поспехі ў спартакіядзе “ТэхнаСпорт” мае і Слава Цэйко, ён з’яўляецца шматразовым прызёрам чэмпіянатаў Беларусі па радыёкіруемых мадэлях.

Гадуецца і новая змена аўтамадэлістаў, якія вучацца думаць не толькі галавой, але і… рукамі.

Наталля АЛЁХІНА.
[email protected]