Сямейная творчая майстэрня

У сярэдняй школе № 33 Магілёва бацькі сталі паўнапраўнымі партнёрамі ў творчым выхаванні іх дзяцей. Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Таццяна Васільеўна Каштанава са сваім праектам “Субота — творчая майстэрня сямейнага вольнага часу” стала пераможцай у намінацыі “Лепшы інавацыйны праект”.

Абгрунтоўваючы менавіта творча-музычную тэму праекта, яго аўтар патлумачыла, што школа пры адкрыцці мела музычна-харавы ўхіл, але і сёння гэты падмурак не страціла, захаваўшы факультатыўныя заняткі музычнай накіраванасці. Музычную адукацыю на іх атрымліваюць 235 навучэнцаў. Менавіта для іх, а таксама іх педагогаў і бацькоў, і ствараўся гэты праект.


“Кірунак сённяшняга нашага праекта стаў лагічным працягам інавацыйнай дзейнасці па рэалізацыі рэспубліканскага праекта па выяўленні і суправаджэнні творча-адораных навучэнцаў, які школа рэалізоўвала тры гады і які толькі што завяршыўся, і цесна пераплёўся з тэмай новага праекта па творчай самарэалізацыі навучэнцаў праз выкарыстанне івент-менеджменту (падрыхтоўка падзейных мерапрыемстваў), які школа толькі пачынае, — гаворыць Таццяна Васільеўна. — Сутнасць “Творчай майстэрні” — далучыць бацькоў да ўсіх мерапрыемстваў шостага школьнага дня, зрабіць іх не гледачамі, а непасрэднымі ўдзельнікамі”.

Увогуле, адзначае педагог, пераацаніць ролю сям’і ў раскрыцці і развіцці дзіцячай адоранасці складана. Менавіта ў сям’і фарміруецца стаўленне бацькоў да неардынарнасці, таленавітасці дзіцяці, ад гэтага ў далейшым будзе залежаць ацэнка дзіцем уласных магчымасцей, стаўленне да свайго таленту. Таму аказанне псіхолага-педагагічнай падтрымкі сем’ям, якія выхоўваюць здольных і адораных дзяцей, з’яўляецца важнай задачай школы. Павышэнню кампетэнтнасці бацькоў у пытаннях развіцця і падтрымкі вучняў спрыяе і напаўненне сайта музычных класаў інфармацыйнымі матэрыяламі, рэкамендацыямі, артыкуламі, кансультацыямі па выхаванні дзяцей.

У шосты школьны дзень праводзяцца ўнутрышкольныя конкурсы “Адгадай віртуоза”, “Гармонік-гаварун”, “Крыштальны ражок”, “Чароўная флейта”. Для работы ў журы запрашаюць бацькоў. Традыцыйна ў суботу праходзіць конкурс вакалістаў у межах гарадскога фестывалю “Муза, віват!”. Штогод творча-конкурсныя вынікі школьных зорачак падкрэсліваюць узровень іх падрыхтоўкі. Толькі ў мінулым навучальным годзе яны прывезлі ў школу 136 дыпломаў, з іх палова — рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўню.


Адзін з ключоў, які аб’ядноўвае вучняў, бацькоў і педагогаў, — арганізацыя культурна-масавых мерапрыемстваў. Па суботах у школе ладзяцца традыцыйныя канцэртныя мерапрыемствы “Пасвячэнне ў музыканты”, “Першыя крокі”, “Апошні акорд”, канцэрты-лекцыі, вечары адпачынку “Нам разам весела”, “Музычная гасцёўня”. Акрамя таго, кожнае метадычнае аб’яднанне ў рамках прадметнага тыдня праводзіць у шосты школьны дзень мерапрыемства для бацькоў, напрыклад, касцюміраваныя музычныя паказы “Цуды з раяля”, “Песня збірае сяброў”, музычна-літаратурную кампазіцыю “Беларусі сінявокай прысвячаю”.

Па меркаванні аўтараў праекта, эфект мерапрыемстваў узрастае, калі ў іх падрыхтоўцы і правядзенні непасрэдны ўдзел прымаюць бацькі. Таму вядзецца сумесная работа сям’і і школы па падрыхтоўцы і правядзенні мерапрыемстваў, у якіх навучэнцы, мамы, таты, дзядулі і бабулі прымаюць актыўны ўдзел, выступаючы ў ролі выканаўцаў, рэжысёраў, сцэнарыстаў, касцюмераў, генератараў ідэй, афарміцеляў, фатографаў. Здараецца, што бацькі прымаюць удзел і ў музычнай падрыхтоўцы дзяцей, бо самі прафесійныя музыканты.

“Некаторыя бацькі сённяшніх выхаванцаў некалі самі заканчвалі нашу школу і атрымлівалі тут першую музычную падрыхтоўку, а потым працягнулі яе прафесійна, — дадае Таццяна Васільеўна. — Ёсць і такія бацькі, якія былі нашымі навучэнцамі, а цяпер з’яўляюцца нашымі педагогамі, а іх дзеці — нашымі навучэнцамі. Таму, безумоўна, ім ёсць чым дапамагчы сваім дзецям і ў музычнай падрыхтоўцы”.

Па словах Таццяны Васільеўны, кансалідацыя творчых намаганняў дае велізарны станоўчы зарад ад такіх мерапрыемстваў, як праект “Падарожжа ў краіну Мультляндыю”, конкурс “Музычныя батлы”, канцэрты “Свет вачыма дзяцей”, “Разам весела гуляць”, “Музычнае асарці”, “Музычнае падарожжа”. Натхняе бацькоў на далейшае супрацоўніцтва і сямейнае музіцыраванне. Дзякуючы гэтаму супрацоўніцтву, у адукацыйным полі ўстановы адукацыі з’явіліся такія нетрадыцыйныя формы работы з бацькамі, як бацькоўскія вечары, бацькоўскія клубы, бацькоўскія рынгі, трэнінгі для бацькоў, дні творчасці бацькоў і дзяцей. Іх правядзенне спрыяе нефармальнаму, нераўнадушнаму дыялогу настаўнікаў і бацькоў і ў канчатковым выніку — паспяховаму вырашэнню агульных задач па выхаванні дзяцей.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота з архіва школы.