Сённяшнім вучням вызначаць будучыню краіны

У адным з папярэдніх нумароў мы паведамлялі пра тое, што 7 верасня на пляцоўцы каля Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі прайшло ўрачыстае адкрыццё рэспубліканскай патрыятычнай акцыі “Я — грамадзянін Беларусі”. Як і абяцалі, расказваем больш падрабязна пра асаблівасці акцыі.

Як паведамілі ў Міністэрстве адукацыі, у сучасных умовах не губляе сваёй актуальнасці важнасць грамадзянска-патрыя­тычнага выхавання навучэнцаў. Педагагічныя намаганні трэба скіроў­ваць на тое, каб выхаваць творчага і таленавітага чалавека, які любіць сваіх родных, свой народ, сваю Радзіму. Для гэтага варта не толькі даць неабходныя веды і ўменні, але і развіваць асабістыя якасці, унутраны свет дзяцей і моладзі, каб яны сталі годнымі грама­дзянамі сваёй краіны. Важная роля тут належыць рэспубліканскай патрыятычнай акцыі “Я — грамадзянін Беларусі”, мерапрыемствы якой разлічаны на 2012—2015 гады.

Акцыя праводзіцца з мэтай удасканалення дзейнасці ўстаноў агульнай сярэдняй, дашкольнай, прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай, вышэйшай адукацыі, дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі па патрыятычным выхаванні навучэнцаў. Асноўныя задачы акцыі заключаюцца ў фарміраванні ў маладога пакалення пачуцця грамадзянскасці, патрыятызму і нацыянальнай самасвядомасці на аснове дзяржаўнай ідэалогіі; рэалізацыі дзіцячых і маладзёжных ініцыятыў як сродкаў грама­дзянска-патрыятычнага выхавання; развіцця ў навучэнцаў навыкаў праектнай дзейнасці, актыўнага далучэння маладых грамадзян да вырашэння сацыяльна-эканамічных, культурных, прававых, экалагічных і іншых праблем; павышэнні ўзроўню духоўна-маральнай, палітычнай, прававой культуры навучэнцаў; папулярызацыі і прапагандзе ў сродках масавай інфармацыі назапашанага вопыту работы па патрыятычным выхаванні.

Вырашацца гэтыя задачы, як плануецца, будуць шляхам актыўнага ўдзелу навучэнцаў у даследаванні, адраджэнні, папулярызацыі, захаванні і добраўпарадкаванні гісторыка-культурных, прыродна-антрапагенных, сацыяльных аб’ектаў Радзімы; духоўнай асветы і культурнага ўзбагачэння прадстаўнікоў маладога пакалення праз пазнанне традыцыйнай матэрыяльнай і духоўнай спадчыны беларусаў; сацыяльна-актыўнай дзейнасці, якая б садзейнічала недапушчэнню сярод моладзі негатыўных сацыяльных з’яў; выкарыстання патэнцыялу маладых грамадзян для ўдзелу ў стварэнні моцнай Беларусі.

Падчас акцыі будзе нала­джана цеснае супрацоўніцтва паміж сістэмай адукацыі і Міністэр­ствам культуры, Міністэрствам спорту і турызму, Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, Міністэрствам інфармацыі, Міністэр­ства працы і сацыяльнай абароны, Міністэрствам аховы здароўя, Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі, іншымі рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага кіравання, рэспубліканскімі грамадскімі аб’яднаннямі. На месцах установам адукацыі варта ўдзяліць асаблівую ўвагу супрацоўніцтву з упраўленнямі адукацыі, культуры, іншых рэгіянальных структур згаданых міністэрстваў і ведамстваў, прадстаўнікамі вучнёўскага і студэнцкага самакіравання, бацькоўскіх камітэтаў, сродкаў масавай інфармацыі.

Арганізацыйнае правядзенне конкурсаў акцыі на першым этапе забяспечваюць установы адукацыі, на другім — аддзелы, упраўленні адукацыі мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, на трэцім — упраўленні адукацыі абласных выканаўчых камітэтаў і Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта, на заключным, чацвёртым, этапе — Міністэрства адукацыі, рэспубліканскія органы дзяржаўнага кіравання. Для падвядзення вынікаў конкурсаў акцыі на кожным этапе ствараецца журы.

Акцыя “Я — грамадзянін Беларусі” складаецца з конкурсаў рэспубліканскай акцыі навучэнскай моладзі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”, мерапрыемстваў, прысвечаных святкаванню 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, мерапрыемстваў, накіраваных на адраджэнне нацыянальных традыцый, захавання духоўна-матэрыяльнай спадчыны, актыўнага далучэння маладых грамадзян да вырашэння актуальных праблем сучаснага грамадства. Неад’емнай часткай акцыі з’яўляецца і арганізацыя яе інфармацыйнага суправа­джэння.

Дзясяткі мерапрыемстваў будуць праведзены падчас акцыі. Сярод іх конкурс-фестываль “Мясціны майго дзяцінства”, конкурс творчых работ “Шляхам добрых спраў”, фотавыстава “Маёй зямлі вянкі сплятаю”, рэспубліканскія акцыі “Выхоўваем патрыётаў Беларусі”, “Дарогамі вызвалення”, “Мы перамаглі!”, рэспубліканскія спаборніцтвы па камп’ютарных гульнях патрыятычнай накіраванасці, рэспубліканскі праект рэгіянальных выстаў дзіцячай творчасці “Таленты зямлі беларускай” устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, рэспубліканскі агляд-конкурс піянерскіх агітбрыгад “Запалі вогнішча дабра!”, рэспубліканскі конкурс экалагічных праектаў “Родная зямля — Беларусь”.

Больш падрабязна пра ход гэтых і іншых мерапрыемстваў вы зможаце даведацца на старонках “Настаўніцкай газеты”. Наша выданне будзе ўдзяляць акцыі самую пільную ўвагу, паколькі, як справядліва было адзначана на яе ўрачыстым адкрыцці, прый­дзе час, і сённяшнія вучні па­чнуць вызначаць будучыню нашай краіны, а яна непасрэдным чынам залежыць ад таго, наколькі паспяхова мы сфарміруем у юных грамадзян Беларусі любоў да роднага краю.

Падрыхтаваў Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.