“Тэатральны альманах”

Менавіта так называецца змена ў НДЦ “Зубраня”, якая аб’яднала 94 навучэнцаў 6—10 класаў — удзельнікаў дзіцячых тэатральных калектываў, пераможцаў абласных, рэспубліканскіх і міжнародных тэатральных конкурсаў і фестываляў. З 18 сакавіка па 7 красавіка юныя акцёры будуць удасканальваць сваё майстэрства, ужывацца ў новыя ролі і вучыцца ў старэйшых калег па сцэне. Кульмінацыяй змены стане рэспубліканскі конкурс “Юныя таленты Беларусі”, у межах якога 13-ы раз пройдзе конкурс пастановак сярод тэатральных дзіцячых калектываў.

На працягу трох тыдняў для юных акцёраў пройдзе амаль прафесійнае навучанне. Так, падцягнуць тэатральныя дысцыпліны хлопчыкі і дзяўчынкі змогуць на занятках аб’яднання па інтарэсах “Акадэмія тэатра”, дзе і ў тэорыі, і на практыцы азнаёмяцца з правіламі тэатральнага этыкету і для акцёраў, і для гледачоў, паспрабуюць развіць свае творчыя, артыстычныя і камунікатыўныя здольнасці, вывучаць асаблівасці ўзаемадзеяння сцэны і гледача, рэжысёра і акцёра.

Пашырыць свае веды пра гісторыю тэатра, сувязь тэатральнага мастацтва з канкрэтнай эпохай і развіццём грамадства дзеці змогуць на факультатыўных занятках “Асновы тэатральнага мастацтва”.

Сваімі прафесійнымі сакрэтамі з малодшымі калегамі падзеляцца прафесіяналы з ліку членаў журы падчас майстар-класаў. Гэта і старшыня журы, актрыса тэатра і кіно, дацэнт кафедры тэатральнага мастацтва БДУКіМ Алена Мікалаеўна Акулёнак, і акцёр тэатра і кіно, тэлевядучы, старшы выкладчык кафедры тэатральнага мастацтва БДУКіМ Валерый Яўгенавіч Кашчэеў, і актрыса тэатра і кіно кіраўнік узорнай тэатральнай студыі “Эцюд” Наталля Яўгенаўна Рачкоўская.

Як расказала Наталія Валянцінаўна Богдзя, метадыст аддзела выхавання НДЦ “Зубраня”, на працягу змены будзе рэалізавана мноства тэматычных мерапрыемстваў. Так, настройваць выхаванцаў на новы дзень штораніцы будуць іх важатыя, знаёмячы з новымі паняццямі з “Тэатральнай азбукі”: ад авансцэны і антрэпрэнёра — да эцюда і яруса. У межах модульнага праекта “Па старонках гісторыі” дзеці даведаюцца пра розныя цікавыя падзеі і факты ў тэатрах свету, напрыклад, пра самую працяглую пастаноўку, якая была ў Расіі і доўжылася больш за суткі.

Конкурс атрадных месцаў “Дэкор-акцыя” таксама тэматычны. Дзеці змогуць прадэманстраваць свае творчыя таленты пры афармленні месцаў у тых жанрах, якія яны выберуць (трагедыя, камедыя ці штосьці іншае), ствараючы своеасаблівы тэатральны міні-куток. Будуць прапанаваны творчыя заданні, такія як “Трэцяе жыццё лямпачкі” (па стварэнні кампазіцыі з прымяненнем… выкарыстаных лямпачак), “Маё жыццё ў коміксах”. Праграму змены напоўняць і вучэбная гульня “Самыя творчыя дзеці”, конкурс прэзентацый атрадаў “ТэатрХайп”, гульнявы мультыпарк, творчае заданне “Аб’ява “Усміхайцеся”.

27 сакавіка будзе адзначацца Сусветны дзень тэатра. Да яго прымеркаваны конкурс тэатралізаваных пастановак “Дабро радаваць павінна”, які плануецца ў выглядзе батлейкі. Пройдуць і шоу-праграмы “Фестываль мастацтваў” і “Міс “Зубраня”, творчае заданне “Лялькі, шарыкі”. Дыскусійны мультыпарк “Спрачаемся? Спрачаемся!” дасць магчымасць дзецям паразважаць пра ролю і папулярнасць тэатра, спрагназаваць яго канкурэнтаздольнасць адносна кінематографа. Працягнуцца разважанні і ў дыскусійных кінаклубах. Юныя даследчыкі адукацыйнага форуму “Вектар на будучыню” прадставяць свае даследчыя праекты “Дзелавы падыход”, у якіх зробяць агляды ўсіх творчых мерапрыемстваў за гэтыя тры тыдні.

Завершыцца змена фінальнай праграмай “Шапіто-шоу”, дзе атрады падвядуць вынікі змены і кожны ў сваім жанры, які яны выбралі ўжо сёння, пакажа тэатралізаваную пастаноўку пра сваё жыццё ў “Зубраняці” і пра настрой, з якім яны паедуць дадому.

“Думаю, удзельнікі гэтай змены, як і іншых, павязуць дадому не толькі добры настрой і прыемныя ўражанні. Можна і сябе новага прывезці, бо, калі ты вучышся расці, развівацца, рабіць самааналіз, пераадольваеш сябе і свае страхі, напрыклад, перастаеш баяцца сцэны, ты кардынальна мяняешся”, — гаворыць Наталія Валянцінаўна.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота прадастаўлены ўдзельнікамі змены.