Цуды пачапаўскай зямлі

Бом… Бом… Бом.. У чарговы раз чуваць здалёк гул царкоўных званоў, які заклікае прыхаджан з усёй ваколіцы на нядзельную малітву. Свята-Пакроўская царква велічна ўзвышаецца на пагорку ў самым цэнтры вёскі Пачапава Баранавіцкага раёна. Храм можна ўбачыць і з вёскі Емяльянавічы, з вёскі Навасёлкі, а званы чуваць значна далей.

Царква была пабудавана ў 1867 годзе з бутавага каменю. Вялікая Айчынная вайна не абмінула святыню. У 1943 годзе яна была спалена. Тое ж ледзь не сталася і з вяскоўцамі. Магчыма, шчырая малітва, якая ішла ад сэрца кожнага верніка, захавала саму вёску і яе жыхароў. На месцы велічнага храма засталіся руіны. Людзі не маглі доўга жыць без агульнай малітвы ў такі цяжкі час, таму богаслужэнні праходзілі ў невялікай капліцы святога Мікалая, якая размяшчалася на старых могілках.
Больш за 60 гадоў настаяцелем у вёсцы Пачапава быў усімі любімы і паважаны бацюшка айцец Георгій Сапун. На жаль, на гэтым свеце яго ўжо няма, але ў памяці людзей, для якіх ён быў прыкладам нязломнай веры, прыкладам вернасці, самаахвярнасці, застанецца назаўсёды. Усё сваё жыццё бацюшка маліў Бога аб адным: хоць адну службу правесці ў адноўленым храме. Аднойчы ў раённай газеце “Наш край” добрыя людзі, будучыя мецэнаты, прачыталі заклік святара адрадзіць святыню. Сродкі на аднаўленне збіралі ўсёй грамадой. Кожны дапамагаў, чым мог: хто ахвяраваў грошы, хто расчышчаў руіны, хто аказваў дапамогу ў будаўніцтве.

Амаль дзесяць гадоў верай і праўдай праслужыў айцец Георгій ужо ў адноўленай царкве. На той момант, калі пачалася рэстаўрацыя, бацюшку было больш за 80 гадоў. І ён кожны дзень зранку да вечара разам з будаўнікамі працаваў не пакладаючы рук. Вялікай радасцю напоўнілася сэрца не толькі айца Георгія Сапуна, але і ўсіх прыхаджан, калі работы па аднаўленні мясцовай святыні былі скончаны.На працягу многіх гадоў царква была аддзелена ад дзяржавы. Аднак і царква, і школа выконваюць адзіную мэту — выхоўваюць духоўна сталага чалавека. У хуткім часе пры храме была адкрыта нядзельная школа, якую наведвалі вучні Пачапаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы. Вучні і бацькі разам з бацюшкам здзейснілі шэраг паломніцтваў. Паездкі па святых месцах пакінулі ў душах дзяцей і дарослых найлепшыя ўражанні.

Найбольш любімыя ў дзяцей святы — Каляды і Вялікдзень. Вучні рыхтуць касцюмы, святочныя вершы, песні, віншаванні. А Дзедам Марозам заўсёды быў сам бацюшка, які раздаваў падарункі дзецям і дарослым. Удзельнікі святочных мерапрыемстваў не толькі праяўлялі свае акцёрскія здольнасці, але і вучыліся быць міласэрнымі, дзяліцца сваім духоўным багаццем з людзьмі. Адной з традыцый мясцовай школы з’яўляецца наведванне Свята-Пакроўскай царквы ў вёсцы Пачапава 1 верасня і 31 мая. Гэтай традыцыі прытрымліваецца і малады бацюшка Віталь Вабішчэвіч. Настаяцель храма моліцца за дзяцей, благаслаўляе выпускнікоў на паспяховую здачу экзаменаў і выбар прафесіі, вучыць быць міласэрнымі да чужога гора, быць добрымі з людзьмі, берагчы сваё жыццё, быць патрабавальнымі ў адносінах да сябе, жыць па запаведзях Божых.

Непадалёк Пачапава знаходзіцца яшчэ адна святыня — Свята-Троіцкая царква ў Вялікай Сваротве. Гэта адна з самых загадкавых пабудоў у мясцовасці, паколькі яна трохкутная. Гэты незвычайны храм не мае аналагаў ні ў Беларусі, ні ў Еўропе. Першыя звесткі аб святыні адносяцца да 1747 года. Пабудова была драўляная і належала ўніятам. Да нашага часу не захавалася нават фрагментаў ад колішняга храма. У 1823 годзе Якуб Незабытоўскі на тым жа месцы пабудаваў трохкутную царкву з бутавага каменю, якая поўнасцю адпавядала архітэктурным асаблівасцям папярэдняй. У час вайны яна была амаль разбурана. Дзякуючы намаганням мясцовага святара Георгія, была адноўлена і гэтая царква.

Наша ўстанова адукацыі працуе над інавацыйным праектам “Цуды роднага краю”. Настаўніцай нямецкай мовы Юліяй Васільеўнай Якімчык створаны відэафільм “Святыя мясціны пачапаўскай зямлі”. Дасканала вывучаецца гісторыя сядзіб, храмаў, гісторыя малой радзімы, сабраны багаты матэрыял мясцовага фальклору. Наша зямля багата цудадзейнымі крыніцамі, гісторыя якіх таксама вывучаецца.

Наталля МАСТОЎСКАЯ,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры
Пачапаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Баранавіцкага раёна.
Фота Юліі ЯКІМЧЫК.