Тураў у Юравічах?

У сучаснай Беларусі шмат увагі ўдзяляецца вывучэнню айчыннай гісторыі як з боку спецыялістаў, так і аматараў. І такая ўвага прыносіць плён. Апошнім часам было выяўлена шмат белых плям у мінулым нашай краіны. А некаторыя атрыманыя факты ўвогуле можна параўнаць з адкрыццём Terra incognita. Гаворка ідзе пра ўнікальныя вынікі археалагічных даследаванняў гарадзішча ў вёсцы Юравічы Калінкавіцкага раёна.

Фота да матэрыяла: Тураў у Юравічах?Вёска Юравічы вядома тым, што тут навукоўцамі ў 1928 годзе была зафіксавана самая старажытная на тэрыторыі Беларусі стаянка чалавека, якая ўзнікла 26 тысяч гадоў назад. Знаходзілася яна на заходнім схіле вялікага ўзвышша Мазырскай грады за тры кіламетры ад ракі Прыпяці. Вышэй ад згаданай стаянкі каменнага веку ў 1931 годзе археолагі зафіксавалі гарадзішча эпохі Кіеўскай Русі. У 1965 і 1975 гадах яго даследаваў навуковец Уладзімір Ісаенка. З 2004 года і да нашых дзён яго вывучае археолаг Алег Іоў. За шмат гадоў сваіх даследаванняў Алег Іоў прыйшоў да нечаканай высновы. Другі па значнасці ў старажытнарускія часы горад на тэрыторыі Беларусі Тураў узнік і нейкі час існаваў на месцы юравіцкага гарадзішча! Дарэчы, першы ўспамін аб ім прыпадае на 980 год.

І сапраўды, калі ўважліва прааналізаваць шэраг фактаў, з лёгкасцю ў гэта верыцца. Па-першае, вялізнае гарадзішча знаходзіцца каля Прыпяці, вядомай як гуляючая рака, і раней яна магла працякаць яшчэ бліжэй. Па-другое, уражвае плошча самога ўзвышша, дзе існаваў старажытны горад. Па-трэцяе, паблізу працякала невялічкая, зараз ужо меліяраваная рачулка з красамоўнай назвай Тур’я, якая і магла даць назву гораду. Але ж самыя пераканаўчыя высновы з’яўляюцца пры вывучэнні слядоў былога велічнага паселішча і знойдзеных у яго нетрах і паблізу артэфактаў.

На ўзгорку, вышыня якога дасягае 30 метраў ад узроўню Прыпяці, можна бачыць сляды земляных умацаванняў былога горада, агульная плошча якога дасягае 7—8 га. Як гаворыць Алег Іоў, плошча старажытнага гарадзішча на тэрыторыі сучаснага Турава складае толькі 3 га. Пры ўважлівым разглядзе юравіцкага гарадзішча можна зафіксаваць тры сектары. Першы, добра ўмацаваны валамі і равамі значных памераў, складае адзін гектар. Гэта дзядзінец, дзе жыў князь і яго дружына. Другая частка, вакольны горад, мае плошчу каля 6 га. Яна таксама мела ўмацаванні, але меншыя. Тут жылі гандляры і рамеснікі. А трэцяя частка горада, якая стаіць на асобным, конуснай формы ўзгорку, была не ўмацавана. Яна сёння сярод мясцовых жыхароў завецца царковішчам. Гэта падказвае, што тут знаходзілася нейкая культавая пабудова. На гэтым узгорку таксама можна бачыць значных памераў штучную яму правільнай формы, дзе, верагодна, адбывалася хрышчэнне. Алег Іоў кажа, што паблізу павінны былі знаходзіцца яшчэ і пасады, якія знаходзіліся не ў межах бачнага сёння горада.

Асаблівую цікавасць выклікаюць знойдзеныя на юравіцкім гарадзішчы артэфакты. Адных толькі фрагментаў посуду, зафіксаваных Алегам Іовам, налічваецца каля пятнаццаці тысяч. Пераважная большасць з іх адносіцца да ІХ — першай паловы ХІ стагоддзя. Гэта не кажучы пра яшчэ больш каштоўныя, адзінкавыя рэчы побыту, рамеснай дзейнасці, культавага характару, вайсковай справы, якія падкрэсліваюць значны статус горада.

Фота да матэрыяла: Тураў у Юравічах?Сёлета ў археалагічных даследаваннях юравіцкага гарадзішча вырашылі паўдзельнічаць школьнікі-валанцёры са Старадарожскага раёна, каб убачыць на свае вочы веліч старажытнага горада. Валы, вышынёй 4 м, равы, глыбінёй 3 м, разнастайныя знаходкі пераканалі, што ў Юравічах на мяжы Х—ХІ стагоддзяў існаваў не звычайны горад, а сталіца нейкага княства. Дарэчы, падчас раскопак дзядзінца былі выяўлены сляды старажытнага жытла, а пры ім — жалезны ключ і абліцоўванне замка, што, па словах архео-лага Алега Іова, з’яўляецца адзінкавымі знаходкамі такога кшталту на тэрыторыі Беларусі. Таксама ў раскопе былі знойдзены ўнікальны металічны крыжык, шкляныя пацеркі, фрагменты посуду канца Х — сярэдзіны ХІ стагоддзя.

Навуковец упэўнены, што менавіта на юравіцкім гарадзішчы ўзнік і першапачаткова існаваў старажытны Тураў як сталіца князя Святаполка Яраполчыча, пазней празванага Акаянным. “Сучасны Тураў, які даследаваў навуковец Пётр Лысенка, — расказвае Алег Іоў, — не мог узнікнуць раней за другую палову ХІ стагоддзя, аб чым сведчыць узрост знаходак. Яны датуюцца сярэдзінай ХІ—ХІІІ стагоддзем. А Тураў узгадваецца ў летапісах у 980 годзе. Пераважная ж большасць знаходак у Юравічах якраз і прыпадае на гэты час. Горад, які тут быў, знік у першай палове ХІ стагоддзя”. Што ж здарылася з такім вялікім горадам?

Навуковец кажа, што Тураў быў захоплены Яраславам, празваным пазней Мудрым, падчас барацьбы са Святаполкам за ўладу ў Кіеве. Яраслаў паланіў мясцовую эліту і перасяліў у іншыя месцы. Просты люд разбегся, а пазней ён заснаваў сучасны Тураў у больш аддаленым ад Кіева месцы сярод дрыгвы. Дарэчы, пра нейкі знішчаны і вельмі важны для Святаполка горад паведамляе сучаснік тых падзей нямецкі летапісец Цітмар Мерзебургскі ў сваёй хроніцы: “Тым часам Яраслаў (Iarizlavus) гвалтам захапіў нейкі горад, які належаў яго брату, а жыхароў узяў у палон”.

Атрымліваецца, што і цэнтр Тураўскай епархіі, якая ўпершыню згадваецца ў 1005 годзе, узнік на месцы юравіцкага гарадзішча і знаходзіўся на тым месцы, якое сёння называецца царковішчам.

Зразумела, што навукоўцам вырашаць, чыя версія аб месцы першапачатковага ўзнікнення старажытнага Турава больш сапраўдная — Пятра Лысенкі ці Алега Іова, але мне падаецца, што ў новых падручніках па гісторыі павінна прыводзіцца і адна, і другая.

Віталь ЮРЭВІЧ,
настаўнік гісторыі сярэдняй школы № 2 Старых Дарог.
Фота аўтара.