Школе патрэбны бацькі

Каб выхаванне асобы было гарманічным, а адукацыйны працэс — паспяховым, трэба, каб сям’я і школа працавалі ўзгоднена. І менавіта педагогі як спецыялісты ў адукацыі павінны ініцыіраваць узаемадзеянне з бацькамі, будаваць зносіны з улікам іх запытаў, ступені актыўнасці і ўзроўню псіхолага-педагагічнай кампетэнтнасці. Настаўнікі мусяць развіваць і вучыць бацькоў.

Праблема ў тым, што на пытанні пра работу з бацькамі гатовых адказаў няма. Многае залежыць ад інтуіцыі і майстэрства педагога, ад падрыхтаванасці мамы і таты, сітуацыі ў сям’і. Не ўсе бацькі адгукаюцца на імкненне педагога да супрацоўніцтва, таму настаўніку прыйдзецца праявіць цярпенне і мэтанакіравана шукаць рашэнні кожнай канкрэтнай праблемы.

Школа павінна наладзіць інфармаванне бацькоў пра сваю дзейнасць. Бацькі навучэнцаў сярэдняй школы № 4 Клімавіч могуць даведацца пра школьнае жыццё з матэрыялаў сайта школы, публікацый у раённай і абласной газетах. Акрамя гэтага, мы праводзім круглыя сталы і выпускаем фотакалажы пра мерапрыемствы, што адбыліся ў школе.

Агульнашкольныя і класныя бацькоўскія сходы настаўнікі скарыстоўваюць, каб пашырыць веды бацькоў пра выхаваўчы працэс. Так, сацыяльны педагог Ала Анатольеўна Дадалева выступае з дакладам “Роля сям’і ў прафілактыцы супрацьпраўных паводзін навучэнцаў”, педагог-псіхолаг Юлія Аляксандраўна Архангельская расказвае пра ролю сям’і ў падрыхтоўцы навучэнцаў да экзаменаў і ў выбары прафесійнай будучыні, а класны кіраўнік 7 “Б” класа Караліна Яўгенаўна Шумакова — пра гендарную сацыялізацыю дзяцей у сям’і і г.д.

У школе праводзяцца індывідуальныя і групавыя кансультацыі для бацькоў, бацькоўскія трэнінгі і рынгі, псіхалагічныя размінкі. Прайшлі канферэнцыі “Правы і абавязкі дзіцяці ў сям’і”, “Стылі і метады выхавання дзіцяці ў сям’і”. Асобныя аспекты жыцця сям’і разглядаліся падчас практыкуму “Вырашэнне канфліктных сітуацый”, ролевых гульняў “Раніца ў нашай сям’і”, “Сямейны савет”, лекцый “Распарадак дня школьніка”, “Узроставыя асаблівасці малодшых школьнікаў”. Для фарміравання ўсвядомленага бацькоўства і роўнага ўдзелу абодвух бацькоў у выхаванні дзяцей працуе клуб “Сямейны лабірынт” пад кіраўніцтвам сацыяльнага педагога Алы Анатольеўны Дадалевай. Да псіхолага-педагагічнай асветы бацькоў далучаюцца спецыялісты розных напрамкаў: урачы, інспектары ДАІ, ІСН, супрацоўнікі РАНС.

У школьнай бібліятэцы для бацькоў сабрана цэлая калекцыя кніг і матэрыялаў па выхаванні.

Педагагічны калектыў ініцыіруе сумесную дзейнасць бацькоў і вучняў: конкурсныя праграмы “Мамы і дочкі”, “Таты і сыночкі”, выставы сумесных работ бацькоў і дзяцей “Ствараем разам з мамай”, спартыўныя мерапрыемствы “Стартуем разам з мамай”, “Тата, мама, я — спартыўная сям’я”.

У рабоце з бацькамі вельмі важна, каб яны адчувалі, што патрэбны школе. Таму мала сустракацца з імі ад свята да свята, трэба мець цэлае кола спраў, у якіх не абысціся без актыўнага ўдзелу бацькоў.

Калі такое супрацоўніцтва наладжана, сям’я і школа бачаць дзіця з розных бакоў і ў розных сітуацыях, як вынік — лепш разумеюць яго індывідуальныя асаблівасці, эфектыўней дапамагаюць у развіцці здольнасцей і фарміраванні жыццёвых арыенціраў.

Марына НОВІКАВА,
настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 4 Клімавіч.