У аб’ектыве — птушыны банкет

Сёння і заўтра ў Беларусі праходзіць рэспубліканская акцыя “Птушкі ля кармушкі”. Гэтае імкненне грамадскай арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны” далучыць людзей да назіранняў за дзікай прыродай і да клопату пра птушак кожны год аб’ядноўвае ўсё больш людзей. Нягледзячы на тое, што сёлета зіма ўпарта адмяняе снег і маразы, актуальнасці акцыя не губляе. У гэтыя выхадныя тысячы школьнікаў дзяжураць каля сваіх птушыных кармушак з ласункамі і фотаапаратамі.

Арнітолагі з сярэдняй школы № 9 Слуцка.

— Хоць у бясснежныя зімы птушкам прасцей, чым у заснежаныя і марозныя, тым не менш у халады птушкам, асабліва дробным, усё роўна няпроста, таму мы заклікаем усіх паклапаціцца пра птушак. Акрамя таго, гэта магчымасць прыадкрыць для сябе свет дзікай прыроды, паназіраць за птушкамі, убачыць усю іх разнастайнасць у сябе на кармушках. Калі бяжым штораніцы на работу ці вучобу, не паспяваем заўважыць вакол сябе птушак. Многія лічаць, што, акрамя вераб’ёў і сініц, побач з намі не жывуць іншыя птушкі, некаторыя не могуць адрозніць варону ад грака. Насамрэч, наша Беларусь вельмі багатая на птушак: усяго ў нас зафіксаваны 333 іх віды, і многія з іх жывуць побач з чалавекам, прылятаюць ласавацца на нашы кармушкі. Гэта і таўстадзюбы, і сойкі, і дзятлы, і гілі, і іншыя, — гаворыць Алеся Башарымава, спецыяліст па сувязях з грамадскасцю АПБ.

У гэтым даўно ўпэўніліся ўдзельнікі клубаў АПБ “Крылаты дазор”, якіх у нашай краіне больш за сто. Многія з іх на сёння і заўтра склалі графікі дзяжурстваў, каб ласункі заўсёды былі ў птушынай сталоўцы і каб сабраць усе партрэты візіцёраў у свой аб’ектыў.

— Многія людзі падкормліваюць птушак круглы год, бо птушкам падкормка ніколі не бывае лішняй, асабліва зімой. Напрыклад, насякомаедныя птушкі абмежаваны ў харчаванні незалежна ад зімовых прагнозаў, бо насякомых зімой усё роўна мала, таму кавалачак несалёнага сала заўсёды будзе для іх жаданым ласункам, — гаворыць арнітолаг і спецыяліст па прыродаахоўных пытаннях АПБ Сямён Левы і адзначае, што можна не проста чакаць сюрпрызаў у выглядзе рэдкага госця на кармушцы, але і планаваць іх, складаючы адпаведнае меню.

Так, Сямён адзначае, што дубаноса, вераб’я, зелянушку, снегіра, вялікую сініцу, лазараўку, попаўзня можна прывабіць несалёнымі нясмажанымі сланечнікавымі семкамі, просам, аўсом. Не адмовяцца яны і ад нясмажанага арахісу. А вось дрозд-рабіннік, чорны дрозд, амялушка будуць чакац­ь сакавітых кармоў: яблы­каў, свежых ці нават сушаных рабін, дзявочага вінаграду, каліны і іншых ягад. Можна зрабіць так: замясіць тугое цеста з маргарыну і мукі, дабавіць проса, семкі і гэтым цестам начыніць сасновую ці яловую шышку. На такі ласунак-шышку з ахвотай прыляцяць у першую чаргу дзятлы: сірыйс­кі, стракаты, малы, сівы і іншыя яго віды. Ні дзятлы, ні сініцы не адмовяцца ад свежага несалёнага сала. Яго кавалачкі можна нані­заць на цвікі па краях кармушкі, прывязаць да галінкі або падвесіць у сетцы. Увогуле, чым больш разнастайны корм, тым больш шансаў убачыць разнастайных гасцей.

— Але трэба таксама разумець, што далёка не ўсё, што ёсць у нашых кухонных шафах, будзе карысна птушкам, — тлумачыць Сямён Левы. — Напрыклад, нядаўна па тэлебачанні бачыў сацыяльную рэкламу, дзе герой, распакоўваючы пачак смажаных семак і высыпаючы іх птушкам, заклікае гледачоў далучацца. Насам­рэч, смажаныя і салёныя семкі шко­дзяць здароўю птушак. Многія любяц­ь карміць птушак хлебам, хаця і хлеб, і нават сухія крошкі прынясуць птушкам больш шкоды, чым карысці. Самая бясшкодная для птушак звычка людзей — сы­паць у птушыныя кармушкі грэчку, рыс і іншыя цвёрдныя крупы, бо ні адна птушка дзяўбці іх прос­та не будзе.

Для ўдзелу ў акцыі неабходна 18 або 19 студзеня палі­чыць віды і колькасць птушак на сваёй кармушцы на працягу га­дзіны і даслаць даныя ў арганізацыю “Ахова птушак Бацькаўшчыны”. Гэта можна зрабіць, запоўніўшы спецыяльную форму на сайце. Акрамя таго, можна даслац­ь паведамленне ў сацыяльных сетках. Таксама прапануецца размясціць фатаграфіі кармушкі ў сацсетках з хэштэгам #птушкі і загрузіць іх у спецыяльны альбом ва “УКантакце”. Аўтараў самых цікавых здымкаў чакаюць сувеніры ад арганізатараў.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Жанны ВАЛЕТКА.