Летнія канікулы — той самы час, калі школьнікам хочацца не толькі бесклапотна адпачыць, але і атрымаць асалоду ад незабыўных прыгод. Таму нехта разам з бацькамі едзе на марскія курорты, нехта — да бабуль і дзядуляў у вёску, а нехта накіроўваецца ў летнікі, дзе выхаванцы знаходзяцца пад кантролем педагогаў і дзе для іх распрацаваны цікавыя разнастайныя праграмы.
Ёсць яшчэ кола дзяцей, якім не вельмі падабаецца праводзіць ночы на мяккіх ложках у летнікавых пакоях пад пільным наглядам выхавальнікаў. Іх вабяць турысцкія палаткі, песні пад гітару пад зорным небам і ўвогуле рамантыка яднання з прыродай. Вось менавіта для такіх дзяцей, сапраўдных рамантыкаў, у Старадарожскім раёне на працягу пяці гадоў пры раённым Цэнтры турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі арганізуецца турыстычны летнік з археалагічным ухілам.
Наш летнік — адзін з нешматлікіх на тэрыторыі краіны з археалагічным ухілам і адзіны на Міншчыне, таму і ўвага да яго вялікая, як з боку журналістаў перыядычных выданняў, радыё і тэлебачання, так і з боку жыхароў раёна. На працягу пяці гадоў было праведзена сем змен, праз якія прай-шло больш за сотню школьнікаў. Гэта можна лічыць станоўчым вынікам, улічваючы, што Старадарожскі раён з’яўляецца адным з самых маленькіх па колькасці жыхароў на тэрыторыі Мінскай вобласці. Выхаванцы — дзеці рознага ўзросту з рознымі ведамі аб асаблівасцях археалагічных раскопак і іх важнасці. Сярод іх ёсць тыя, хто ўпершыню ўдзельнічае ў раскопках. За імі заўсёды смешна назіраць, гледзячы, як яны з неверагодным імпэтам рыдлёўкамі літаральна ўгрызаюцца ў зямлю, спадзеючыся за некалькі ўзмахаў адкапаць Вавілон ці Трою з іх незлічонымі багаццямі. Хутка такі імпэт заканчваецца.
Сярод удзельнікаў летніка хапае і тых, хто не прапусціў ніводага года археалагічных даследаванняў. Такіх можна смела называць “ветэранамі”. Гэтыя выхаванцы ўжо добра ведаюць тэхналогію раскопак, і даваць ім нейкія парады часам проста няма сэнсу, бо яны робяць гэта амаль прафесійна. Да такіх “зуброў” сваёй справы можна аднесці Веру Давыдаву, Насцю Дарэнскіх, Паўла Крыгера, Вольгу Прэдчанка, Мікіту Сакава, Андрэя Юрэвіча, праз рукі якіх прайшло шмат зямлі і знаходак.
На працягу ўсіх гэтых гадоў пад кіраўніцтвам старшага навуковага супрацоўніка НАН Беларусі кандыдата гістарычных навук Алега Вільгельмавіча Іова ў Старадарожскім раёне даследаваліся курганы — старажытныя пахаванні славян-дрыгавічоў.
Землі Старадарожскага раёна лічыліся глыбокай правінцыяй. Адсутнасць буйных рэк, вялікая колькасць лясоў, непралазная дрыгва, адарванасць ад буйных цэнтраў давалі ўсе падставы навукоўцам меркаваць, што на гэтых землях нельга знайсці што-небудзь значнае. Апошні раз, калі не першы, раскопкі на Старадарожчыне праводзіліся М.Янчуком і М.Мышанковым напрыканцы ХІХ стагоддзя. З таго часу засталіся толькі паведамленні аб іх ходзе і знаходках, але ж самі знаходкі зніклі.
Такім чынам, археолагу Алегу Іову, які спецыялізуецца на вывучэнні славян на тэрыторрыі Паўднёвай Беларусі, стала справай гонару даказаць навуковай грамадскасці, што землі сучаснай Старадарожчыны не былі нейкім адсталым рэгіёнам. Тут ва ўсю віравала жыццё, як і ў іншых месцах, дзе пражывалі славяне-дрыгавічы. Лес, які займае значную частку раёна, на думку навукоўца, закансерваваў для далейшых даследаванняў многія археалагічныя аб’екты. І вось у гэтай справе вялікую дапамогу Алегу Іову аказалі навучэнцы з розных школ Старадарожчыны.
Увогуле, многія з сучасных жыхароў выказваюцца супраць таго, каб руйнаваць насыпаныя пахаванні нашых продкаў. Але што рабіць, калі помнікі археалогіі разбураюцца пры правядзенні сельскагаспадарчых работ, нарыхтоўцы ці пасадцы лесу альбо “чорнымі капальнікамі”. А каб знайсці нейкія дадатковыя звесткі аб жыцці нашых продкаў, неабходна праводзіць такія археалагічныя акцыі.
З 2010 года ў Старадарожскім раёне было даследавана дзесяць курганоў, а таксама часткова старажытнае паселішча першай паловы першага тысячагоддзя. І сапраўды, як меркаваў Алег Іоў, навуковыя даследаванні кожны год прыносілі чарговыя цікавыя знаходкі. Так, у першы год падчас раскопак сямікласнік Арцём Усік нечакана трапіў на сярэбраны пярсцёнак у выглядзе абвітых дратоў. Як патлумачыў здзіўленым навучэнцам навуковец, ён такіх пярсцёнкаў ніколі не сустракаў у Беларусі, а серабро мае вельмі высокую якасць і хутчэй за ўсё было прывезена з Арабскага халіфата.
У наступным годзе быў раскапаны курган, які, як вызначылася, з’яўляўся магілай славянскага ваяра. Каля нябожчыка была знойдзена баявая жалезная сякера, а на пальцы — сярэбраны пярсцёнак, што сведчыць аб паходжанні жаўнера. Са слоў навукоўца Алега Іова, гэтая баявая сякера ледзь не адзінкавая ў гэтых мясцінах, бо паблізу нічога са зброі археолагі не знаходзілі. Галава нябожчыка была праломлена, а паблізу быў знойдзены кавалак скандынаўскага посуду. Усё гэта дало падставу меркаваць, што пахаваны быў забіты падчас вайсковага сутыкнення і забіць яго маглі вікінгі, якія нярэдка рабавалі ўсходнеславянскія землі.
Не абышлі бокам сенсацыйныя знаходкі археолагаў і ў наступным годзе з пераносам месца даследаванняў. Калі ў першым небагатым кургане каля нябожчыка быў знойдзены вялікіх памераў пахавальны гаршчок, то ў другім рукі Насці Дарэнскіх трапілі на сярэбраныя ўпрыгажэнні багатай жанчыны. Яны настолькі цікавыя і вытанчанай работы, што фотаздымкі з імі маглі б упрыгожыць любы падручнік. Але ж самай незвычайнай знаходкай была нітка, на якую былі нанізаны сярэбраныя і шкляныя пацеркі з Міжземнамор’я, з вярблюжай воўны, якая магла трапіць сюды таксама толькі з Арабскага халіфата.
У наступныя гады пры вывучэнні новага дрыгавіцкага могільніка таксама былі выяўлены цікавыя рэчы. Так, у першым пахаванні былі знойдзены рэшткі спарахнелай труны, а на касцяку нябожчыка — ажно чатыры сярэбраныя пярсцёнкі. Тут самым удалым шукальнікам быў прызнаны Мікіта Сакаў. У другім жа кургане былі выяўлены рэшткі трох чалавек, што не зусім звычайна для пахавальнага абраду дрыгавічоў. Магчыма, людзі памерлі ў адзін час гвалтоўнай смерцю (пажар ці забойства). Касцякі дзвюх — ростам больш за 160, аднаго — 120 сантыметраў. Адзін вялікі ростам і другі малы былі пакладзены на захад, туды, куды адыходзіць сонца, а значыць, памірае жыццё. Яшчэ адзін пахаваны быў пакладзены галавой на ўсход. Чаму так — трэба будзе вызначыць Алегу Іову, але ўжо ў акадэмічных умовах. Разам з нябожчыкамі былі знойдзены сярэбраныя пярсцёнкі, замежная шкляная пацерка, а таксама два гліняныя гаршчкі, на дне аднаго з іх быў салярны знак.
Усе знаходкі, выяўленныя юнымі археолагамі са Старадарожскага раёна пад кіраўніцтвам кандыдата гістарычных навук Алега Іова, даследуюцца ў Акадэміі навук і, безумоўна, маюць значную гістарычную каштоўнасць. Знойдзеныя артэфакты, асаблівасці пахавальных традыцый ужо сёння даюць падставу навукоўцу сцвярджаць, што пераважная большасць дрыгавіцкіх пахаванняў была насыпана на мяжы Х-ХІ стагоддзяў, у час калі на гэтых землях яшчэ панавала паганства з яго багатай культурай, але пачынае распаўсюджвацца хрысціянства. Насельніцтва гэтых зямель не было адсталым, як лічылася дагэтуль, а мела сталыя гандлёвыя і культурныя кантакты з жыхарамі іншых зямель, аб чым сведчаць знойдзеныя рэчы з Арабскага халіфата, Скандынавіі і Міжземнамор’я. І ў гэтым на свае вочы змаглі пераканацца школьнікі са Старадарожчыны, якія прымалі актыўны ўдзел у археалагічных даследаваннях. За гэты час дзеці даведаліся шмат цікавага аб гісторыі сваёй краіны, атрымалі першыя навыкі даследчай дзейнасці, навучыліся некаторым сакрэтам сацыяльных адносін і самае галоўнае — цікава і з карысцю правялі частку летніх канікул.
Для таго каб гэты час прайшоў сапраўды цікава, прыклалі сваё педагагічнае майстэрства такія настаўнікі, энтузіясты сваёй справы, як Вячаслаў Іванавіч і Алена Аляксандраўна Прэдчанка, Сяргей Віктаравіч Гонаў, Віталь Анатольевіч Юрэвіч. Жыццё лагера сапраўды было цікавым і разнастайным. Штодзень для выхаванцаў намаганнямі педагогаў ладзіліся спаборніцтвы, шматлікія конкурсы і іншыя мерапрыемствы. Кожную змену дзяцей наведвалі з выступленнямі артысты, цікавыя людзі. Напрыканцы работы летніка дзеці самі арганізоўвалі канцэрты, а таксама атрымлівалі падарункі на памяць у самых розных намінацыях. Пяць гадоў турыстычна-археалагічны летнік дорыць станоўчыя эмоцыі і яскравыя ўспаміны сваім выхаванцам. І хочацца спадзявацца, што гэта не ў апошні раз!
Віталь ЮРЭВІЧ,
настаўнік гісторыі вышэйшай катэгорыі старадарожскай сярэдняй школы № 2.