Вакол свету за 80 дзён для 2021 года — гэта занадта доўга. А вось за 18 дзён — выдатна. Мнагапрофільны лагер з дзённым знаходжаннем “Вясёлка” пры Брэсцкім дзяржаўным абласным цэнтры маладзёжнай творчасці паказвае сваім выхаванцам розныя краіны і прапаноўвае на дзень пагрузіцца ў іх культуру. Што з гэтага атрымліваецца, чытайце ніжэй.
Алімпіяда, Шэрлак, бодзі-арт
1 чэрвеня пачалося завочнае і незвычайнае кругасветнае падарожжа брэсцкіх школьнікаў па краінах і кантынентах. 2 чэрвеня быў Дзень сяброў: прайшлі адкрыццё лагернай змены, прэзентацыя атрадаў і адпраўленне ў падарожжа. 3 чэрвеня дзеці наведалі першую краіну — Грэцыю. Там якраз праходзіла адкрыццё малых Алімпійскіх гульняў (як пашанцавала!). Цырымонію вялі грэчаскія багі: Зеўс, Артэміда, Афіна, Праметэй і Апалон. Алімпіяда не лічылася б сапраўднай, калі б там не запалілі алімпійскі агонь i не вынеслі сцяг з алімпійскімі кольцамі. Дапоўнілі атмасферу паказальныя выступленні атрадаў па розных відах спорту.
— У мяне атрад танцораў, таму мы ставілі танец, рабілі спартыўныя піраміды, — кажа выхавальніца атрада “5 элемент” Марыя Луцюк. — Трэніроўкі былі няцяжкімі, бо дзеці вельмі зацікавіліся працэсам. Рыхтавалі нумар прыкладна два дні. Хлопчыкам даверылі сілавыя элементы, дзяўчынкам — сінхронныя танцавальныя.
Скончылася мерапрыемства флэшмобам, падчас якога ўсе танцавалі сіртакі, і вясёлым футболам, калі выхавальнікі ў касцюмах клоўнаў, казачных персанажаў і іншых цікавых істот гулялі супраць дзяцей.
4 чэрвеня — новая паездка, у Вялікабрытанію. Дзень прайшоў пад дэвізам “Элементарна, Ватсан!”, і дзяцей чакаў квест “Шэрлак Холмс”. Другі лагерны тыдзень пачаўся з наведвання Індыі, краіны, дзе над усім выладараць сэрца, колер, фарбы і ўсмешкі. Атрад быў падзелены на дзве часткі: адна малявала на асфальце, а другая займалася бодзі-артам.
— На асфальце мы намалявалі віды спорту, уключаныя ў Алімпійскія гульні, алімпійскія кольцы, напісалі розныя хэштэгі, — расказвае выхавальніца атрада “Інтэрнэт” Настасся Іваненка. — Замацавалі нашу творчасць песняй “Няхай заўсёды будзе сонца!”. Малюнак прадумвалі загадзя, за хвілін 15 да выхаду. Намалявалі яго на лісце А4, а ўжо ў працэсе дапаўнялі новымі элементамі. Пры стварэнні бодзі-арта адны дзеці казалі свае пажаданні (напрыклад, хочуць матылька), а іншыя спрабавалі гэта выканаць. Мае выхаванцы ў асноўным прасілі намаляваць баскетбольныя мячы і кошыкі.
Аркестр, Калізей, мода
8 чэрвеня дзеці адправіліся ў Аўстрыю. Гэтая краіна вядомая як адзін з сусветных цэнтраў музычнай культуры, таму выхаванцы з’ездзілі ў госці да сімфанічнага аркестра Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы. Спецыяльна для юных слухачоў удзельнікі аркестра падрыхтавалі праграму па венскай класічнай музычнай школе, пазнаёмілі з кампазітарамі Моцартам, Гайднам, Штраўсам і Мендэльсонам, расказалі, якія інструменты выкарыстоўваюцца ў аркестры і хто яго складае. 9 чэрвеня быў дзень Італіі. Краіну адрознівае мноства вядомых будынкаў: Пізанская вежа, Калізей, галерэя Уфіцы, Міланскі сабор і інш. Выхаванцы паспрабавалі стварыць Італію з нуля, выкарыстоўваючы… кардонныя каробкі.
Некаторыя творчыя задачы спартсменам выконваць не так проста, як астатнім дзецям. Але з часам яны набіраюцца вопыту, раскрываюцца і пачынаюць праяўляць ініцыятыву. Так атрымалася ў атрадзе баскетбалістаў з тэатральным напрамкам. Па сутнасці, дзеці навучаюцца новаму профілю.
Пры такім насычаным графіку паездак засумаваць па доме вельмі лёгка, таму 10 чэрвеня дзеці на дзень вярнуліся ў Брэст. Яны схадзілі ў Брэсцкі абласны краязнаўчы музей, бліжэй пазнаёміліся з гісторыяй горада, а ў канцы адбылося пасвячэнне ў брэстаўчан. 11 чэрвеня быў прысвечаны Францыі і модзе. Кожны атрад рыхтаваў да паказу калекцыю з пяці касцюмаў.
— Нам трапілася тэма сабора Парыжскай Божай Маці, — дзеліцца выхавальніца атрада “Дружба” Святлана Шрэйдар. — Першая асацыяцыя — раман Віктора Гюго, таму мы зрабілі касцюмы Эсмеральды і капітана каралеўскіх стралкоў Фэб дэ Шатапера на сучасны лад. У 2019 годзе сабор гарэў, і мы вырашылі прысвяціць частку калекцыі гэтай падзеі — так з’явіліся касцюмы агню і попелу. На спіну мадэлям мы прыляпілі аб’яву аб зборы сродкаў на рэканструкцыю Нотр-Дам-дэ-Пары. А апошняя мадэль адлюстроўвала арган.
Амаль усё неабходнае адзенне выхаванцы знайшлі ў касцюмернай цэнтра. Эсмеральду апранулі ў колеры сцяга Францыі — у сінюю блузку, чырвоную доўгую спадніцу і белыя красоўкі. Капітана — у белую кашулю, джынсы і касуху. Касцюм агню — гэта аранжава-чырвоная сукенка і намаляваны агеньчык на капелюшы, касцюм попелу — мужчынская чорная вопратка. Дзяўчынка-арган апранула белую сукенку, якую ўпрыгожылі папяровымі клавішамі.
Казкі, “Оскар”, Перамога
14 чэрвеня дзеці “паехалі” ў Расію, дзе адбылося надзвычайнае здарэнне: Баба Яга пераблытала ўсе казкі, і атрымаліся цалкам новыя і вельмі забаўныя, напрыклад, “Залатая рыбка і Тугарын змей”, “Калабок і сямёра казлянят”. Атрадам трэба было прыдумаць, што магло адбывацца ў такіх казках.
— Мы пісалі казку пра Машу і церамок. Дзеці прадумалі магчымыя сцэнарыі, прынеслі некалькі варыянтаў, мы выбралі лепшы, вызначыліся з акцёрамі і ролямі, падабралі касцюмы і пачалі рэпеціраваць, — кажа выхавальніца атрада “Пунсовыя ветразі” Таццяна Кравец. — Гісторыя атрымалася такая: у лесе жыла дзяўчынка Маша, яна была вельмі шкадлівая, ні з кім не хацела сябраваць і дзяліцца. Жыла ў сваім церамку і любіла рабіць запасы на зіму: марынаваць грыбы, гатаваць варэнне з ягад. Калі яна бачыла, што хтосьці спрабаваў сарваць ягадку ці грыб, дзяўчынка яго праганяла. Прайшло крыху часу і аказалася: у Машы было столькі слоікаў з запасамі, што яны пачалі псавацца. Яна, не ведаючы пра гэта, наелася сваіх запасаў, і ёй стала дрэнна. Дзяўчынка ляжала ў сваім доміку і плакала. Яе плач пачуў Зайчык, зазірнуў у церамок і ўбачыў, што Маша ляжыць на падлозе. Зайчык пабег па дапамогу, дзяўчынку вылечылі, і яна зразумела, што нельга быць такой прагнай і шкадлівай, трэба з усімі сябраваць і мець зносіны.
15 чэрвеня дзень прайшоў пампезна, таму што дзеці адправіліся на прэстыжную прэмію “Оскар” у Галівуд, ЗША. У пачатку змены атрады атрымалі па жараб’ёўцы жанры сваіх будучых 5-хвілінных ролікаў, якія потым паказалі на прэміі. Атмасфера амаль не саступала арыгінальнаму мерапрыемству: чырвоная дарожка, прагляд фільмаў і, канечне, уручэнне статуэтак.
— Мы рабілі відэа ў жанры дэтэктыў. Вырашылі паказаць гісторыю з сучаснага жыцця: бацькі сыходзяць у госці, у дзяцей пачынаецца вечарынка, і здараюцца ўсялякія непрыемнасці, — дзеліцца выхавальніца атрада “Незабудкі” Вольга Смагіцель. — У нашым атрадзе дзеці рабілі ўсё самі: пісалі сцэнарый, здымалі, падбіралі музыку, манціравалі. Выхавальнікі іх толькі суправаджалі. Нам казалі: “Трэба зняцца на мосце” — і мы разам туды ішлі.
16 чэрвеня выхаванцы “наведалі” Шар-сквер шоу ў Афрыцы. Дзеці гулялі з рознымі шарамі, удзельнічалі ў конкурсах. 17 чэрвеня ў Японіі прайшло закрыццё малых Алімпійскіх гульняў, дзе адбыліся вялікая спартландыя і ўзнагароджанне самых-самых. Старшы выхавальнік лагера Валерый Султанаў расказвае, што дзяцей часцей узнагароджваюць па намінацыях, а не за 1-е, 2-е і 3-е месцы — так кожны адчувае сваю важнасць і карысць. 18 чэрвеня выхаванцы ўвесь дзень былі ў Брэсцкай крэпасці-героі, дзе для іх правялі экскурсію. 21 чэрвеня яны адправяцца ў мінулае — у старадаўнюю Беларусь: станцуюць фальклорныя танцы, паўдзельнічаюць у конкурсе беларускіх абрадаў, пройдуць квест. 22 чэрвеня дзеці перанясуцца ў часы Вялікай Айчыннай вайны і наведаюць мабільны музей “Цягнік Перамогі”, які ўключае 9 экспазіцыйных вагонаў. 23 чэрвеня дзень прысвецяць Беларусі сучаснай і Беларусі будучыні. Для выхаванцаў пройдуць конкурсы “Міс лагера” і “100 ідэй для Беларусі”. 24 чэрвеня — закрыццё змены, урачыстая лінейка і ўзнагароджанне лепшых нумароў і выступленняў за ўсю змену.
Дадатковыя пытанні
Агульналагерныя мерапрыемствы праходзяць пасля абеду, а да абеду дзеці займаюцца па профілях. Узорны ансамбль эстраднага танца “Прэстыж” і ўзорны ансамбль народнага танца “Крынічка” танцуюць, шахматысты гуляюць у шахматы, баскетбалісты — у баскетбол, мастакі малююць і г.д. Усяго лагер наведваюць 120 чалавек. Пасля профільных заняткаў дзеці дзеляцца на тры групы: першая займаецца спортам, па магчымасці на вуліцы, другая ўдзельнічае ў гульнявых праграмах, трэцяя ідзе ў інтэлектуальную гасцёўню, дзе працуе з псіхолагам.
— Да абеду выхаванцы атрымліваюць спіс пытанняў, на якія павінны адказаць як мага хутчэй. За гэта можна атрымаць дадатковы бал. Пытанні звязаны з краінай, дзень якой праходзіць. Напрыклад: “Партугальскаму мараплаўцу для гэтага спатрэбілася 3 гады, англійскаму арыстакрату 80 дзён, а хто першы зрабіў гэта за 108 хвілін?” Такія заданні дапамагаюць выхаванцам бліжэй пазнаёміцца з іншай культурай, гісторыяй і геаграфіяй, — кажа Валерый Султанаў.
Старшы выхавальнік лагера прызнаецца, што вылучыць адну краіну, якая найбольш спадабалася дзецям, немагчыма. Дзякуючы адказным педагогам і рознатэматычным дням усе падарожжы становяцца незабыўнымі. Ды і дзеці сваёй актыўнасцю робяць наведванне чарговай краіны больш яркім, чым планавалася.
Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота з архіва лагера “Вясёлка”.