У суаўтарстве з прыродай

Фарбы, формы, гукі, водары прыроды надзвычай разнастайныя. Узяўшы на ўзбраенне фантазію, навучэнцы Антона Станіслававіча Дземідовіча быццам набываюць новы зрок: у кожнай кветцы, карчы, галінцы вучацца бачыць прыгажосць і непаўторны вобраз. 15 гадоў аб’яднанне “Лясная скульптура” было гонарам Навагрудскага раённага эколага-біялагічнага цэнтра, а з гэтага навучальнага года будзе збіраць разам юных аматараў прыроды ў толькі што адкрытым Навагрудскім раённым цэнтры творчасці дзяцей і моладзі.

Паходы з творчай нагоды

Антону Станіслававічу, які з’яўляецца кіраўніком аб’яднання з дня яго заснавання, удалося не толькі самому спасцігнуць майстэрства працы з прыродным матэрыялам, але і навучыць свайму рамяству навучэнцаў. Педагог знаёміць іх з гісторыяй зараджэння лясной скульптуры ў нашай краіне і развіццём разьбы па дрэве, з асноўнымі прыёмамі працы з прыроднымі матэрыяламі і драўнінай, з дрэваапрацоўчымі інструментамі. Каб пашырыць мастацкі кругагляд і замацаваць пройдзены матэрыял, хлопчыкі і дзяўчынкі разам з педагогам ходзяць у музеі, на выставы, цэнтры народнай творчасці. Каб бліжэй пазнаёміцца з прыродай і напоўніць неабходным для работы матэрыялам шафы кабінета, якія хутка пусцеюць, яны ладзяць экскурсіі да мясцовых вадаёмаў і ў паркі, у лес, які шчыльна акружае ўвесь Навагрудак.

Дзевяцігадовы Іван Рымко ўсяго за чацвёра вераснёўвых заняткаў упэўніўся, што знайшоў справу па душы: “Асабліва мне падабаецца нарыхтоўваць матэрыял. Я і раней гуляў на свежым паветры, часта бываў у лесе, але ніколі не заўважаў, што ляжыць пад нагамі. Дакладней, заў­важаў, але раней карчы, сухія галіны на сцежках былі хутчэй перашкодай — стараўся за іх не зачапіцца, пераступіць. Цяпер жа яны — мае знаходкі і даюць новыя ідэі для работ”.

Кампанію Івану складае і малодшы на год брат Міша: па дарозе з лесу яшчэ адна пара рук не бывае лішняй. Ды і потым, калі хлопцы разбіраюць свае знаходкі і прыдумваюць, што з іх можна зрабіць, ідэй атрымліваецца ўдвая больш.

Яўген Вырко таксама любіць лес, асабліва, прызнаецца, яго пах.Спадарожнікам у лес, асабліва ў грыбную і ягадную пару, з задавальненнем становіцца яго бабуля, на Антона Станіслававіча Жэня ўскладвае больш значныя надзеі: “У мяне ёсць малодшая сястра, і я часта раблю для яе цацкі. Галоўнае, каб яны не былі небяспечнымі. І якраз прыродны матэрыял, які так пахне лесам, найлепш падыходзіць для цацак. Думаю, у гэтым гуртку я зраблю іх шмат”.

Дзіма Логіш такса­ма лю­біць ства­раць прак­тычныя рэ­чы сваі­мі ру­ка­мі, на­прык­лад, шпа­коў­ні, але ў майстэрні Антона Ста­ніслававіча шукае ўнікальнасць: “Мне падабаецца, што ў гэтым гуртку можна рабіць бясконцае мноства розных рэчаў і ніколі не будзе аднолькавых. Пакуль я толькі вучуся і раблю простыя работы, але Антон Станіслававіч абяцаў пазней навучыць нас рабіць больш складаныя, напрыклад, вялікія пано. А там можна шмат чаго цікавага прыдумаць”.

Пустазелле — на п’едэстал

“Я вучу дзяцей бачыць незвычайнае ў звычайным, развіваць фантазію, любіць прыроду. Мы ніколі не шкодзім прыродзе і збіраем толькі тое, што сваё аджыло: апалыя лісты, сухія галіны, — расказвае педагог. — Яшчэ трошкі — і пачнуць падаць каштаны. З іх мы будзем рабіць чалавечкаў, жывёл, птушак. Тут фантазіі ёсць дзе разагнацца. Потым будзем тварыць з шышак, з кукурузных лістоў. Асабліва падабаецца дзецям з курурузы рабіць кветкі, плеценыя рэчы. Шмат чаго можна зрабіць з капаў — мудрагелістых нарастаў на дрэвах. Асабліва прыгожыя па структуры могуць быць капы на бярозе, ясені, чарэшні. Шмат матэрыялу нарыхтоўваю я сам, асабліва летам падчас адпачынку. На сваім агародзе вырошчваю варсянку, піжму, палын, мардоўнік, геліхрызум, які ў народзе называюць бяссмертнікам, і інш.”.

У працах педагога знайшлі прымяненне не толькі дэкаратыўныя расліны, але і пустазелле. Непрыгожыя на першы погляд расліны пераўвасабляюцца ў яго працах, надаючы ім асаблівы шарм. У яго руках нават небяспечны баршчэўнік ператвараецца ў твор мастацтва. Каб не было апёкаў, сцёблы педагог зразае толькі сухія, леташнія. Замочвае іх, металічнымі шчоткамі вычышчае, падкрэсліваючы іх структуру. Апрацаваныя сцёблы пераўтвараюцца ў вазы, падстаўкі для алоўкаў, рамкі для фотаздымкаў і нават музычныя інструменты.


Самы незвычайны — шум дажджу, або флейта дажджу. Унутры полага сцябла баршчэўніка Антон Станіслававіч утыкае размешчаныя па спіралі зубачысткі. Сцябло напаўняе сачавіцай і закрывае верх і ніз. Пры пераварочванні гэтага інструмента сачавіца, удараючыся аб зубачысткі, утварае гук, падобны да журчання вады. Такі этнічны інструмент стаў папулярны ў гурткоўцаў.

Упадабаў такі этнічны інструмент і яго сын, які, як і маці, стаў музыкантам і іграе на народных духавых інструментах. Некалькі гадоў назад ён разам са сваімі сябрамі прыняў удзел у Рэспубліканскім конкурсе музыкантаў і заняў 2-е месца. У дадатак да дудачак, жалеек, валынкі, акарыны і інш., у фінале гучала і флейта дажджу з баршчэўніку.

Ды і самі работы педагога часта атрымліваюць высокую ацэнку. Працы Антона Станіслававіча ўпрыгожылі шматлікія раённыя выставы, прымеркаваныя да мерапрыемстваў. Сярод апошніх — Рэспубліканскі экалагічны форум, выставы-продажы ў Віцебску, прымеркаваныя да Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар”, гарадскія і абласныя выставы, выстава ў Гродне, прымеркаваная да свята Нацыянальных мастацтваў, дні горада ў Навагрудку, Баранавічах і інш. Стараюцца не адставаць ад педагога і яго выхаванцы.

Дзецям, незалежна ад полу, узросту, падабаецца ў гуртку Антона Станіслававіча. І хоць хлопчыкі больш упэўнена пілуюць, габлююць, апрацоўваюць пні, затое дзяўчынкі больш чаруюць над дызайнам.

Дарэчы, прыродны матэрыял цікавы не толькі малодшым школьнікам, але і старэйшым. Праўда, для іх значна ўскладняецца праграма, і старшакласнікі працуюць з разцамі, аздабляючы свае творы разьбой, робяць шматкампанентныя пано.

“Мне падабаецца працаваць з дзецьмі, якія па некалькі гадоў займаліся ў мяне, — гаворыць педагог. — Ім недастаткова ўбачыць, як я раблю пэўны выраб, і паўтарыць гэта. Яны яшчэ ў лесе прыдумваюць, што з чаго можна зрабіць, і ўвасабляюць ужо свае ўласныя фантазіі. Увогуле, абудзіць фантазію — гэта адна з маіх мэт як кіраўніка. Праўда, калі ў групе збіраецца 12 чалавек і, як часта бывае, больш, гэта складана. Увогуле, мне здаецца, што для аб’яднанняў прыкладнога характару больш мэтазгодна фарміраваць меншыя групы”.

Па словах Антона Станіслававіча, да працы над прыродным матэрыялам можна падыходзіць па-рознаму. У адным выпадку дастаткова толькі знайсці сучок і, адгадаўшы закладзены ў яго прыродай вобраз, узняць на падстаўку, у іншым жа — скульптурныя кампазіцыі збі­раюць па загадзя складзеным эскізе. Сабраны матэрыял і крыху фантазіі заўсёды падкажуць, як дзейні­чаць у тым ці іншым выпадку. Прырода не так ужо часта падае нам больш ці менш канкрэтны вобраз. Таму так важна асэнсаваць, дадумаць і апрацаваць знаходку, а для гэтага часам патрабуецца значная праца.

Сакрэты адчыненых дзвярэй

“Антон Станіслававіч умее і любіць гутарыць з дзецьмі, жартуе, расказвае цікавыя гісторыі, — тлумачыць папулярнасць гуртка свайго калегі педагог цэнтра Ніна Вікенцьеўна Скшэнская. — У нашым горадзе штомесяц прахо­дзяць выставы народных майстроў, якія шыюць, вышываюць, майструюць і інш. І Антон Станіслававіч заў­сёды водзіць сваіх выхаванцаў на гэтыя выставы, знаёміць з рознымі відамі творчасці, з рознымі тэхнікамі. Ён і сам рамеснік і разам з Навагрудскім цэнтрам творчасці часта выязджае на выставы і ў межах Беларусі, і па-за імі, а пасля такіх паез­дак яму ёсць што абмерка­ваць з гурткоўцамі. Дзверы ў яго кабінет не зачыняюцца ні ў будні, ні ў выхадныя, ні падчас канікул. Пасля заняткаў ён гуляе ў тэніс з дзецьмі, да вясны носіць і частуе дзяцей і калег яблыкамі са свайго саду.

Ён заўсёды знаходзіць сабе справу. Так, у яго даўно выраслі дзеці і падраслі ўнукі, а ў гаспадарцы засталіся вялікія санкі. Ён іх падварыў, падрамантаваў і прынёс у цэнтр. І гара, якая была побач з цэнтрам, ажыла — кожны вечар, пакуль не сышоў снег, з гары спускаліся дзеці. Штогод у нас прахо­дзіць конкурс скульптур са снегу. Штогод у ім прымаюць удзел літаральна ўсе навучальныя ўстановы горада — школы, ліцэі, каледжы. Акрамя падвядзення вынікаў, гэта нагода для ўсіх любавацца і снежнымі скульптурамі, і зімовым горадам, яго прыродай, гуляць па плошчах і вуліцах, па прышкольных тэрыторыях. Увогуле, задача Антона Станіслававіча — рабіць усё, каб толькі дзеці не сядзелі дома ля экранаў”.

Сёння Антон Станіслававіч Дземідовіч працягвае рада­ваць сваіх падапечных, калег, сяброў і знаёмых сваімі работамі. Педагог далучае навучэнцаў да вывучэння прыроды роднага краю, дапамагае бачыць нават у самых простых і часам непрыкметных рэчах нешта незвычайнае, тым самым паказваючы прыгажосць і ўнікальнасць беларускай прыроды.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.