Іўеўскі памідор

Іўе — адзін з дзівосных гарадоў Беларусі. Калі сучасная Беларусь славіцца чысцінёй, то Іўеўскі край здаўна славіўся сваімі агародніннымі традыцыямі. Зарадзілі іх татары, якія спрадвеку жывуць тут, а затым да гэтай справы далучыліся і астатнія мясцовыя жыхары. Зараз у прыватным сектары Іўя цяжка знайсці падворак, дзе б не было цяпліцы. Вырошчванне агародніны, сярод якой галоўную ролю адыгрывае памідор, для многіх ужо стала ладам жыцця. Цяпер агароднінныя традыцыі перавялі і ў культурную плоскасць. 9 верасня Іўе прыняло першы рэгіянальны фестываль, уся святочная праграма якога была прысвечана сакавітай, апетытнай агародніне — памідору.

Пачалося свята прыгожым шэсцем. Ад цэнтра да набярэжнай прайшло мноства сімвалаў фестывалю. Адзін з “памідораў” нават пракаціўся на рэтраматацыкле.

Асноўныя мерапрыемствы разгарнуліся на набярэжнай горада. На свяце прысутнічаў муфтый Мусульманскага рэлігійнага аб’яднання ў Рэспубліцы Беларусь Абу-Бекір Шабановіч. Ён нарадзіўся і рос тут, таму не па чутках ведае, якая цяжкая праца таго, хто працуе на зямлі.

Кіраўніцтва раёна паўдзельнічала ў сімвалічным закручванні першага слоіка таматаў новага ўраджаю. Гэта, напэўна, стане адной з традыцый новага фестывалю.


На свяце працавала некалькі інтэрактыўных пляцовак. Юныя госці свята прынялі ўдзел у конкурсе на лепшы агароднінны карнавальны касцюм “Міс Памідорка” і “Містар Памідор”, у якім паспаборнічалі і навучэнцы нашай установы адукацыі — Іўеўскага ясляў-сада — пачатковай школы. Дзякуючы творчаму падыходу да працы музычнага кіраўніка Вольгі Генрыхаўны Жураўскай, група “Памідоркі чэры” са сваім нумарам стала пераможцай у намінацыі “Лепшы памідорны калектыў”. Касцюмы дзяцей выдзяляліся сваёй арыгінальнасцю і прыгажосцю, а іх звонкія галасы нікога не пакінулі абыякавымі і, здавалася, змаглі дасягнуць нават самых аддаленых ускраін горада.

Свята паспрабавалі зрабіць яшчэ і смачным. У Іўі згатавалі трохметровы бутэрброд з памідорамі. Старт дадзены, а рэкорды па памеры можна біць кожны год.

З ліку тых, хто займаецца вырошчваннем агародніны, выбралі галоўнага ў Іўеўскім раёне “Памідорнага ўладара сяла”. Быў праведзены і конкурс на самае арыгінальнае агароднае пудзіла. Падчас спартыўна-таматных спаборніцтваў “Сіньёр Памідор — наш вялікі чэмпіён” адбыўся турнір па кіданні памідораў, а таксама памідорны дартс. Прайшоў дэфіле-конкурс “Веласіпедная памідорынка”.


На адной з інтэрактыўных пляцовак было арганізавана катанне на поні па мянушцы Лексус, які знаходзіцца на ўтрыманні ў нашай установе адукацыі. Не толькі дзеці, але і дарослыя атрымалі зарад весялосці і бадзёрасці, велізарнае задавальненне ад такой незвычайнай прагулкі ўздоўж набярэжнай возера на ўпрыгожаным поні.

Прадоўжылася свята яркім канцэртам з выканаўцамі беларускай эстрады і таматнай дыскатэкай. Кульмінацыяй жа “памідорнага” дня стаў запуск у неба яго галоўнага сімвала.

Новае свята прынесла вялікае задавальненне і радасць не толькі жыхарам, але і гасцям нашага горада. А мы ўпэўнены, што брэндавае свята можа стаць яшчэ адной візіткай Іўеўскага раёна.

Фаціма САФАРЭВІЧ,
Святлана ЮРУШ,
настаўніцы Іўеўскага ясляў-сада — пачатковай школы.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*