У згодзе з прыродай

Нягледзячы на тое, што тэрмін “пермакультура” для беларускіх эколагаў не новы, убачыць на свае вочы яе ўвасабленне пакуль вялікая рэдкасць. Арганізацыяй пермакультурнага асяроддзя беларусы зацікавіліся некалькі гадоў назад, але рэалізацыя на практыцы пачынаецца толькі зараз. Адным з пачынальнікаў на Беларусі стаў Раман Мельнічэнка. Першыя яго поспехі ўжо паспелі здзівіць не толькі навучэнцаў навакольных школ, але і замежных турыстаў.

Людзі на балоце

Тэрыторыя творчасці маладога чалавека знаходзіцца на Віцебшчыне, у глыбінцы Глыбоччыны ў жывапісным месцы, якое некалі было вёскай Маргі. Яму 24 гады, за плячыма ўсяго толькі базавая адукацыя бліжэйшай адсюль Падсвільскай сярэдняй школы, але тым не менш ён здолеў стаць паспяховым бізнесменам спачатку ў Мінску, а потым у Маскве. Але цяга да прыроды ўзяла сваё. Кінуўшы ўсё тры гады назад, менавіта тут, сярод лясоў і балот, Раман і знайшоў сябе.
— Мне хацелася развіць альтэрнатыўную сельскую гаспадарку, садаводства і агародніцтва і, як вынік, турыстычную базу, дзе б любы жадаючы змог на свае вочы ўбачыць кардынальна іншыя адносіны да прыроды, — гаворыць Раман. — Хацелася максімальна прыблізіцца да дзікага асяроддзя пражывання і стварыць мікраклімат для развіцця біяразнастайнасці расліннага і жывёльнага свету. Мясцовы ландшафт — лясы, балоты, лугі, азёры — цудоўна для гэтага падыходзіць.
Безумоўна, аднаму рэалізаваць такія смелыя планы нерэальна. Але ў яго ёсць каманда — малодшы брат Руслан і маці Святлана Сцяпанаўна.

Эксклюзіўны заапарк

На тэрыторыі сядзібы, якая сёння складае восем гектараў, замест цагляных пабудоў — пераносныя індзейскія ціпі, замест асфальтавых дарожак — сцежкі, а замест пакошаных газонаў — жывы луг. Няма тут і агароджаў. А пра тое, што тут незвычайны лес, гасцям гавораць гукі не толькі лясных птушак і жывёл, але і свойскіх. Праўда, большасць з іх не ўбачыш на сялянскіх падворках, напрыклад, стадных курэй пароды Арэхавая Бентамка ці выведзеных індзейцамі курэй Араукана. Летам тутэйшыя куры спяць прама на соснах, харч знаходзяць самастойна, могуць лятаць, уцякаць ад драпежнікаў, а калі трэба — і за сябе пастаяць. Асаблівыя пароды і качак, гусей, якіх толькі ўмоўна можна назваць свойскімі, па сутнасці, яны — продкі дзікіх. У галубятні жывуць некалькі дзясяткаў белых паштовых галубоў. Асабліва радасна сустракаюць гасцей сабакі пароды хаскі — адной з самых дружалюбных у свеце парод.
— Гэта сусветна вядомыя нянькі, — знаёміць з сабакамі Раман. — Чукчы пакідаюць з імі нават немаўлят: ім хаскі не дадуць ні змерзнуць, ні заплакаць. І, безумоўна, яны прыродныя ездавыя сабакі. Для дзяцей, якія бываюць у сядзібе, гэта самая любімая забава.
А дзеці тут апошнім часам бываць сталі часта. І першымі заўзятарамі сталі выхаванцы Падсвільскага цэнтра турызму і краязнаўства Глыбоцкага раёна.
— Нягледзячы на тое, што мы жывём у сельскай мясцовасці, свойскіх жывёл нашы жыхары амаль не трымаюць, у лепшым выпадку ў гаспадарцы ёсць куры, — гаворыць дырэктар цэнтра Людміла Васільеўна Марговіч. — Таму такая сядзіба, дзе можна ўбачыць адразу столькі жывёл, — цудоўная магчымасць для нашых дзяцей атрымаць асалоду ад зносін з імі. І нашы выхаванцы з задавальненнем прыязджаюць сюды. Пабывалі тут навучэнцы многіх школ раёна. Некаторыя сюды толькі збіраюцца, уносяць экскурсіі па сядзібе ў планы школьных летніх лагераў.
Доўга не адыходзяць юныя госці сядзібы ад альпійскіх коз, якіх гаспадар прывёз з Амерыкі, дзікіх камерунскіх коз, бліжэйшых родзічаў коней-тарпанаў, якія вольна адчуваюць сябе на выдзеленых шасці гектарах.
Прыцягваюць дзяцячую ўвагу і борці, у якіх жывуць дзікія пчолы — іх школьнікі могуць убачыць хіба толькі ў кніжках. Раман не толькі займаецца бортніцтвам, але і праводзіць эксперыменты ў самастойна спраектаваных вуллях. Напрыклад, каб не рабіць лішнюю работу, замест магазіна з рамкамі ў вулей ставіць фанеру з круглымі, па дыяметры гарлавін, адтулінамі і ў іх укручвае слоікі. Пчолы ў слоіках самі робяць соты, танюсенькія, ажно празрыстыя, і напаўняюць іх духмяным ласункам.
Раман марыць, каб яго госці змаглі ўбачыць у гэтых лясах і птушак. Праўда, для гэтага трэба правесці куды больш маштабную працу.
— Для жыцця птушкам трэба дзве ўмовы: жыллё, дзе б яны выводзілі патомства, і харчаванне, — тлумачыць Раман. — Першае забяспечыць прасцей: каб заклікаць пэўную птушку, дастаткова зрабіць адпаведную дуплянку. Для кожнага віду птушак — сініц, мухаловак, соў — свая канструкцыя, розны дыяметр лятка і іншыя нюансы. Сёння ў нас дзясяткі розных дуплянак, прычым не толькі для птушак, але і для вавёрак, кажаноў. Ужо сёння мы зрэдку бачым тут рэдкіх для беларускіх лясоў птушак, напрыклад, арла, зялёнага дзятла. Каб іх можна было ўбачыць гасцям, мы плануем пабудаваць аглядныя пляцоўкі. Замежныя арнітолагі часта прыязджаюць да нас менавіта на фотапаляванне. А каб птушкам было чым харчавацца, мы павінны прадаставіць не монакультурныя лясы, а іх разнастайнасць, што ў сваю чаргу паслужыць домам не для некалькіх, а для соцень відаў насякомых. Канечне, для гэтага патрэбны гады. Мы ўжо залажылі ў сваім гадавальніку каля 180 гатункаў дрэў — лістоўніц, клёнаў, асін, дубоў, грабаў і інш. І гэта толькі палова з запланаваных. Плануецца, што рассаджваць іх мы будзем на тэрыторыі ў трыста гектараў. Безумоўна, трыма парамі рук гэта зрабіць складана. Дапамагаюць нам валанцёры з Расіі, ЗША, Францыі, Германіі, Аўстрыі, Ізраіля, Кітая, Аўстраліі і нават краін Афрыкі.

Здаём жыллё… насякомым

Адпачынак на прыродзе традыцыйна асацыіруецца ў кожнага з нас з камарамі, а калі паблізу балоты, то яшчэ і з аваднямі. Калі чалавек ведае, як ад іх уратавацца — тут расце цэлая зялёная аптэка, і з пахучых траў ён можа лёгка прыгатаваць сабе рэпелент, то жывёлам цяжэй. Актыўнасць аваднёў можа каштаваць ім жыцця. Каб іх абараніць, Раман выстаўляе на ўсёй тэрыторыі, асабліва там, дзе пасуцца коні, арыгінальныя пасткі. Яны ўяўляюць сабой конус з цыраты, да якога прымацаваны гімнастычны шар ці больш танны варыянт — старое аўтамабільнае кола. Менавіта шар ці кола, нагрэтае на сонцы, прыманьвае да сябе гнюс, аваднёў, сляпнёў. Але як толькі насякомыя залятаюць пад каўпак і разумеюць, што іх падманулі, інстынктыўна падымаюцца ўверх. Па конусе праз адтуліны трапляюць у рыльца і адтуль у спецыяльны кантэйнер, адкуль яны ўжо вылецець не могуць. Побач з ракой ці балотам у спякотны летні дзень у такіх пастках збіралася да кілаграма аваднёў, якія ішлі на корм курам.
Канструкцыя і памеры адтулін прадуманы так, што чмялі, пчолы і іншыя карысныя насякомыя туды не трапляюць. Для іх Раман будуе… гасцініцы. Ён цесна звязвае і размяшчае на тэрыторыі сядзібы пучок сцяблін рознага дыяметра. Пакоі-сцяблінкі вельмі хутка займаюць жыльцы, якія на працягу лета працуюць на агародзе, тут жа і зімуюць, “апячатаўшы” ўваход знутры. Асабліва ўпадабалі такія “атэлі” божыя кароўкі — найлепшыя выратавальнікі агарода ад тлі. У планах гаспадароў сядзібы — рабіць такія канструкцыі разам са школьнікамі, каб тыя маглі ацаніць іх карысць на сваіх дамашніх ці прышкольных участках.

Сакрэты земляробства

Каб вырошчваць гародніну і садавіну, абароненую ад шкоднікаў, у сям’і Мельнічэнка ёсць і іншыя сакрэты. Па-першае, каб не было нашэсця шкоднікаў, яны адмовіліся ад монакультуры і побач сеюць і садзяць агародныя культуры, кветкі і абавязкова пахучыя травы. Замест перакопвання прама на траву кладуць кардон, наверх — траву, салому, якія, перагніваючы, утвараюць гумус. Але, галоўнае, яны наўмысна адмовіліся ад новых гатункаў культур.
“Сучасныя гатункі разлічаны на інтэнсіўнае земляробства, — тлумачыць Раман. — Калі іх не карміць “хіміяй”, выніку не будзе. Большасць з іх, напрыклад, старажытны гатунак пшаніцы Спельта, мог расці нават на пяску і даваць неблагі ўраджай. Але калі мы яго пальём угнаеннямі, ураджай не павялічыцца. Селекцыянерам прасцей вывесці іншы гатунак, які на пяску ўжо расці не будзе, але з прымяненнем угнаенняў ураджай у яго павялічыцца ў тры разы”.
Раман упэўнены, што акрамя традыцыйных для беларускага клімату культур па ўсёй краіне можна вырошчваць і лімон, і ківі, і азіміну, ці рускі банан, шаўкоўніцу і яшчэ сотню-другую паўднёвых культур. Для гэтага дастаткова зрабіць “цеплавыя пасткі”. Гэтая работа тут ужо распачалася: зроблена высокая цёплая града, у якую закладзены галлё, трава, салома і іншыя раслінныя рэшткі, якія, перагніваючы, будуць даваць цяпло з першымі промнямі сонца, нават зімняга.
— Высокая града павернута схілам на поўдзень, — тлумачыць сутнасць пасткі Раман. — Яна будзе закрыта ад халодных вятроў лесам: кожныя пяць метраў лесапаласы змяншаюць хуткасць ветру на 2 метры ў секунду. У падножжы будзе выкапана возера: тут ёсць прытокі і б’юць крыніцы. Акрамя сонечных промняў, схіл будзе ўбіраць у сябе і адлюстраванне воднай гладзі, што таксама дадасць цяпла. І ад возера па схіле будзе слацца цёплае вільготнае паветра, якое створыць клімат, падобны на субтрапічны. У выніку мы павялічым тэрміны вегетацыі на два-тры месяцы, гэтага будзе дастаткова для многіх цеплалюбівых раслін.
— Некаторыя інавацыі, якія прыменены тут на практыцы, ужо вядомы эколагам, але цікава іх убачыць на свае вочы, — гаворыць Людміла Васільеўна Марговіч. — Я па адукацыі эколаг, і мне прыемна і сама атмасфера: навесы з сухога галля, а не драўніны, бярозавыя ліхтарыкі ў альтанцы, клопат пра жывёл, птушак”.
Эколагам, ды і не толькі, заўсёды цікава на свае вочы ўбачыць і тое, як можна абыходзіцца без звыклых сучасных электрапрыбораў. Напрыклад, у тандыры — глінянай печцы, ці, як жартуе Раман, экамультыварцы, можна гатаваць гародніну, кашы, мясныя стравы, пячы хлеб. Муку для хлеба, дарэчы, тут мелюць самі з вырашчанай тут жа пшаніцы ці жыта. Сёлета была першая пробная партыя. Рыбу і мяса халоднага і гарачага вэнджання Раман гатуе ў гліняных вяндлярнях, сам здабывае і бярозавы дзёгаць, смалу.

Зацікаўленасць — галоўная плата

Раман выступае на канферэнцыях у Мінску, часта яго запрашаюць у Маскву, але з-за прыроднай сціпласці і недахопу часу ён не часта на гэта згаджаецца.
— Апладысментаў пасля выступлення на канферэнцыі мне недастаткова, — гаворыць Раман. — Хацелася б, каб людзі не ад мяне чулі, а самі атрымлівалі ўражанні ад жыцця ў згодзе з прыродай, а пасля далучаліся да экаруху ў сябе на радзіме, на Беларусі. Думаю, у нас было б цікава праводзіць летнія экалагічныя лагеры, у тым ліку і для падлеткаў, якія знаходзяцца на ўліку ў ІСН. Ім будзе карысна ўбачыць іншыя карціны, адкрыць для сябе нешта новае падчас зносін з жывёламі, экскурсій, сплаву на байдарках (побач тры чысцюткія лясныя возеры, цудоўны ландшафт). Полем дзейнасці і правядзеннем навукова-практычных даследаванняў тэрыторыя сядзібы магла б стаць для эколагаў: энтамолагаў, арнітолагаў, глебаводаў. Менавіта з гэтай мэтай тут ужо пабывалі замежныя студэнты-эколагі. Дарэчы, сваю тэрыторыю для людзей, якія па-сапраўднаму зацікаўленыя, мы прадастаўляем бясплатна. Бо наша мэта — знайсці прадаўжальнікаў экаідэй. І хочацца, каб іх станавілася больш.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота аўтара і з архіваў
Рамана МЕЛЬНІЧЭНКІ
і Падсвільскага ЦТіК.