Якія ў вас, дарагія чытачы, першыя асацыяцыі з летам? Пах лугавых кветак? Водар свежаскошанай травы? Смак сакавітых ягад? Сёння, калі за акном завіхаецца ў сваіх справах завіруха, а сіноптыкі абяцаюць суровую зіму, цяжка не паддацца настальгіі. Вярнуцца ў лета прапануе Лідскі раённы экалагічны цэнтр дзяцей і моладзі. А дапаможа ў гэтым адкрытая тут у мінулую суботу экспазіцыя гаючых траў і водараў роднай прыроды.
Экскурсія для носа
Дзе знаходзіцца экспазіцыя, дзясяткам гасцей, якія завіталі на яе адкрыццё ў суботу, падказалі… іх насы. У прасторнае памяшканне, аформленае ў экастылі, па-дызайнерску ўпісаліся 7 тэматычных куткоў і больш за 200 экспанатаў. Гэта жывыя і высушаныя расліны, вільготныя прэпараты, чаі, араматычныя маслы, сашэ, фларыстычныя кампазіцыі, плады лекавых раслін, сухафрукты, агародніна і інш.
“Экспазіцыя гаючых траў і водараў роднай прыроды мае прыродазнаўчы характар. Але ёсць у ёй і этнаграфічныя элементы, бо выкарыстанне гаючых уласцівасцей раслін і іх водараў — культурна-бытавая асаблівасць беларускага народа з даўніх часоў. Карпатлівую працу па зборы экспанатаў, нарыхтоўцы і сушцы лекавай сыравіны, па вырабе нагляднасцей, пошуку матэрыялаў навукова-метадычнай літаратуры аб спосабах выкарыстання раслін, уладкаванні і афармленні памяшкання правялі навучэнцы і педагогі цэнтра”, — расказвае дырэктар цэнтра Жанна Мікалаеўна Цехановіч.
Галоўнае правіла для гасцей — усё чапаць рукамі, расціраць, нюхаць, каштаваць. І яго актыўна прымянялі хлопчыкі і дзяўчынкі. Так, іх знаёмства з лекавымі і духмянымі раслінамі пачалося з “Сезоннага кутка”, дзе падчас інтэрактыўнай гульні яны асвойвалі тэрміны збору і засушвання сыравіны. Тыя, хто прыйшоў у “Кулінарны куток”, не паабедаўшы, прагадалі, бо тут апетыт выклікалі пахучыя грыбы, натуральныя прыправы з кмену, каляндры, гарчыцы, духмяная гародніна, сухафрукты, нарыхтоўкі ягад і варэнняў і ўсё, што можна выкарыстоўваць у кулінарыі з расліннага свету. Педагогі расказалі, якую карысць для здароўя мае тая ці іншая спецыя. З вясны і да позняй восені сваім водарам тут будуць дзяліцца і свежыя рэзка-араматычныя травы з аптэкарскага агарода цэнтра: мята, базілік, пятрушка, кроп, чабор і інш. А пакуль тут ладзяцца майстар-класы па прыгатаванні аромамаслаў.
Расліны, якія стануць галоўнымі ў “Кутку адной культуры”, будуць час ад часу мяняцца, каб было цікава і частым гасцям. Распачала эстафету лаванда, якая здаўна славіцца сваімі цудоўнымі ўласцівасцямі, а апошнім часам актыўна культывуецца ў беларускіх аптэкарскіх агародах і бабуліных кветніках. Гэтая духмяная расліна актыўна выкарыстоўваецца ў кулінарыі, ароматэрапіі, побыце, касметалогіі. Пра ўсё гэта тут можна даведацца падчас займальных заняткаў. Потым галоўнымі стануць ружа, мята, палын і інш.
Куток “Зялёная аптэка” склалі больш за 50 духмяных лекавых раслін, сабраных на лузе, у полі, у лесе, а таксама на тэрыторыі цэнтра. З іх дапамогай педагогі навучаць вызначаць травы па іх выглядзе і паху, раскажуць, як імі лячыць розныя хваробы чалавека і свойскіх жывёл.
А каб вам не спатрэбіліся лекі нават з “зялёнай аптэкі”, скіроўвайце ў фітабар “Чайны майстар”, дзе кубачкам духмянага чаю вас навучаць папярэджваць хваробы. Каб чайны эфект замацаваць і дома, можна скласці свае чайныя зборы ўласнаручна. Для гэтага тут — мяшочкі духмяных траў, пачынаючы ад традыцыйных для Беларусі — рамонку, мяты, васілька, чабару — да экзатычных какавабабоў і анісу, і вопытныя кансультанты.
Завяршае экспазіцыю “Лазневы куток”. Лазня ў беларусаў спрадвеку была лепшым лекарам. А тут вам прадэманструюць, як лазня змянялася ад старажытнасці да сучаснасці. Нязменнымі застаюцца толькі лазневыя расліны: эўкаліптавы, бярозавы, дубовы, ліпавы венікі, сродкі па доглядзе скуры галавы і цела на экстрактах траў Беларусі, араматычныя маслы для масажу і травы для купання.
Духмяны дапаможнік
Тое, што вы прайшлі экспазіцыю, яшчэ не азначае, што ваша адукацыйная праграма скончылася. Наадварот, яна толькі пачынаецца, вы цяпер можаце вызначыцца, які гурток выбераце. Хоць эколага-адукацыйныя экскурсіі будуць ладзіцца для вучняў усіх школ Лідскага раёна і іх бацькоў кожную суботу на працягу навучальнага года, усё ж галоўная іх задача — быць наглядным дапаможнікам для гурткоўцаў цэнтра. Так, менавіта на базе экспазіцыі будуць ладзіцца заняткі хобі-цэнтраў “Магія траў і водараў” (па вывучэнні ўласцівасцей гаючых траў і ароматэрапіі) і “Жыві выдатна” (аб прыгажосці і здароўі), якія дзейнічаюць ва ўстанове з верасня 2017 года. Менавіта тут разгорне сваю работу лабараторыя правільнага харчавання “Сад здаровага жыцця”, адбудзецца знаёмства з бабулінай аптэчкай “Лекі травянога царства”, будуць праводзіць заняткі “Духмяных траў гаючая сіла” і г.д.
“Экспазіцыя будзе пашырацца, што дасць больш магчымасцей экалагічнай адукацыі і дзяцей, і дарослых, папаўнення ведаў аб прымяненні дароў прыроды ў побыце, вытворчасці, розных сферах жыцця чалавека, — дзеліцца планамі Ж.М.Цехановіч. — Напрыклад, з’явіцца “Куток народнай касметалогіі”, дзе будуць прадстаўлены крэмы, шампуні, бальзамы для валасоў, цела і вуснаў, парфумы і ласьёны і многае іншае, вырабленыя на аснове лекавых траў і з выкарыстаннем араматычных раслін і маслаў. З’явіцца аб’яднанне па інтарэсах “Зялёная аптэка”, у якім выхаванцы будуць вывучаць лекавыя расліны. На сустрэчы будзем запрашаць старажылаў раёна, каб яны змаглі падзяліцца вопытам па выкарыстанні траў, водараў у розных сферах. У “Міні-хатцы” пакажам выкарыстанне траў і водараў у побыце: для араматызацыі бялізны, выгнання молі, мышэй і іншых паразітаў, адпужвання злых духаў і г.д. Упрыгожаць экспазіцыю творчыя работы навучэнцаў школ Лідскага раёна з лекавых траў нашай мясцовасці — для гэтага ў 2018 года будзе аб’яўлены конкурс “Здаровы дом”. Папоўніцца выстава і тэматычнымі стэндамі, напрыклад, “10 карысных траў, якія дапамогуць пры прастудзе”, “Лекавыя расліны ў Чырвонай кнізе Беларусі” і інш.”.
Сярод запланаваных адукацыйных мерапрыемстваў — майстар-класы, працяг даследчай работы па гісторыі выкарыстання лекавых траў у побыце і для ўмацавання здароўя нашымі продкамі, пажылымі жыхарамі Лідскага раёна і г.д. Дарэчы, першыя вынікі гэтай работы і падштурхнулі да стварэння гэтай экспазіцыі. На вясну дзеці плануюць даследаванне лекавых раслін дзікай прыроды Лідскага раёна, каб стварыць “Атлас лекавых раслін Лідчыны”.
Цяпер педагогі і іх выхаванцы будуць працаваць над тым, каб можна было дзяліцца фітаматэрыялам з наведвальнікамі. Мінулае лета з яго вільготным надвор’ем не дазволіла нарыхтаваць сыравіны з лішкам, таму тут спадзяюцца, што наступны год будзе больш спрыяльны і ўдасца нарыхтаваць сыравіны для прадукцыі на рэалізацыю. Напрыклад, ёсць ідэя ў “Лазневым кутку” рабіць фітазборы і прапаноўваць насельніцтву. Плануюць нарыхтоўваць і водарныя расліны — палын, ядловец і інш., якія напоўняць водарам затопленую лазню. Будуць тут рабіць і сашэ. Хочуць прапаноўваць насенне і расаду для продажу, каб людзі маглі ствараць на сваіх падворках водарныя філіялы. Кожную вясну цэнтр рэалізуе расліны, але больш кветкава-дэкаратыўныя, а вось лекавыя дагэтуль былі неапраўдана забытыя.
Гэтыя дні самыя напружаныя ў Міхаіла Радзевіча, навучэнца 5 класа сярэдняй школы № 16 Ліды, які адкрыў для сябе экалагічны цэнтр толькі ў суботу і цяпер разважае, якія аб’яднанні па інтарэсах уключыць у свой шчыльны графік. Ён захапляецца вырошчваннем кветак дома і на дачы, але зусім не задумваўся пра араматычныя і лекавыя культуры.
“Вельмі зацікавіліся нашай фітадзейнасцю бацькі, а таксама бабулі, якія стараюцца падтрымаць сваё здароўе, вырошчваючы на дачах аптэкарскія агароды, — расказае Вольга Аляксандраўна Піліпчык, загадчыца экспазіцыі траў і водараў. — Цяпер замест таго, каб проста чакаць сваіх дзяцей у калідоры, яны будуць самі хадзіць да нас на заняткі. Для іх мы будзем ладзіць семінары, тэматычныя майстар-класы па стварэнні араматычных свечак, прыгатаванні масак для валасоў, крэмаў для розных тыпаў скуры твару. Прымяркоўваць сустрэчы будзем і да свят — Каляд, Вялікадня, Купалля і інш. Па павер’і, менавіта ў Купальскую ноч усе расліны набываюць самую моцную гаючую сілу. Мы будзем вучыць, як правільна расліны збіраць, сушыць і, канечне, прымяняць. Не абмінём і прыродаахоўнае пытанне, каб у зборы не траплялі чырванакніжныя расліны. Будуць майстар-класы па сезоннай кулінарыі, дзе навучым летам гатаваць прахалоджвальныя напоі, квас, а зімой — сагравацца гарбатай. Цяпер расказваем гасцям, што ў перадкалядныя дні, дні посту, нашы продкі часта збіраліся на сямейныя споведзі — на шчырыя гутаркі пра набалелае, пра надзеі на новы год”.
“Для сябе я тут зрабіў адкрыццё, калі за адзін дзень атрымаў столькі інфармацыі! Але мала ведаць — трэба ўмець веды прымяняць, — дзеліцца Міша Радзевіч, запакоўваючы толькі што ўласнаручна прыгатаваны лаўрова-гваздзіковы алей. — Гэта будзе прэзент для мамы, якая ў мяне любіць гатаваць. На гэтым алеі, лаўрова-гваздзіковым, можна гатаваць мясныя стравы. Наступны раз прыгатую лімонна-часночны ці з чабаром — ён больш падыдзе для рыбных страў ці курыцы. Я цяпер буду тут часта, таму, думаю, многаму яшчэ навучуся”.
Госці вельмі пранікаюцца гэтым і стараюцца аб’яднаць і свае сем’і дома за гарбатай. А ўжо за яе фітазмест адказныя дзеці. Яны прыгатуюць заспакаяльныя чаі, каб расслабіцца пасля напружанага дня, вітамінныя — для прафілактыкі прастудных захворванняў. А калі раптам нехта з родных захварэе, дзеці ўжо ведаюць, што пазбавіць іх ад кашлю і высокай тэмпературы можна, напоўніўшы заварнік па-летняму духмянымі ліпай і маліннікам.
Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Вікторыі РУСІЛЕВІЧ.