Не сланяйся па дварах — забягай пад школьны дах!

Гэтую ідэю на ўсю краіну трансліравалі фіналісты VI Рэспубліканскага конкурсу на лепшы праект па арганізацыі шостага школьнага дня. Іх выступленні сталі доказам таго, што дзеці не пашкадуюць, што забеглі ў суботу ў школу. У творчую барацьбу, якая праходзіла на базе Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, уключылася 21 каманда — пераможцы рэгіянальных і Мінскага гарадскога тураў.


Сёлетні конкурс стаў шостым па ліку. Па словах намесніка міністра адукацыі Раісы Станіславаўны Сідарэнка, дзякуючы папярэднім пяці конкурсам, назапашаны велізарны банк цікавых ідэй, адкрыццяў, якія былі знойдзены ў кожнай канкрэтнай установе адукацыі. Але тым не менш кожны раз аўтары праектаў прапаноўваюць дзецям, а потым — і журы конкурсу новыя і новыя ідэі.

Вынікам правядзення гэтага конкурсу стала тое, што педагогі адышлі ад напаўнення школьных субот мерапрыемствамі, а ўсё часцей аддаюць перавагу рэалізацыі выхаваўчых праектаў. Адметнасць праектаў апошніх двух гадоў: суботы ў школах не толькі напоўніліся змястоўна, але і пашырылі свой фармат. Так, школы наладзілі сумесную дзейнасць з установамі сацыякультурнай сферы, фізкультуры і спорту, грамадскімі арганізацыямі, установамі дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Яркім доказам сталі праекты сёлетніх фіналістаў.


Так, дзякуючы гэтаму супрацоўніцтву, у фінале па-новаму загучала тэма прафарыентацыі. Праект “Крок у навуку, крок у прафесію” дапамог навучэнцам гімназіі № 8 Віцебска ўсвядоміць, што шлях у любую вялікую навуку пачынаецца са школьнай. А педагогі Залескага ясляў-сада — сярэдняй школы Смаргонскага раёна Гродзенскай вобласці, у якім дзейнічае вучэбна-практычны цэнтр “Выберы будучыню сёння”, выхоўваюць прадпрымальнікаў з пачатковай школы, наладзіўшы пераемнасць паміж усімі ступенямі агульнай сярэдняй адукацыі.


Уменне па-сапраўднаму зацікавіць бацькоў навучэнцаў прадэманстравала сярэдняя школа № 217 Мінска, дзе дзейнічае сямейная акадэмія дарожнай бяспекі, у якой выкладаюць самі бацькі, і сярэдняя школа № 33 Магілёва, якая па суботах пераўвасабляецца ў творчую майстэрню сямейнага адпачынку.

Арыгінальны варыянт арганізацыі шостага школьнага дня прадставіла сярэдняя школа № 19 Баранавіч. Ідэя праекта “Город — дорог” заключалася ў двух модулях: “Горад — дарог” і “Горад — дарагі”. Першы модуль уключаў у сябе мерапрыемствы па фарміраванні навыкаў бяспечных паводзін на дарогах, асвятленню прафесіі чыгуначніка і вывучэнню свайго горада і вобласці. Другі модуль складаўся з мерапрыемстваў па прыродаахоўнай дзейнасці, захаванні гісторыка-культурнай спадчыны горада і раёна.


Гран-пры конкурсу журы аддало цыклу аўтарскіх субот “Спадчына”, які быў рэалізаваны ў дзяржаўнай гімназіі № 1 Зэльвы Гродзенскай вобласці. Кожная гімназічная субота — гэта новыя мерапрыемствы, асноўнымі тэмамі якіх былі гісторыя Зэльвеншчыны і яе людзей, традыцыі “Ганненскага кірмашу”, культурна-гістарычная спадчына, кулінарныя традыцыі і многае іншае, што дапамагло вучням лепш пазнаць родны край. Сустрэчы з ветэранамі, інтэлектуальныя гульні, выставы, пошукавая дзейнасць, работа па добраўпарадкаванні пасёлка — усё гэта стала асноўнымі складнікамі аўтарскіх субот і аб’яднала вучняў, педагогаў і проста жыхароў раёна.

Падрабязней пра гэтыя і іншыя творчыя знаходкі пераможцаў конкурсу чытайце ў нашым дадатку.

Аддзел праблем выхавання.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*