“Універсітэт прыгод і дружбы”

Змена з такой назвай разгарнулася сёлета ў дзіцячым аздараўленчым лагеры “Лясны гарадок”, што ў Вілейскім раёне. У маленькай вёсцы Даманава на 18 дзён адчыніў свае дзверы сапраўдны ўніверсітэт з яго шумнымі і жыццярадаснымі студэнтамі, групамі, факультэтамі і нават стыпендыямі. “Дыпломы” атрымалі яго ўдзельнікі толькі ўчора.

“Гэтым разам у нас было ўсё, як у дарослых: замест атрадаў — групы, усе нашы “студэнты” атрымлівалі “стыпендыю” за кожнае мерапрыемства, за любую аказаную дапамогу (у нас традыцыя — старэйшыя дапамагаюць малодшым), за актыўны ўдзел на дыскатэках, увогуле ў жыцці лагера”, — расказвае Марына Вітальеўна Гер’ятовіч, намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці.

С.М.Ружалоўская, педагог-арганізатар: “Мы заўсёды робім стаўку на інтэрактыўныя мерапрыемствы — гэта дапамагае ўліцца ў вір лагерных падзей нават самым сціплым і сарамлівым дзецям”.

Кожны дзень у “Лясным гарадку” быў прысвечаны пэўнаму “факультэту”: дабра, здароўя, экалогіі, ведаў, танцаў, прыгажосці, мужнасці, творчасці і г.д. “Студэнцкія” дні напоўнілі інтэлектуальныя гульні, віктарыны, конкурсы малюнкаў, квест-гульні “Запаведнымі сцежкамі” (да Міжнароднага дня аховы навакольнага асяроддзя), “Фотапаляванне”, спартыўныя эстафеты і гульні, конкурсная праграма “Адгадай мелодыю”, творчыя майстэрні і інш. Падчас аднаго з апошніх квестаў “студэнты” шукалі сваіх “куратараў”, а потым яны разам шукалі на тэрыторыі “студэнцкага гарадка” скарб. Яркімі падзеямі ў жыцці “Ляснога гарадка” сталі шоу-праграма “Точь-в-точь”, “Еўрабачанне” і конкурс танцаў народаў свету “Светабачанне”.

Самым доўгачаканым быў кірмаш напрыканцы змены. Тут разгарнулі работу салоны прыгажосці, масажны і тату-салон, аквагрым, пакой страху, бар з ліманадамі, працавала служба таксі і нават ЗАГС. Тут жа ўзнімалі настрой вулічныя музыканты, пастараліся прадказаць лёс варажбіткі, праверыць фартуну дапамагла бяспройгрышная латарэя і інш. Усё гэта падрыхтавалі самі ж “студэнты”. Напрыканцы лагера былі падведзены вынікі “семестра”: напрыклад, адна група зарабіла больш як 8,5 тысячы незвычайных рублёў, якія змагла патраціць на кірмашы.

8-гадовы Ілья Крэмень з вёскі Стаўбуновічы, нягледзячы на свой яшчэ юны ўзрост, ужо не першы раз адпачывае ў лагеры. Хлопчык прызнаецца, што кожны раз рады магчымасці пабыць самастойным. “Наша каманда называецца “Фантазёры”, і мы пастараліся адпавядаць нашаму дэвізу: “Мы ў атрадзе “Фантазёры”, калі трэба — зрушым горы!” Так, разам мы перамаглі ў шматлікіх конкурсах, спартакіядах, віктарынах. А таксама змаглі зарабіць сабе добрую “стыпендыю” і кожны змог яе патраціць так, як яму хочацца. Я, напрыклад, даўно хацеў пафарбаваць валасы. Цяпер я буду бландзінам. Праўда, мяне папярэдзілі, што колер захаваецца толькі да першага мыцця галавы, але ўсё роўна цікава паэксперыментаваць”, — гаворыць у прадчуванні свайго новага вобраза Ілья.

М.В.Гер’ятовіч, намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці: “Каб кожнае дзіця знайшло ў нашым лагеры сабе занятак па інтарэсах, у нашай камандзе ёсць і педагогі дадатковай адукацыі, якія прапаноўваюць заняткі ў сваіх аб’яднаннях па інтарэсах, і інструктары па спартыўна-масавай рабоце, і творчыя важатыя”.

“Падчас другой змены мы адправімся ў падарожжа па Мінскай вобласці. Кожны дзень будзем наведваць новы раён — Вілейскі, Маладзечанскі, Мінскі і інш. І кожны дзень будзе прымеркаваны менавіта да гэтага раёна. Дзеці будуць на працягу дня даведвацца больш пра гэты раён, гуляць у адпаведныя гульні, ладзіць віктарыны, наведаюць Лінію Сталіна, з’ездзяць на экскурсію ў Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, на Курган Славы. Трэцяя змена будзе спартыўнай з назвай “Алімп”. Кожны дзень у нас будуць спартыўныя мерапрыемствы, спаборніцтвы. У цэнтры падзей — Малыя алімпійскія гульні. Задзейнічаны будуць усе: нават тыя, каму па стане здароўя нельга, змогуць пагуляць у дартс ці ў шахматы. Чацвёртая змена будзе для прасунутых айцішнікаў, аматараў тэхнікі, камп’ютараў, навучэнцаў адпаведных аб’яднанняў па інтарэсах сваіх устаноў. Тут яны змогуць удасканаліць свае навыкі, асвояць блогерства”, — дзеліцца планамі на лета М.В.Гер’ятовіч.

Дар’я НОВІК.
Фота аўтара.