Год малой радзімы завяршыўся і Год малой радзімы пачынаецца. Унікальная з’ява, ці не праўда? На гэтым своеасаблівым перакрыжаванні і знаходзіцца другі месяц зімы. Ён з’яўляецца выдатнай нагодай падвесці вынікі мінулагодняга вывучэння роднага краю, вызначыць адпаведныя планы на будучы год. І зрабіць гэта можна ў форме выставы. Якраз цяпер у Мінскім дзяржаўным палацы дзяцей і моладзі выстаўлены работы фіналістаў гарадскога этапу V Рэспубліканскага агляду-конкурсу дзіцячай творчасці “Прывітанне, свет!” у намінацыях “Выяўленчае мастацтва” і “Дэкаратыўна-прыкладная творчасць”.
“Як ты сэрцу майму міла, дарагая Беларусь!” — так гучыць сёлетні дэвіз конкурсу. Гэтыя словы ўзяты невыпадкова: Год малой радзімы ўпэўнена крочыць па краіне. А разам з ім па сцяжынках роднага краю на працягу 2018 года крочылі і навучэнцы гурткоў і студый мастацка-эстэтычнага профілю ўстаноў агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Пра вынікі свайго падарожжа яны паведамілі з дапамогай розных тэхнік дэкаратыўна-прыкладной творчасці і выяўленчага мастацтва.
Па словах загадчыка сектара выставачнай і фестывальна-конкурснай дзейнасці Таццяны Юр’еўны Снегіровай, больш за 500 работ паступіла на фінал гарадскога этапу конкурсу ў дзвюх намінацыях. “Выяўленчае мастацтва” прадстаўлена жывапіснымі, графічнымі работамі, выкананымі з дапамогай гуашы, акварэлі, пастэлі, крэйды, алоўка. Іх змест адлюстроўвае рэгіянальныя асаблівасці роднага краю, прыродныя і архітэктурныя ўяўленні навучэнцаў пра будучыню малой радзімы. У намінацыі “Дэкаратыўна-прыкладная творчасць” выстаўлены работы, выкананыя ў традыцыйных відах і тэхніках дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Гэта ткацтва, вышыўка, кераміка, роспіс па дрэве, тканіне і шкле, габелен, саломапляценне, вязанне, лозапляценне, мастацкая апрацоўка бяросты.
Для аб’ектыўнага ацэньвання работы ў намінацыі “Выяўленчае мастацтва” разбіты на чатыры ўзроставыя катэгорыі: 6—9, 10—12, 13—15 і 16—18 гадоў па напрамках “Жывапіс” і “Графіка”. У намінацыі “Дэкаратыўна-прыкладная творчасць” на тры ўзроставыя катэгорыі: 6—9, 10—13 і 14—18 гадоў па напрамках “Кераміка”, “Мастацкая саломка”, “Мастацкі роспіс”, “Выцінанка”, “Мастацкі тэкстыль”, “Лялька”, “Мастацкая апрацоўка прыродных матэрыялаў”. Абавязковымі крытэрыямі пры ацэньванні з’яўляюцца адпаведнасць тэматыцы конкурсу, захоўванне адзінства стылявога, мастацкага і вобразнага рашэння, спалучэнне народных традыцый і сучаснай творчай практыкі, арыгінальнасць ідэі, самабытнасць мастацкага ўвасаблення. Паглядзіце на фотаздымкі і паспрабуйце знайсці хаця б адну работу, якая не адпавядае названым крытэрыям? Не знайшлі? Правільна, такіх работ няма.
Што самае цікавае: работы створаны сталічнымі навучэнцамі, якія жывуць у вялікім горадзе, сярод бетону і асфальту, бясконцых аўтамабільных затораў, сярод мітуслівага людскога натоўпу. А якія вобразы прадстаўлены на выставе? Бетонныя гмахі, аўтамабільныя заторы? Не. Як пісаў класік, вобразы мілыя роднага краю. Яшчэ раз паглядзіце на фотаздымкі. Вось такая яна, малая радзіма, у душы кожнага з нас.
Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.