Вучняў рассадзіць… камп’ютар

У пачатку навучальнага года з праблемай рассадкі вучняў сутыкаецца кожны класны кіраўнік. І звычайна не раз да яе вяртаецца. Маша пасварылася і больш не жадае сядзець з Пецем, Васю выпісалі акуляры з рэкамендацыяй сядзець на сярэднім радзе, а Віця так хутка падрос, што маленькая Каця за ім нічога не бачыць. І вось настаўнік зноў дастае сваю “вышэйшую матэматыку” — схему рассадкі класа — і бярэцца за педагагічную магію. А што, калі гэтай магіі навучыцца камп’ютар?

Фота да матэрыяла: Вучняў рассадзіць... камп’ютар.Павел Санкін вучыўся ў сярэдняй школе № 191 Мінска, цікавіўся праграмаваннем і нават напісаў на С++ праграму для генерацыі пароляў, якую адзначылі на Рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі па інфарматыцы.

Аднойчы настаўніца інфарматыкі Алена Арнольдаўна Лябецкая пераказала яму нараканні аднаго з класных кіраўнікоў, якому складана было рассадзіць дзяцей у сваім класе. Так нарадзілася ідэя стварыць алгарытм, які сам падбірае месца кожнаму вучню.

— Перш за ўсё я спытаў педагогаў-псіхолагаў і настаўнікаў пра тое, як фарміруецца рассадка і якія крытэрыі трэба ўлічваць, — расказвае пра свой праект Павел. — Звычайна гэта зрок, рост, адзнакі, а таксама стасункі паміж вучнямі. Гэтыя даныя і ўлічвае SSP — Student seating program.

Апошні пункт самы цікавы. Настаўнік адлюстроўвае ў спецыяльнай табліцы верагоднасць таго, што вучні будуць адрываць адно аднаго ад урока, і камп’ютар улічвае гэтыя даныя пры падборы месца.

Добра авалодаўшы праграмай, класны кіраўнік можа перайсці ў рэжым эксперта і ўсталяваць прыярытэт аднаго з крытэрыяў. Напрыклад, можна зрабіць рассадку з прыярытэтам адзнак, каб падчас дыктантаў слабыя вучні не спісвалі ў больш моцных. Асобныя рассадкі можна зрабіць для ўрокаў, тэстаў, класных гадзін і г.д. А каб абнавіць схему ў сярэдзіне навучальнага года, дастаткова ўвесці толькі тыя даныя вучняў, якія змяніліся, — і камп’ютар зробіць новы разлік.

— Праграму ўжо пратэставалі ў маёй школе, — расказвае Павел. — І настаўнікі былі задаволены прапанаванымі схемамі, таму ёсць сэнс развіваць праект.

Зараз аўтар праекта праводзіць тэставанне алгарытму. Ён эўрыстычны і не дае абсалютную гарантыю, што згенерыраваная рассадка з’яўляецца найлепшай, таму, магчыма, трэба будзе дапрацаваць яго, каб дабіцца большай дакладнасці. Акрамя таго, Павел плануе зрабіць праграму вэб-дадаткам, каб класны кіраўнік мог працаваць са сваімі данымі з любога камп’ютара без доўгай загрузкі і ўсталявання праграмы.

SSP ужо была прадстаўлена на ІІ Рэспубліканскім конкурсе праектаў “Інфармацыйныя і мабільныя тэхналогіі для адукацыйнага працэсу” і на Міжнародным конкурсе стартап-праектаў “BizTech 2018”, дзе перамагла ў намінацыі “Сімпатыя спонсара”. Калі праект знойдзе фінансавую падтрымку і выкліча цікавасць з боку настаўнікаў, ён абавязкова будзе апублікаваны, каб яго мог выкарыстоўваць любы класны кіраўнік.

Сам Павел зараз вучыцца ў Ліцэі БДУ, актыўна вывучае метады алгарытмізацыі, а таксама цікавіцца data science і машынным навучаннем. Плануе паступаць на факультэт прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ.

Мар’я ЯНКОВІЧ.
Фота з асабістага архіва Паўла САНКІНА.