Вучыцца ў навукоўца

Калі педагог вучыць дзіця разумець прыроду, дапамагаць птушкам, упрыгожваць навакольны свет кветкамі, захоўваць рэкі чыстымі — гэта выдатна. Але калі педагог можа стаць для дзіцяці яшчэ і правадніком у свет сапраўднай навукі, гэта яшчэ лепш. Такую магчымасць — вучыцца ў вучонага — маюць навучэнцы Віцебскага гарадскога цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. 

Лізавета Крывашэіна сабраны гербарый даследуе на чыгуначных насыпах.

Яўген Дзяржынскі захапіўся энтамалогіяй у 8 класе. Хлопец не ўяўляў свайго жыцця без матылькоў, увесь вольны час прысвячаў іх вывучэнню, шмат чытаў, назіраў за імі. Таму калі ён трапіў у Віцебскі гарадскі цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ў гурток да знакамітага энтамолага Беларусі І.А.Саладоўнікава, яго радасці не было меж.

Сёння Яўген Аляксандравіч ужо сам вядучы энтамолаг, кандыдат біялагічных навук, адзін з нямногіх вучоных, хто вывучае матылькоў. За яго плячыма — магістратура Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава (акадэмічная ступень — магістр біялогіі) і аспірантура Заалагічнага інстытута Расійскай акадэміі навук (спецыяльнасць “Энтамалогія”). Сёння ён кандыдат біялагічных навук, старшы выкладчык кафедры заалогіі і батанікі факультэта хіміка-біялагічных і геаграфічных навук ВДУ імя П.М.Машэрава. Не менш важна і тое, што сёння ён, як некалі яго педагог, натхняе юных вучоных — студэнтаў сваёй альма-матар.

Светлавая пастка для насякомых.

Выхаванцы Яўгена Аляксандравіча, як калісьці ён сам, вывучаюць матылькоў і іншых насякомых: з вясны і ўсё лета праводзяць зборы, вядуць улікі насякомых. Разам з педагогам яны ходзяць на палявыя практыкі, у прыватнасці ў заказнік “Прыдзвінне”. У мінулым годзе вывучалі флору на чыгуначных насыпах у наваколлі Віцебска. У іх ёсць даследаванні па геабатаніцы і экалогіі раслін. Дзеці вывучаюць і шкоднікаў раслін.

“Сёлета з Ільёй Гладзевічам мы завяршылі работу па вывучэнні каштанавай мініруючай молі ва ўмовах горада Віцебска. Гэты шкоднік стаў вядомы зусім нядаўна — спачатку яго знайшлі на Балканах, і літаральна за тры дзясяткі гадоў ён рассяліўся па ўсёй Еўропе і стаў моцна шкодзіць каштанам. Нашы даследаванні паказалі, што гэты шкоднік ёсць практычна на ўсіх пасадках, па ўсім Віцебску. Гэта сур’ёзна ўплывае і на дэкаратыўнасць дрэў, і ў цэлым на іх выжыванне. У Еўропе з-за гэтай молі ўжо нават хочуць адмовіцца ад каштана для азелянення гарадоў”, — расказвае Яўген Аляксандравіч.

Кацярына Сугака.

Ілья разважае, як жа выратаваць гарадскія каштаны: “Ферамонавыя пасткі танныя, але як іх павесіць на ўсе дрэвы ў горадзе, ды і ці вытрымаюць яны цікавасць вандалаў? Можна правесці інтаксікацыю камля і кроны — апрацоўку спецыяльнымі інсектыцыдамі, якія будуць перашкаджаць заражэнню дрэў згаданым шкоднікам. Але гэта, па-першае, вельмі дорага, а па-другое, патрэбны спецыялісты і час”.

Цікавая работа была і ў адзінаццацікласніцы Кацярыны Сугака з сярэдняй школы № 28 Віцебска. Дзяўчына вывучала кольчатых чарвякоў.

“Хоць я пачынала з вывучэння матылькоў, пераход да тэмы чарвякоў быў для мяне цікавы. Гэта важная для горада тэма. Мне хацелася выявіць заканамернасці ўплыву чарвякоў на стан глебы і антрапагенную нагрузку на іх саміх”, — гаворыць Кацярына.

Работы Кацярыны і Ільі ў сакавіку былі ў ліку прызёраў у фінале рэспубліканскага конкурсу эколага-біялагічных работ навучэнцаў. 

Не спыняе навуковую дзейнасць і сам педагог. Ён расказвае: “Я шмат езджу па Беларусі, з вясны да восені я ў палях. Мы некалькі разоў ездзілі і ў Казахстан, а пасля паездак у В’етнам апісалі 2 новыя для навукі віды матылькоў. Пакуль не ўвесь матэрыял апрацаваны, магчыма, яшчэ будуць адкрыцці. Сабраны матэрыял патрэбны мне для даследаванняў і маім навучэнцам для заняткаў. Фатаграфіі, аповеды пра палявыя выхады, папоўненыя калекцыі як нішто іншае падштурхоўваюць дзяцей да ўласных эксперыментаў”.

Пра карысць, якую могуць прынесці дзеці для навукі, педагог ведае з уласнага вопыту — сам са школьных гадоў быў для навукоўцаў памочнікам. “Мы з дзецьмі робім 1—2-дзённыя выезды на прыроду, вучымся рабіць светлавыя пасткі і зборы насякомых. Такім чынам мы ўносім свой уклад у развіццё навукі, бо не так шмат людзей у Беларусі працуюць у гэтым кірунку. Таму любая дапамога, любая інфармацыя будзе карыснай. Так, вывучэннем матылькоў у Беларусі (а іх у нас больш за 3 тысячы відаў) займаюцца лічаныя людзі, а прабелаў у гэтым кірунку вельмі шмат. Да таго ж, шмат сумненняў у дакладнасці сабранай папярэднікамі інфармацыі — трэба яе правяраць. Таму мая галоўная мэта — знайсці сваіх паслядоўнікаў, якія б працягнулі распачатую намі работу”, — дзеліцца педагог.

Яўген Аляксандравіч з дзецьмі працуе толькі трэці год, таму планаў у іх шмат. Напрыклад, яны хочуць вывучыць флору ўрбацэнозаў, правесці маніторынг стану флоры горада і з’яўлення ў ёй інвазійных відаў, у тым ліку на чыгуначных насыпах, якія самі па сабе могуць быць шляхамі міграцыі больш паўднёвых раслін. Яны хочуць выявіць і папуляцыю рэдкіх, уразлівых, ахоўных відаў раслін і насякомых. Думаю, побач з такім дарадцам у юных навукоўцаў усё атрымаецца.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота з архіва Я.А.Дзяржынскага.