Паветраныя баталіі ў небе над Мінскам прыцягнулі ўвагу жыхароў горада. Менавіта ў сталіцы Беларусі некалькі дзён назад адбыўся этап Кубка свету, этап Кубка Еўразіі, Кубак Беларусі “Белы бусел” па авіямадэльным спорце ў класе мадэлей F2D “Паветраны бой”. Арганізатарамі спаборніцтваў выступілі Рэспубліканскі дом навучэнцаў і работнікаў устаноў прафесійнай адукацыі і Беларуская федэрацыя авіямадэльнага спорту.
2 месца сярод юніёраў на гэтых прэстыжных спаборніцтвах заваяваў 13-гадовы выхаванец Рэспубліканскага цэнтра тэхнічнай творчасці Іван Карповіч са сваімі кіраўніком і напарнікам па экіпажы Васілём Міхайлавічам Загрэбельным.
4 хвіліны жыцця
Сёлета ў Мінск прыехалі 38 каманд, усяго ў спаборніцтвах прынялі ўдзел спартсмены з 7 краін: Беларусі, Расіі, Украіны, Малдовы, Літвы, Эстоніі і Балгарыі. У паветры змагаліся як дарослыя спартсмены, так і юніёры да 19 гадоў.
Галоўны суддзя паветраных баёў Мікалай Мікалаевіч Васількоў лічыць гэта значным крокам у развіцці авіямадэльнага спорту на постсавецкай прасторы.
“Мы сустракаемся менавіта ў беларускай сталіцы ўжо трэці год, — адзначае ён, — і з кожным годам спаборніцтвы набіраюць усё большую колькасць удзельнікаў і глядацкую аўдыторыю. Мяркуйце самі: мы пачыналі з 20 удзельнікаў, сёлета іх каля 80. Авіямадэльны спорт быў вельмі папулярным у савецкі час. У нас тады нават лозунг існаваў: “Ад мадэлей — да сапраўднай авіяцыі”. Нават многія вядомыя канструктары, такія як Антонаў, Каралёў, выйшлі якраз з авіямадэлізму.
На жаль, цяпер гэты від спорту не мае такой шырокай аўдыторыі, як раней. У той час як, займаючыся ў аб’яднаннях па інтарэсах авіямадэльнага кірунку, дзеці могуць навучыцца працаваць амаль на ўсіх вядомых станках і з самымі рознымі інструментамі. Сёння ўвогуле вялікая праблема з тым, каб навучыць дзяцей працаваць рукамі, і над гэтым трэба задумацца”.
Паветраны бой — адзін з самых відовішчных класаў у авіямадэльным спорце. Прынцып спаборніцтваў заключаецца ў тым, што бой вядуць два экіпажы, кожны з якіх складаецца з пілота і механіка. Экіпаж мае права выкарыстаць дзве мадэлі, бо нярэдкія выпадкі сутыкнення мадэлей адна з адной ці падзення. (Калі мадэль яшчэ можа функцыянаваць, яе хутка на месцы прыводзіць у парадак механік.) Да мадэлей чапляюць па стужцы рознага колеру. Сутнасць бою ў тым, каб за 4 хвіліны адрэзаць як мага больш разоў ад стужкі саперніка, захаваўшы па магчымасці цэлай сваю стужку. За кожны адрэзаны кавалак даецца 100 ачкоў, за кожную секунду знаходжання мадэлі ў паветры — 2 ачкі. Вынік вызначаецца па суме ўсіх ачкоў. Спаборніцтвы для кожнага ўдзельніка доўжацца да двух паражэнняў.
“Первым делом, первым делом самолёты…”
Іван Карповіч — бадай, самы юны ўдзельнік “Белага бусла — 2014”. Івану трынаццаць, выглядае ён нават маладзей. Тым не менш яго сапернікамі ў небе сталі дарослыя авіямадэлісты.
Хлопец расказвае, што пачаў займацца пачатковым тэхнічным мадэляваннем, а потым і авіямадэляваннем у Рэспубліканскім цэнтры тэхнічнай творчасці, дзе сёння яго кіраўніком і партнёрам па экіпажы з’яўляецца Васіль Міхайлавіч Загрэбельны.
“Памятаю, як зрабіў сваю першую вучэбную пілатажную мадэль, якая магла выконваць 16 фігур вышэйшага пілатажу, — усміхаецца Іван. — Толькі пасля гэтага я прыступіў да выканання мадэлі паветранага бою”.
На спаборніцтвах этапу Кубка свету, этапу Кубка Еўразіі, Кубка Беларусі “Белы бусел” Іван Карповіч і яго кіраўнік занялі 2 месца сярод юніёраў, саступіўшы толькі экіпажу з Расіі ў складзе Веранікі Насковай і Уладзіміра Наскова. На 3 месцы — экіпаж з Украіны (Ілья Радзюк, Дзмітрый Радзюк). Ужо ў жніўні Івана і Васіля Міхайлавіча чакаюць новыя старты — чэмпіянат свету па авіямадэльным спорце, які пройдзе ў Польшчы.
Трэба заўважыць, што прозвішча Загрэбельны ў авіямадэльным спорце вядомае, а ў Рэспубліканскім цэнтры тэхнічнай творчасці яно, бадай што, стала легендай. Справа ў тым, што тут Загрэбельных двое: кожны з іх унікальная асоба, і разам з тым яны ідэальна дапаўняюць адзін аднаго ў прафесіянальным плане. Ужо больш за 20 гадоў Мікалай Міхайлавіч і Васіль Міхайлавіч працуюць кіраўнікамі аб’яднанняў па інтарэсах, лёс кожнага з іх непарыўна звязаны з авіяцыяй.
“Сёння мы разам рыхтуем спартсменаў да выступлення на буйных авіямадэльных спаборніцтвах, — расказвае Мікалай Міхайлавіч. — Як і для нашых былых і сённяшніх выхаванцаў, для нас таксама ўсё пачалося з дзіцячай мары. Я захапіўся авіямадэляваннем яшчэ ў школе, быў чэмпіёнам Беларусі сярод школьнікаў. Пасля паступіў у Харкаўскі авіяцыйны інстытут на спецыяльнасць “Самалётабудаванне”. Пасля інстытута неўзабаве вярнуўся на сваю станцыю юных тэхнікаў. З таго часу не мяняў месца працы. Калі падлічыць, то я аддадзены авіямадэлізму амаль 45 гадоў”.
Натуральна, што Васіль Міхайлавіч захапіўся авіяцыяй, гледзячы на старэйшага брата. Упітаўшы атмасферу авіямадэльнага гуртка, ён паступіў у Кіраўскае ваенна-тэхнічнае вучылішча. За плячыма — прафесія бартавога тэхніка верталёта і 12 гадоў лётнага стажу.
Абодва браты — майстры спорту Беларусі і суддзі нацыянальнай катэгорыі. Іван Карповіч не першы выхаванец Загрэбельных, хто дасягнуў пэўных поспехаў на спаборніцтвах сур’ёзнага ўзроўню. Аляксандр Боб, Ягор Лафіцкі, Дзяніс Пятроўскі, Аляксей Жадзько… Усе яны зрабілі свой уклад у развіццё авіямадэлізму ў нашай краіне.
Сёння Васіль Міхайлавіч і Іван — прафесійны экіпаж, дзе Іван — пілот, а Васіль Міхайлавіч — механік. Аднак у гэтым выпадку падзяліць функцыі вельмі складана, паколькі размова ідзе пра перадачу вопыту, педагагічную і проста чалавечую падтрымку.
“Раней авіямадэльныя спаборніцтвы мелі дакладную ўмову: усе мадэлі, якія ў іх удзельнічаюць, павінны быць выкананы непасрэдна самім экіпажам, — адзначае Мікалай Міхайлавіч. — Цяпер гэтая ўмова для мадэлей паветранага бою правіламі FAI (Міжнароднай федэрацыяй авіямадэльнага спорту) знята. Мы як педагогі прытрымліваемся старога правіла. Спорт — гэта толькі вынік нашай работы, асноўная ж задача — навучыць дзяцей думаць і рэалізаваць свае ідэі ў вырабе мадэлей”.
Характар патрэбны любому, а пілоту — удвайне
Думаецца, што гледачы, якія назіраюць за віртуозным пілатаваннем мадэлей паветранага бою, рана ці позна задаюцца пытаннем: “Што больш складана — пабудаваць мадэль ці навучыцца па-майстэрску ёй кіраваць?” Натуральна, калі мадэль выраблена неакуратна і няякасна, яна не зможадобра лётаць. Аднак вельмі многае залежыць і ад таленту пілота. Педагогі ўпэўнены, што толькі ў сукупнасці нараджаецца сапраўдны прафесіяналізм.
Дарэчы, сённяшні чэмпіён свету Ігар Трыфанаў (Авіяцыйны спартыўны клуб Маскоўскага авіяцыйнага інстытута) у сваіх тлумачэннях, як арганізаваць трэніровачны працэс для юных авіямадэлістаў, акцэнтуе ўвагу на тым, што характарыстыкі мадэлі павінны поўнасцю адпавядаць магчымасцям пілота, інакш прадэманстраваць высокі вынік будзе вельмі складана. Напрыклад, пілот вельмі хутка рэагуе на сітуацыю бою, а мадэль не адпавядае хуткасці яго рэакцыі. У выніку самалёт будзе тармазіць пілота. І наадварот: калі мадэль апераджае думку пілота, яна становіцца непадкантрольнай, што зноў жа дрэнна ўплывае на вынік.
Дылетанту складана нават уявіць, як трэба кіраваць мадэлямі, каб тросы, якія звязваюць мадэлі і пілотаў, не пераблыталіся паміж сабой. Зразумела, такое здараецца, аднак майстэрства пілота якраз і заключаецца ў тым, каб разблытаць іх у паветры, не дазволіўшы пры гэтым мадэлі ўпасці на зямлю.
Як адзначаюць педагогі, навучанне пілатаванню пачынаецца ў аб’яднанні па інтарэсах ужо ў першы год навучання. Дзеці вучацца кіраваць самымі простымі мадэлямі, якія не валодаюць характарыстыкамі спартыўных мадэлей, але дазваляюць зразумець сам прынцып пілатавання.
“Мы часта параўноўваем гэты працэс з тым, як чалавек вучыцца хадзіць, — падкрэсліваюць браты Загрэбельныя. — Спачатку ён поўзае, потым трымаецца за сценку і спрабуе рабіць першыя крокі, вось пайшоў, але пакуль няўпэўнена. Прыходзіць час — чалавек пачынае бегаць… Ніхто не зможа адразу вырасціць аса, таму мы працуем ад простага да складанага: пачынаем з простых фігур пілатажу і ўмення працаваць з рухавіком”.
У паветраным баі вельмі важнай з’яўляецца тактыка — уменне пілота прадбачыць і выкарыстоўваць на сваю карысць сітуацыі, якія ўзнікаюць у ходзе бою. Іван, сарамлівы хлопчык з ціхім голасам, ніяк не выклікае ўражання “паветранай акулы”. Аднак педагогі сцвярджаюць, што гэта ўражанне падманлівае. У баі Іван “паказвае зубы” нават дарослым пілотам і вучыцца быць вытрыманым пры нечаканасцях. Авіямадэлісты жартуюць, маўляў, характар патрэбны любому чалавеку, а пілоту — удвайне.
У авіямадэлізм усёй сям’ёй
Сяргей Анатольевіч Русак на этапе Кубка свету, этапе Кубка Еўразіі, Кубку Беларусі “Белы бусел” па авіямадэльным спорце ў класе мадэлей F2D “Паветраны бой” з’яўляўся кіраўніком беларускай каманды. Разам з ім у каманду ўвайшло 8 спартсменаў, сярод якіх майстры спорту, прафесіяналыміжнароднага ўзроўню. Віталь Снітко, Віктар Няхай, Ігар Мазурын, Ягор Лафіцкі, Сяргей Данілушкін — пілоты, імёны якіх вядомыя ў айчынным авіямадэлізме.
На жаль, пераможцамі спаборніцтваў сярод удзельнікаў, якім больш за 19 гадоў, сталі тры расійскія экіпажы. Аднак Сяргей Анатольевіч выйграў яшчэ да іх пачатку. У авіямадэлізме ўся яго сям’я. Жонка і два сыны не проста падтрымліваюць яго захапленне. Таццяна Русак была суддзёй спаборніцтваў, а дзеці робяць першыя крокі на шляху да авіямадэльнай вяршыні. Думаецца, што прозвішча Русак у беларускім авіямадэлізме будзе гучаць яшчэ доўга.
Белы бусел — сімвал Беларусі. Толькі ў ліпені некалькі дзён яго палёт суправаджаўся ровам рухавіка.
Наталля АЛЁХІНА.
Фота аўтара і з архіва братоў ЗАГРЭБЕЛЬНЫХ.