Вызначаючы моду гэтага года

Калі мы гаворым пра адораных навучэнцаў, то звычайна дзелім іх поспехі з іх настаўнікамі-прадметнікамі. І ніколі не гаворым пра тое, што на працоўны лад настройвае не толькі асаблівая методыка кіраўніка, правільнае размеркаванне часу на падрыхтоўку ўрокаў, але і добры адпачынак. У Мінску завяршыўся гарадскі конкурс прафесійнага майстэрства “Сталічны настаўнік — сталічнай адукацыі” 2015 года ў намінацыі “Педагог-арганізатар”, арганізатарам якога традыцыйна выступае Мінскі гарадскі інстытут развіцця адукацыі. Тры месяцы конкурсных выпрабаванняў у поўнай меры раскрылі талент педагогаў і яскрава даказалі, што яны ўмеюць напаўняць жыццё сваіх навучэнцаў яркімі фарбамі і разам з імі імкнуцца да новых адкрыццяў і перамог.

Сёлета ў конкурсе ўзялі ўдзел 27 педагогаў-арганізатараў, актыўных, творчых, улюбёных у сваю прафесію. Каб выйсці ў фінал, ім трэба было годна прадставіць творчыя візітоўкі “Заўтра пачынаецца сёння”, сцэнарныя распрацоўкі выхаваўчых мерапрыемстваў, адкрытыя аўтарскія гульнявыя праграмы “Гульня — гэта толькі пачатак”. Педагогі здзівілі журы не толькі вынаходствамі, але і якасцю падрыхтоўкі да заданняў. Віктарыны, тэатралізаваныя гульні, квесты — форм цікава правесці час у педагогаў-арганізатараў аказалася шмат. Так, М.Л.Буранко з сярэдняй школы № 164 правяла літаратурна-развіццёвую гульню “Па слядах Гары Потэра”. “Таямніцы сусветнай культуры” прыадкрыла С.М.Давыдзенка з сярэдняй школы № 13. Гульнявую праграму “Пакарыцелі галактык” прадставіла Ю.В.Рудоль з гімназіі № 3. У краіну Мультыманію запрасіла юных выхаванцаў В.В.Казлова з сярэдняй школы № 172. А.Я.Лісіца з гімназіі № 21 паказала, як талент і вобраз клоўна можа нязмушана аб’яднаць у клас учарашніх дашкольнікаў. Пра тое, як рэалізуецца ў сярэдняй школе № 70 Мінска імя Л.Н.Гурцьева міжнародная гульня “Тры сястры: у нас адна дарога і адзін лёс” разам са школамі Масквы і Адэсы, расказала яе педагог-арганізатар К.У.Красоўская.
Талент канкурсантаў напоўніцу раскрыўся падчас адкрытага мерапрыемства з незнаёмай аўдыторыяй. Сёлета арганізатары конкурсу абазначылі яго тэматыку і прапанавалі педагогам за 45 хвілін абудзіць у дзецях ініцыятыўнасць і лідарскія якасці. Трэнінгі, творчыя пляцоўкі, інтэрактыўныя гульні дапамаглі ў гэтым педагогам. Напрыклад, Д.У.Варанкову з гімназіі № 30 імя Б.С.Акрэсціна вызначыць самых творчых дапамагло “Сапраўднае тэлебачанне”: вакантныя месцы журналістаў занялі сямікласнікі сярэдняй школы № 96. А.Я.Лісіца ад агульнага да канкрэтнага перайшла са сваімі новымі выхаванцамі, шукаючы ў Міжнародны дзень Зямлі вырашэнне экалагічных задач.
Шмат цікавых ідэй прагучала падчас прадстаўлення сістэмы работы педагога-арганізатара па каардынацыі дзейнасці дзіцячых і маладзёжных грамадскіх аб’яднанняў і падтрымцы вучнёўскага самакіравання. А пра моду гэтага года расказалі фіналісты і іх выхаванцы падчас апошняга конкурснага задання — выступлення агітбрыгад “Мода на вольны час”. І, канечне, модныя тэндэнцыі на подыуме, прабачце — сцэне, дэманстраваліся не на фасоны адзення, а на граматную арганізацыю вольнага часу. Хоць тэндэнцыі вясны-лета 2015 года былі самымі рознымі: ад стылю караоке да боўлінга, у трэндзе засталіся класічныя мадэлі ў сучаснай інтэрпрэтацыі, у прыватнасці, новыя веянні ў піянерскім руху, прадстаўленыя педагогам-арганізатарам гімназіі № 21 Мінска Алінай Яўгенаўнай Лісіцай. Па выніках усіх конкурсных заданняў яна і стала ўладальніцай звання “Педагог-арганізатар года”. 2 і 3 месцы адпаведна занялі Дзмітрый Уладзіміравіч Варанкоў з гімназіі № 30 Мінска імя Б.С.Акрэсціна і Сяргей Андрэевіч Курыловіч з Мінскага дзяржаўнага ліцэя № 3 машынабудавання.
Вітаючы пераможцаў і ўсіх удзельнікаў конкурсу ў Мінскім дзяржаўным палацы дзяцей і моладзі, старшыня журы Віталь Аляксандравіч Прыгодзіч (намеснік старшыні камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама) зазначыў: “Ваш вопыт не застанецца незапатрабаваным, метадычная скарбонка папоўнена. Жадаю вам заставацца ў прафесіі, весці за сабой сваіх выхаванцаў да новых вышынь, бо так вырашана лёсам, што менавіта на нас, педагогаў, ускладзена гэтая адказная і ганаровая місія. І будзьце разам. Нам з вамі ёсць што абмеркаваць і ёсць што стварыць”.

Святлана НІКІФАРАВА.