Яшчэ гадоў трыццаць назад з усіх вокнаў усіх двароў бацькі сварыліся на дзяцей, бо тыя адмаўляліся ісці дадому вячэраць, рабіць урокі ці прыбіраць свой пакой. Самі дзеці днямі сядзелі — а дакладней, не сядзелі, а бегалі, скакалі, сварыліся і мірыліся — у двары.
Сёння сітуацыя ў большасці сем’яў цалкам супрацьлеглая. Бацькі па-ранейшаму не задаволены, але ўжо тым, што дзеці не выходзяць на вуліцу і гуляюць толькі па інтэрнэт-прасторы. Аказалася, дваровыя гульні карысныя і патрэбныя. Ды вярнуць дзяцей да такога занятку няпроста. Група выкладчыкаў і студэнтаў Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава вырашыла паспрабаваць.
Даўно даказана, што дваровыя гульні — арганічная частка сталення дзіцяці. Дамаўляючыся пра правілы і склад каманд, дзеці вучацца строіць зносіны, шукаць паразуменне і выходзіць са спрэчных сітуацый. Так развіваюцца эмпатыя і камунікатыўныя навыкі, якія вельмі запатрабаваны на сучасным рынку працы і ўваходзяць у пералік soft skills — сённяшні “маст-хэв” добрага кандыдата. А спрабуючы ў такіх гульнях дарослыя справы, дзеці прымяраюць на сябе розныя прафесіі і пачынаюць пакрысе разумець, якія заняткі ім блізкія. Атрымліваецца своеасаблівая ранняя прафарыентацыя.
Рухавыя гульні дапамагаюць таксама фарміраваць здаровы лад жыцця. Пакуль дзеці на вуліцы спаборнічаюць у хуткасці і спрыце, арганізм размінаецца пасля праведзенага за партай школьнага дня. Таму важна, каб вучні адпачывалі на спартыўных і дзіцячых пляцоўках, а не дома ў смартфонах і планшэтах.
Правераны спосаб выцягнуць дзіця з камп’ютарнага свету — прапанаваць яму цікавую альтэрнатыву. Таму выкладчыкі Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава ўзяліся за справу. Ідэя маштабнага праекта ўзнікла ў Таццяны Юр’еўны Красцьянінавай, дацэнта кафедры тэорыі і методыкі фізічнай культуры і спартыўнай медыцыны. Разам з калегай дацэнтам кафедры анатоміі і фізіялогіі Вольгай Мікалаеўнай Малах яна прадставіла сваю задуму на конкурс сацыяльных праектаў Social Weekend.
— Мы збіраем на сваім сайце “Гуляем разам у двары!” самыя цікавыя дваровыя гульні, — расказвае Вольга Мікалаеўна, — і будзем расказваць пра іх у школах і аздараўленчых лагерах Віцебска і Віцебскай вобласці.
Аўтары праекта — а цяпер гэта ўжо вялікая каманда з выкладчыкаў, настаўнікаў, студэнтаў — шукаюць цікавыя гульні ў інтэрнэце і літаратуры савецкага часу, згадваюць, як калісьці бавілі час самі.
— Дзецям будзе цікава даведацца пра гульні, у якія гулялі іх бацькі. Можна будзе нават прыцягнуць мам і татаў у двары, каб далучыць іх да гульні і аб’яднаць з дзецьмі, — развівае думку Вольга Мікалаеўна.
Зараз каманда праекта адбірае гульні, якія прасцей за ўсё папулярызаваць сярод сучасных дзяцей. Гэта простыя і даступныя забавы, якія не патрабуюць ні складанага рэквізіту, ні доўгага навучання. Задача ў тым, каб дзеці не згубілі цікавасць, пакуль вучаць правілы гульні.
— Тлумачыць правілы будуць валанцёры — гэта ўжо каля 20 студэнтаў нашага ўніверсітэта, якія плануюць звязаць сваё жыццё з педагогікай. Як будучым класным кіраўнікам, важатым, выхавальнікам ім карысна ведаць, чым можна заняць дзяцей, і трэба ўмець арганізаваць гульню, — тлумачыць Вольга Мікалаеўна. — Нам пашанцавала, што ў многіх з іх зараз практыка ў школе, таму яны расказваюць пра наш праект адміністрацыі ўстаноў і прапануюць майстар-класы па такіх гульнях.
Калі збярэцца дастаткова ўдзельнікаў, каманда праекта арганізуе першыя спаборніцтвы па дваровых гульнях і пачне рыхтавацца да наступных — ужо па беларускіх народных гульнях. Яны дапамагаюць не толькі кантактаваць і больш рухацца, але і даследаваць культуру свайго народа, вывучаць фальклор. Акрамя таго, такія гульні можна будзе прапанаваць гаспадарам аграсядзіб, што актыўна развіваюцца ў Беларусі.
— Беларускія гульні вельмі падобныя да славянскіх увогуле, — удакладняе Вольга Мікалаеўна. — Напрыклад, наш “Сляпы кот” — гэта амаль рускія “У ката і мышку ”, у яе можна гуляць класам. Калі дзеці навучацца, можна памяняць правілы: дадаць “сляпому кату” каманду памочнікаў, якія будуць словамі падказваць яму, дзе знаходзяцца “мышы”.
З больш аддаленых планаў праекта — выпусціць метадычныя дапаможнікі для педагогаў, якія таксама хацелі б развіваць дваровыя і народныя гульні. А для саміх дзяцей — стварыць гульнявыя наборы з рэквізітам і яскрава аформленымі правіламі, якія можна было б перакласці на англійскую мову, каб папулярызаваць іх сярод турыстаў.
— Нездарма ідэя праекта ўзнікла ў Таццяны Юр’еўны, калі ў Расіі праходзіў чэмпіянат свету па футболе, — смяецца Вольга Мікалаеўна. — Калі англічане змаглі зрабіць са сваёй нацыянальнай гульні відовішча, за якім сочыць увесь свет, то чым мы горшыя?
Мар’я ЯНКОВІЧ.