Памятаю, у дзяцінстве мне вельмі хацелася займацца конным спортам. Я ўяўляла, як запускаю руку ў грыву жывёлы, гладжу яе бакі, расчэсваю. На жаль, усё гэта засталося марай, але, дзякуючы трэнеру Магілёўскага цэнтра алімпійскага рэзерву па конным спорце і сучасным пяцібор’і, я змагла зноў перанесціся ў дзіцячыя ўспаміны і адчуць цеплыню, што была са мной тады.
Галоўнае — побач з гадаванцамі
З 2007 года цэнтр кожнае лета ладзіць дзіцячы аздараўленчы лагер. Сёлета ўжо прайшло дзве змены дзённага знаходжання, у жніўні будуць працаваць яшчэ дзве — кругласутачнага. За гэты час у лагеры адпачылі ўжо больш за 130 чалавек. “Дзеці прыходзяць, снедаюць, потым пераапранаюцца і ідуць трэніравацца. Пасля іх чакаюць забаўляльныя мерапрыемствы, тэматычныя гутаркі, абед і культурная праграма. Напрыклад, яны наведваюць Буйнічы, музеі, кінатэатры, удзельнічаюць у тэатралізаваных эстафетах, дзе спартсмены на конях прадстаўляюць нейкі казачны персанаж. Не абыходзіцца і без спаборніцтваў па верхавой яздзе”, — расказвае намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці Інеса Шведава.
Большасць дзяцей, якія прыходзяць у лагер, з году ў год адны і тыя ж. Сёлета, канечне, выхаванцаў стала крыху менш, бо ў цэнтры клапоцяцца пра іх здароўе. Для тых жа, хто наведваў лагер, быў уведзены масачны рэжым, перад снеданнем, абедам і падвячоркам ім мералі тэмпературу, у буфеце рассаджвалі праз аднаго, а заняткі і мерапрыемствы праводзілі пераважна на свежым паветры.
Дзеці ішлі ў лагер не таму, што там можна адпачыць, а ў першую чаргу таму, што там коні. Іх любімыя, родныя жывёлы. Пасля размовы з трэнерам Марыяй Мядзведзевай становіцца зразумела, чаму дзеці так прывязаны да гадаванцаў: прыклад дае педагог. “Калі я была маленькай, то заўсёды казала: “Мама, купі мне, калі ласка, каня”. Але ніхто мне яго не купіў. Раней на тэрыторыі нашай школы была дапаможная гаспадарка, дзе трымалі кароў, свіней. Потым усё гэта рэарганізавалі, жывёл прыбралі і прывезлі да нас у пасёлак (Гарадок. — Заўв.аўт.) некалькі коней. Усе мясцовыя дзеці, у тым ліку і я, пабеглі глядзець на іх праз плот, нюхаць. Нам прапанавалі паспрабаваць пазаймацца, але адразу на коней не садзілі, дазвалялі іх пачысціць, напрыклад. Мы на ўсё глядзелі вялікімі вачыма і згаджаліся. Прыходзілі раніцай, сыходзілі без задніх ног, таму што гэта была няпростая фізічная праца, і ўсё дзеля таго, каб пабыць побач з коньмі”. Калі Марыя Яўгенаўна ўпершыню села на каня, то не справілася з кіраваннем і заплакала.
З зямлі ёй здавалася, што гэта так проста, а аказалася наадварот. Добра, што трэнер супакоіў дзяўчынку, прапанаваў сесці яшчэ раз. Пакрысе ў яе пачало атрымлівацца, ды настолькі, што думкі пра будучую прафесію былі толькі ў адным напрамку. “Коні прывязваюць да сябе на ўсё жыццё, таму пасля заканчэння школы я бачыла сябе толькі трэнерам. У мяне ўжо быў пэўны багаж ведаў, і мне хацелася імі дзяліцца. Цяпер коні — гэта мая сям’я, маё жыццё, маё ўсё. Мая “чалавечая” сям’я ўжо разумее, што калі мне трэба бегчы на стайню, то пярэчанняў быць не можа, бо бываюць розныя пазаштатныя сітуацыі, калі трэнер абавязаны быць побач. Гэта можа быць спякота, гэта можа быць мароз, гэта можа быць дзень, гэта можа быць ноч”, — кажа трэнер, а потым дрыжачым голасам дадае: “Напэўна, мой самы любімы ў жыцці конь — Мальвіна. Ён быў першым і навучыў мяне многаму. Кажу і ўспамінаю пра яго як пра самае яскравае ўражанне ў маім жыцці. На жаль, ён ужо пайшоў з жыцця, але застаўся ў маім сэрцы”.
Без абмежаванняў
Дзеці 9—12 гадоў ходзяць на заняткі ў цэнтр бясплатна, астатнія трэніруюцца на платнай аснове. У асноўным гэта дзяўчынкі, часам на спаборніцтвах установу нават дражняць: “Прыехала магілёўская жаночая школа”. Марыя Яўгенаўна лічыць, што 9 гадоў — добры ўзрост, каб пачаць трэніравацца, бо шкілетны і мышачны каркасы ўжо крыху памацнелі. Але калі нехта захацеў займацца пазней, нічога страшнага. Усё залежыць ад фізіялагічных асаблівасцей чалавека. “Быў выпадак, да нас прыйшла займацца дзяўчына 20 гадоў, але ў яе было такое паразуменне і гармонія з канём, што яна нават на некаторы час стала трэнерам і працавала ў цэнтры. Галоўнае — жаданне і мэта. Па целаскладзе абмежаванняў няма. Пажадана толькі, каб верхавы важыў не больш за 100 кілаграмаў. Увогуле, коні, як і коннікі, усе рознага характару. Таму, напэўна, кожны штосьці для сябе можа знайсці ў верхавой яздзе.
У нашым спорце патрэбны спакой, уседлівасць, цягавітасць. Калі ў верхавога гэтага няма, конь навучыць”, — упэўнена трэнер.
Заняткі праходзяць па трох відах: выездка, канкур і трохбор’е. Марыя Мядзведзева працуе па першым. Яна часта чуе, што людзям цікавей глядзець на скачкі (канкур), гэта больш захапляюча. Але калі чалавек пераходзіць з канкуру ў выездку, разумее, як тут цяжка.
“У нас трэба валодаць сваім целам да такой ступені, каб у пэўны момант ведаць, якой мышцай штурхнуць каня, а якой — стрымаць. Гэта тонкая праца, трэба быць вельмі чуллівым, хуткім, каб адрэагаваць на любую маніпуляцыю каня. У той жа час трэба быць трывалым і моцным”.
Трэніроўка пачынаецца з таго, што дзеці прыходзяць, пераапранаюцца (а часам не) і бягуць да сваіх гадаванцаў, нюхаюць іх, даюць нейкія прысмакі, пераконваюцца, што з імі ўсё ў парадку. Потым пачынаецца праца. Яна заключаецца ў тым, каб пачысціць каня, засядлаць, прамацаць спіну, канечнасці, каб нідзе не было пухлін, ацёкаў, драпін. Калі выхаванкі знайшлі нешта падобнае і ў сілах гэта выправіць, то самі аказваюць дапамогу. Калі конь добра сябе адчувае, то пара выязджае на трэніровачнае поле. Конь абавязкова павінен расхадзіцца, каб у яго правільна цыркулявала кроў, разагрэліся мышцы, гэта займае 10—20 мінут. Некаторым з-за ўзросту трэба 40 мінут. “Мы расходжваемся, робім разміначную рысь, разміначны галоп, толькі пасля гэтага пераходзім да выканання складаных элементаў верхавой язды. Пачынаем выконваць саступкі, піруэты, паўпіруэты, розныя менкі ног. Пасля трэніроўкі трэба абавязкова зачысціць каня, пры неабходнасці памыць. Калі дзеці заканчваюць нашу школу, то ўмеюць і гной прыбіраць, і капаць, і фарбаваць, і шыць, — кажа Марыя Яўгенаўна. — Мы часта праводзім кантрольныя трэніроўкі, каб выявіць, якія ёсць праблемы, каб іх выправіць, бо конь часам псіхалагічна стамляецца, замыкаецца. Плюс дзякуючы гэтаму жывёла рыхтуецца да спаборніцтваў. Бывае, падчас заняткаў усё праходзіць добра, а на старце конь хвалюецца, адчувае адказнасць. Некаторым коням трэба як мага часцей выязджаць на спаборніцтвы і адаптавацца да такога фармату”.
Летні лагер дазваляе больш паглыблена праводзіць заняткі. Калі падчас навучальнага года трэніроўка праходзіць раз на дзень, то ў лагеры — два разы, таму за лета многія вырастаюць прафесійна.
Самае складанае ў верхавой яздзе, па меркаванні Марыі Мядзведзевай, — перасіліць сябе. Калі верхавы садзіцца на каня, у яго спрацоўваюць чалавечыя інстынкты: пацягнуць за повад, схапіцца за жывёлу. Усё гэта робіць ёй балюча. Таму верхавому неабходна перасіліць сябе, разняволіцца, сесці спакойна, свабодна, не цягнуць за повад. Інстынкт самазахавання на час язды адключыць.
“Траўмы і конны спорт ідуць паралельна. Конь вельмі залежыць ад чалавека, нягледзячы на свае аб’ёмы, унутры ён адчувае сябе маленькай мышкай. Калі жывёла чагосьці спалохалася, яна пабяжыць і чалавека можа проста не заўважыць. Як правіла, траўмы атрымліваюць не на кані, а побач з ім, — заўважае трэнер. — У нас, дарэчы, ёсць традыцыя: зваліўся з каня — нясі торт. Гэта своеасаблівы стымул. Тартоў у нас не было ўжо даўно”.
Пасля года навучання дзеці ўжо ўдзельнічаюць у школьных спаборніцтвах. Калі праходзіць 2—3 гады, яны пачынаюць выступаць на рэспубліканскім узроўні. Каб трапіць на міжнародныя спаборніцтвы, трэба сапраўды пастарацца, таму што канкурэнцыя даволі высокая. “Напэўна, нашы самыя моцныя сапернікі — Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі коннага спорту і конегадоўлі ў Ратамцы. Дзякуючы ім мы вучымся. Конны спорт у Беларусі толькі на пачатковым этапе развіцця, таму коннікі — вельмі згуртаваны калектыў. Калі дзяўчыны з РЦАП бачаць, што могуць нам дапамагчы, яны заўсёды дапамагаюць. За гэта ім вялікі дзякуй”.
Знайсці аднолькавыя характары
Кажуць, што гаспадары падобныя да сваіх сабак. Гэтак жа і з коньмі. Яны моцна ўплываюць на чалавека, людзі моцна ўплываюць на іх. У выніку атрымліваецца адзін вялікі арганізм. Калі ты дыхаеш з канём адным паветрам, жывеш аднымі думкамі, як можа быць інакш.
“Падабраць каня дзіцяці — задача трэнера. Ён глядзіць на выхаванца, складае яго псіхалагічны партрэт і прыблізна ведае, на якога каня яго пасадзіць. Але ў той жа час трэнер павінен навучыць дзіця ездзіць на розных конях, бо конь, як і чалавек, бывае імпульсіўны, лянівы і г.д. Трэба зрабіць так, каб выхаванец справіўся з любым характарам”, — лічыць Марыя Яўгенаўна.

Самае цудоўнае ў гэтым відзе спорту, што жанчыны выступаюць нараўне з мужчынамі, узрост неабмежаваны (галоўнае, каб здароўе дазваляла). Самай дарослай выхаванцы Марыі Мядзведзевай зараз 40 гадоў, гэта яе калега, якая з’яўляецца членам нацыянальнай зборнай. А на аддзяленні па трохбор’і ўвогуле займаецца жанчына, якой 51 год! Шыкоўна!
“Дзякуючы верхавой яздзе, людзі становяцца натхнёнымі, расслабленымі, адчуваюць уздым сіл і псіхалагічную разгрузку. У чалавека, які паездзіў на кані, раскрываюцца крылы, з’яўляецца пачуццё палёту душы, — упэўнена трэнер. — Я працавала нейкі час у пракаце, калі каня бяруць на час, каб пакатацца, і сустрэла там шмат людзей. У некаторых пытала: няўжо пасля працоўнага дня ім хочацца яшчэ атрымліваць дадатковую фізічную нагрузку? А яны мне вельмі проста адказвалі: “Мы сюды прыходзім стомленымі, а сыходзім стомленымі, але шчаслівымі”.
Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота з архіва Магілёўскага цэнтра алімпійскага рэзерву па конным спорце і сучасным пяцібор’і.