З вясной на крылах

Крочыць па Беларусі вясна, змяніўшы снежную і марозную зіму — няпросты час не толькі для людзей, але і для шматлікіх жывёл і птушак, якія жывуць з намі па суседстве. Навучэнцы Шпакоўшчынскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Полацкага раёна рабілі ўсё магчымае, каб падтрымаць крылатых сяброў у гэты няпросты час.


Акцыя “Дапаможам крылатаму сябру” стала ў нашай установе адукацыі традыцыйнай. Праходзіць яна заўсёды займальна і цікава. Першы этап акцыі “Кармушка” праходзіў з лістапада 2016 па люты 2017 года. Нашай галоўнай задачай было сачыць за тым, каб не пуставала “птушыная сталовая”. У пачатку восені ўдзельнікі атрада “Экалажонак” вывучылі літаратуру па тэме “Чым карміць птушак узімку?”. Затым склалі табліцу аб відах корму для птушак, якія жывуць на тэрыторыі мікрараёна ўстановы адукацыі. З улікам складзеных “экалажатамі” рэкамендацый вучні на працягу восені займаліся зборам насення раслін, нарыхтоўкай шышак і ягад, якімі потым усю зіму шчодра частавалі крылатых сяброў. “Птушыныя сталовыя” працавалі не толькі на тэрыторыі ўстановы адукацыі, падсілкавацца птушкі маглі ў многіх дварах вёскі, таму што вучні стварылі больш за 60 кармушак з самых розных матэрыялаў і развесілі іх у сябе ў дварах, не забыліся і пра суседзяў.

Навучэнцы не толькі падкормлівалі зімуючых птушак, але і назіралі за імі. Гэта аказалася займальным і вельмі пазнавальным заняткам. Навучэнцы пачатковых класаў правялі міні-даследаванне “Зімуюць птушкі нашай мясцовасці”. У пакоі школьніка была арганізавана выстава літаратуры “У свеце птушак”, дзе кожны жадаючы мог знайсці сабе кнігу па душы. Для таго каб прыцягнуць да ўдзелу ў акцыі як мага больш людзей, дзеці стварылі лістоўкі, буклеты, калажы і распаўсюджвалі іх сярод гасцей школы, жыхароў навакольных вёсак. А дзяўчынкі з 7 класа асабліва творча падышлі да справы і звярнуліся да людзей ад імя сінічак у вершах.


Другі этап акцыі “Птушкаград” стартаваў у сакавіку 2017 года і працягнецца да канца красавіка. Цяпер мы актыўна сустракаем крылатых сяброў: загадзя падрыхтавалі для іх новае жыллё, адрамантавалі старое. Каб зрабіць як мага больш шпакоўняў, вырашылі правесці агітацыйную кампанію, падчас якой стварылі больш за 40 лістовак-“птушачак”. Кожнае з гэтых пасланняў не падобна на іншыя, таму што размалявана ўручную. Заклікі на лістоўках вучні таксама складалі самі. Вынік ёсць: у кожным двары ўжо чуецца шчабятанне шпакоў, іншых птушак.

У перыяд вясновых канікул ва ўстанове адукацыі прайшла вучэбна-даследчая канферэнцыя “Першы крок у навуку”. Вучні вельмі адказна падыходзяць да ўдзелу ў гэтым мерапрыемстве: пад кіраўніцтвам настаўнікаў выбіраюць тэму для даследавання, пазначаюць аб’ект і прадмет працы, праводзяць даследаванне і прадстаўляюць справаздачу на суд журы. У гэтым годзе высокую ацэнку атрымала даследчая праца навучэнца 6 класа Канстанціна Станкевіча “Сінічка-памочніца”.

Цікава прайшло мерапрыемства “Саракі”, падчас якога вучні пазнаёміліся з гісторыяй свята і абрадамі сустрэчы вясны, а таксама атрымалі пачастунак — выпечаныя з цеста фігуркі жаўрукоў. З вялікай цікавасцю члены аб’яднання па інтарэсах “Пілігрым” разам з кіраўніком Дзмітрыем Уладзіміравічам Карповічам назіраюць за прылётам птушак і робяць запісы ў дзённіку феналагічных назіранняў. Гэты занятак вельмі падабаецца дзецям. Сёлета яны вырашылі прыцягнуць да феналагічных назіранняў і навучэнцаў 1—4 класаў, якія адказна паставіліся да даручэнняў юных фенолагаў.

Мы з радасцю сустракаем крылатых сяброў, якія нясуць да нас на сваіх крылах вясну і цяпло!

Наталля ЗУЦІС,
намеснік дырэктара
Шпакоўшчынскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Полацкага раёна.