За мужчынскімі плячыма

Да Дня абаронцаў Айчыны, або неафіцыйнага Дня мужчын, яшчэ пяць дзён. У той час, калі нашы любімыя дзяўчаты і жанчыны клапоцяцца пра выбар падарункаў для сваіх абаронцаў, для нас гэтыя пяць дзён з’яўляюцца выдатнай нагодай прааналізаваць свае ўчынкі, сваё жыццё, падумаць над тым, наколькі мы адпавядаем высокаму званню мужчыны, што наогул значаць словы “мужчынам звацца”.

Здаецца, прааналізаваць, нешта змяніць вельмі проста: заходзіш у інтэрнэт, гугліш “сапраўдны мужчына”, а там табе адразу выдаюць “10 прыкмет сапраўднага мужчыны”, “15 якасцей сапраўднага мужчыны”. Праходзім па спасылцы і чытаем: “Сапраўдны мужчына павінен быць надзейным”, “Сапраўдны мужчына павінен быць сур’ёзным”, “Сапраўдны мужчына павінен трымаць язык за зубамі”, “У сапраўднага мужчыны павінна быць таямніца”. Павінен, павінна… А калі згадаць яшчэ і знакамітае “пабудаваць дом, пасадзіць дрэва, выгадаваць дзіця”, то тут нават у самага моцнага духам мужчыны галава можа закружыцца. У лепшым выпадку ён засумуе, замкнецца, у яго панізіцца самаацэнка. Але ж сапраўдны мужчына не павінен сумаваць, павінен павышаць самаацэнку і пры гэтым рэальна сябе ацэньваць, таму будзем працаваць над сваімі слабасцямі, рабіцца моцнымі, ініцыятыўнымі, такімі, як героі лютаўскага выхаваўчага дадатку. Гэта педагогі, бацькі — людзі, якія ў шосты школьны дзень актыўна ўдзельнічаюць у жыцці сваіх дзяцей, выхаванцаў.

Першым нашым героем стане настаўнік фізічнага выхавання Камунараўскай сярэдняй школы Буда-Кашалёўскага раёна Уладзімір Пятровіч Сляпцоў. Менавіта дзякуючы яго зацікаўленасці, ініцыятыўнасці каманда раёна рэгулярна становіцца прызёрам абласных турыстычных спаборніцтваў, а ў канцы мінулага года ў школьнай спартыўнай зале быў устаноўлены скаладром, другі па велічыні ў вобласці пасля скаладрома Гомельскага абласнога цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі. Калі гаварыць больш дакладна, то ўстаноўка скаладрома — гэта завяршэнне справы, пачатай папярэднікам Уладзіміра Пятровіча Віктарам Мікалаевічам Жгаровым. Добрая справа прыносіць свае вынікі: на нядаўніх абласных спаборніцтвах па скалалажанні каманда Камунараўскай сярэдняй школы заняла тры 1-я, адно 3-е і 1-е агульнакаманднае месцы. Не меншыя поспехі прыносяць і заняткі велатурызмам, тым больш што Уладзімір Пятровіч — майстар спорту ў гэтай дысцыпліне і з’яўляецца выдатным прыкладам для сваіх навучэнцаў.

Ініцыятыўны, адказны, мужны, сур’ёзны, надзейны — такім з’яўляецца наш герой, такія якасці характару варта выпрацоўваць кожнаму мужчыну. Яшчэ ёсць пяць дзён, ёсць над чым задумацца.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.