Замры, эмоцыя!

“Яна ж жывая!” Рабіць для сябе гэтае адкрыццё, углядваючыся ў вочы скульптур, жыхары Нясвіжа не стамляюцца ўжо некалькі гадоў запар. Прывыкнуць ім да з’яўлення на вуліцах і плошчах горада Радзівілаў, прыгожых паненак, баяністаў, скрыпачоў і дзясяткаў іншых вобразаў не дае творчая моладзь, якая кожны дзень прыдумвае і стварае новыя жывыя скульптуры ў МЦ. Менавіта так коратка называе мясцовая моладзь Нясвіжскі гарадскі маладзёжны цэнтр, дзе і працуе іх узорная студыя акцёрскага майстэрства “Творяки” і якой кіруе рэжысёр і настаўніца тэатральных дысцыплін Ганна Лысенка. Сваю маўклівую творчасць жывыя скульптуры прадстаўлялі нядаўна і ў межах Рэспубліканскага тыдня ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.

Маўклівы брэнд Нясвіжа

Жывыя скульптуры ўжо сталі брэндам Нясвіжа. Ні адно гарадское свята, ні адна дабрачынная ці канцэртная праграма не праходзяць без іх не толькі дома, але і ў іншых гарадах Беларусі. Асабліва часта іх запрашаюць на святы ў Гродна, Мінск, штогод запрашаюць на “Славянскі базар у Віцебску”, добра ведаюць іх творчасць і ў маленькіх гарадках. Багатая ў студыйцаў і конкурсная біяграфія. Не раз яны станавіліся пераможцамі рэспубліканскіх і міжнародных творчых конкурсаў, ужо веда­юць “Творяк” і за межамі Беларусі, у прыватнасці, у Літве.

Ганна Лысенка адна з першых у Беларусі стала развіваць гэтае мастацтва — эмоцый у статыцы. Сёння ў яе калектыве больш за 30 удзельнікаў ад 14 да 23 гадоў. Праўда, дзверы яна не зачыняе і перад больш дарослымі.

Хоць афіцыйна студыя працуе з 2013 года, гэты кірунак Ганна развівала яшчэ з часоў яе вучобы ў Гродзенскім дзяржаўным кале­джы мастацтваў, з 2009 года. Першай яе скульптурай быў Зазывала, у якога дзяўчына пераўвасобілася на студэнцкім кірмашы. І калі потым маладым спецыялістам прыехала на сваё першае працоўнае месца ў Нясвіж і пасвяціла сябе кірунку пантамімы, ёй не давалі спакою ўспаміны пра тыя непадробныя эмоцыі людзей, якія ўпершыню ў жыцці бачылі жывую скульптуру на тым кірмашы. Так і з’явіўся ў студыі новы кірунак.

За гэты час студыя (дарэчы, адзіная ў сваім родзе ў Беларусі, якая носіць званне ўзорнай) набыла сваё аблічча з уласным стылем. У першую чаргу гэта тычыцца фарбавання статуй.

“Мы карыстаемся толькі уласным грымам, таму нашы скульптуры не пераблытаеш ні з якімі іншымі. Яго рэцэпт дастаўся мне ад маіх універсітэцкіх настаўнікаў і стаў нашым галоўным сакрэтам. Наш грым не цячэ пад дажджом, не растае на сонцы, пры гэтым не шкодны для скуры, гіпаалергенны і лёгка змываецца мылам. Але галоўнае — мы засяроджваемся не толькі на знешнасці вобраза, але і на яго акцёрскім самавыяўленні. Якім будзе вобраз, выраша­юць самі аўтары. Калі дзіця стварае свой вобраз, яно вельмі дасканала прадумвае яго ад касцюма да выразу твару, працуе над яго псіхалогіяй: які гэта вобраз, адкуль бярэ пачатак, чаму ў яго такая пазіцыя, калі ён ажывае, то як, што будзе несці гэтая скульптура людзям. І задача педагога — накіраваць гэтую творчасц­ь у пэўнае рэчышча, паказаць дзіцяці, як у гэтым вобразе самавы­явіцца”, — расказвае Ганна Віктараўна.

Тут немалаважна і падабраць касцюм. Сёння праблем з матэрыяламі ў аўтараў няма. Творчая гаспадарка маладзёжнага цэнтра знаходзіцца на базе школы мастацтваў, дзе Ганна працуе загадчыкам тэатральнага аддзялення. Тут у іх ёсць свая тэатральная зала, чорны кабінет, абсталяваны ўсімі неабходнымі светлавымі прыборамі, кабінет для грыму, але галоўнае — касцюмерная і шмат жадаючых, якія рады яе папоўніць.

“Калі ў мяне з’явілася памяшканне для касцюмернай, я сказала ўсім сваім навучэнцам, калегам і знаёмым, што калі нехта збіраецца выкінуць нейкія рэчы на сметнік, то толькі праз мяне. Таму рэчы з усяго горада спачатку аказваюцца ў нас, з іх мы ўжо адбіраем тое, што нам спатрэбіцца. Так, паўгадзіны для творчасці — і нямодная дамская сумка ператвараецца ў арыгінальны капялюш, са старых плашчоў у нас сплятаюцца саламяныя па выглядзе лапці і інш.”, — дзеліцца сакрэтамі студыйных багаццяў Ганна Віктараўна.

Не дыхай, не маргай, не рухайся

Але стварыць вобраз мала. Галоўнае — яго ўвасобіць. Вось па гэтым кірунку ў студыі ідзе вельмі грунтоўная акцёрская падрыхтоўка, дзе школьнікі і студэнты асвойваюць спецыяльныя тэхнікі дыхання і позірку, каб не было відаць, што статуя дыхае і маргае, выпрацоўваюць вытрымку, каб навучыцца стаяць нерухома па шмат гадзін запар у адной паставе.

“Галоўнае для любога акцёра — правільнае дыханне. Мы дыхаем не грудзямі, як усе, а жыватом. Калі трэба ўзяць дыханне, нашы навічкі набіраюць паветра носам, пры гэтым паднімаюцца плечы, уцягваецца жывот. І ўсё роўна паветра набіраецца мала. А жыватом мы набіраем яго значна больш, і выдых на пэўны лік, маленькімі порцыямі, можа доўжыцца хвіліну і больш. Пры гэтым не пачашчаецца ціск, няма панікі, што не хапае паветра, і глядач не бачыць, што акцёр дыхае.

У акцёраў ёсць практыкаванне “Калі б…”, дзе акцёр прайграе розныя сітуацыі, імправізуе ў залежнасці ад розных сітуацый. Акрамя пазіроўкі, якую акцёр выбраў для сваёй статуі, ён яшчэ павінен умець дзейнічаць згодна з канкрэтным вобразам. Таму мы разбіраем, чаму скульптура менавіта такая, чаму стаіць менавіта ў такой пазіроўцы, чаму ў яе менавіта такі погляд, калі яна ажывае, як яна гэта робіць, чаму паводзіць сябе менавіта так, а не інакш.

Не зможаш стаяць скульптурай і без акцёрскіх трэнінгаў, бо трэба ўмець расслабляць мышцы. Калі стаіш доўга ў адной паставе, у цябе зацякаюць часткі цела. Гэта салдату, які стаіць на варце, галоўнае — стаяць роўна, а нашым акцёрам яшчэ трэба быць у вобразе, працаваць на кожнага, прычым на дзіця бу­дзе адна рэакцыя, для падлетка ажываеш інакш, свае адметнасці і ў рабоце на дарослага. Акрамя таго, артыст павінен улоўлі­ваць і адчуваць, з якімі эмоцыямі, з якім настроем да яго падыходзіць чалавек, бо для хмурнага і для вясёлага будзе свой сцэнарый ажывання. Убачыць гэта ўсё дазваляе спецыяльны позірк — па дыяганалі. Для гэтага дастаткова выбраць кропку, доўга гля­дзець на якую акцёру не будзе балюча. Таму важна, калі працуеш на вуліцы, навучыцца прадугадваць нават траекторыю промняў і ходу сонца.

Не менш важна і ўменне акцёра маргаць рэдка — ён жа статуя. Мы летась прадстаўлялі свае скульптуры на “Дажынках”, і гледачоў асабліва зацікавіў вобраз Беларуса, які сядзеў з мяхом бульбы. Фішка гэтага акцёра — Уладзіслава Сініцы — доўга не маргаць. Вакол яго сабралася каля 40 чалавек са смартфонамі, усе здымалі яго на відэа і рабілі стаўкі, калі ж ён ужо нарэшце маргне. Такія рэчы прыходзяць толькі з вопытам”, — дзеліцца тонкасцямі справы Г.В.Лысенка.

Вобразы мілыя роднага краю

У рэпертуары студыйцаў ужо 38 самых розных скульптур. У першую чаргу гэта княжны і княжычы (як жа інакш на радзіме Радзівілаў?!), паненкі з пушкінскіх і нават царскіх часоў. Акрамя гістарычных асоб, палюбілася нясвіжцам і калекцыя прафесій: будаўнікі, ваенныя, настаўнікі, медык, баяніст, скрыпач, дудар. Удалося ў скульптурах паказаць і розныя заняткі беларусаў — ад жняі да агародніка. Цікавыя вобразы хатняй гаспадыні, школьніцы, маці, якая адпраўляе сына на вайну, дзяўчыны, якая сустракае каханага, і інш.

“Кожная з гэтых скульп­тур, хоць і маўклівая, красамоўна гаворыць гледачу пра сябе, — расказвае Ганна Віктараўна. — Напрыклад, скульптура гаспадыні — чырвонага колеру, быццам гарачы чайнік, маўляў, “я закіпаю, але пакуль стрымліваюся”. А ўсё таму, што яна ўся ў справах, на ўзводзе, з няўрымслівым поглядам. Яна ў халаце і фартуху, з бігудзі і ўваткнутымі ў валасы алоўкамі, у адной руцэ ў яе патэльня, у другой — сумка з прадуктамі, пад пахай — падручнік… Вельмі спадабаўся гэты вобраз гледачам, асабліва жанчынам, але яе аўтар ужо выпускніца, а знасці ёй такую ж замену пакуль не ўдаецца. Мы чакаем актрысу, якой бы падышоў гэты вобраз.

Дарэчы, якраз пасля гаспадыні ў нас пайшла тэндэнцыя ствараць скульптуры больш тэхнічныя, нестандартныя, артхаусныя. Нашым акцёрам хочацца паказваць свае ўнутраныя эмоцыі, якіх няма на твары і якія глядач не адразу счытвае. Гэта накшталт карцін: калі блізка стаіш — нічога не бачыш, а калі адыдзеш — задумка становіцца відавочнай. Цэлая серыя такіх вобразных работ у нас толькі пачынае стварацца”, — гаворыць Ганна Лысенка.

Упэўнена, што хутка яны нададуць свой шарм нясвіжскім вулачкам і раскажуць пра свой горад усім. А яшчэ я ўпэўнена: дзе б ні гасцявалі юныя творцы падчас насычанага фестывальнага жыцця, яны абавязкова вернуцца дадому, у Нясвіж. У гэтым запэўніла мяне і Ганна Віктараўна: “Замкі, Радзівілы — наша марка. Імідж “маленькаму Парыжу” заваявалі нашы продкі задоўга да нас, і цяпер наша задача — не страціць яго. Мне прыемна, калі пра наш маленькі гарадок гавораць у тэлецэнтры “Астанкіна”, дзе нас запрасілі прадставіць сваю творчасць у прамым эфіры, на міжнародных тэатральных конкурсах, на фестывалях. Гэта не ідзе ў параўнанне з тым, як гучыць там жа Мінск ці Віцебск, бо гэта розныя маштабы і па колькасці насельніцтва, і па колькасці тэатральных школ, і па магчымасцях для самавыяўлення. Нам прыемна, што мы, маленькая студыя з маленькага гарадка, можам ствараць ім годную канкурэнцыю”.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота з архіва студыі.