У Кубку па адукацыйнай робататэхніцы сезона 2020/2021 адразу дзве каманды Палаца дзіцячай творчасці Баранавіч узялі прызавыя месцы ў намінацыі “Праграмуемыя дроны” — “ДДТелло” і Air blood. Абедзве трэніруе Максім Чыжык. Ён як ніхто знаходзіцца ў тэме, бо паралельна працуе на 558-м авіяцыйным рамонтным заводзе інжынерам па выпрабаванні беспілотных авіяцыйных комплексаў.
Ручныя і праграмуемыя
Максім Іванавіч працуе педагогам з верасня 2019 года, у той жа час адкрыўся гурток “Тэхналогіі беспілотных лятальных апаратаў”. Ідэя стварыць яго належыць дырэктару авіяцыйнага завода і дырэктару палаца творчасці. Гэта магчымасць рыхтаваць на прадпрыемства новыя зацікаўленыя кадры і адкрыць сучаснае, цікавае для дзяцей аб’яднанне.
Калі на заводзе спыталі, хто хацеў бы папрацаваць педагогам, Максім Чыжык вырашыў, што справіцца, тым больш падчас вучобы ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі ён займаўся з першакурснікамі, вопыт ёсць. Зараз да яго ў гурток ходзяць 30 хлопчыкаў і дзяўчынак ва ўзросце 10—18 гадоў.
Уладзімір Ліс, 11 клас:
“Я прыйшоў у аб’яднанне 3 гады назад. Мне расказаў пра яго класны кіраўнік. З 6 класа займаюся праграмаваннем, таму падумаў, што тут змагу паспрабаваць нешта новае. На занятках мне падабаецца тое, што яны цалкам вольныя. Можна запраграмаваць дрон, можна палётаць на ім уручную, можна штосьці пра яго вывучыць ці пагаварыць з Максімам Іванавічам на гэтую тэму.
У мінулым годзе ў нашым горадзе праходзілі спаборніцтвы, якія мне запомніліся сваёй складанасцю. Мы не шмат да іх рыхтаваліся, тым не менш узялі першыя чатыры месцы. Сёлета ўсе працавалі вельмі старанна. Заняткі не прапускалі, пастаянна адпрацоўвалі палёты, каб стаць лепшымі. Нават дома шукалі спосабы ўдасканаліць палёт беспілотніка, зрабіць яго больш стабільным і хуткім.
Са спаборніцтваў мне спадабалася ўдзельнічаць у Кубку па адукацыйнай робататэхніцы. Менавіта там я змог прымяніць навыкі праграмавання, якія атрымаў за межамі гуртка. Я выклаўся на максімум, каб даказаць, што час, выдаткаваны на навучанне, прайшоў з карысцю. Безумоўна, без майго партнёра было б вельмі цяжка”.
Новых выхаванцаў педагог спачатку знаёміць з тэорыяй. Расказвае пра будову лятальных апаратаў: для чаго ў квадракоптары вінты, якая роля ў матора самалёта, чым адрозніваецца самалёт ад планёра, за кошт якіх сіл самалёт узлятае і трымаецца ў паветры і інш. Далей дзеці паглыбляюцца, больш падрабязна вывучаюць дэталі, якія ўстаноўлены ў лятальным апараце, для чаго яны патрэбны і як працуюць. Потым дадаецца праграмаванне: якія каманды можна задаваць, чаму дрон ляціць сам і робіць тое, што напісана ў праграме, і інш.
— З праграмаваннем увогуле я знаёмы, бо яго мы вывучылі падчас вучобы ў акадэміі, але праграмаванне менавіта беспілотнікаў давялося асвойваць самастойна. Дапамог інтэрнэт і веды, атрыманыя ў студэнцтве, — расказвае Максім Іванавіч. — На занятках у гуртку мы спачатку пішам праграму, я правяраю яе на граматыку, а потым дзеці глядзяць правільнасць у сімулятары. Калі ўсё нармальна, мы ідзём у залу і правяраем на практыцы, ці сапраўды ўсё працуе так, як у сімулятары.
Заняткі ў асноўным праходзяць у памяшканні, але часам выхаванцы выходзяць на вуліцу, каб было больш прасторы, каб можна было разагнацца, палётаць уверх, уперад, назад. Дронаў для трэніровак у Баранавічах 11. Пяць серыйных Syma X5 і тры несерыйныя, якія дзеці зрабілі разам з кіраўніком з купленых дэталей. Усе яны маюць ручное кіраванне. Ёсць яшчэ тры праграмуемыя дроны Dji Ryze Tello.
Жыццё квадракоптара рознае па працягласці. Часцей за ўсё выходзяць са строю рухавікі, бо яны слабыя і танныя. Па гэтай прычыне некаторыя дроны разбіваліся і набывалі ўжо новую функцыю — вучэбнага дапаможніка, па якім зручна разбіраць, з чаго складаецца апарат. Калі лётаць без абароны і ўрэзацца ў нешта, зламаюцца прапелеры. Абарона — гэта невялікая пластыкавая дужка, якая звычайна ідзе ў камплекце з коптарам і абараняе прапелер ад знешняга ўздзеяння, бярэ ўдар на сябе.
— Цяжэй за ўсё дзецям навучыцца кіраваць дронам уручную, бо многія баяцца пашкодзіць тэхніку, хтосьці саромеецца, камусьці страшна нават падысці да апарата. З праграмуемымі квадракоптарамі такіх праблем няма, таму што можна праверыць у сімулятары, як ён паляціць, — тлумачыць педагог.
Дзеля цікавасці
На свае першыя абласныя спаборніцтвы WorldSkills Hi-Tech па кіраванні БПЛА Максім Чыжык з выхаванцамі паехалі праз два месяцы вучобы. Дзеці збіралі, настройвалі і пілатавалі дрон у ручным рэжыме. Былі два тыпы заданняў: праляцець па пэўнай трасе праз перашкоды за мінімальны час і як мага больш разоў праляцець васьмёрку ці круг. Нечакана для саміх сябе баранавіцкія школьнікі забралі ўсе прызавыя месцы. Педагог зразумеў, што гэта добры вынік, спыняцца нельга. Пачаліся ўзмоцненыя трэніроўкі, падрабязнае вывучэнне тэорыі. Праз месяц “пілоты” паехалі на рэспубліканскія спаборніцтвы і занялі 3-е месца. Гэта падахвоціла яшчэ больш. Так прайшоў першы год навучання.
Летась у Беларусі з’явіўся новы тып спаборніцтваў па БПЛА — праграмуемыя дроны. Трэба напісаць праграму, загрузіць яе ў беспілотнік, ён павінен праляцець па пэўнай трасе, не зачапіцца за перашкоды і роўна сесці. За чысціню праходжання суддзя налічвае балы. Вынік падводзяць па часе і колькасці балаў.
— Мы зноў дзеля цікавасці паехалі на такія спаборніцтвы, гэта быў Кубак па адукацыйнай робататэхніцы. Хацелі паглядзець, хто што ўмее, хто будзе выступаць. Сабралася ўсяго 5 каманд. Наш першы вынік быў не вельмі добрым, але ён матываваў дзяцей на больш сур’ёзныя трэніроўкі. На апошнім этапе КАР мае выхаванцы занялі 2-е і 3-е месцы, а па выніках усіх этапаў узялі “золата” і “бронзу”, — дзеліцца Максім Іванавіч. — Усе этапы былі цікавымі, мы шмат паездзілі па Беларусі. Больш за ўсё мне запомніўся этап у Віцебску. Па-першае, я паехаў да сябе на радзіму. Па-другое, там было моцнае саперніцтва, адрыў усяго ў некалькі балаў. Тыя, хто заняў 1-е месца, набралі 50 балаў, мае выхаванцы на 2-м — 49 і іншыя мае выхаванцы з 3-га месца — 48.
Каманда старэйшых хлопцаў Максіма Чыжыка называецца “ДДТелло”. ДДТ — гэта “дворец детского творчества”, а “Телло” — назва мадэлі квадракоптара. Малодшыя прыдумалі сабе назву самі — Air blood. На адным з этапаў КАР абедзве каманды набралі максімальную колькасць балаў — 50, а розніца ў часе склала ўсяго 2 секунды.
Данііл Данілкін, 9 клас:
“У гурток я прыйшоў, бо хацеў даведацца пра сферу беспiлотнiкаў. Таксама гаварылі, што тут будзе праграмаванне. Пасля ўрокаў мы сустракаемся ў Палацы дзіцячай творчасці, каб узмацнiць свае навыкi і веды. Дрон я пакуль сабе не купiў, бо гэтая “цацка” каштуе даволі дорага. Магчыма, пасля заканчэння школы пайду вучыцца па гэтым напрамку, але пакуль планую выбраць прафесію, звязаную з камп’ютарнымі тэхналогіямі”.
— На спаборніцтвах можна выступаць як удваіх, так і аднаму. Малодшыя выбіраюць першы варыянт: адзін піша праграму, другі дапамагае ў тэхнічным плане. Некаторыя старэйшыя спраўляюцца ў адзіночку, бо маюць больш вопыту. Сёлета ў маіх камандах было па два ўдзельнікі. Яны бачаць памылкі адно аднаго, разумеюць, як іх выправіць, і робяць гэта. Думаю, у далейшым буду іх раздзяляць, каб адсачыць вынік і прагрэс кожнага і паглядзець, ці падыходзіць ім такі варыянт работы.
Самыя сур’ёзныя трэніроўкі пачынаюцца прыкладна за тыдзень да спаборніцтваў. Чым бліжэй кантрольныя палёты, тым больш дзеці хвалююцца. На спаборніцтвах яны глядзяць, як выступаюць праціўнікі, і тады разумеюць, наколькі моцна трэба выкладвацца.
— Калі мы бачым, што ў нас ёсць перавага, становіцца спакайней на душы. Значыць, можна не спяшацца, пісаць праграму ўважліва, не напружвацца з-за ціску. Пасля спаборніцтваў, калі дзеці разлічвалі на тое месца, якое і атрымалі, яны, канечне, радуюцца. Калі разлічвалі на нядрэнны вынік, а атрымалася лепш, радасці яшчэ больш. Бывае, калі ўсё ідзе па плане, ёсць невялікае адставанне па балах, мы чакаем 2-е месца, а займаем 3-е. Гэта непрыемна, дзеці хвалююцца, але я ім заўсёды кажу, што гэта таксама добры вынік.
Максім Іванавіч бачыць, што як педагог ён пакуль саступае сваім калегам, бо працуе трэці год і не на поўную стаўку. Але для яго гэта не падстава засмучацца, хутчэй, матывацыя даваць веды дзецям так, каб тыя ўсё паспявалі засвойваць і паказвалі вынік.
Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота з архіва М.І.Чыжыка.