Заўсёды ў руху

Самыя неабыякавыя, эмацыянальныя, творчыя, адкрытыя настаўнікі — гэта… Філолагі? У значнай ступені. Географы? Магчыма. Матэматыкі? Цалкам верагодна. Найбольш правільны і поўны адказ — настаўнікі фізічнай культуры і спорту. Упэўнімся? Сёння, 18 мая, у Дзень работнікаў фізічнай культуры і спорту, сваіх калег павіншуюць Алег Аляксеевіч Воінаў і Надзея Аляксееўна Елькіна з сярэдняй школы № 209 Мінска.

Каманда Мінска — пераможца рэспубліканскіх спаборніцтваў па летнім мнагаборстве “Здароўе”.

Сустрэцца з Алегам Аляксеевічам і На­дзеяй Аляксееўнай было дзве інфармацыйныя нагоды. Па-першае, у краіне адзначаецца Дзень работнікаў фізічнай культуры і спорту, а нашы героі дзеля здароўя мола­дзі, а значыць дзеля здароўя будучыні краіны за амаль 30 гадоў працоўнай дзейнасці зрабілі вельмі і вельмі многа. Па-другое, на нядаўніх фінальных рэспубліканскіх спабор­ніц­твах сярод ­навучэн­цаў агульнай сярэдняй аду­кацыі, раз­ме­шчаных у гарад­ской мясцовасці, па летнім мнагаборстве ­“Здароўе”, якія праходзілі ў Пінску, ­каманда Мінска ­заняла 1-е месца. Узначальвалі каманду Алег ­Воінаў і Надзея Елькіна. Наогул, падобныя інфармацыйныя нагоды ўзніка­юць практычна кожны год. То вучні 209-й школы ­становяцца прызёрамі знакамітых лёгка­атлетычных спаборніцтваў “300 талентаў для Каралевы”, то чарговы раз перама­гаюць на рэспубліканскіх спаборніцтвах па зімовым і летнім мнагаборстве, то выбіваюцца ў лідары на рэспубліканскай спартакіядзе адразу ў некалькіх дысцыплінах.

У чым сакрэт поспеху? А вы паглядзіце на фотаздымкі, наколькі эмацыянальна, неабыякава Алег Аляксеевіч і Надзея Аляксееўна праводзяць трэніроўку перад выступленнем сваіх навучэнцаў на спаборніцтвах Маскоўскага раёна Мінска па лёгкай атлетыцы, якія прайшлі на гэтым тыдні на базе гімназіі № 10, як яны актыўна ўносяць апошнія штрыхі перад кіданнем мяча і скачком у даўжыню. Гэта не проста трэніроўка, гэта сапраўдныя танцы: нагу трэба паставіць вось так, руку перамясціць вось сюды, спіну трымаць у такім становішчы, галаву ў такім. Падобныя трэніроўкі будзе праводзіць толькі неабыякавы, улюбёны ў сваю справу настаўнік.

— Разважаючы пра свой жыццёвы шлях, я выдатна разумею, што не магу правесці мяжу, дзе канчаецца мая праца і пачынаецца асабістае жыццё. Верагодна, гэта і ёсць мая філасофія, жыццёвая дарога, дарога да сэрца маіх вучняў. Я не проста працую настаўнікам, настаўнікам намагаюся быць кожную хвіліну свайго жыцця, у кожнай сітуацыі. І мне гэта падабаецца. Свой выбар будучай прафесіі зрабіла шмат гадоў назад, яшчэ ў 1 класе. Прыходзячы са школы дадому, рассаджвала сваіх лялек ­на канапу і, нібыта мая настаўніца, право­дзіла ўрок. Выклікала да дошкі, вяла класны журнал, ставіла ў ім адзнакі. ­Адначасова за ўсіх сваіх “вучаніц” выконвала дамашнія заданні. І, вядома ж, марыла быць настаўніцай, на той час пачатко­вых класаў. А калі перайшла ў 4 клас, то па ўсіх прадметах нас пачалі вучыць розныя настаўнікі. Асабліва любіла рускую мову і літаратуру. Мне вельмі падабалася пісьменна і прыгожа пісаць, вывучаць тыя творы, пра якія расказвалі мне старэйшыя сёстры, — паведаміла Надзея Аляксееўна.

Дзяўчынка вырашыла стаць настаўнікам-філолагам. Але, як часта бывае ў жыцці, многае вырашае выпадак, нязначная, на першы погляд, па­дзея. Неяк на ўроку фізічнай культуры настаўнік сказаў дзяўчынцы, што яна добра стаіць на лыжах, і прапанаваў заняцца лыжнымі гонкамі. Першая трэніроўка, другая — так паступова прафесійны, ды і жыццёвы лёс На­дзеі Аляксееўны быў вырашаны: яна захацела стаць настаўніцай фізічнай культуры і здароўя. Пачатковыя класы здаваліся ўжо не тым, філалогія таксама. “Фізічная культура — гэта маё”, — гаварыла сабе ў думках дзяўчына. Гэтыя словы Надзея Аляксееўна сказала і цяпер, падчас нашай гутаркі. Яна ні разу ў жыцці не ўсумнілася ў сваім выбары. У гэтым было лёгка пераканацца. Кожнае слова педагога пра значнасць фізічнай культуры і спорту неабыякавае, эмацыянальнае, за ім стаіць вялікі прафесійны і жыццёвы вопыт.

— Кожны настаўнік хоча, каб яго прадмет падабаўся вучням. Лічу, што гэта магчыма тады, калі настаўнік адкрыты і пазітыўны, уважлівы і чулы, поўны надзей і аптымізму. Што значыць для мяне быць настаўнікам? Кожны дзень мець зносіны з навучэнцамі, думаць пра іх, суперажываць іх няўдачам, радавацца іх поспехам, падтрымліваць у цяжкую хвіліну і, вядома, навучыць таму, чым сама прафесіянальна валодаю. А валоданне тэхнікай выканання таго ці іншага практыкавання прынясе праз некаторы час вынік. У Сухамлінскага я неяк прачытала, што разумець дзіця — значыць быць з ім шчырым. Калі дзіця жыве ў варожасці, яно вучыцца агрэсіі; калі дзіця ўвесь час крытыкаваць, яно вучыцца нянавісці; калі дзіця высмейваць, яно імкнецца да замкнёнасці. У той жа час, калі дзіця падбадзёрваюць, яно вучыцца верыць у сябе; калі дзіця хваляць, яно вучыцца быць высакародным; калі дзіця жыве ў разуменні, яно вучыцца ўсюды знаходзіць любоў, — падзялілася Надзея Аляксееўна.

Не кожны філолаг можа так ­разважаць пра ролю настаўніка, яго прызначэнне. Гэта яшчэ раз даказвае, што настаўнікі фізічнай культуры і здароўя самыя-самыя. Яны, як ніхто іншы з настаўнікаў-прадметнікаў, ведаюць падыходы да вучняў, як падаб­раць ключык да сэрца дзіцяці. Калі ў чалавека няма такой якасці, то яму будзе складана працаваць настаўнікам фізічнай культуры. У гэтай прафесіі чалавек павінен ведаць, што ён любіць дзяцей, гатовы справіцца з іх непаслухмянасцю. У настаўніка фізічнай культуры да таго ж абавязкова павінен быць гучны голас, бо, калі будзеш шаптаць, дзеці цябе, як кажуць, вынесуць з залы. Павінен быць аўтарытэт. Аднаму трэба сказаць ласкавае слова, а іншаму сур’ёзна: “Толькі паспрабуй зрабіць так наступны раз!” Спартыўная зала ёсць спартыўная зала, тут дзеці не сядзяць за партамі, яны ў пастаянным руху. Настаўніку фізкультуры заўсёды трэба быць у тонусе, добрай фізічнай форме, быць прыкладам. На жаль, не ўсе вытрымліва­юць такі рытм працы, асабліва маладыя настаўнікі. Тыя ж, хто застаецца, — прафесіяналы з вялікай літары.

— Наша прафесія вельмі разнастайная, на занятках па фізічнай культуры і спорце ніколі не сумна, у нас ніводны ўрок не паўтараецца. Лыжы, лёгкая атлетыка, баскетбол, гандбол — навучальны год пралятае вельмі хутка, потым пачынаюцца летнікі. Нядзіўна, што практычна ва ўсіх навучэнцаў любімым прадметам з’яўляецца фізкультура. Наша задача, каб дзеці не расчараваліся. Для гэтага трэба, каб кожны ўрок быў адметны. Трэба быць у пас­таянным руху. А мы і знаходзімся ў пастаянным руху, удасканальваем сябе не толькі фізічна, але і метадычна, — па­дзяліўся Алег Аляксеевіч.

Вернемся да другой інфарма­цыйнай нагоды сустрэчы з настаўнікамі 209-й сталічнай школы. Каманда Мінска ўжо неаднойчы з 2008 года, моманту правядзення першых фінальных рэспублікан­скіх спаборніцтваў сярод навучэнцаў агульнай сярэдняй адукацыі, размешчаных у гарадской мясцовасці, па летнім мнагаборстве “Здароўе”, станавілася пераможцай, рэгулярна ўваходзіць у лік прызёраў. Галоўнае, па словах кіраўніка каманды Алега Аляксеевіча Воінава, — ства­рыць сяброўскі клімат у камандзе. Потым неабходна прааналізаваць вынікі кожнага вучня па канкрэтных дысцыплінах на гарадскіх спаборніцтвах, а падчас трэніровак да рэспубліканскіх ацаніць здольнасці дзіцяці і настроіць яго на крыху лепшы вынік.

— Правядзенне комплексу “Здароўе” — неабходная справа, паколькі ў апошнія гады ­ўзровень здароўя дзяцей знізіўся. У многім гэта звязана з іх маларухомым ладам жыцця, ­захопленасцю інфармацый­нымі тэхналогіямі, гаджэтамі. З 2008 года толькі адзін раз, у мінулым годзе, не право­дзілі “Здароўе”, настаўнікі і вучні былі вельмі засмучаны. Добра, што ў гэтым годзе спаборніцтвы вярнулі. Комплекс робіць дзяцей фізічна развітымі. Кожны ўдзельнічае ва ўсіх яго дысцыплінах. Навучэнец павінен і плысці, і бегчы, і валодаць сілай верхняга плечавога пояса. Плюс ты павінен трапна страляць і спрытна ска­каць. Для дзяцей спартыўныя спаборніцтвы ­— гэта выдатны стымул весці здаровы лад жыцця, займацца спортам, дася­гаць вяршынь, перамагаць сваю ляноту, — падзялілася Надзея Аляксееўна Елькіна.

Старшыя класы — стральба, для вучняў з 5 па 11 клас — скачок у даўжыню з месца. У дзяўчат — згібанне і разгібанне рук ад падлогі, у хлопчыкаў — падцягванне на высокай перакладзіне. Наступны від — плаванне на 25 і 50 м, потым — бег 30 м з высокага старту (самая кароткая лёгкаатлетычная дыстанцыя) і крос. Дзяўчынкі 11—15 гадоў — 1000 м, дзяўчаты 16 і старэйшыя — 1500 м. Хлопчыкі 11—13 гадоў бягуць 1000 м, 14—15 гадоў — 1500 м, хлопцы 16 і старэйшыя бя­гуць 3000 м. Цяжкаватая дыстанцыя, асабліва калі ты непрафесійны лёгкаатлет, таму Надзея Аляксееўна і Алег Аляксеевіч прапаноўваюць арганізатарам спаборніцтваў зменшыць для хлопцаў дыстанцыю з 3000 м да 2000 м. Яшчэ адна прапанова: перагледзець суму ачкоў, якія даюцца за перамогу ў кросе. Нярэдка іх колькасць не адпавядае ўзроўню затрачаных фізічных сіл.

Неабыякавыя, эмацыянальныя, творчыя, адкрытыя — усё гэта, як мы пераканаліся, настаўнікі фізічнай культуры і спорту. Ад іх прафесійнасці ў многім залежыць здароўе нашай моладзі, а значыць, будучыня краіны. Працягвайце знаходзіцца ў пастаянным руху! Са святам!

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара і з архіва Н.А.Елькінай.