“Вы ў адказе за тых, каго прыручылі”, — гэта першае, што чуюць на занятках выхаванцы “Школы юнага кінолага”, якая нядаўна адкрылася ў Палацы дзяцей і моладзі “Золак” Мінска. І менавіта імкненне быць адказным за іншую істоту, жаданне знайсці ў ёй вернага сябра вызначыла пытанне з вольным часам у 40 юных мінчан.
Так склалася, што з усіх гурткоўцаў больш за 30 — дзяўчаты. У гэтыя дні набор ідзе яшчэ ў адну групу, чацвёртую па ліку, — пакуль яна выключна жаночая. Ды і кіраўнік у школы не тыповы — не мажны мужчына, а вытанчаная жанчына. Таццяна Мікалаеўна Андрэева дагэтуль працавала педагогам групы прадоўжанага дня ў звычайнай школе, цяпер — у кіналагічнай. Амаль кожны дзень пасля ўрокаў да яе спяшаюцца на заняткі дзеці і, калі ўжо ёсць, то і іх гадаванцы. Таццяна Мікалаеўна — прафесійны кінолаг-заводчык. Цяпер заканчвае навучанне адначасова ў Беларускай грамадскай спартыўнай кіналагічнай арганізацыі па спецыяльнасці “Інструктар-дрэсіроўшчык” і пры Кіналагічным грамадскім аб’яднанні — па спецыяльнасці “Сакратар-кінолаг”.
“Сабак я люблю з маленства, дрэнна памятаю часы, калі ў мяне яшчэ не жылі сабакі, — расказвае педагог сваю гісторыю спалучэння настаўніцтва і сабакаводства. — Калі ўжо мела сваіх дзяцей, то кожны раз, пагружаючыся ў прафесійную кіналогію, міжволі перакладала тое, пра што даведвалася, на дзіцячую мову і расказвала сваім дзецям, вучням. І бачыла, што дзецям гэта цікава. Яны і самі хацелі б гэтаму павучыцца, але кіналагічныя клубы ствараюцца толькі для дарослых, дзіцячых аб’яднанняў — дэфіцыт. Так я вырашыла сабраць дзяцей, захопленых сабакамі”.
Аб’ядналіся і далучыліся да гурткоўцаў і родныя дзеці педагога — усе чацвёра. 12-гадовая дачка Ліза пайшла па маміным шляху і ўжо сур’ёзна займаецца кіналогіяй са сваёй шэлці Чэры, адточвае аджыліці, фрысбі, трукавую дрэсіроўку, паспяхова выступае на кіналагічных спаборніцтвах. Калі выпадае час, то прыязджае на заняткі да маці, а калі не атрымліваецца, на заняткі едзе толькі Чэры. Пакуль не ва ўсіх гурткоўцаў ёсць сабакі, таму Чэры і кане-корса педагога Балада выконваюць ролю трэнажора на практычных занятках.
“На тэарэтычных занятках мы вывучаем сабаку як біялагічны від, інтэр’ер і экстэр’ер, паводзіны, правілы догляду, аказанне сабаку першай медыцынскай дапамогі, — расказвае Таццяна Мікалаеўна. — На практычных жа спачатку наладжваем кантакт паміж уладальнікам і сабакам, бо часта прыходзяць дзеці з сабакамі, але паміж імі няма ніякіх адносін. Дзеці не гутараць з імі, а абмяжоўваюцца толькі кармленнем і выгулам, для іх становіцца адкрыццём, што з сабакам трэба гуляць. Хаця дзецям і сабакам павінна быць проста разам, бо яны на адной хвалі, аднолькава эмацыянальныя. Пасля гэтага пераходзім да дрэсіроўкі. Гэта базавы курс паслухмянасці, асноўныя каманды, якія неабходна ведаць сабаку для жыцця ў горадзе. Шмат увагі ўдзяляем фізіялагічным асновам дрэсіроўкі — выпрацоўцы ўмоўных рэфлексаў. Вельмі цікавая трукавая дрэсіроўка, бо дзякуючы ёй сабака развіваецца”.
Па словах педагога, каб наладзіць кантакт з сабакам, трэба праводзіць разам шмат часу, каб сабака жыў дзеля гаспадара, быў гатовы зрабіць для яго ўсё, што той скажа, паважаў яго. Трукавая дрэсіроўка якраз і паказвае, наколькі наладжаны кантакт з сабакам. Калі ён не звяртае ўвагі на свайго гаспадара, то яго цяжка нечаму навучыць. У трукавай дрэсіроўцы ўсё павінна быць на разуменні, на любові да гаспадара. Сабаку нельга прымусіць — ён сам павінен захацець зрабіць нешта цікавае. Тут не проста паслухмянства, якое можна выпрацаваць на ўзроўні ўмоўных рэфлексаў з дапамогай павадка. Гэта ўжо больш гаворыць пра выхаванне. Трэба жыць з сабакам, разумець яго, назіраць за ім, і тое, што ён умее рабіць, уводзіць у трук.
Што да выбару пароды сабакі, Таццяна Мікалаеўна раіць звяртаць увагу не столькі на пароду, колькі на характар. Лепш для дзяцей купіць спакойнага сабаку з ураўнаважаным характарам. Хаця імпульсіўнасць і нервознасць таксама можна карэкціраваць, тым больш што часцей гэта ад нявыхаванасці, упэўнена педагог.
Якраз перавыхаваннем свайго гультаяватага сабакі на занятках ужо трэці месяц займаецца 12- гадовая Валерыя Снарава: “Больш за год назад у маёй сям’і з’явілася Герда, лабрадор. Але займалася сабакам толькі я і мая сяброўка Мілана, праўда, у нас гэта дрэнна атрымлівалася. У Герды аказаўся няпросты характар: яна вельмі добрая, але лянівая, распешчаная, непаслухмяная. Каб з гэтым справіцца, мы з Міланай і прыйшлі ў гурток. І каб выправіць сітуацыю, пакуль прыходзіцца раскашэльвацца на ласункі, падкупляць яе. Першыя зрухі ўжо ёсць — Герда прыносіць мячык”.
10-гадовая Дар’я Дашукевіч пакуль засяродзілася на тэорыі, а асноўную практыку пакінула на вясну. “Я вельмі чакаю сакавіка, бо мне на 11-ы дзень нараджэння паабяцалі падарыць сабаку, — гаворыць дзяўчынка. — Пра гэта я мару даўно, але мама гаварыла, што я была маленькая і не змагла б належна даглядаць сабаку. І таму я цяпер вельмі актыўна рыхтуюся, і сюды прыйшла, каб даведацца, як сабаку разумець, як дрэсіраваць. І, канечне ж, падбіраю, якой пароды будзе мой падарунак. Хутчэй за ўсё гэта будзе бігль. Хаця сабаку любой пароды, і нават беспародную, можна добра выхаваць”.
Юныя кінолагі ўжо добра засвоілі галоўныя правілы. Так, гаспадар павінен паказаць свайму сабаку, што сабой камандаваць не дасць, што галоўны ён і што толькі ён будзе ўстанаўліваць усе правілы. Гаспадар абавязкова павінен быць упэўненым у сабе. Калі ж нейкія ноткі няўпэўненасці адчуваюцца, сабака сам стане на яго месца. У сабакі ёсць патрэбы — якаснае і своечасовае кармленне, выгулы і прагулкі, абавязковыя гульні, сваё месца, дзе яго ніхто не будзе турбаваць і дзе ён можа спакойна легчы і адпачыць. Варта заахвочваць сабаку, калі той глядзіць на вас. Многім сабакам патрэбны добрыя фізічныя нагрузкі. Канечне, сабак трэба выхоўваць і дрэсіраваць, бо ніхто не адмяняў адказнасці перад грамадствам.
“Вось чаму заводзіць сабаку мы раім тым дзецям, якім варта падкарэкціраваць свой характар, — гаворыць Таццяна Мікалаеўна. — Сабака выхоўвае ў іх адказнасць, упэўненасць у сабе, вучыць своечасова назіральнасці, бо дзіця павінна заўважыць і пахваліць сабаку, калі ён зрабіў нешта правільна, і пасварыцца, калі, наадварод, нашкодзіў. Сабака вучыць канцэнтрацыі ўвагі, артыстызму, бо недзе трэба і пераканаўча, натуральна перабольшыць сваю радасць, калі ў сабакі нешта атрымалася, і, наадварот, “зазлавацца”, каб выказаць сваю незадаволенасць. Падчас гульняў сабака раскрые ў дзіцяці эмацыянальнасць, а вось падчас дрэсіроўкі навучыць дзіця кантраляваць сябе. Тут важна ўмець кантраляваць свае эмоцыі, не рабіць лішніх жэстаў”.
Атрымліваецца паўнавартаснае ўзаеманавучанне: не толькі дзеці выхоўваюць сабак, але і сабакі — дзяцей. Бо і сабакі ў адказе за тых, хто іх прыручыў.
Калі вы вырашылі завесці сабаку, абавязкова ўзгадніце гэта са сваімі дамачадцамі, бо яны таксама будуць жыць побач з ім.
Калі вы хочаце завесці сабаку буйной пароды, загадзя падумайце, ці хопіць у вашай кватэры ці доме месца для такога сабакі, ці гатовыя вы часта і падоўгу выгульваць яго. Улічыце і тое, што пракорм у такім выпадку патрабуе большага бюджэту.
Выбіраючы сабаку, улічвайце не толькі яго памер, але і даўжыню поўсці і тое, ці патрэбны яму асаблівы догляд. Напрыклад, шматлікім тэр’ерам трэба двойчы ў год асаблівым чынам выскубваць, а не стрыгчы поўсць. Інакш яна будзе збівацца ў каўтуны, прамакаць, а самае галоўнае — не будзе грэць.
Пры выбары пароды сабакі лепш за ўсё даведацца, дзеля якіх мэт гэтая парода першапачаткова выводзілася і як яна выкарыстоўвалася на працягу апошніх гадоў. Не лішне блізка пазнаёміцца з некалькімі прадстаўнікамі пароды, бо нічога не заменіць асабістых зносін.
Калі вы не збіраецеся ўдзельнічаць са сваім сабакам у выставах, вам не патрэбен нашчадак выставачных чэмпіёнаў. Гэта дорага, і, акрамя таго, сярод іх нямала адхіленняў у псіхіцы. Калі магчыма, паглядзіце на бацькоў абранага сабакі і на падгававаных шчанят з папярэдняга прыплоду.
Выбар полу сабакі залежыць выключна ад асабістых пераваг.
У самцоў больш ярка выяўлены рысы пароды, але яны менш ласкавыя. Іх больш цікавіць не столькі пяшчота і шчырыя гутаркі, колькі сумесная дзейнасць. У складанай сітуацыі маланавучаны сабака будзе арыентавацца на дзеянні гаспадара: калі вы разгубіліся, ён можа разгубіцца таксама. Сабака заклапочаны сваім “грамадскім становішчам”, што можа прывесці да канфліктаў з іншымі сабакам і, дарэчы, іх гаспадарамі.
А вось самка шмат у чым — поўная ім супрацьлегласць. Яна больш практычная і для яе больш важны вынік, больш шануе пяшчоту і танчэй адчувае ваш настрой, у вострай сітуацыі самастойна праяўляе большую ініцыятыву. Некаторую праблему ўяўляюць рэгулярныя фізіялагічныя праяўленні, але спецыяльныя прэпараты вырашаюць яе. Акрамя таго, самкі больш схільны да дзіўных гастранамічных вынаходстваў, але да такіх дзівацтваў можна ставіцца паблажліва.
Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.