Збіраем гузікі, ствараем брэнд

НДЦ “Зубраня” — брэнд, якасці якога давяраюць і дзеці, і дарослыя. Менавіта таму пуцёўкі на летнія змены раскупляюць за 2—3 дні, а сотні людзей стаяць у  рэзервовай чарзе — раптам нехта адмовіцца. У матэрыяле мы раскажам, як цэнтр жыве гэтым летам: чаму першыя дні дзеці сустракаюцца толькі ў сваіх атрадах, навошта Сёй-той-с захапіў чароўныя гузікі і што такое палатка з камфортам.

Унутры атрада

— У нас працуе 450 чалавек, а летам ставак занята яшчэ больш, бо за лета мы павінны аздаравіць больш за 6000 дзяцей, — расказвае дырэктар НДЦ “Зубраня” Надзея Ануфрыева. — Важатыя — гэта нашы пастаянныя выхавальнікі, тыя, хто калісьці ў нас працаваў, і студэнты БДПУ імя Максіма Танка, ВДУ імя П.М.Машэрава, ГрДУ імя Янкі Купалы, ГДУ імя Францыска Скарыны, МДУ імя А.А.Куляшова, БДУФК, БДУКМ, першы раз — Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя І.П.Шамякіна. Сёлета важатых працуе шмат — больш за 110 чалавек. Студэнты спачатку вучыліся ў цэнтры і толькі потым з нашымі пастаяннымі супрацоўнікамі прыступалі да работы.

Эпідэмічная сітуацыя стварае пэўныя цяжкасці для цэнтра, але калектыў спраўляецца з імі па максімуме. Шмат было зроблена ў працэсе падрыхтоўкі: ва ўсіх памяшканнях усталявалі рэцыркулятары, якія абеззаражваюць паветра, дадатковыя рукамыйнікі, закупілі санітарна-гігіенічныя сродкі для апрацоўкі і дэзынфекцыі. У сталовую дзеці заходзяць з розных уваходаў, паміж групамі ёсць невялікі часавы прамежак, каб можна было апрацаваць усе паверхні. Дарэчы, меню адрозніваецца ад леташняга, дзеці харчуюцца 5 разоў на дзень, перад сном атрымліваюць кісламалочныя прадукты.

— На паверхах у нас асобныя ўваходы: на першы выхаванцы заходзяць з аднаго боку, на другі — з іншага і г.д. Устаноўлены дадатковыя раздзявальні. У цэнтр дзеці еду ць атрадам, першыя 10 дзён маюць зносіны з атрадамі толькі на сваім паверсе — гэта 75 чалавек. Пасля 10 дзён праводзяцца больш масавыя мерапрыемствы, праз 14 — практычна свабодныя зносіны. Гэта ўплывае на работу ўвогуле, але з іншага боку падымае актыўнасць унутры атрада, — дзеліцца Надзея Генадзьеўна.

Гузікі, знакі і брэнды

Летам у лагеры пройдзе пяць змен па 18 дзён. На кожную прыедзе 1250 чалавек. Каб дзіця любога ўзросту адчувала сябе камфортна, арганізатары падрыхтавалі 5 узроставых праектаў.

Для дзяцей 6—9 гадоў — “Прыгода ў Гузікавым каралеўстве”. Выхаванцы нібыта становяцца маленькімі чалавечкамі — жыхарамі незвычайнага каралеўства. Яго спакой з дапамогай 10 чароўных гузікаў засцерагае каралева Гузічак. На кожную выдатную каралеву знойдзецца свой злыдзень, таму каварны Сёй-той-с выкрадае гузікі і, не справіўшыся з іх чарадзействам, губляе. Калі дзеці не змогуць сабраць усе гузікі і вярнуць каралеве, то Сёй-той-с захопіць каралеўства.

Што ж рабілі выхаванцы, каб аднавіць справядлівасць? Стваралі спецыяльныя гузікі-талісманы, якія ў будучыні дапамагалі выконваць заданні; падбіралі спартыўныя атрыбуты і запісвалі на відэа сваю ўнікальную зарадку; рыхтавалі творчае выступленне; збіралі шышкі і ператваралі іх у незвычайныя вырабы; схадзілі ў госці да караля Парадку і навучыліся правільна засцілаць ложак, завязваць шнуркі, збіраць рукзак у школу, сустракаць гасцей і многае іншае.

Гэтым летам “зубраняты” гавораць чатыры словы: здОрава, здарОва, карысна, дружна. ЗдОрава — гэта каб было заўзята, энергічна. ЗдарОва — гэта бяспечна і побач з прыродай: лесам, возерам. Карысна — гэта новыя веды, актыўнасць у гульнях і конкурсах, раскрыццё сябе. Дружна — гэта значыць усім разам, з новымі сябрамі, так, як заўсёды ў “Зубраняці”.

Для дзяцей 10—11 гадоў створаны праект “Дакладны час — летні”. Паводле легенды, час пакрыўдзіўся на выхаванцаў за тое, што яны мала праводзяць яго з карысцю, і збег. Каб выправіць сітуацыю, дзецям трэба пераканаць час у яго несправядлівасці. Камандамі яны ўдзельнічаюць у конкурсах, спартыўных спаборніцтвах, наведваюць заняткі ў аб’яднаннях па інтарэсах і назапашваюць карысны час.

— На працягу змены дзеці знаёміліся з рознымі відамі гадзіннікаў і часу, прынцыпамі іх работы, спосабамі вымярэння часу, стваралі найпрасцейшыя гадзіннікі ўласнымі рукамі, — расказвае намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Марына Шлык. — Сваю адданасць часу яны праяўлялі ў спартыўных эстафетах, рухавых гульнях “Мора хвалюецца раз”, “Рыбакі”, перацягванні каната, інсцэніроўцы казкі, экалагічных акцыях.

Наступны праект — “Пад знакам Z” — для дзяцей 12—13 гадоў. Кожны дзень тут прысвечаны пэўнай тэматыцы і праходзіць пад нейкім знакам. Выхаванцам трэба стаць пераможцамі дня і зарабіць максімальную колькасць гульнявых грошай — зубрыкаў.

У дзень клічніка дзяўчынкі і хлопчыкі ўдзельнічалі ў квесце: адна каманда шукала месцы ў лагеры, пазначаныя клічнікамі, а другая там фатаграфавалася. У дзень матэматычных знакаў выхаванцы паказвалі свае здольнасці ў шоу-праграме “Плюс!”. У дзень вады рабілі караблікі, ладзілі водную рэгату.

Дзеці ў лагеры не мяняюцца. Як заўсёды любілі быць больш на вуліцы, плаваць у Нарачы ў добрае надвор’е і знайсці сабе актыўнасць па душы, так і любяць.

— Праект “Летні ФІТ: Фармат, Ідэя, Творчасць” прыдумалі для падлеткаў 14—15 гадоў. На 18 дзён удзельнікі прымяраюць на сябе вобраз студыі па стварэнні ўнікальнага брэнда, які на працягу змены павінен стаць папулярным і вядомым. Атрады выбіраюць профіль, распрацоўваюць назву, слоган і працуюць як брэнд-студыі. Каб пацвердзіць статус “брэнд”, студыі кожны дзень праходзяць гульнявыя сітуацыі “Запатэнтавана!”. Дзякуючы гэтаму, яны збяруць 16 патэнтаў на выключнае права і аўтарства сваёй студыі, — дзеліцца Марына Валер’еўна.

Калі дзень прысвечаны экабрэнду, дзеці спяваюць песні пра экалогію, робяць шпакоўні, збіраюць шышкі; калі бук-брэнду — гуляюць у “Інтэлектуальны квест”, здымаюць буктрэйлер, пераапранаюцца ў казачных персанажаў; калі нацыянальнаму брэнду — падарожнічаюць па ландшафтнай карце Беларусі, выразаюць фігуркі з бульбы. І так яшчэ шмат брэндаў і шмат цікавых заданняў.

Апошні праект, для самых старэйшых (15—17 гадоў), называецца “Віват, Зубраня”. За змену выхаванцы вывучаюць тэрыторыю, гісторыю, законы, традыцыі і запаведзі цэнтра, пераўвасабляюцца ў фан-клуб “Зубраняці” са сваімі правіламі, атрыбутамі, адметнымі знакамі, персанажам-талісманам. Фан-клубу трэба падрыхтаваць тэматычную пляцоўку, яе тэма і форма вызначаюцца па жэрабю ў пачатку змены.

За час адпачынку дзеці рыхтавалі прэзентацыі аб сваіх клубах, на пляцоўцы прамоўніцкага майстэрства “Цыцэрон” трэніравалі дыкцыю і выступалі з невялікімі прамовамі, беглі інтэлектуальны біятлон, дзе замест мішэней былі заданні, звязаныя з гісторыяй і тэрыторыяй цэнтра, збіралі выявы бульбы на гульнявых станцыях, выконвалі заданні з чэк-ліста “50 важных спраў, якія трэба паспець зрабіць летам у “Зубраняці” і многае іншае.

Плюс да ўсяго ў цэнтры працуюць палатачныя лагеры — гэта 9-дзённыя профільныя змены.

— У нас ёсць вялікія палаткі з ложкамі, тумбачкамі, шафкамі, — дзеліцца Марына Валер’еўна. — На першую змену, напрыклад, прыязджалі робататэхнікі, піянеры і экалагічныя валанцёры. Першыя, акрамя аздараўлення, займаліся з нашымі выкладчыкамі робататэхнікі, другія працягвалі піянерскую работу, пачатую ў школе, трэція асвойвалі экалагічнае асяроддзе цэнтра.

За інтарэсамі дзяцей

Галоўнае для цэнтра летам — падарыць выхаванцам добры адпачынак і аздаравіць іх. У першым выпадку дапамагаюць тэматычныя змены, гульні, квесты, святы, у другім — прырода і спорт.

— Больш за ўсё дзеці любяць Дзень Нептуна са спаборніцтвамі па плаванні, воднай спартландыяй. Пры добрым надвор’і і камфортнай тэмпературы ў возеры яны праводзяцца на адкрытай вадзе, ідуць паказальныя выступленні выратавальнай станцыі “Зубраня”. Таксама папулярныя тэматычныя дні: дзень футбола з футбольнымі стартамі, спаборніцтвамі па міні-футболе і футболе, таварыскімі сустрэчамі паміж выхаванцамі, выхаванцамі і выхавальнікамі; дзень лёгкай атлетыкі, які накіраваны на папулярызацыю розных відаў бегу; дзень ваенна-спартыўных гульняў. Калі гаварыць пра турыстычную дзейнасць, то праводзяцца заняткі ў палатачным гарадку, дзе выхаванцы малодшай і сярэдняй груп засвойваюць асновы турызму: як арыентавацца на мясцовасці, як не нашкодзіць лесу і яго насельнікам, як развесці вогнішча і г.д. Для старэйшых дзяцей праходзяць вячэрнія агеньчыкі, вечары бардаўскай песні, — расказвае загадчык аддзела фізкультурна-аздараўленчай работы Андрэй Андрэеў.

Цікавасці дзяцей мяняюцца, адпаведна трэба мяняцца і мерапрыемствам. Практычна кожнае лета сцэнарыі конкурсаў і праграм абнаўляюцца на 30%.

— Мы ўзаемадзейнічаем з дзіцячым органам самакіравання САЮЗ (спартыўнае аб’яднанне юных зубранятаў). Дзякуючы яму, вывучаем цікавасці дзяцей, выхаванцаў, якія да нас прыехалі, іх дасягненні і карэкціруем свой план спартыўнай работы. Таксама прапануем дзецям з САЮЗа самастойна правесці спаборніцтвы з дапамогай інструктараў, — гаворыць Андрэй Мікалаевіч.


Дзеці і “Зубраня” — выдатны прыклад партнёрскіх адносін, у якіх кожны з часам удасканальваецца. 52 гады разам — гэта не мяжа: чым далей ідзеш, тым цікавей становіцца.

Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота з архіва НДЦ “Зубраня”.